Ваенная палітыка Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палітыка
Беларусь

Артыкул — частка серыі:
Палітычная сістэма
Беларусі

Канстытуцыя Беларусі


Прэзідэнт Беларусі


Савет Міністраў


Нацыянальны сход


Судовая сістэма



Адміністрацыйная сістэма


Выбары

  • Палітычныя партыі
  • Рэферэндумы:
  • Парламенцкія выбары:
  • Прэзідэнцкія выбары:

Ваенная палітыка Беларусі — дзейнасць, накіраваная на падрыхтоўку сіл і сродкаў ваеннай арганізацыі, вызначэння парадку і спосабаў іх прымянення для забеспячэння ваеннай бяспекі, у тым ліку для прадухілення ваенных канфліктаў і абароны Рэспублікі Беларусь[1].

Ваенная дактрына[правіць | правіць зыходнік]

Ваенная палітыка краіны вызначаецца ваеннай дактрынай. Дзеючы яе варыянт быў прыняты ў 2016 годзе. У дакуменце вызначаны ваенная арганізацыя дзяржавы і асновы яе прымянення, ваенна-эканамічныя аспекты (датычыцца ВПК), меры па забеспячэнні ваеннай бяспекі, у тым ліку, упершыню ў Беларусі распрацаваны план дзеянняў супраць гібрыднай вайны і каляровай рэвалюцыі[2].

Асноўнымі мэтамі ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, прадухіленне пагрозы развязвання вайны і забеспячэнне гарантыі нацыянальнай бяспекі дзяржавы ад магчымых ваенных пагроз. Яна фармавалася згодна з палажэннямі Статута ААН, Хельсінскім пагадненнем 1975 года, Парыжскай хартыі 1990 года, Стамбульскай хартыі 1999 года і іншым міжнародным дагаворам, пагадненням і дамоўленасцям. На падставе гэтага былі закладзены прынцыпы, па якіх краіна[3]:

  • не вылучае ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да іншых дзяржаў і не прызнае такіх прэтэнзій з боку іншых дзяржаў;
  • паважае палітычную незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт іншых краін і прызнае іх права вырашаць пытанні гарантавання нацыянальнай бяспекі ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі без нанясення шкоды бяспецы іншых дзяржаў;
  • выступае за рашэнне ўсіх міждзяржаўных супярэчнасцяў выключна шляхам перамоў на ўзаемапрымальнай аснове;
  • садзейнічае збалансаванаму скарачэнню ўзбраення на еўрапейскім кантыненце ў рамках абавязацельстваў, вызначаных міжнароднымі дамовамі і дамовамі;
  • выключае аднабаковае скарачэнне ўзбраення ў шкоду ваеннай бяспекі дзяржавы, дапушчаючы яго толькі з улікам сваіх эканамічных магчымасцяў і аб’ектыўнай мэтазгоднасці для забеспячэння неабходнага ўзроўню абараназдольнасці.

Прыярытэтнымі напрамкамі ў кааліцыйнай палітыцы названы Саюзная дзяржава з Расіяй, АДКБ і СНД. Адносіны з Еўрасаюзам у дактрыне характарызуюцца як «добрасуседскія і ўзаемавыгадныя», а з НАТА — «партнёрскія»[2].

Ваенная арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Ваенная арганізацыя ў Беларусі прадстаўлена ўзброенымі сіламі (Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь), органамі ваенна-палітычнага (Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і органы мясцовага кіравання) і ваеннага кіравання (Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Генеральны штаб Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь), абаронным сектарам эканомікі (Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь і Ваенна-прамысловы комплекс Беларусі), а таксама іншымі арганізацыямі і вайсковымі фармаваннямі. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе галоўнакамандуючы — Прэзідэнт Беларусі[4].

У Беларусі, акрамя вышэйпералічаных, да ажыццяўлення ваеннай абароны могуць прыцягвацца ваенізаваныя арганізацыі. Гэтыя органы маюць права набываць баявую ручную стралковую і іншую зброю. Пералік ваенізаваных арганізацый устанаўліваецца законам. У заканадаўстве Беларусі пад імі разумеюцца органы ўнутраных спраў (міліцыя, Унутраныя войскі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і інш.), органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях[5]. Пры гэтым існуе сістэма ваенізаванай аховы[6][7].

Дапамогу ў забеспячэнні нацыянальнай і ваеннай бяспекі аказваюць таксама КДБ і ДПК.

Напрамкі дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Воінскі абавязак[правіць | правіць зыходнік]

Воінскі абавязак з’яўляецца абавязковым для грамадзян мужчынскага полу, прызнаных ва ўстаноўленым парадку прыдатнымі да яе праходжання. Ва Узброеных сілах могуць служыць прыдатныя па стане здароўя і фізічнаму развіццю да яе выканання, незалежна ад паходжання, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, роду і характару заняткаў, палітычных і іншых перакананняў. Прызыўнікі набіраюцца ва ўзросце 18—27 гадоў. Тэрмін іх службы залежыць ад наяўнай адукацыі. Так, для асоб, якія не маюць вышэйшай адукацыі, ён складае 18 месяцаў, з вышэйшым — 12, а ваенным — 6.

Ваеннае будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь фармаваліся з часцей Беларускай ваеннай акругі. Ад СССР краіне дасталася буйная ваенная групоўка з вялікай колькасцю ўзбраення і добрай ваенна-тэхнічнай базай. Беларусь не магла самастойна ўтрымліваць вялікі армейскі кантынгент, таму на пачатковым этапе рэфармаванне зводзілася ў асноўным да скарачэння Узброеных Сіл[8]. У 1992—1996 гадах былі скарочаны або перафармаваны 250 вайсковых часцей. У гэты час завершана ракетна-ядзерная дэмілітарызацыя Беларусі.

Рэальнае рэфармаванне ваеннай арганізацыі пачалося з сярэдзіны 90-х гадоў. У рамках гэтага перабудоўваліся органы ваеннага кіравання, змянялася сістэма падрыхтоўкі кадраў, рэфармавалася большасць аб’яднанняў, злучэнняў і воінскіх часцей, ствараліся мабільныя сілы[8].

Асаблівасцю ваеннага будаўніцтва ў 2000-я гады стала развіццё тэрытарыяльнай абароны[8].

У 2010-х гадах прыярытэтнымі мэтамі сталі прывядзенне беларускай арміі ў адпаведнасць існуючым выклікам і эканамічным магчымасцям дзяржавы, пераўзбраенне на сучасныя сістэмы і ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, развіццё ваеннай інфраструктуры. Рэалізоўваліся праекты па стварэнні шматузроўневай аўтаматызаванай сістэмы кіравання, беспілотных авіяцыйных комплексаў і распрацоўка айчыннай аб’яднанай сістэмы навігацыі, сувязі і апазнавання, а таксама пераўзбраення зенітных ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і перавод перспектыўных узораў ўзбраення і тэхнікі на колавую базу ўласнай вытворчасці[9].

Ідэалагічная работа[правіць | правіць зыходнік]

Пытаннямі дадзенай сферы займаецца Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Міністэрства абароны, створанае 20 лютага 2004 года. У складзе мае ўпраўленне інфармацыі і ўпраўленне маральна-псіхалагічнага забеспячэння. Органу падпарадкоўваюцца ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр», тэлекампанія «ВаенТВ», а таксама ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл[10].

Ідэалагічная работа заклікана сфармаваць патрыятычныя пачуцці, высокі маральны дух як у вайскоўцаў і грамадзянскіх супрацоўнікаў беларускай арміі, так і ў насельніцтва. Важнае месца займаюць сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя і падтрымка дысцыпліны. Ідэалагічная работа вядзецца па выхаваўчым, інфармацыйна-прапагандысцкім, псіхалагічным, сацыяльна-прававым і сацыяльна-культурным кірунках. У арганізацыйным аспекце дадзеная дзейнасць ажыццяўляецца ў выглядзе ідэалогічакай падрыхтоўкі, сістэм інфармавання, лекцыйнай прапаганды, адзіных дзён інфармавання, выкарыстання сродкаў візуальнай інфармацыі і сцяннога друку, работы мясцовых радыёвузлоў і індывідуальнай выхаваўчай работы[11][12].

Міжнароднае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Пытаннямі ўзаемадзеяння з іншымі дзяржавамі займаецца Дэпартамент міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва міністэрства абароны.

Згодна з канцэпцыяй міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва МА РБ ад 10 лістапада 2010, яно ажыццяўляецца ў ваенна-палітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай і іншых галінах. Першае ахоплівае пытанні, звязаныя з ваенна-палітычнымі аспектамі забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы і міжнароднай бяспекі. Другое ўяўляе дзейнасць па сумеснаму рашэнню ўласна ваенных праблем у сферы забеспячэння нацыянальнай і міжнароднай бяспекі. Пад апошнім маецца на ўвазе распрацоўка, вытворчасць, пастаўка ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, а таксама выкананнем работ і аказанне паслуг ваенна-тэхнічнага прызначэння[13].

Узброеныя канфлікты[правіць | правіць зыходнік]

Па ваеннай дактрыне 2016 года Беларусь асуджае любы ваенны канфлікт і разглядае прымяненне Узброеных Сіл толькі як крайнюю меру. Як адзначаецца ў дакуменце, у краіны няма праціўнікаў зыходзячы з выключна абарончага характару ваеннай палітыкі. Аднак Рэспубліка збіраецца адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаннем усіх наяўных сродкаў, у тым ліку з дапамогай прымянення ваеннай сілы, і пакідае за сабой права прыняцця комплексу прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання ў мэтах недапушчэння нападу або нейтралізацыі ўнутранага канфлікту[2].

Міністр абароны Андрэй Раўкоў (2014—2020), каментуючы дакумент, сярод іншага заявіў, што ўдзелу краіны ў баявых дзеяннях за мяжой «не будзе ніколі». Аднак міжнароднымі і двухбаковымі расійска-беларускімі дамовамі прадугледжаны выпадкі, калі пэўны кантынгент беларускіх УС можа ўдзельнічаць у баявых дзеяннях за мяжой. Але пералік такіх сітуацый строга абмежаваны. Па канстытуцыі вайскоўцы тэрміновай службы не могуць прымаць удзел у баявых дзеяннях за межамі Беларусі, але для выканання міратворчых і антытэрарыстычных задач Мінск можа накіроўваць кантрактнікаў пры ўмове, што кожны з іх падасць індывідуальна рапарт прэзідэнту і атрымае персанальны дазвол. Такім чынам, беларускія ваенныя могуць удзельнічаць у складзе КСАР АДКБ[14].

Яшчэ ўлетку 1990 года дэпутаты ад БНФ прапанавалі Вярхоўнаму Савету БССР прыняць закон, які б забараняў накіроўваць беларускіх прызыўнікоў за межы краіны; тады яшчэ існаваў СССР, была адзіная савецкая армія, і такая прапанова большасці дэпутатаў здалася абсурднай. Але пасяджэнне сесіі ішло ў прамой радыётрансляцыі, людзі даведаліся аб прапанове, і ў Вярхоўны Савет пайшлі тысячы лістоў і тэлеграм ад бацькоў прызыўнікоў, якія баяліся за сваіх дзяцей. Парламент прыняў рашэнне, якое забараняе накіроўваць вайсковыя падраздзяленні, што дыслакуюцца ў Беларусі, у зоны ваенных канфліктаў за межамі рэспублікі. Аднак для міністэрства абароны СССР рашэнні рэспубліканскіх парламентаў законамі не былі — ваеннае камандаванне кіравалася саюзнымі законамі, і цэнтр прыняцця рашэнняў заставаўся ў Маскве[15].

У сваёй сучаснай гісторыі Рэспубліка Беларусь не брала ўдзелу ў якіх-небудзь узброеных канфліктах і ўсяляк імкнецца іх прадухіліць[крыніца?]. З пачаткам эскалацыі баявых дзеянняў у розных рэгіёнах краіна традыцыйна заклікае бакі да пошуку мірнага вырашэння супярэчнасцяў. Тым не менш, з прычыны палітычных, эканамічных, гісторыка-геаграфічных фактараў Беларусь і яе грамадзяне аказваюцца ў рознай ступені ўцягнутасці ў тыя ці іншыя канфлікты.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. ЗАКОН РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ Об утверждении Военной доктрины Республики Беларусь (20 июля 2016 г. № 412-З)
  2. а б в Военная доктрина 2016 года на сайте министерства обороны Архівавана 3 мая 2021.
  3. Основы военной политики Республики Беларусь на сайте министерства обороны Архівавана 17 мая 2021.
  4. Военная организация государства
  5. Указ Президента РБ от 4 июня 2007 г. № 1/8627 «О некоторых вопросах деятельности воинских формирований и военизированных организаций Республики Беларусь»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2017. Праверана 3 красавіка 2017.
  6. Статья «ВОХР всегда начеку» на сайте «Белорусская военная газета» от 4 октября 2013 г. № 187 Архівавана 29 жніўня 2017.
  7. Информация с официального сайта Белорусской железной дороги Архівавана 29 жніўня 2017.
  8. а б в § 8. Военная политика Республики Беларусь (Допризывная подготовка, учебник для 10—11 классов)
  9. Вооруженные Силы Республики Беларусь на современном этапе строительства и развития (Пресс-служба Министерства обороны Республики Беларусь) Архівавана 24 снежня 2021.
  10. Главное управление идеологической работы на официальном сайте МО РБ Архівавана 25 снежня 2021.
  11. Идеологическая работа в Вооруженных Силах Республики Беларусь
  12. Организация идеологической работы в Вооруженных силах Республики Беларусь
  13. Міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва на афіцыйным сайце Мінабароны РБ Архівавана 24 снежня 2021.
  14. Новая Военная Доктрина Беларуси: Запрет На Боевые Операции За Границей Архівавана 14 мая 2021. // БелВПО, 6 апреля 2016
  15. Как белорусские парни гибли в Чечне: почему независимость так важна для нашей страны

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]