Канстанцін IX Манамах

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін IX Манамах
грэч. Κωνσταντίνος Θ΄ Μονομάχος
Канстанцін IX (мазаіка сабора Святой Сафіі)
Канстанцін IX (мазаіка сабора Святой Сафіі)
Візантыйскі імператар
11 чэрвеня 1042 — 11 студзеня 1055
Папярэднік Міхаіл V
Пераемнік Феадора

Нараджэнне 1000[1]
Смерць 11 студзеня 1055
Род Македонская дынастыя
Бацька Theodosios Monomachos[d]
Жонка Зоя[d][2] і Q124729168?
Дзеці мерк. Манамахіня[d]
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канстанцін IX Манамах (па іншым рахунку Х ці XI; Манамах — фамільнае імя; каля 1000 — 11 студзеня 1055) — візантыйскі імператар (11 чэрвеня 1042 — 11 студзеня 1055) з Македонскай дынастыі. Узышоў на імператарскі прастол дзякуючы шлюбу з Зояй Парфірароднай, дачкой імператара Канстанціна VIII.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыі дакладна невядома паходжанне Манамахаў (радавая мянушка паходзіць ад грэчаскага слова, якое пазначае «адзінаборца»). Прадстаўнікі гэтага роду вядомыя з канца X стагоддзя, з яго выйшла некалькі знакамітых военачальнікаў. Па адной версіі Манамахі паходзяць з армянскай арыстакратыі, якая стала канстанцінопальскімі чыноўнікамі[3]. Паводле іншай версіі Манамахі — грэчаскага паходжання. Асноўныя звесткі пра род утрымліваюцца ў лістах візантыйскага гісторыка Міхаіла Псела. Гісторыі вядомыя Манамахі не самага высокага рангу чынавенства. Большасць Манамахаў былі суддзямі; задакументавана існаванне толькі толькі аднаго Манамаха-ваеннага. Бацька Канстанціна Манамаха, Феадосій, быў суддзёй. «Старажытны род Манамахаў» (як пра яго пісаў Міхаіл Псел) паходзіў, верагодна, з Даласа (Далас ці Даласа), горада, размешчанага на рацэ Еўфрат. Магчыма, што было некалькі паселішчаў з такой назвай, але, прынамсі, з горада Даласа (Талаш) паходзіла сям’я знакамітых ваенных (Dalassenoi), напрыклад Ганна Даласіна (Anna Dalassene) — маці Аляксея I Камніна.

Фаварыт імператрыцы. Ссылка[правіць | правіць зыходнік]

У часы валадарання Рамана III Аргіра (1028—1034), якому Канстанцін даводзіўся зяцем, ён быў набліжаны да імператарскага двара, спадабаўся імператрыцы Зоі і стаў яе фаварытам, хто выклікала асцярогі прыдворных, бо тыя лічылі яго магчымым жаніхом Зоі і прэтэндэнтам на прастол пасля смерці Рамана, і пры ўзыходжанні Міхаіла IV Пафлаганяніна (10341041) быў адпраўлены ў ссылку ў Мітылену, на востраве Лесбас, дзе і пражыў увесь час валадарання Міхаіла IV і Міхаіла V (1041—1042).

Валадаранне[правіць | правіць зыходнік]

Шлюб Канстанціна і Зоі (мініяцюра хронікі Іаана Скіліцы, XII стагоддзе)
Зоя Парфірародная

Пасля звяржэння Міхаіла V Манамах быў выкліканы ў Канстанцінопаль, дзе ажаніўся з Зояй і быў каранаваны імператарам. Канстанцін быў прыкладна на 20 гадоў маладзейшы за жонку, а на момант шлюбу ёй было ўжо за шэсцьдзесят. Для абодвух гэты шлюб быў ужо трэцім[4]. Такі шлюб не ўхваляецца праваслаўнай царквой, таму вянчанне, хоць і ўрачыстае, здзейсніў не патрыярх, а «першы з прэсвітараў» сабора Святой Сафіі — Стып. Патрыярх Алексій «пад ціскам абставін і, можна сказаць, волі Божай саступіў і, хоць сам не ўсклаў рукі, абняў іх, ужо што пабраных шлюбам і павянчаных»[5]. Паводле слоў Псела, гэта ён зрабіў, магчыма, лісліва, таму што прытрымліваўся палацавай партыі імператрыцы Феадоры. У сваім маніфесце пасля шлюбу Зоя заявіла, што гэты шлюб для яе гонару агідны і заключаны выключна дзеля інтарэсаў імперыі[6].

Да 1050 г. ён валадарыў сумесна з Зояй і яе сястрой Феадорай, а з 1050 г., пасля смерці Зоі — сумесна з Феадорай, якая і стала яго аднаасобнай пераемніцай пасля смерці Канстанціна ў студзені 1055 г. ад запалення лёгкіх. Легкадумны, прагны да асалод Канстанцін не цікавіўся дзяржаўнымі справамі, якія трываліся толькі дзякуючы візантыйскаму бюракратычнаму механізму. Шэраг «анекдотаў», якія характарызуюць яго асобу, захаваны яго сучаснікам Міхаілам Пселам.

Апазіцыя і паўстанні[правіць | правіць зыходнік]

Відавочная сувязь Канстанціна з прадстаўніцай магутнага арыстакратычнага роду Скліраў, Марыяй Склірэнай, якая жыла ў палацы і ва ўрачыстых выпадках займала першае месца пасля Зоі і Феадоры, павяла да інтрыг з боку сваякоў Канстанціна, незадаволеных узвышэннем роду Скліраў, і з боку прыхільнікаў Македонскай дынастыі, якія асцерагаліся звяржэння Зоі і Феадоры і жаніцьбы Канстанціна на Склірэне. Паўстанне палкаводца Георгія Маніяка, асабістага ворага Скліраў (1042—1043), было падушана войскамі, пасланымі Канстанцінам пад начальствам еўнуха Стэфана Севастафора. Апошні, у сваю чаргу, хутка быў адпраўлены ў ссылку, абвінавачаны ў намеры ўзвесці на прастол кіраўніка прыеўфрацкай правінцыі Мелітыны, Льва Лампраса, які быў аслеплены і памёр ад катаванняў. У 1047 г. успыхнула паўстанне Льва Торніка, вакол якога згрупавалася македонская партыя і да якога далучыліся амаль усе македонскія гарады. Леў аблажыў сталіцу, але павінен быў адступіць; многія з яго прыхільнікаў яго здразілі, ён быў захоплены хітрасцю і аслеплены. Такімі ж няўдалымі былі дзве палацавыя змовы і замахі на жыццё Канстанціна ў 1050—1051 гг.

Канстанцін IX (дэталь яго імператарскай кароны)

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Канстанцін пабудаваў манастыр Св. Георгія ў Манганах, пры якім былі створаны багадзельні і прытулкі для састарэлых і ўбогіх. Таксама ім і сёстрамі-імператрыцамі Зояй і Феадорай быў заснаваны манастыр Неа Моні на Хіясе.

З унутраных мер часу Манамаха важна арганізацыя асобай установы для вывучэння рымскага права, з выкладчыкам — «намафілаксам» — на чале, і новага «сакрэта» (так называліся ў Візантыі ўстановы накшталт міністэрстваў) судовых спраў, на чале якога быў пастаўлены «міністр юстыцыі».

Раскол хрысціянскай царквы[правіць | правіць зыходнік]

Пры Канстанціне IX, за некалькі месяцаў да яго смерці, хрысціянская царква раскалолася на каталіцкую і праваслаўную. У 1054 годзе Папа Рымскі Леў IX паслаў у Канстанцінопаль легатаў на чале з кардыналам Гумбертам для вырашэння канфлікту, пачатак якому быў пакладзены закрыццём у 1053 годзе лацінскіх цэркваў у Канстанцінопалі па распараджэнні патрыярха Міхаіла Кіруларыя. Аднак знайсці шлях да прымірэння не ўдалося, і 16 ліпеня 1054 годзе ў саборы Святой Сафіі папскія легаты абвясцілі пра звяржэнне Кіруларыя і яго адлучэнне ад Царквы. У адказ на гэта 20 ліпеня патрыярх аддаў анафеме легатаў.

Канстанцін IX і Старажытнаруская дзяржава[правіць | правіць зыходнік]

У 1043 меў месца апошні паход Русі (адзіны пасля хрышчэння) на Канстанцінопаль — Руска-візантыйская вайна 1043 года. Ім камандаваў сын Яраслава Мудрага Уладзімір Яраславіч. Пра прычыны паходу вядуцца спрэчкі. Армія Русі пацярпела поўнае паражэнне, Канстанцін IX атрымаў кантрыбуцыю. Верагодна, у знак заключэння міру з Руссю Канстанцін выдаў сваю дачку ад першага шлюбу (або, як мяркуюць некаторыя аўтары, іншую блізкую сваячку) замуж за іншага сына Яраслава, Усевалада. Сын Уладзімір, які нарадзіўся ў 1053 годзе ад гэтага шлюбу, атрымаў ад бацькоў мянушку па дзедзе — Уладзімір Манамах.

У познім рускім Сярэднявеччы ўзнікла легенда (Паданне пра князёў Уладзімірскіх), якая звязвае з асобай Канстанціна IX шапку Манамаха, нібы падораную ім унуку як знак царскіх правоў. У рэчаіснасці Канстанцін памёр, калі Уладзіміру было 2 гады і ён не быў прамым спадчыннікам, не кажучы ўжо пра агульнапрынятае цяпер датаванне так званай шапкі Манамаха часамі Івана Каліты — першай паловай XIV стагоддзя. Адзінай вядомай рэгаліяй, падоранай каму-небудзь Канстанцінам, была карона, якую ён адправіў венгерскаму каралю Андрашу I да дня каранацыі яго і яго жонкі Анастасіі, дачкі Яраслава Мудрага[7].

Зноскі

  1. Kōnstantínos IX o Monomáchos // AlKindi
  2. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  3. J-C Cheynet & J-F Vannier, Études prosopographiques, Paris: Sorbonne, 1986, pp. 75-115.
  4. Диль Ш. Византийские портреты. — м: Искусство, 1994. — С. 180.
  5. Михаил Пселл. Хронография. 6.XX.
  6. Величко А. М. История Византийских императоров. — м, 2010. — Т. 4. — С. 368. — ISBN 978-5-91399-019-8.
  7. Лихачева В. Д. Искусство Византии IV—XV веков. — Л., 1981. — С. 192.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скабалланович, «Византийское государство и церковь в XI в.» (СПб., 1884).
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).