Цівалі (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Паштовая дарога на Падалянку праз Цівалі, 1902

Цівалі́[1], прадмесце Цівалі́ — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, за Кальварыйскімі могілкамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На месцы цяперашняга кінатэатра «Аўрора» месцілася загарадная рэзідэнцыя менскіх каталіцкіх арцыбіскупаў. Па паўстаннях 1830—1831 і 1863—1864 гадоў улады Расійскай імперыі канфіскавалі маёмасць і выслалі апошняга каталіцкага біскупа.

Мясцовасць выкупіў прускі прадпрымальнік Т. Гольцберг. У сваім фальварку Гольцберг зрабіў першы ў Мінску парк актыўных атракцыёнаў. Мясціна была названа ў гонар парка актыўнага адпачынку «Цівалі», адкрытага ў Капенгагене знакамітым дацкім вандроўнікам Г. Карстэнсэнам у 1844 годзе. Праз папулярнасць праекта падобныя паркі былі створаны ў многіх еўрапейскіх гарадах.

У беларускіх Цівалях была пабудавана сядзіба, летні тэатр «Цівалі» і рэстарацыя. На ўзвышшы знаходзіўся адзіны ў ваколіцах вятрак. Раён з’яўляўся адным з культурных куткоў губернскага Мінска.[2]

Да 1917 года фальварак Сеніцкай воласці Мінскага павета[3]. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавіцкія ўлады зрабілі ў Цівалях жывёлагадоўчую ферму. Фальварак пераўтвораны ў вёску, Ждановіцкі сельсавет[3]. Да Ціваляў быў далучаны фальварак Навінкі, што месціўся побач на поўнач[4].

Цягам 1938 года супрацоўнікі НКУС СССР закапалі ў жывёльным могільніку вёскі Цівалі (Мінскі раён; цяпер ля кінатэатра «Аўрора», вул. Прытыцкага, Мінск) каля 300 целаў чыгуначнікаў. У той год іх незаконна расстралялі ў некалькіх гарадах Беларусі па загаду камісара шляхоў зносін СССР(руск.) бел. Лазара Кагановіча за стачкі дзеля спынення высылкі жыхароў Беларусі ў Сібір і Запаляр’е. У 1961 годзе салдаты Беларускага палка Міністэрства ўнутраных спраў БССР раскапалі могільнік. Сярод касцей жывёл знайшлі скручаныя калючым дротам рэшткі людзей з прастрэленымі чарапамі. Пры гэтым замест апазнання і пахавання па загаду вышэйшага камандавання чалавечыя рэшткі спалілі напалмам разам з жывёльнымі і затым закапалі ў лесе ля дарогі на Ракаў (Валожынскі раён, Мінская вобласць)[5].

У 1967 годзе вёску далучылі да Мінска. Галоўная вуліца вёскі атрымала назву Кветкавая[3]. Вёска знесеная ў 1970-я гады[4].

У 19922000 гадах хакейны клуб «Дынама» Мінск выступаў пад назвай «Цівалі», пад якім 4 разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі па хакеі з шайбай[6]

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У наш час пра існаванне прадмесця нагадвае аднайменны парк паміж вуліцамі Прытыцкага, Пятра Глебкі і Матусевіча[7], што месціцца ў раёне колішняга фальварка Шырокае Балота.

У 2017 годзе запланаваная станцыя Чацвёртай лініі Мінскага метрапалітэна атрымала назву Цівалі.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У 1994 годзе Сяргей Законнікаў напісаў паэму «Цівалі» ў гонар чыгуначнікаў Беларусі, забітых у 1938 годзе за спыненне цягнікоў з ссыльнымі. Паэма складалася з 15 частак: Уступ, На Беларусі мор, Ноч, Раніца, Сон Лысоні, Сон Варанога, Сон машыніста Калейкі, Пекла, Жалезны наркам, Статак, Наш дзень, Мне чуецца гул грамадзянскай вайны, Лёс, Апошні шанц, Эпілёг[8]. 24 кастрычніка 2012 года ў Мінску адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільму «Цівалі» рэжысёркі Галіны Самойлавай аб расстраляных чыгуначніках. 29 кастрычніка фільм паказаў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» (Варшава, Польшча)[9].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]