Перайсці да зместу

Беларускае генерал-губернатарства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796), Беларускае ваеннае губернатарства (1801—1823), Віцебскае генерал-губернатарства (1823—1856) — шэраг генерал-губернатарстваў у Расійскай імперыі, якія па сутнасці тэрытарыяльна з’яўляліся пераемнікамі адзін аднаго. Першае генерал-губернатарства было створана з усходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага, атрыманых Расійскай імперыяй ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796)

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускае генерал-губернатарства — генерал-губернатарства ў Расійскай імперыі ў 17721796 з цэнтрам у Магілёве.

Указ расійскай імператрыцы Кацярыны II беларускаму генерал-губернатару Пятру Пасеку «Аб скасаванні ў Полацкай і Магілёўскай губернях некаторых станцый і паштовых дарог і аб заснаванні замест іх новых». Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 21, № 15493 (фрагмент), 1782 год

Землі, якія атрымала Расійская імперыя ў 1772 у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, увайшлі ў склад Пскоўскай[1] (Пскоўская, Вялікалуцкая, Дзвінская і Полацкая правінцыі) і Магілёўскай губерняў (Магілёўская, Аршанская, Рагачоўская і Віцебская правінцыі). Цэнтрамі губерняў сталі адпаведна Апочка і Магілёў. З-за таго, што Апочка быў маленькім горадам, губернскім цэнтрам неўзабаве стаў Полацк, куды было пераведзена губернскае праўленне (апарат кіравання).

Паводле ўказу Кацярыны II ад 28 мая 1772[2] генерал-аншэф граф Захар Рыгоравіч Чарнышоў (1722—1784) быў прызначаны генерал-губернатарам Пскоўскай і Магілёўскай губерняў. Ва ўказе назва генерал-губернатарства (гэтак жа як і месца галоўнай рэзідэнцыі) не ўказвалася, але ў далейшых указах імператрыцы Захар Чарнышоў менаваўся як «беларускі генерал-губернатар», а яго падначаленая тэрыторыя як «Беларускае генерал-губернатарства»[3]. Сваёй рэзідэнцыяй Чарнышоў выбраў Магілёў, дзе ў сваім палацы паставіў нават прататып царскага трона, на які, праўда, не садзіўся, а пры дзвярах сваёй канцылярыі — швейцараў, прыбраных у мундзіры сіняга колеру, з меднымі булавамі і ў малінавых перавязях[4].

Выданне «Устанаўлення кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» (1775) прывяло да чарговых адміністрацыйных пераўтварэнняў. Паўстала таксама пытанне аб мэтазгоднасці далейшага аб’яднання ў складзе Пскоўскай губерні далучаных зямель Вялікага Княства Літоўскага разам з велікарускімі землямі, на якія не распаўсюджваліся выключэнні з г.зв. «польскіх праў». Сваім указам ад 24 жніўня 1776 Сенат Расійскай імперыі зацвердзіў праект Чарнышова аб стварэнні дзвюх губерняў яго генерал-губернатарства: была створана Магілёўская губерня (з былым тэрытарыяльным складам) і Полацкая губерня (замест Пскоўскай), ад якой аднялі Пскоўскі і Вялікалуцкі паветы. У 1778 адбылася чарговая адміністрацыйная рэформа: 28 мая 1778 Полацкая губерня была пераўтворана ў Полацкае намесніцтва (1778—1796), а 4 чэрвеня 1778 Магілёўская губерня — у Магілёўскае намесніцтва (1778—1796).

Цэнтральная частка Магілёва ў канцы XVIII ст. Акварэль М. Львова

Паводле ўказу расійскай імператрыцы Кацярыны II ад 4 лютага 1782 генерал-фельдмаршал Захар Чарнышоў быў прызначаны на пасаду галоўнакамандуючага (губернатара) у Маскве.

Новым «беларускім генерал-губернатарам» стаў Пётр Багданавіч Пасек (1736—1804), які з лютага 1782 менаваўся «выконваючым абавязкі беларускага генерал-губернатара», а са жніўня 1782 ужо «беларускім генерал-губернатарам». Дакладная дата заняцця пасады невядомая, бо ўказ аб прызначэнні Пасека на пасаду генерал-губернатара (дзесьці летам 1782) не быў уключаны ў Поўны збор законаў Расійскай імперыі[5].

Беларускае генерал-губернатарства неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «беларускія губерні», «беларускія правінцыі», «Беларускі край», «Беларусія» ці «Белая Расія».

З пачаткам царавання расійскага імператара (1796—1801) Паўла I многія пасады генерал-губернатараў (намеснікаў) былі скасаваны, у прыватнасці — пасада беларускага генерал-губернатара, а тэрыторыя Полацкага (правобраз Віцебскай губерні) і Магілёўскага намесніцтваў у 1796 была аб’яднана ў адну Беларускую губерню (1796—1801) з цэнтрам у Віцебску, якая не ўваходзіла ў склад якога-небудзь генерал-губернатарства[6].

Беларускае ваеннае губернатарства (1801—1823)

[правіць | правіць зыходнік]
Палац беларускага ваеннага губернатара, пазней — віцебскага генерал-губернатара, а пасля — віцебскага губернатара. Фотапаштоўка пачатку XX ст.

Беларускае ваеннае губернатарства — ваеннае губернатарства ў 18011823 з цэнтрам у Віцебску. Створана згодна з указам расійскага імператара (1801—1825) Аляксандра I ад 9 (21) верасня 1801, якім Беларуская губерня (1796—1801) падзялялася на дзве — Беларуска-Магілёўскую і Беларуска-Віцебскую губерні і якім гэтыя новаствораныя губерні сталі ўваходзіць у склад новастворанага Беларускага ваеннага губернатарства[7][8]. У склад Беларускага ваеннага губернатарства ўваходзілі толькі Беларуска-Віцебская і Беларуска-Магілёўская губерні, узначальвалася ваенным губернатарам, менаваным поўнасцю «беларускім ваенным губернатарам, кіруючым і грамадзянскай часткай» ці скарочана «беларускім ваенным губернатарам».

Беларускае ваеннае губернатарства неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «беларускія губерні», «беларускія правінцыі», «Беларускі край», «Беларусія» ці «Белая Расія».

Паводле ўказа Сената Расійскай імперыі ад 7 жніўня 1823 Беларускае ваеннае губернатарства было рэарганізавана ў Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае генерал-губернатарства.

Віцебскае генерал-губернатарства (1823—1856)

[правіць | правіць зыходнік]
Палац беларускага ваеннага губернатара, пазней — віцебскага генерал-губернатара, а пасля — віцебскага губернатара. Фотапаштоўка пачатку XX ст.

Віцебскае генерал-губернатарства — умоўная назва генерал-губернатарства ў 18231856 з цэнтрам у Віцебску. Афіцыйная назва генерал-губернатарства залежала ад спіса губерняў, якія падпарадкоўваліся ў той ці іншы час генерал-губернатару, а часам у справаводстве ўжывалася і скарочаная форма генерал-губернатарства па назве яго цэнтра — «Віцебскае генерал-губернатарства».

Генерал-губернатарства было створана паводле ўказа Сената Расійскай імперыі ад 7 жніўня 1823, які рэарганізаваў Беларускае ваеннае губернатарства ў новае генерал-губернатарства (з цэнтрам у Віцебску), у склад якога на пачатку ўключаюцца чатыры губерні — Беларуска-Віцебская, Беларуска-Магілёўская, Смаленская і Калужская. Афіцыйна яно называлася ў 18231831 як «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае генерал-губернатарства», а кіраўнік як «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і калужскі генерал-губернатар».

У сувязі з паўстаннем 1830—1831 гадоў, якое пачало ахопліваць і Мінскую губерню, расійскай уладай было вырашана (указам Сената ад 8 студзеня 1831[9]) Калужскую губерню вылучыць са складу Віцебскага генерал-губернатарства, а Мінскую губерню, што яшчэ з 1 снежня 1830 знаходзілася на ваенным становішчы, уключыць у яго склад. Генерал-губернатарства пачало афіцыйна менавацца як «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Мінскае генерал-губернатарства», а яго кіраўнік як «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і мінскі генерал-губернатар».

13 красавіка 1831 паводле ўказу Сената Мінская губерня была вылучана са складу Віцебскага генерал-губернатарства і стала падпарадкоўвацца Галоўнакамандуючаму Рэзервовай арміяй, таму генерал-губернатарства з цэнтраму Віцебску ў 18311856 пачало афіцыйна менавацца як «Віцебскае, Магілёўскае і Смаленскае генерал-губернатарства», а кіраўнік як «віцебскі, магілёўскі і смаленскі генерал-губернатар».

Сваім указам ад 18 ліпеня 1840 расійскі імператар Мікалай I перайменаваў Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні ў адпаведна Віленскую і Гродзенскую губерні, а Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні — у Віцебскую і Магілёўскую губерні[10]: імператарам загадвалася пісаць губерні (Літоўска-Віленскую, Літоўска-Гродзенскую, Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Віцебскую[11]) проста — па назве губернскага цэнтру («Віленская губерня», «Гродзенская губерня», «Віцебская губерня», «Магілёўская губерня»), без азначэнняў «Літоўская» ці «Беларуская» і без менавання іх сукупна як адпаведна «літоўскія губерні» і «беларускія губерні» ва ўрадавым справаводстве.

У рамках створанага ў 1823 «Віцебскага генерал-губернатарства» (1823—1856), якое ахоплівала Беларуска-Віцебскую, Беларуска-Магілёўскую, Смаленскую і Калужскую губерні, у паўсядзённай мове чыноўнікаў правінцыі і сталіцы Магілёўская і Віцебская губерні афіцыйна-бюракратычна і неафіцыйна сукупна называліся (нават пасля 18 ліпеня 1840) як «беларускія губерні», што не распаўсюджвалася на Смаленскую і Калужскую губерні, а само Віцебскае генерал-губернатарства называлася «беларускім»[12]. Акрамя таго, у справаводстве Сената Расійскай імперыі назва «беларускія губерні» у адносінах да Віцебскай і Магілёўскай ужывалася, нягледзячы на загад Мікалая I ад 18 ліпеня 1840, на працягу ўсяго стагоддзя да 1890-х гг.[13][14]

Пасада віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара была скасавана паводле ўказа Сената ад 17 (29) лютага 1856 г.

Спіс генерал-губернатараў, ваенных губернатараў

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія генерал-губернатары (1772—1796)

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія ваенныя губернатары (1801—1823)

[правіць | правіць зыходнік]

Віцебскія генерал-губернатары (1823—1856)

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Тэрытарыяльна правобраз будучай Полацкай губерні, а пасля Віцебскай.
  2. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 19, № 13807, 13808.
  3. Беларускі генерал-губернатар (1782—1796) Пётр Пасек ва ўказах Кацярыны ІІ менаваўся часам як «полацкі і магілёўскі генерал-губернатар». Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 19, № 17527.
  4. Анішчанка, Я. К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ… С. 88.
  5. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 21, № 15434, 15493.
  6. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 24, № 17634.
  7. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 26, № 20004.
  8. Указам ад 9 (21) верасня 1801 Літоўская губерня падзялялася на дзве «літоўскія» губерні (Віленскую і Гродзенскую губерні), а Беларуская губерня на дзве «беларускія» губерні (Віцебскую і Магілёўскую губерні), якія адразу пачалі пісацца як «Літоўска-Віленская губерня» (ці «Літоўская Віленская губерня»), «Літоўска-Гродзенская губерня» (ці «Літоўская Гродзенская губерня»), «Беларуска-Віцебская губерня» (ці «Беларуская Віцебская губерня») і «Беларуска-Магілёўская губерня» (ці «Беларуская Магілёўская губерня»). Азначэнні «Літоўска-» («Літоўская») і «Беларуска-» («Беларуская») выкарыстоўваліся для абазначэння тапанімічнага характару губерні і часта не ўказваліся. Пасады губернатараў і губернскіх устаноў таксама часта пісаліся з указаннем тапанімічнага характару губерні: «літоўска-віленскі губернатар», «Літоўска-Віленскае губернскае праўленне», «беларуска-віцебскі губернатар», «Беларуска-Віцебскае губернскае праўленне» і г.д. У афіцыйных назвах пасады генерал-губернатара ці генерал-губернатарства (з пералікам губерняў, якія ў ваходзілі ў склад генерал-губернатарства) азначэнні «Літоўская» ці «Беларуская» у назве губерняў у 1801—1840 гг. не выкарыстоўваліся: напрыклад, «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і калужскі генерал-губернатар», «віленскі ваенны, гродзенскі, беластоцкі і мінскі генерал-губернатар» і г.д. Пасля падзелу (паводле таго ж указа ад 9 (21) верасня 1801 г.) Маларасійскай губерні на дзве губерні (Чарнігаўскую і Палтаўскую) яны таксама пэўны час пісаліся як Маларасійска-Палтаўская губерня (альбо «Маларасійская Палтаўская губерня») і Маларасійска-Чарнігаўская губерня («Маларасійская Чарнігаўская губерня»).
  9. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі. Т. 6, аддзяленне 1, № 4244.
  10. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі. Т. 15, аддзяленне 1, № 13678.
  11. Мінская губерня ва ўказе не ўпаміналася, бо не мела азначэння «Літоўская» ці «Беларуская» у сваёй афіцыйнай назве.
  12. Долбилов, М. Д. Русский край… С. 196.
  13. Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»… С. 15.
  14. У Расійскай імперыі ў 1841—1917 гг. надрукавана каля 190 кніжак і брашур са словам «Белоруссия» на тытуле: у 1853—1856 гг. выйшла кніга Паўла Шпілеўскага «Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»; у 1855 г. — Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии»; у 1857 г. — Восіпа Турчыновіча «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» і г.д. Прычым тэрмін «Беларусь» («Белоруссия») у кнігах Шпілеўскага, Без-Карніловіча, Турчыновіча і многіх іншых датычыўся толькі Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Гл.: Латышонак, А. Гісторыя Беларусі… С. 65.
  15. Рэдкі выпадак, калі віцебскі, магілёўскі і смаленскі генерал-губернатар названы ў афіцыйным пастанаўленні Камітэта міністраў Расійскай імперыі як «беларускі генерал-губернатар».
  • Анішчанка, Я. К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772—1796) / Я. К. Анішчанка; пад рэд. У. А. Сосна. — Мінск : Веды, 1998. — 220 с.
  • Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2003. — 470 с.
  • Большакова, О. В. Российская империя: система управления. Современная зарубежная историография: аналитический обзор / О. В. Большакова ; Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. отеч. и зарубеж. истории; Отв. ред. В. М. Шевырин. — М., 2003. — 92 с. [1](недаступная спасылка)
  • Витебская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения (1802—1917) / Т. Е. Леонтьева [и др.]; сост. Т. Е. Леонтьева, Д. Л. Яцкевич; редкол.: А. К. Голубович (гл. ред.) [и др.]. — Минск : БелНИИДАД, 2009. — 524 с.
  • Долбилов, М. Д. Русский край, чужая вера: Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II / М. Д. Долбилов. — М. : Новое литературное обозрение, 2010. — 1000 с.
  • Зайончковский, П. А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. / П. А. Зайончковский. — М. : Мысль, 1978. — 288 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Лысенко, Л. М. Губернаторы и генерал-губернаторы Российской империи (XVIII — начало XX века) / Л. М. Лысенко. — М. : МПГУ, 2001. — 2-е изд. — 358 с.
  • Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. / А. Цьвікевіч. — 2-е выд. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 352 с.