Пераварот 1948 года ў Чэхаславакіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пераварот у Чэхаславакіі 1948)

Пераваро́т 1948 года ў Чэхаславакіі (чэшск.: Únor 1948, славацк.: Február 1948) — назва камуністычнага перавароту ў Чэхаславакіі 20-25 лютага 1948. Пасля прыходу да ўлады Камуністычнай партыі адбыўся пераход ад дэмакратыі да таталітарызму і далучэнне да сацыялістычнага блоку краін. У ЧССР 25 лютага быў святочным днём.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ з ваенных часоў чэхаславацкія камуністы дамагаліся ўлады ў дзяржаве: супрацоўнічалі з СССР, пасля 1945 намагаліся сарваць дзейнасць астатніх партый, аб’яднаных у г. зв. Народным фронце. На першых паваенных выбарах у 1946 годзе камуністы атрымалі ў Чэхіі 40 % галасоў; у Славакіі ж перамагла Дэмакратычная партыя з 62 % галасоў. Разам з сацыял-дэмакратамі камуністы сфарміравалі парламенцкую большасць і паступова атрымалі кантроль над паліцыяй, войскам і работніцкімі арганізацыямі. 2 ліпеня 1946 старшыня КПЧ Клемент Готвальд стаў прэм’ер-міністрам.

13 лютага 1948 года з МУС былі звольнены 8 старэйшых афіцэраў-некамуністаў, што Нацыянальна-сацыялістычная партыя палічыла зачысткай ад непажаданых элементаў і запатрабавала прадаставіць справаздачу пра дзейнасць МУС. Калі міністэрства адмовілася выканаць патрабаванні ўраду, міністры ад Нацыянальна-сацыялістычнай, Народнай і Дэмакратычнай партый падалі ў адстаўку, каб дабіцца роспуску ўраду. Аднак Сацыял-дэмакратычная партыя і два беспартыйныя міністры адмовіліся падтрымаць гэта рашэнне. Таму ўрад Клемента Готвальда працягнуў працу і запатрабаваў ад прэзідэнта Бенеша замяніць 12 выбылых (з 26 членаў кабінета) новымі.

Хада падзей[правіць | правіць зыходнік]

Скарыстаўшыся момантам, кампартыя пачала ладзіць па ўсёй краіне масавыя мітынгі і страйкі ў падтрымку свайго пункту гледжання. Найбуйнейшым мерапрыемствам стаў мітынг на Старамесцкім плошчы Прагі 21 лютага, калі, нягледзячы на анамальна халоднае надвор’е (-25 градусаў), сышліся больш за 100 000 чалавек[1]. Кампартыя пачала ствараць уласныя ўзброеныя аддзелы — народную міліцыю — і браць пад ахову масты, стратэгічныя аб’екты сталіцы на падставе чутак пра пагрозу «ўзброенага путчу».

З 23 лютага пачаліся арышты членаў партый, да якіх належалі адстаўленыя міністры, і ператрусы ў іх хатах. Астатнія партыі Народнага фронту ўсё яшчэ спадзяваліся на развязанне крызісу з дапамогай прэзідэнта Бенеша, які абвясціў, што не саступіць патрабаванням камуністаў. На яго падтрымку ў Пражскім Градзе прайшоў дзесяцітысячны студэнцкі мітынг.

На наступны дзень, 24 лютага, адбылася ўсеагульная забастоўка, у якой удзельнічалі больш за 2,5 мільёны чалавек. Запланаваная спярша як маніфестацыя з сацыяльнымі і эканамічнымі патрабаваннямі, яна ператварылася ў акцыю падтрымкі камуністаў. Кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай, Нацыянал-сацыялістычнай і Народнай партый было замененае на пракамуністычнае.

25 лютага мітынг у Празе працягваўся, і ў другой палове Эдвард Бенеш падпісаў адстаўку некамуністычных міністраў і даў згоду на прызначэнне замест іх прадстаўнікоў кампартыі.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

27 лютага новы ўрад быў прыведзены да прысягі. Адразу пачаліся ганенні на апазіцыянераў, каля 250 000 членаў партый былі пазбаўлены працы, вымушаныя былі эміграваць каля 3000 чалавек.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Лютаўскія падзеі 1948 года ў Чэхаславакіі маюць шырокі спектр ацэнак:

  • Дзяржаўны пераварот: дзеянні камуністаў былі супрацьзаконнымі, неадпаведнымі канстытуцыі, адбываліся пад пагрозай узброенага супраціву з маніпуляцыяй грамадскай думкай. У тагачасных умовах гэта было адзіным спосабам выйсця з крызісу, аднак прэзідэнт Бенеш прымаў рашэнні пад ціскам.
  • Легальны працэс у рамках тагачасных законаў: пераход улады ў рукі камуністаў быў не пераваротам, а іхнімі ўмелымі дзеяннямі ў рамках існага заканадаўства, пры гэтым структуры ўлады былі захаваны. Падтрымка войска, паліцыі і рабочых была выразам іх свабоднай волі.
  • Фармальны акт: у рэчаіснасці адбылося проста фармальнае завяршэнне працэсу прыходу да ўлады камуністаў, распачатага адразу пасля Другой сусветнай вайны, у гэтак званай дататалітарнай фазе (1945—1947). Урадавы крызіс, каталізатарам якога стала пытанне з Управай нацыянальнае бяспекі, проста паскорыў падзеі, якія былі непазбежныя раней ці пазней.

Зноскі

  1. Краткая история Чехословакии. С. 421.