Татарская Слабада
Тата́рская Слабада́, Тата́рскі Кане́ц, Тата́рскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўночна-заходняй частцы горада.
На захадзе ад Татарскай Слабады месцяцца Тучынка і Кальварыя, на поўначы — Міхалянка, Людамонт і Старосцінская Слабада, на ўсходзе — Траецкае прадмесце, на поўдні — Ракаўскае прадмесце[1][2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле археалагічных раскопах (праводзіліся ў 1945 годзе), у часе якія былі выяўленыя рэшткі жытла, розныя вырабы, што сведчаць пра размяшчэнне на гэтым месцы ў XII—XIII стагоддзях прыгарадскога паселішча[3].
Назва мясцовасці ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут у пачатку XVI ст. узятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разбітыя пад Клецкам у 1506 годзе (існуе меркаванне, што масавае пасяленне палонных татараў у Менску ўзнікла значна раней, яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта[4]). Да XVI ст. гэтая частка горада называлася Пятніцкім канцом[3].
У 1946 г. В. Р. Тарасенка праводзіў раскопкі на левым беразе паўночнага рукава былой р. Няміга, ва ўрочышчы Міколка (за 250 м на поўнач ад Мінскага замчышча). Тут былі 3 невялікія курганы з пахавальным абрадам трупапалажэння без рэчаў. Пад насыпамі курганоў і каля іх выяўлены культурны пласт таўшчынёй больш за 1 м XII—XIII стагоддзяў. Знойдзены рэшткі зямлянкі, шмат глінянага посуду, жалезны ключ. Побач адкапана печ для абпальвання глінянага посуду з 900 чарапкамі гаршкоў розных форм і памераў. Археалагічнымі раскопкамі ўстаноўлена, што ў XII — пачатку XIII стагоддзя тут размяшчалася адно з старажытных паселішчаў горада, пазней на яго месцы ўзніклі могілкі. Яны адносіліся да часткі горада, якая называлася Пятніцкім канцом (тут была Пятніцкая вуліца і Пятніцкая царква). У час веснавых паводак нізкія месцы затапляла вадой, таму жыхары пакідалі іх, перасяляліся далей ад берага Свіслачы, дзе ўзнікла Татарская слабада. Пакінутыя ўчасткі забалочваліся, пазней іх сталі засяваць (т. зв. Татарскія агароды)[5].
У 1983 г. на вуліцы Дзімітрава (былая Вялікая Татарская), Замкавай і Вызвалення былі праведзены археалагічныя даследаванні археолагам В. Е. Собалем. Раскопкі пацвердзілі, што Татарская слабада была заселена ў другой палавіне XV ст. У раскопе і шурфах быў знойдзены разнастайны гліняны посуд: размаляваныя ангобам, паліваныя талеркі XVII ст., міскі, збаны, макотры і гаршкі XV—XVIII стагоддзяў. На месцы драўлянага дома XVII ст. знойдзены рэшткі кафлянай печы, сабрана калекцыя гаршковай і каробчатай кафлі. Апошняя была ўпрыгожана расліннымі, зааморфнымі і геаметрычнымі ўзорамі. Цікавымі знаходкамі з’яўляюцца гліняная цацка-свістулька ў выглядзе лебедзя, ганчарнае лашчыла, керамічпая шашка. Сярод вырабаў з жалеза — нажы, трохшыпныя падкоўкі для абцасаў, ключ, з шкла — рэшткі шкляніц XVI—XVII стагоддзяў, аптэчны посуд[5].
У 1987 годзе у час земляных работ паміж Палацам спорту і берагам Свіслачы Г. В. Штыхаў прасачыў культурны пласт магутнасцю ад 0,5 да 1 м (месцамі 1,5 м), у якім знойдзена бытавая кераміка XVI—XIX стагоддзяў, кафля з зялёнай палівай, рэшткі гаршкоў 12—13 стагоддзяў. Матэрыялы раскопак 1983 г. і 1987 г. захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАНБ[5].
У пачатку XX ст. Татарская Слабада ўваходзіла ў пятую паліцэйскую частку горада. Прадмесце было тыповай мінскай ускраінай, забудаванай пераважна драўлянымі будынкамі. Праз раён праходзілі Уваскрасенская (цяпер Вызвалення), Вялікая Татарская (Дзімітрава), Глухая (частка вул. Мельнікайтэ каля праспекта Пераможцаў), Татарска-Людамонцкая (пазней Малататарская, цяпер на яе месцы праспект Пераможцаў ад Палаца спорту да праспекта Машэрава), Заслаўская, Падзамкавая на балоце, Навазамкавая, Замячэтная, Новататарская, Новасяргееўская, Навакрасная вуліцы, Людамонцкі і Глухоўскі завулкі[6]. Тэрыторыю балоцістай нізіны паміж слабадой і Свіслаччу займалі агароды, з якіх садавіна і гародніна паступала на гарадскія рынкі. Гэтая мясцовасць называлася Татарскімі агародамі[7].
У 1901 годзе мінскія татары збудавалі мураваную мячэць (не захавалася, зруйнаваная савецкімі ўладамі ў 1962 годзе). У 1959 годзе ўзведзены спартыўны комплекс таварыства «Працоўныя рэзервы». У 1965 годзе адкрыўся Палац спорту. У 1969 годзе на месцы зруйнаванай мячэці збудавалі гасцініцу «Юбілейную».
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Назва прадмесця ніяк не адзначана на цяперашняй карце Мінска. З 1997 года ў горадзе існуе Татарская вуліца (колішняя Вілейская), а з 2009 года — Татарскі сквер на месцы колішніх татарскіх могілкак. Вуліца і сквер геаграфічна знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнай Міхалянкі[8].
Старыя адрасы
[правіць | правіць зыходнік]- Вялікая Татарская. Гарбарны завод Е. Э. Гольдберга. Заснаваны ў 1906 годзе. Меў паравы кацёл. Знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Дзімітрава.
- Навакрасная. Кафляны завод І. Я. Авярбуха. Пачаў дзейнічаць у 1897 годзе. Праз год абсталяваны паравым катлом і паравой машынай. У 1905 годзе Авярбух разам з Айзэнштатам і Полякам стварылі аб’яднанне манапалістычнага тыпу, якое рэгулявала аб’ём вытворчасці іх прадпрыемстваў і ўзровень цэн на вырабы ў Мінску. Гэта дазволіла прадпрымальнікам пратрымацца ў часы дэпрэсіі. Праўда, з надыходам эканамічнага ўздыму аб’яднанне перастала існаваць. У 1913 годзе на заводзе вырабляліся высакаякасныя кафляныя, маёлікавыя і тэракотавыя печы і коміны, вазы для кветак, ганчарныя рэчы, пячная аздоба, дрэнажныя трубы. У 1909 годзе прадукцыя Авярбуха атрымала залаты медаль на Сусветнай выстаўцы ў Рыме. Прадпрыемства месцілася ў раёне сучаснай вуліцы Максіма Танка.
- Татарскі завулак, 7, дом Сініцынай. Гарадскі санітарны камітэт. Арганізаваны ў 1891 годзе для нагляду за агульным санітарным станам горада і барацьбы з інфекцыйнымі хваробамі. Але на практыцы роля яго звузілася да нагляду за прастытуцыяй. У 1898 годзе пры камітэце, у тым жа будынку, была адкрытая бальніца для прастытутак на 27 ложкаў. Грашовыя сродкі паступалі ад гаспадынь дамоў цярпімасці, часткова ад гарадскіх уладаў. Месцаў хранічна не хапала, на адным ложку нярэдка размяшчаліся дзве кабеты, таму хворых часам мусілі выпісваць нават тады, калі тэрмін лекавання далёка не скончыўся. Камітэцкая пабудова размяшчалася ў раёне сучаснага гатэля «Юбілейны» (праспект Пераможцаў, 19).
- Татарскае прадмесце, 5-ая паліцэйская частка, сядзіба Эрдмана. Эрдман — эканом маёнтка абшарніка П. Ваньковіча. У часе рэвалюцыі 1905 года жонка эканома дапамагала рэвалюцыянерам: давала часовы прытулак, хавала зброю і забароненую літаратуру. Сядзібу знішчылі ў ходзе забудовы праспекта Пераможцаў. Знаходзілася паміж цяперашнімі Палацам спорту і паркам Перамогі[9].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
да 1900 г.
-
1908 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1941 г.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
- ↑ а б Татарская Слабада, Татарскае прадмесце, Татарскі канец // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
- ↑ Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
- ↑ а б в Г. В. Штыхаў, В. Е. Собаль. 234. Культурны пласт Татарскай слабады // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 223
- ↑ После 1994 года Архівавана 2 лістапада 2009. // Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Г. В. Штыхаў, В. Е. Собаль. 234. Культурны пласт Татарскай слабады // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 24 жніўня 2011. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с ISBN 985-11-0344-6.
- Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Татарская Слабада