Перайсці да зместу

Раманаўская Слабада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стары будынак у Раманаўскай Слабадзе

Рама́наўская Слабада́, Рама́нава Слабада́, Рама́навапрадмесце, гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў заходняй частцы горада, на паўднёвы ўсход ад Яўрэйскіх могілак, на рацэ Нямізе.

На паўночным захадзе ад Раманаўскай Слабады месціцца Пляшчанка, на поўначы — Татарская Слабада, на паўночным усходзе — Ракаўскае прадмесце, на паўднёвым усходзе — цэнтральны раён Новае Места[1].

Раманаўская Слабада на плане 1858 г.

У пачатку XX ст. Раманаўская Слабада ўваходзіла ў першую, чацвёртую і пятую паліцэйскія часці горада. Праз прадмесце праходзілі Раманаўска-Койданаўская вуліца (раней Койданаўскі тракт, Каралеўскі шлях, пазней Новамаскоўская, цяпер Мяснікова), Затурэмны завулак (размяшчаўся паралельна цяперашняй вуліцы Мяснікова), што пралягаў уздоўж сцен мінскага турэмнага замка. Бліжэй да Юбілейнай плошчы знаходзіліся ў Раманаве вуліцы Загарадна-Раманаўская (пазней Загарадная, цяпер вуліца Караля), Новараманаўская (Раманаўская Слабада), Сухая. Каля Яўрэйскіх могілак месцяцца вуліцы Яўрэйская (цяпер Калектарная вуліца) і Майсееўская (Перакопская)[2].

Высокі Рынак з боку Раманаўскай Слабады пасля пажару 1881 г.

У 1993 годзе мінскія ўлады надалі вуліцы Рэспубліканскай (колішняй Новараманаўскай) назву Раманаўская Слабада[3].

Старыя адрасы

[правіць | правіць зыходнік]
Шпалерная фабрыка Кантаровіча
  • Загарадная, 18, дом Пухальскага. Кватэра В. А. Зелязея, супрацоўніка бібліятэкі імя Пушкіна. У 1906 годзе тут адбыўся II з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады, які прыняў аграрную праграму ліквідацыі памешчыцкага землеўладання. Цяпер на гэтым месцы вышынны будынак з аптэкай (Караля, 6).
  • Рог Новамаскоўская і Яўрэйскай, 18/1, дом Ліхтэрмана. Тэатральная зала «Парыж», дзе выступалі гастралёры. У іх ліку быў тэатр Ігната Буйніцкага (чэрвень 1911 года). У гады Лютаўскай рэвалюцыі была месцам сходаў і мітынгаў працоўных, арганізаваных РСДРП і Бундам. У 1916 годзе тут адкрыўся «Інтымны тэатр», а ў 1926 — Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Будынак разбураны ў Другую сусветную вайну, стаяў на рагу сучасных вуліц Нямігі і Калектарнай, побач з уцалелым двухпавярховым будынкам з цёмна-чырвонай цэглы.
  • Новамаскоўская, 20. Школа рамесніцкіх вучняў. Пачала працаваць 19 снежня 1896 года. Мела тры аддзяленні: слясарна-кавальскае, цяслярска-такарнае і ліцейнае. У 1902 годзе пры ёй была заснаваная чыгуналіцейная майстэрня. Школьны будынак стаяў ля скрыжавання цяперашніх вуліц Мяснікова і Нямігі.
  • Новамаскоўская, 59, дом Трэгера. Канспіратыўная кватэра РСДРП часе Першай сусветнай вайны. Будынак знаходзіўся на месцы левага крыла дома № 39 на Нямізе.
  • Новараманаўская, 7, дом таварыства дапамогі бедным яўрэям. Гасцініца «Новая Рыга» М. Кругера (9 нумароў). Будынак месціўся ў раёне цяперашняга сквера Адама Міцкевіча на вуліцы Гарадскі Вал.
  • Новараманаўская, 13, дом Катон Басі. Прыватнае жаночае камерцыйнае вучылішча І. І. Самойлы. Адкрытае ўвосень 1905 года. Размяшчалася на рагу сённяшніх Гарадскога Вала і Нямігі, у пачатку сквера.
  • Нямізкая, 40. Шпалерная фабрыка К. М. Кантаровіча (колішняя Я. Б. Хаюціна). Новы гаспадар у 1901 годзе пабудаваў для прадпрыемства трохпавярховую камяніцу. У 1904 годзе тут усталявалі паравы кацёл. У 1912 годзе пачалі дзейнічаць паравая машына магутнасцю 120 конскіх сіл і дынама-машына. Са снежня 1914 года тут адкрылася сухарнае аддзяленне. У 1924 годзе шпалерня, змяніўшы свой профіль, пачала выпускаць абутак. Цяпер гэта мінскае вытворчае аб’яднанне «Прамень» (Няміга, 30). Захаванасць колішняга будынка не высветленая[4].

Зноскі

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  3. Первая половина девяностых Архівавана 2 лістапада 2009. // Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы
  4. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.