Добрыя Мыслі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Францысканскае балота, 1895

До́брыя Мы́слі, Дабрамысленскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінску, размешчаная ў паўднёва-заходняй частцы горад, на старажытным Койданаўскім гасцінцы. Архітэктурнай дамінантай мясцовасці быў Брэсцкі вакзал.

На паўночны захад ад Добрых Мысляў пачынаецца Грушаўка, на паўночны ўсход — Уборкі, на паўднёвы ўсход — Сенажаны[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Добрыя Мыслі і Грушаўка, 1890 г.
Дом Бенедыкта Пілкі

Койданаўскі гасцінец — старажытны шлях у бок Койданава, Брэста, Варшавы і Берліна. Тут здаўна месцілася некалькі корчмаў, а на месцы сучаснай плошчы каля Палаца чыгуначнікаў узнікла Кавальская Слабада, дзе размяшчаліся майстэрні кавалёў.

Добрыя Мыслі ўзніклі каля невялікага Францысканскага балота (раён Універсітэта культуры і выхадаў з станцыі метро «Інстытут Культуры»), адкуль свой пачатак брала рэчка Няміга. Назва мясцовасці ўтварылася ад вёскі, пазней фальварка Добрай Мыслі[3]. Тут, на выездзе з горада, яшчэ ў першай палове XIX ст. стаяла карчма «Дабрамысленская»[4]. У 1871 годзе па тэрыторыі прадмесця прайшла лінія Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, быў пабудаваны драўляны чыгуначны вакзал. З’явіліся прамысловыя прадпрыемствы — заводы па вырабе шкла. На тэрыторыі Добрых Мыслей узнік найвялікшы рынак горада — Суражскі[5].

Брэсцкі вакзал у Менску, 19 жніўня 1920 г. Савецка-польская вайна

У пачатку XX ст. Добрыя Мыслі ўваходзілі ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Найбольшымі вуліцамі прадмесця былі Новазахар’еўская (Маскоўская), Дзяменцьеўская (завулак Фабрыцыуса), Рыгораўская (Фабрыцыуса), Вірская, Новамяшчанская, Старамяшчанская, Кірылаўская, Суражская і Каменная вуліцы, Койданаўскі тракт, Кавальскі (пачатак вуліцы Варанянскага) і Дабрамысленскі завулкі. Праз прадмесце ішла Брылеўская вуліца — старажытная дарога ў фальварак Брылевічы[6][7].

Перад Першай сусветнай вайной у прадмесці быў пабудаваны першы ў Мінску пуцеправод. У 1920-я—1930-я гады з’явіўся хіміка-фармацэўтычны завод і аэрадром. У гады Другой сусветнай вайны драўляная забудова прадмесця амаль не пацярпела, але з пачатку 1960-х яна была замененая на шматпавярховую[5].

У наш час пра існаванне Дабрамысленскага прадмесця напамінае аднайменны завулак.

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

Заводы ў Кашарах і Добрых Мыслях
  • Брэсцкі вакзал — другі мінскі вакзал пасля Віленскага, таксама меў назву «Вакзал на Добрых Мыслях». Гэта быў вялікі драўляны будынак з 2-павярховай вежай. У 1871 годзе ён прыняў першы цягнік, што прыбыў у Мінск. У ліпені 1920 года вакзал спалілі польскі войскі, па аднаўленні ён працаваў да 1928 года. Цяпер прыкладна на тым жа месцы знаходзіцца гарадская служба Мінскпасажыраўтатранса.
  • Рыгораўская. Шклозавод Бацвінніка (былы Рабінзона). Першы гаспадар адкрыў прадпрыемства ў 1907 годзе, праз год яго набыў Бацвіннік разам з фаміліяй Ашкіназі. Гута «Бацвіннік і К°» стала адной з найбольшых у сваёй галіне на тэрыторыі Беларусі. Па Кастрычніцкім перавароце на яе вытворчай базе ўтварыўся завод «Пралетарый», які існаваў у 1922—1941 гадах. Цяпер будынак колішняй гуты належыць малочнаму заводу №1 (Фабрыцыуса, 9)
  • Дабрамысленскі завулак, 6. Цагляны завод інжынера Г. А. Каплана, збудаваны ў 1895 годзе. Гаспадар першым у горадзе набыў для прадпрыемства печ Гофмана з 14 камерамі. Цагельня Каплана размяшчалася побач з жаночай філіяй мінскай вязніцы. Мяркуецца, што будынак збярогся і ў ім знаходзяцца навучальныя майстэрні сярэдняй школы №41.
  • Дабрамысленскі завулак, дом Эйдэльберга. Шклозавод Г. Я. Сыркіна, заснаваны ў 1899 годзе. Адкрыўся ў сувязі з павелічэннем попыту на шкляную тару, выкліканым увядзеннем дзяржаўнай віннай манаполіі (1896), якая забараніла продаж спіртовых напояў у разліў. Будынак размяшчаўся ў раёне цяперашняга завода «Калібр».
  • Дзяменцьеўская. Машынабудаўнічы і кацельны завод (Вакзальны), збудаваны ў 1898 годзе на сродкі братоў Л. і Я. Ліфшыцаў і Я. Выгоцкага. Заводскія памяшканні знаходзіліся ў раёне цяперашняй вуліцы Грушаўскай. Захаванасць будынка няпэўная.
  • Суражская, 18. Гасцініца «Масква Брэсцкая» Гразоўскага (3 нумары). Знаходзілася побач з Брэсцкім вакзалам.
  • Суражская, перадатачная лінія. Майстэрні Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, збудаваныя ў 1871 годзе. У 1931 годзе на іх базе ўтварыўся Мінскі вагонарамонтны завод імя Мяснікова (Чыгуначная, 5).
  • Суражская. Суражскі рынак. Спецыялізаваўся на продажы сала і зваўся ў народзе Сальнікам. Месціўся ля Брэсцкага вакзала[8].

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Брэсцкі вакзал[правіць | правіць зыходнік]

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 196—197.
  2. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 550—551.
  3. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 228.
  4. Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  5. а б Беларускі архіў вуснай гісторыі. Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу. Архівавана з першакрыніцы 13-5-2019. Праверана 13-5-2019.
  6. Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў XIX — пачатку XX стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  7. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.
  8. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]