Уладзіслава Францаўна Луцэвіч
| Уладзіслава Францаўна Луцэвіч | |
|---|---|
![]() Уладзіслава Луцэвіч, 1916 г. | |
| Род дзейнасці | літаратуразнаўца, дзеяч культуры, грамадская дзяячка |
| Дата нараджэння | 25 снежня 1891 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 25 лютага 1960 (68 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Муж | Янка Купала |
| Месца працы | |
| Узнагароды і прэміі | |
Уладзісла́ва Фра́нцаўна Луцэ́віч (у дзявоцтве Станке́віч, у беларускай традыцыі Станкевіча́нка, тагачаснай лацінкай: Stankiewičanka[1]; 25 снежня 1891, Вішнева, Віленская губерня — 25 лютага 1960, Мінск) — беларуская літаратуразнаўца і культурная дзеячка. Жонка Янкі Купалы (Яна Луцэвіча).
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Маці Эмілія Манэ была ў шлюбе з французам, сваяком мастака Клода Манэ, калі той памёр, як актыўная рэвалюцыянерка, пераехала з Парыжа ў Варшаву, пасля ў Гродню, і ў Вішнева, працаваць гувернанткай. На руках у яе была дачка Марыя. У Вішневе яна пазнаёміліся з ляснічым Францам Станкевічам і неўзабаве ажанілася. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ двое дзяцей: Вінцэнт (Вікенцій) і Уладзіслава[2][3].

У 1906 годзе скончыла Віленскую гімназію, у 1908 годзе педагагічныя курсы ў Варшаве. Працавала выхавацелькай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках. У 1911 годзе намаганнямі яе і Алаізы Пашкевіч былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Новай Вільні. У 1909 і 1911 гадах прыцягвалася да суда. У 1914 годзе арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала беларускую літаратуру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 годзе пабралася шлюбам з Янам Луцэвічам (Янкам Купалам).

3 1919 года ў Менску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацелькай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё.
У 1944—1960 гадах дырэктарка Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Пахавана на Вайсковых могілках у Мінску.
Літаратуразнаўчая і культурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Складальніца зборнікаў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы «Янка Купала» (1952, з В. Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н. Кудраўцавай). Аўтарка артыкулаў і ўспамінаў пра Янку Купалу, успамінаў пра Змітрака Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А. Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала народныя казкі.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1959).
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;
- Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Беларусь. 1946. № 11-12;
- З успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;
- Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Будзьма беларусамі! » Выстава «Stankiewičanka», да 130-годдзя з дня нараджэння жонкі Янкі Купалы. budzma.org. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Теща Купалы была родственницей Клода Моне(недаступная спасылка)
- ↑ Эм, Васіль Дэ. 20 нечаканых фактаў пра Ўладзіславу Луцэвіч . Радыё Свабода (26 снежня 2016). Праверана 14 студзеня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Луцэ́віч Уладзіслава Францаўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 438—439. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;
- Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Полымя. 1982. № 7;
- Тарасава Т. Песня вернасці // Дэень паэзіі — 82. — Мн., 1982.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Асобы
- Нарадзіліся 25 снежня
- Нарадзіліся ў 1891 годзе
- Нарадзіліся ў Ашмянскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 25 лютага
- Памерлі ў 1960 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
- Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР
- Нарадзіліся ў Валожынскім раёне
- Літаратуразнаўцы Беларусі
- Асобы, звязаныя з Янкам Купалам
