Кальварыя (прадмесце)
Кальва́рыя, Кальвары́йскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурная дамінантай мясцовасці быў могілкавы касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які захаваўся да нашага часу.
На захадзе ад Кальварыі месціцца прадмесце Цівалі, на поўначы — Міхалянка, на ўсходзе — Татарская Слабада, на поўдні — Тучынка[1][2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVIII ст. на ўзгорку, што размяшчаўся на Ракаўскім гасцінцы (раён цяперашняй вуліцы Кальварыйскай), адкрыліся каталіцкія могілкі. Назва могілак паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як чэрап, лысая гара, што для хрысціян разумеецца як Галгофа[3].
Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX стст. на гэтых могілках існаваў драўляны касцёл з «высокімі вежамі», які ў 1830 годзе разабралі з прычыны старасці[4]. У 1830 годзе мінскі гісторык і збіральнік даўніны Юрый Кабылянскі пабудаваў могілкавую ўваходную браму. У верхняй яе частцы знаходзіцца надпіс на польскай мове, з якога відаць, што пад адной з масіўных апораў пахаваная жонка гісторыка — Юзэфа. У 1839 годзе на могілках збудавалі капліцу (цяпер гэта Касцёл Узвіжання Святога Крыжа), у якой быў пахаваны знакаміты беларускі мастак Ян Дамель. За алтаром капліцы знаходзілася велічная фрэска — выява гары Іерусалімскай Кальварыі, крыжовай Галгофы. «У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалачонай раме вобраз Хрыстоса, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», — пісаў у сваім гістарычна-краязнаўчым нарысе «Мінск» вядомы паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч)[5].
Паводле сведчанняў беларускага падарожніка Паўла Шпілеўскага яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. могілкі атачаў «арэхавы лес, багаты на грыбы і ягады»[6]. У «Спісе домаўладальнікаў… г. Мінска», які датычыцца 1866—1867 гадоў, згадваецца «Кальварыя (урочышча) — 6 дамоў»[4].
У сувязі з ростам горада ў пачатку XX ст. Кальварыя ўвайшла ў склад Мінска, у пятую паліцэйскую частку. Гэтую ж назву атрымала навакольнае прадмесце, праз якое праходзіла Кальварыйская вуліца[7].
За часамі БССР камуністы перайменавалі Кальварыйскую вуліцу ў гонар Іосіфа Апанскага — савецкага чэкіста, які ўвайшоў у гісторыю як змагар супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1993 годзе вуліцы Апанскага вярнулі гістарычную назву[8].
На пасяджэнні 6 мая 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліцаў і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліцы Кальварыйская — праезд Кальварыйскі — могілкі «Кальварыя» назвы «Кальварыйскі»[9].
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]На Кальварыйскіх могілках да нашых дзён захавалася мураваная брама, помнік класіцызму, выкананая ў характэрнай традыцыі беларускага дойлідства, а таксама неагатычны Касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
Ад назвы прадмесця і могілак пайшлі такія мінскія тапонімы, як Кальварыйская вуліца, Кальварыйскі праезд і Кальварыйскі сквер.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- У пач. XX ст. Мінск, як і Рым, размяшчаўся на сямі ўзгорках, адзін з якіх знаходзіцца ў раёне Кальварыйскіх могілак і аднайменнай вуліцы[4].
- Менскія могілкі, што існавалі ў XVI—XVII стст. і знаходзіліся каля Касцёла Святога Войцеха і кляштара бенедыкцінак (раён цяперашняга кінатэатра «Перамога»), таксама зваліся Кальварыйскімі[10].
- Аднайменнае прадмесце існуе ў Вільні.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
да 1900 г.
-
1900 г.
-
1914 г.
-
1914 г.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 231
- ↑ а б в Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
- ↑ Лакотка А. І. Кальварыя // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 548
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 468
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
- ↑ Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы Архівавана 26 студзеня 2009. // «Минск старый и новый», 28.11.2005
- ↑ У Менску з'явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі Архівавана 3 чэрвеня 2009. // Наша Ніва, 14 мая 2009
- ↑ Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў.— Мн.: Нар. асвета, 1985.— 111 с, іл.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. — 111 с., іл.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
- Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века(недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Шпацыраванне па Кальварыі (руск.)