Карэлы
Карэлы (karjalaižet, карьялайжет) | |||
Агульная колькасць | 87850 чалавек | ||
---|---|---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія: 60 815 чал. * Карэлія: 45 570 чал. * Цвярская вобласць: 7 394 * Санкт-Пецярбург: 1 396 чал. * Мурманская вобласць: 1 376 * Ленінградская вобласць: 1345 * Масква: 385 чал. Фінляндыя: | ||
Мова | карэльская, руская, фінская | ||
Рэлігія | праваслаўе, лютэранства | ||
Блізкія этнічныя групы | іжора, вепсы, фіны, квены, эстонцы, водзь, лівы, сету |
Карэлы (карэл.: karjalaižet, карьялайзет) — фіна-вугорскі народ. Карэнныя насельнікі паўночнага-захаду Расіі і ўсходу Фінляндыі. Жывуць таксама ў іншых краінах. Агульная колькасць (2010 г.) — 87850 чал.
Адзіным адміністрацыйна-палітычным утварэннем, якое непасрэдна звязана з карэламі, у наш час з'яўляецца толькі Рэспубліка Карэлія (Расія). Аднак у ёй карэлы складаюць этнічную меншасць (каля 9,2 %), а карэльская мова не мае афіцыйнага статусу. Найбольшая нацыянальная арганізацыя — Саюз карэльскага народа (Karjalan Rahvahan Liitto, створаны ў 1989 г.)[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Генетычныя даследаванні паказваюць, што продкамі карэнных жыхроў Карэліі з'яўляюцца найстаражытнейшыя насельнікі Еўропы, якія з'явіліся ў верхнім палеаліце — неаліце. Іх міграцыя на поўнач Еўропы пакуль дасканала не вывучана. Раней на аснове лінгвістычных даследаванняў, высоўваліся гіпотэзы, што яна адбывалася напроста з поўдня, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі і Прыбалтыку[2]. Але гэта не адпавядае сучасным ведам у галінах генетыкі і археалогіі, таму высоўваецца гіпотэза пра шлях праз басейн ракі Волга.
Фінамоўныя плямёны насялялі тэрыторыю Паўднёвай Карэліі, а таксама суседніх рэгіёнаў ужо каля 5 тысяч гадоў таму. У перыяд ранняга і высокага Сярэднявечча ў заходнееўрапейскіх і старажытнарускіх пісьмовых крыніцах узгадваецца адно з іх — карэла, якое і дало пазней назву ўсяму народу. З XI ст. пад ціскам усходніх славян продкі карэлаў пачалі прасоўвацца на поўнач, дзе асімілявалі такіх жа мігрантаў-іжорцаў, выхадцаў з Заходняй Фіндляндыі, а таксама тубыльцаў-саамаў.
Этнаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Існуе падзел на некалькі этнаграфічных і лінгвістычных груп карэлаў. Большасць складаюць уласна карэлы (карьялани). Карэлы-лівікі (ливвикёй, ливгилайне) жывуць на паўднёвым захадзе Карэліі, у Ленінградскай вобласці і суседніх раёнах Фінляндыі. Іх дыялект блізкі да карэлаў-лююдыке (лююдикёй, лююдилайне) з Прыанежжа. У Цвярской вобласці жывуць карэлы-ціверцы (tiverin karielaizet), нашчадкі перасяленцаў пачатку XVII ст.
Асаблівасці традыцыйнай культуры
[правіць | правіць зыходнік]Карэлы здаўна займаліся комплекснай сельскай гаспадаркай. Ужо ў 2 тысячагоддзі да н.э. яны засвоілі земляробства. У нашы дні вырошчваюць жыта, ячмень, бульбу, лён, розныя віды гародніны. Акрамя таго, займаліся малочнай жывёлагадоўляй, авечкагадоўляй, на поўначы трымалі аленяў, лясной здабычай, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам. Традыцыйныя рамёствы — апрацоўка жалеза, выраб зброі, ткацтва, гафт і інш.
Сяліліся пераважна на берагах рэк і азёр. Вядомы вясковыя, радзей хутарскія тыпы паселішчаў, а таксама пагосты. Апошнія выконвалі ролю адміністрацыйных і рэлігійных цэнтраў. Жылі ў курных драўляных хатах, якія будавалі на драўляных палях. Знешняя частка хаты багата дэкаравалася разьбярствам.
Нацыянальная кухня карэлаў адметна вялікай колькасцю страў з прэснаводных відаў рыбы. Асаблівай папулярнасцю карысталася рыбная юшка. Наогул, рыбу звычайна ўжывалі ў вараным выглядзе, а мяса — сырым. Шмат розных відаў выпечкі, страў з гародніны, ячменнай і аўсянай мукі.
Асноўнай сацыяльнай адзінкай да пачатку XX ст. была пашыраная сям'я на чале адзінага гаспадара. Усе члены сям'і мелі аднолькавыя правы на бацькоўскую спадчыну.
Карэлы вядомы сваімі эпічнымі спевамі-рунамі. На аснове іх запісаў быў створаны карэла-фінскі эпас «Калевала». Таксама вядомы лірычныя, рытуальныя песні, гоманы, магічныя загаворы, загадкі, казкі і г. д.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Карэльская мова разглядаецца ці то як асобная мова, ці то як дыялект фінскай, хаця сама падзяляецца на некалькі дыялектаў. Першы запіс з карэльскімі словамі быў знойдзены ў Ноўгарадзе і адносіцца да пачатку XIII ст. У Карэліі афіцыйнай мовай лічацца руская, хаця на карэльскай мове вядзецца выкладанне ў некаторых школах, друкуюцца артыкулы ў перыядычных выданнях. З-за неяснага статусу як у Фінляндыі, так і Расіі шырока распаўсюджаны правапісы на аснове лацінкі, радзей кірыліцы.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У карэлаў захаваліся шматлікія паганскія вераванні. Аднак большасць вернікаў адносяць сябе да праваслаўных. У Фінляндыі ёсць невялікая група вернікаў-лютэран.
Карэлы на Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У 2009 г. на Беларусі жыло 302 чал., якія атаясамлялі сябе з карэламі. З іх толькі 37 чал. лічылі сваёй роднай мовай карэльскую і 14 — беларускую[3].
Зноскі
- ↑ Karjalan Rahvahan Liitto празднует 20-летие Архівавана 6 сакавіка 2016.
- ↑ Гл.: Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. — Мн., 1991; Ласкоў І. Летапісная Літва. Сваяцтва і лёс. — Вільня, 2011; Топоров В. Н., К вопросу о древнейших балто-финноугорских контактах по материалам гидронимии
- ↑ belstat.gov.by