Перайсці да зместу

Земляны Вал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Менскія гарадскія ўмацаванні на плане 1793 года.

Земляны́ вал — гістарычны аб’ект Мінска, частка сярэднявечных гарадскіх умацаванняў.

Гарадскі вал пачынаўся на захад ад цяперашняга Замчышча (а тады замка), каля збегу цяперашніх вуліц Замкавай і Вызвалення, ішоў на паўднёвы захад, перасякаў Ракаўскую (тут была брама), потым з захаду ўздоўж Юрава-Завальнай, потым долу ўздоўж вуліцы Раманаўская Слабада, перасякаў Нямігу (брама), Рэвалюцыйную (яшчэ адна брама) і ішоў угору ўздоўж вуліцы Гарадскі Вал, пасля збегу з Інтэрнацыянальнай (брама) зварочваў на паўднёвы ўсход і каля перакрыжавання Камсамольскай (брама) з праспектам Незалежнасці выходзіў на трасу праспекта і ішоў проста па ёй (на перакрыжаванні з Леніна была брама), заканчваўся вал на ўскрайку гары ва ўсходнім вуглу цяперашняй Кастрычніцкай плошчы.

Дэпо Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства фасадам выходзіла на трасу вала, пачатак XX ст.

У XVI—XVIII стст. горадам (местам) лічылі толькі старую частку Менска, абмежаваную валам, за ім былі ўжо прадмесці, прыгарадныя паселішчы. Вал дагэтуль прасочваецца ў планіроўцы горада.

У першай палове XIX ст. расійскія ўлады разраўнялі вал. На значнай частцы трасы вала праклалі новую вуліцу — Захар’еўскую (цяпер гэта цэнтральная частка праспекта Незалежнасці).

Месцамі разраўняную трасу вала абсадзілі ліпамі і таполямі. Да 1965 года паўтаравяковыя ліпы яшчэ былі на вуліцы Хлебнай (цяпер Юрава-Завальная), але ссечаны падчас рэканструкцыі горада.

З валам звязаны гістарычныя мінскія вулічныя тапонімы — Завальная (ад «за валам»), Загародная («за горадам»). Станам на 2025 года, пра вал нагадваюць вуліцы Юрава-Завальная і Гарадскі Вал.

  • Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Жучкевич В. А. Улицы помнят: История, события, люди в названиях улиц и площадей города-героя. Мн., 1979. С. 13—14.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.