Перайсці да зместу

Аляксандр Паўлавіч Вайтовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аляксандр Вайтовіч)
Аляксандр Вайтовіч
Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ
19 снежня 2000 — 28 ліпеня 2003
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Папярэднік Павел Шыпук
Пераемнік Генадзь Навіцкі
Прэзідэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі
май 1997 — студзень 2001
Папярэднік Леанід Сушчэня
Пераемнік Віктар Іпацьеў (в.а.)

Нараджэнне 5 студзеня 1938(1938-01-05) (86 гадоў)
Дзеці сын
Нацыянальнасць беларус
Адукацыя
Навуковая ступень доктар фізіка-матэматычных навук
Месца працы
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Ордэн «Знак Пашаны»

Аляксандр Паўлавіч Вайтовіч (нар. 5 студзеня 1938, в. Рачкевічы, Капыльскі раён, Мінская вобласць) — беларускі навуковец, грамадскі і палітычны дзеяч. Доктар фізіка-матэматычных навук (1979), прафесар (1985), член-карэспандэнт (1986), акадэмік (1996) НАН Беларусі, сапраўдны член Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці (1995). Прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі у 1997—2000 гг.

Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1960). З 1960 г. працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, з 1980 г. — загадчык лабараторыі, у 1984—1988 гг. — намеснік дырэктара па навуковай рабоце гэтага інстытута. У 1992—1993 гг. — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 1993—1997 гг. — дырэктар Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі, адначасова ў 1992—2007 гг. — загадчык лабараторыі гэтага інстытута. З мая 1997 г. па снежань 2000 прэзідэнт НАН Беларусі, са снежня 2000 па ліпень 2003 — Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У 1998—2003 гг. — старшыня падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, у 1997—2003 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». З 2007 — загадчык лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Працы па лазернай фізіцы і оптыцы, дынаміцы нелінейных сістэм, фізіцы нанапамерных структур. Прапанаваў і развіў метад селекцыі частот лазераў, заснаваны на адрозненні параметраў насычэння асяроддзяў. Выявіў якасна новыя палярызацыйныя з’явы ў газавых лазерах ў магнітным полі. Устанавіў ролю працэсаў вымушанага камбінацыйнага рэзананснага рассейвання ў актыўным асяроддзі ў фарміраванні характарыстык лазера ў магнітным полі. Прапанаваў і развіў рэзанансныя фазава-палярызацыйныя метады квантавай электронікі і лазернай спектраскапіі, паказаў эфектыўнасць гэтых метадаў для селекцыі частот ў рознага тыпу лазерах і для павышэння адчувальнасці ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Стварыў палярызацыйную дынаміку нелінейных сістэм і паказаў, у прыватнасці, што час фарміравання палярызацыі генераванага выпраменьвання з’яўляецца характэрнай канстантай лазера, якая ў пэўных выпадках істотным чынам уплывае на дынаміку. Вызначыў і вывучыў у лазерах з’явы спантанага парушэння палярызацыйнай (люстраной) сіметрыі аж да атрымання поўнай кіральнай чысціні. Знайшоў новыя актыўныя асяроддзі на аснове крышталяў з прымеснымі і ўласнымі радыяцыйнымі цэнтрамі афарбоўкі. Прапанаваў плёнкавыя структуры з прасторава арганізаванай сеткай нанамерных крышталяў і вывучыў іх ўласцівасці.

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 за цыкл работ «З’явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйна лазернай спектраскапіі». Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В. А. Капцюга 1999 за цыкл работ «Лазерная спектраскапія высокага дазволу і яе фундаментальныя прыкладанні».

Аўтар каля 250 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, даведніка, 25 вынаходніцтваў.

Асноўныя працы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Магнитооптика газовых лазеров. — Мн.: Наука и техника, 1984.
  • Лазеры с анизотропными резонаторами. — Мн.: Наука и техника, 1988 (разам з В. М. Сяверыкавым).
  • Наука и общество на рубеже тысячелетий. — Мн.: Право и экономика, 2001.

Палітычная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (19.12.2000 — 28.07.2003 г.), Старшыня Міжпарламенцкай Асамблеі ЕўрАзЭС (2001—2002), намеснік Старшыні Міжпарламенцкай Асамблеі СНД (2001—2002), удзельнік прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 года, лідар Міжнароднага грамадскага руху «Супрацоўніцтва і прагрэс» (з студзеня 2007 года), старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання (РГА) «Прававая ініцыятыва» (з лютага 2007 года).

Узнагароды і прэміі

[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1981), Францыска Скарыны (1998), медалём. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (1996, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «З’явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі».