Старажоўка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Царква Святой Марыі Магдаліны

Старажо́ўка, Старажо́ўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска ў паўночнай частцы горада, за Траецкай гарой. На захад ад прадмесця знаходзіліся Старажоўскія могілкі. Часам Старажоўку звалі Пярэспай, якая насамрэч пачыналася далей на поўнач. Архітэктурнай дамінантай прадмесця з’яўляецца царква Святой Марыі Магдаліны на колішніх Старажоўскіх могілках.

На захадзе ад Старажоўкі месціцца Старосцінская Слабада, на поўначы — Пярэспа, на паўночным усходзе — Камароўка, на поўдні — Траецкае прадмесце[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажоўка і Пярэспа, 1853 г.

Сваю назву прадмесце атрымала ад вартаўнічай (старажовай) заставы, што знаходзілася пры выездзе з горада з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў у Барысаўскім кірунку (цяпер гэта скрыжаванне вуліц Максіма Багдановіча і Кісялёва).

З 1797 года Старажоўскімі пачалі называць і праваслаўныя могілкі, дзе ў 1847 годзе была пабудаваная мураваная царква Марыі Магдаліны[2].

Старажоўская царква, 1897 г.

На пачатак XX ст. прадмесце ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Праз Старажоўку праходзілі Мікалаеўская (цяпер Крапоткіна), Міхайлаўская (Камуністычная), Старажоўская (Кісялёва), Старавіленская, Аляксандраўская (раней Вялікая Барысаўская, цяпер Максіма Багдановіча) вуліцы[3].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1987 годзе мінскія ўлады назвалі «Старажоўскай» вуліцу, якая праходзіла ўздоўж набярэжнай Свіслачы каля крамы «Панарама», што з гістарычнага пункту гледжання не было дакладным[4].

22 снежня 2006 года гарадскія ўлады надалі безназоўнаму скверу на рагу праспекта Машэрава і вуліцы Старажоўскай назву «Старажоўскі сквер»[5].

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

  • Рог Аляксандраўскай і Старажоўскай. Бровар «Багемія». Заснаваны ў 1894 годзе графам К. Э. Чапскім. Меў паравы рухавік і дасканалае па тым часе абсталяванне. Праз два гады куплены фаміліяй Лекертаў. Прадукцыя прадпрыемства адзначаная пачэснай граматай Усерасійскай прамысловай і мастацкай выстаўкі 1896 года ў Ніжнім Ноўгарадзе.
  • Міхайлаўская 81. Дрожджава-вінакурны завод Г. Гатоўскага. Пачаў дзейнічаць у 1881 годзе. У 1895 годзе пачаў вырабляць яшчэ і спірт. Быў усталяваны паравы кацёл, які абслугоўваў таксама млын пры заводзе. У пачатку XX ст. прадпрыемства ўваходзіла ў склад манапалістычнага аб’яднання дрожджава-вінакурных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Цяпер будынак належыць хлебазаводу № 2 (Камуністычная, 70).
  • Стара-Віленская, 26, дом Фельдмана. Канспіратыўная кватэра РСДРП у часы Першай сусветнай вайны. Прыкладна на тым месцы цяпер стаіць будынак на рагу вуліц Старавіленскай і Кісялёва (Старавіленская, 56).
  • Старажоўскія могілкі. Царква роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Заснаваная ў 1847 годзе. У 1950-я перабудаваная, да 1989 належала Архіўнаму ўпраўленню БССР. Пасля рэстаўрацыі перададзеная Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату (Кісялёва, 78)[6].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Праекты і планы[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычныя здымкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. Святлана Багданкевіч. Старажоўка // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
  3. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  4. Перестройка // Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы
  5. Решение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-го созыва № 274 от 22.12.2006 «Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска»
  6. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]