Ямайка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ямайка
Jamaica
Ямайка Герб Ямайкі
Сцяг Ямайкі Герб Ямайкі

Каардынаты: 18°10′00″ пн. ш. 77°20′00″ з. д. / 18.166667° пн. ш. 77.333333° з. д. (G) (O) (Я)

Jamaica, (orthographic projection).png
Дэвіз: «Out of Many One People (Са шматлікіх людзей - адзіны народ)»
Гімн: «Jamaica, Land We Love»
Дата незалежнасці 6 жніўня 1962 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Кінгстан
Найбуйнейшы горад Кінгстан
Форма кіравання Канстытуцыйная манархія
Каралева
Генерал-губернатар
Прэм'ер-міністр
Елізавета II
Патрык Ален
Поршыя Сімпсан-Мілер
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
160-я ў свеце
10 991 км²
1,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2011)
Шчыльнасць

2 868 380[1] чал.
252 чал./км²
Валюта ямайскі долар
Інтэрнэт-дамен .jm
Тэлефонны код +1876
Часавы пояс -5

Яма́йка (англ.: Jamaica), дзяржава на аднайменым востраве ў Карыбскім моры, адным з Вялікіх Антыльскіх вастравоў, 240 кіламетраў у даўжыню і 80 у шырыню. У 630 кіламетрах ад кантынентальнай Цэнтральнай Амерыкі, 150 кіламетрах ад Кубы на поўначы, і 180 кіламетрах ад Гаіці на ўсходзе.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Узбярэжжа Ямайкі

Ямайка – астраўная дзяржава. Найбуйнейшы востраў Ямайка займае плошчу 10911 кв. км і з’яўляецца трэцім па велічыне ў Карыбскім моры. Ён мае вулканічнае паходжанне. Вылучаюцца тры ландшафтных рэгіёна: вапняковае плато ў цэнтральнай частцы вострава; Блакітныя горы (Blue Mountains) і горы Джон-Кроў на паўночным захадзе; прыбярэжныя раўніны. Найвышэйшы пункт Пік (Peak) ў Блакітных гарах – 2256 м над узроўнем мора. Вапняковы карст займае дзве траціны востраву. Для яго характэрныя ўзгорыстыя і грэбневыя ўзняцці, гроты і пячоры. На паўночным усходзе карст падыходзіць да самага ўзбярэжжа. Паўночнае ўзбярэжжа прадстаўлена доўгай вузкай прыбярэжнай раўнінай з белымі пляжамі. Дзякуючы каралаваму рыфу мора тут заўсёды спакойнае. Заходняе і паўднёвае ўзбярэжжы характарызуюцца шырокімі далінамі. На заходнім узбярэжжы вылучаецца вялікая пясчаная каса ў раёне месца Негрыл. No vodka, comrades.

Унутраны горны рэгіён

Астатнія астравы каралавага паходжання, невялікія і не маюць сталага насельніцтва.

Клімат Ямайкі трапічны пасатны. Тэмпературны рэжым амаль нязменны на працягу года: 25 – 30 градусаў па Цэльсію на раўнінах і 15 – 20 градусаў у гарах. На паўночна-заходнім узбярэжжы заўсёды дуюць свежыя брызы. Сярэдняя колькасць ападкаў – 1960 мм у год, на поўдні – 762 мм у год. У летнія месяцы часта адбываюцца моцныя тайфуны. У зімовыя месяцы на поўдні вострава магчымы рэдкія засухі.

У канцы XV ст., калі Ямайка была адкрыта еўрапейцамі, большая частка вострава была пакрыта густымі лясамі і саваннамі. Некаторыя дзікарослыя расліны (какосавая і саламяная пальма, тытунь, бавоўна, какао, ямайскі перац і інш.) актыўна выкарыстоўваліся чалавекам. У наш час раслінны полаг у асноўным мае другасны характар. Эндэмічная расліннасць часткова захавалася толькі на паўночным усходзе. У раёнах з найбольшымі ападкамі распаўсюджаныя зараснікі бамбука, папараці, шыпшыны, чырвонага і чорнага дрэваў. На поўдні сустракаюцца месцы з паўпустыннай жорсткалісцевай расліннасцю і кактусамі.

Жывёльны свет Ямайкі таксама моцна змяніўся пад уплывам чалавека. Частка эндэмічных жывёлін (чырвоны ара, ямайскі голуб, кайман і інш.) была знішчана. У астатнім захавалася тыповая для карыбскіх краін фаўна: яшчаркі, рэптыліі, мноства птушак, у тым ліку папугаі, калібры, зязюлі і пласкадзюбы. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Дзейнічае некалькі запаведнікаў, батанічных садоў і нацыянальных паркаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Порт-Роял у XVII ст.

Першымі вядомымі насельнікамі Ямайкі былі аравакамоўныя плямёны таіна, нашчадкі мігрантаў з Паўднёвай Амерыкі. Яны з’явіліся на востраве прыкладна ў I тыс. да н.э. Да моманту прыходу еўрапейцаў на Ямайцы налічвалася прыкладна 60 тыс. чалавек. Таіна жылі родавымі абшчынамі, займаліся збіральніцтвам, ловам рыбы і земляробствам. Яны не апрацоўвалі металаў, не ведалі лукаў і стрэл, аднак выраблялі абпалены керамічны посуд, баваўняныя тканіны, гамакі і ветразі. З мовы таіна паходзіць назва Ямайкі (“Хамайка” – “зямля крыніц”).

Пад час другога падарожжа ў Новы свет 4 мая 1494 г. востраў быў адкрыты Х. Калумбам, які надаў яму імя іспанскіх манархаў Фердынанда і Ізабелы і далучыў да Іспанскай кароны. Першае іспанскае паселішча Севілья-Нуэва з’явілася на поўначы вострава толькі ў 1509 г. Пазней у цэнтральнай частцы быў заснаваны горад Санцьяга-дэ-ла-Вега. З-за адсутнасці радовішчаў каштоўных металаў іспанская калонія на Ямайцы была малалюднай. У выніку ваенных сутычак, эпідэмій і вывазу рабоў да пачатку XVII ст. карэннае насельніцтва Ямайкі было амаль знішчана. З пачатку XVI ст. пачаўся ўвоз рабоў афрыканскага паходжання. Рэшткі захаваўшыхся таіна былі асіміляваны чарнаскурымі паляўнічымі і пастухамі, якіх іспанцы рассялялі ў цэнтральнай частцы вострава для забеспячэння паселішчаў танным харчам. У 1540 г. Ямайка была перададзена ў прыватную маёмасць нашчадкам Х. Калумба, аднак ніякіх захадаў для развіцця калоніі яны не рабілі.

10 мая 1655 г. на востраве высадзілася часткі англійскага марскога корпуса і арміі на чале адмірала В. Пена і генерала Р. Венаблеса, пасланых рэспубліканскім урадам О. Кромвеля для заваёвы іншага іспанскага востраву Эспаньолы (Гаіці). Не сустрэўшы сур’ёзнага супраціву, англічане захапілі калонію. Большасць іспанскіх каланістаў і частка рабоў пакінулі Ямайку. Аднак частка, у тым ліку рабы, арганізавалі на паўночным захадзе вострава партызанскі рух. У 1657 і 1658 гг. іспанскі флот рабіў захады для адваявання Ямайкі, аднак усе яны скончыліся паразамі. Рэшткі неграў-партызан і беглых рабоў адышлі ў горную мясцовасць, дзе склалі аснову свабодных марунаў (maroons).

З 1661 г. на востраве дзейнічала цывільная каланіяльная адміністрацыя. Ваенная і выканаўчая ўлада належыла губернатару, прызначанаму каралём. Заканадаўчая – выбарнай Палаце Асамблеі (House of Assembly), якая пачала працу ў 1664 г. Адміністрацыйны цэнтр знаходзіўся ў Спаніш-Таўне (былым Санцьяга-де-ла-Вега). Аднак галоўным ваенным і гандлёвым цэнтрам стала паселішча Пойнт. Пазней на яго месцы былі пабудаваны горад і ваенныя ўмацаванні, атрымаўшыя назву Порт-Роял. У лепшыя часы тут пражывала каля 10 тыс. чалавек. Да заканчэння англа-іспанскай вайны ўлады Ямайкі прыцягвалі на службу буканьераў. У той ці іншай ступені ў пірацкі промысел была ўцягнута амаль палова вольнага насельніцтва калоніі. Адзін з вядомых піратаў, Г. Морган, тройчы прызначаўся лейтэнант-губернатарам. Аднак 7 чэрвеня 1793 г. у выніку страшэннага землетрасення Порт-Роял быў разбураны. Новым эканамічным цэнтрам стаў Кінгстан.

У 1670 г. паміж Англіяй і Іспаніяй быў заключаны Мадрыдскі мірны дагавор, паводле якога Іспанія прызнавала пераход Ямайкі пад уладу Англіскай кароны. У 1694 г. французскі флот зрабіў спробу захапіць востраў, аднак у баях пад Кларэнданам англіскія пасяленцы здолелі спыніць наступ французаў. Заканчэнне ваенных дзеянняў і легальнага пірацтва вымусілі мясцовую адміністрацыю падтрымліваць буйныя плантацыйныя гаспадаркі. Да канца XVIII ст. Ямайка ператварылася ў найбуйнейшага пастаўшчыка цукру ў Еўропу. Гэта выклікала значныя сацыяльныя змены ў самой калоніі. З канца XVII ст. назіраецца адток насельніцтва з гарадоў у сельскую мясцовасць. Плантатары і буйныя гандляры ператварліся ў вышэйшы пласт каланіяльнага грамадства. Ніжэй за іх на сацыяльнай лесвіцы стаялі белыя каланісты, якія не мелі зямельнай маёмасці. Яшчэ ніжэй – закантрактаваныя белыя рабочыя ці асуджаныя крымінальным судом на часовае рабства перасяленцы з Брытаніі. Пасля заканчэння кантракту ці тэрміну рабства яны далучаліся да свабодных каланістаў. Самай жа буйной і адначасова бяспраўнай групай насельніцтва сталі негры-рабы афрыканскага паходжання. Увоз афрыканскіх рабоў значна пашырыўся ў XVIII ст. У 1774 г. з 209 617 насельнікаў Ямайкі 192 787 былі рабамі.

Жорсткія формы эксплуатацыі падняволеннага насельніцтва прыводзілі да адкрытых выступленняў рабоў. Моцныя ўзброенныя паўстанні рабоў адбыліся ў 1746, 1760 і 1798 гг. Другой распаўсюджанай формай пратэсту было бегства ў горы і далучэнне да марунаў. Частыя напады марунаў на плантацыі вымусілі англічан у 1728 г. перабросіць з Гібралтару дадатковыя ваенныя рэзервы. У 1734 г. англіскія салдаты здолелі захапіць і зруйнаваць добра ўмацаванае марунскае паселішча Нані-Таўн. У 1738 г. губернатар Э. Трэлані заключыў з марунамі мірны дагавор, паводле якога маруны атрымлівалі зямлю ў іншым месцы на востраве, вызваляліся ад падаткаў, прызнавалася іх аўтаномія ў дачыненні да англіскай адміністрацыі. Наўзамен маруны абавязваліся не прымаць у свае шэрагі беглых рабоў, спыніць напады на плантацыі і аказваць ваенную дапамогу плантатарам. Аднак узброенныя канфлікты з марунамі ўзнікалі яшчэ двойчы.

У той жа час сярод белага насельніцтва Ямайкі і ў метраполіі раслі абаліцыянісцкія настроі. У 1764 г. Палата Асамблеі звярталася да губернатара з прапановай абмежаваць увоз афрыканцаў. У 1781 г. быў прыняты закон, забараняўшы калечыць рабоў. У 1807 г. брытанскі парламент забараніў вольны гандаль рабамі.

У выніку Амерыканскай рэвалюцыі і Напалеонаўскіх войнаў у канцы XVIII – пачатку XIX ст. ямайская эканоміка была пазбаўлена часткі традыцыйных рынкаў збыту. Кошт экспарту паступова зніжаўся, а кошт імпарту ўзрастаў. На мясцовую эканоміку таксама клаўся асноўны цяжар утрымання буйных ваенных гарнізонаў і міліцыі. Плантатары былі вымушаны перадаваць частку зямлі ў карыстанне рабам і даваць апошнім дазвол на выкуп з няволі. Закон 1816 г. гарантаваў рабам права выкупу без дазволу гаспадара. Гэта прывяло да фарміравання новага грамадскага пласту вольнага каляровага насельніцтва. Сацыяльны статус саміх плантатараў знізіўся. Пасля заканчэння Напалеонаўскіх войн вызначылася тэндэнцыя міграцыі белага насельніцтва ў метраполію ці іншыя брытанскія калоніі.

У снежні 1831 г. на Ямайке ўспыхнуло буйное Каляднае паўстанне рабоў. Яно працягвалася 4 месяцы і стала галоўнай падставай для распрацоўкі закона аб адмене рабства. Гэты закон быў абвешчаны 1 жніўня 1834 г., аднак працэс эмансіпацыі працягваўся 4 гады. Атрымаўшы волю, значная частка былых рабоў адмовілася працаваць на плантацыях. У сваю чаргу, плантатары імкнуліся выгнаць са сваіх зямель непрацаздольных. Пасля прыняцця ў Вялікабрытаніі закону аб вольным гандлі (1848 г.) мясцовая эканоміка была пазбаўлена прэферэнцый і хутка прыйшла ў заняпад. У 18501852 гг. насельніцтва Ямайкі моцна пацярпела ад эпідэмій азіяцкай халеры і чорнай воспы. Мясцовыя ўлады імкнуліся выправіць становішча шляхам мадэрнізацыі. У 1840-ыя гг. былі адчынены першыя прамысловыя прадпрыемствы. У 1845 г. пабудавана першая лінія чыгункі. Аднак крызіс працягваўся да сяр. 1860-ых гг. і ў выніку прывёў да моцных сацыяльных хваляванняў і кастрычніцкаму паўстанню 1865 г.

Бухта Кінгстана, к. 1870

З 1866 г. брытанская адміністрацыя для працы на плантацыях пачала ўвоз індыйскіх рабочых. Адначасова праводзілся ліберальныя рэформы, накіраваныя на дэмакратызацыю сацыяльнага ладу, развіццё камунікацый і адукацыі. У 1895 г. быў арганізаваны першы прафесійны саюз настаўнікаў. Адкрыццё ў 1901 г. прамой параходнай лініі паміж Ямайкай і Вялікабрытаніяй спрыяла развіццю экспарту тытуня і бананаў. Пашырыліся гандлёвыя сувязі з ЗША і Канадай.

Ямайцы прымалі ўдзел у Першай і Другой Сусветных войнах. Так, у 1914 г. на фронт быў накіраваны дзесяцітысячны армейскі корпус, які ваяваў спачатку супраць Германіі, а потым быў накіраваны ў Палестыну. Пад час Другой Сусветнай вайны многія астравіцяне служылі ў ВМС Вялікабрытаніі і ЗША. Згодна дамове паміж ЗША і Вялікабрытаніі ў 1940 г. на востраве былі размешчаны амерыканскія ваенныя базы. Акрамя таго, ямайскія рабочыя накіроўваліся ў ЗША для працы на ваенных прадпрыемствах.

Негледзячы на спробы адміністрацыі выправіць сацыяльнае і эканамічнае становішча, у міжваенны перыяд назіраецца незадаволенасць метраполіяй, што ўвасобілася ў руху гарвеізму, пашырэнню эміграцыі, рэлігійнага сектанства і палітычных выступленняў рабочых. У 1938 г. былі сфарміраваны адзіны Рабочы саюз і першая палітычная арганізацыя – Народная Нацыянальная партыя. У 1943 г. узнікла Ямайская Лейбарысцкая партыя. У 1944 г. была зацверджана Канстытуцыя, паводле якой быў створаны мясцовы ўрад.

У пасляваенныя гады пры непасрэдным удзеле амерыканскага капіталу атрымалі развіццё новыя перспектыўныя галіны эканомікі: здабыча і пераапрацоўка баксітаў, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, турызм, вырошчванне рысу і г. д. У 1947 г. на канферэнцыі прадстаўнікоў вест-індскіх калоній Вялікабрытаніі ў Мантэга-Бэй было прынята рашэнне аб стварэнні Вест-Індскай федэрацыі і адзінага федэратыўнага ўрада. У 1958 г. Ямайка афіцыйна ўвайшла ў склад гэтага палітычнага аб’яднання. Аднак на рэферэндуме 1961 г. больш за палову выбаршчыкаў прагаласавала за выхад з федэрацыі. Са згоды брытанскага ўрада 6 жніўня 1962 г. была абвешчана незалежнасць Ямайкі. Адначасова ў сілу ўступала новая Канстытуцыя.

Далейшая палітычная гісторыя Ямайкі характарызавалася вострай барацьбой паміж асноўнымі палітычнымі сіламі – Народнай Нацыянальнай і Лейбарысцкай партыямі. У 1970-ых гг. урад Народнай Нацыянальнай партыі праводзіў палітыку збліжэння з сацыялістычнымі краінамі. Былі заключаны дыпламатычныя адносіны з Кубай і СССР, распачата аграрная рэформа, нацыяналізавана баксітная прамысловасць. Аднак пагаршэнне ўмоў жыцця прывяло ў 1980 г. да сацыяльных хваляванняў. На датэрміновых выбарах перамагла Лейбарысцкая партыя, якая спыніла аграрную рэформу і пачала палітыку збліжэння з ЗША. У 1981 г. былі разарваны дыпламатычныя адносіны з Кубай. У 1983 г. армейскія фарміраванні Ямайкі ўдзельнічалі ў акупацыі Грэнады. Негледзячы на некаторыя эканамічныя поспехі, лейбарысцкі ўрад не здолеў перамагчы выбух наркагандлю і крымінальнай злачыннасці. Таму ў 1989 г. да ўлады зноў прыйшла Народная Нацыянальная партыя. З 1992 г. яе ўрад імкнуўся праводзіць збалансаваную знешнюю і ўнутраную палітыку. Але ў 2007 г. пасля чаргі карупцыйных скандалаў на выбарах перамагла Лейбарысцкая партыя.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца ў Кінгстане

Агульная колькасць насельніцтва – больш за 2,8 млн чалавек (2008 г.). Большасць ямайцаў (91,2%) мае афрыканскае паходжанне. Сярод афраямайцаў вылучаецца група марунаў (некалькі сот чалавек), якая мае асобны культурны і юрыдычны статус. Астатнія – індыйцы, кітайцы, еўрапейцы, кубінцы, выхадцы з краін Лацінскай Амерыкі і асобы так званага змешанага паходжання.

Для Ямайкі характэрная сталая эміграцыя насельніцтва. З 1962 г. за межы краіны выехаў прыкладна 1 млн ямайцаў, у асноўным у Велікабрытанію, ЗША і Канаду. Буйныя ямайскія абшчыны ёсць таксама на Трынідадзе і Табага, Пуэрта-Рыка і Барбадосе.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Ямайка з'яўляецца краінай з найвялікшай колькасцю рэлігійных аб'яднанняў у дачыненні да колькасці насельніцтва ў свеце. Большасць вернікаў (61,3 %) належаць да пратэстантскіх цэркваў і кангрэгацый: баптыстаў, англікан, уніяністаў, метадыстаў і г. д. Незалежна ад арганізацыйнай прыналежнасці сярод пратэстантаў Ямайкі распаўсюджаны фундаменталісцкі і радыкальны рухі. Меньшасць вернікаў прадстаўлена рымскімі каталікамі (4 %), маранітамі, індусамі, бахаямі і мусульманамі. Акрамя таго, існуюць афрахрысціянскія культы абеа, куміна, пакамана і растафары. Каля 20% ямайцаў дэкларуюць незалежнасць у адносінах да пэўных рэлігійных аб'яднанняў, аднак колькасць атэістаў і агностыкаў адносна невысокая (каля 6%). Уплыў рэлігіі традыцыйна прасочваецца на грамадскіх і палітычных адносінах. Так, у каланіяльныя часы большасць белага насельніцтва належыла да англікан і прэсвітарыян. Сярод неграў-рабоў і марунаў панавалі афрыканскія культы. З другой паловы XVIII ст. усё большы ўплыў сярод афраямайцаў набываюць баптыты. Баптысцкія прапаведнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы паўстанняў 1798, 1831, 1865 і 1938 гг. У наш час баптысты, пратэстанты-радыкалы і прадстаўнікі рэлігійных меньшасцей звычайна падтрымліваюць Народную Нацыянальную партыю, а англікане, уніяністы і пратэстанты-фундаменталісты — Лейбарысцкую партыю. Назіраецца рэлігійнае раз'яданне сярод прадстаўнікоў буйнога бізнесу, прафсаюзаў і крымінальных груповак.

Дзяржаўнае кіраванне і палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Ямайка – незалежная краіна, якая ўваходзіць у брытанскую Садружнасць. Палітычны лад – канстытуцыйная манархія. Згодна Канстытуцыі 1962 г., глава дзяржавы – каралева Велікабрытаніі, якая афіцыйна мае тытул каралевы Ямайкі. Яна са згоды ўраду прызначае генерал-губернатара, пры якім дзейнічае Патаемная рада з 10 чалавек (звычайна ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады). Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту. У ніжэйшую Палату прадстаўнікоў (House of Representatives) уваходзіць 60 членаў, выбраных грамадзянамі Ямайкі пад час галасавання па партыйных спісах. Прадстаўнікі партыі, набраўшай большасць галасоў, прызначаюць спікера Палаты і прэм'ер-міністра. Астатнія прадстаўнікі фарміруюць апазіцыю. Вышэйшая палата – Сенат, у склад якога генерал-губернатар па радзе прэм'ер-міністра і лідара апазіцыі прызначае частку прадстаўнікоў ніжэйшай Палаты (усяго 21 член, якія размяркоўваюцца прапарцыянальна складу ніжэйшай Палаты). Выканаўчую ўладу прадстаўляе ўрад, прызначаны генерал-губернатарам па рэкамендацыі прэм'ер-міністра. Судовую ўладу прадстаўляе Сход Правасуддзя (Court of Justice), члены якога прызначаюцца генерал-губернатарам. Большую частку ўзброенных сіл складаюць прафесійныя Ямайскія сілы самаабароны (Jamaica Defense Force). Акрамя таго дзейнічаюць агульнадзяржаўныя Ямайскія сілы службы канстэбляў (Jamaica Constabulary Force), якія выконваюць ваенныя і паліцэйскія функцыі. Ахову грамадскага парадку здзейсняюць парафіяльная паліцыя і дабраахвотная міліцыя. На Ямайке дзейнічае 51 палітычная арганізацыя, аднак большасць галасоў традыцыйна збіраюць Лейбарыская партыя (лідар Брус Голдынг, з 2007 – правячая) і Народная Нацыянальная партыя (лідар Портыя Сімпсан-Мілер). Абедзве партыі не маюць істотных адрозненняў у праграмах і дэкларуюць прынцыпы пабудовы сацыяльна-арыентаванага грамадства і незалежнай знешняй палітыкі.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Кінгстан, порт

Асноўныя галіны эканомікі – здабыча і пераапрацоўка баксітаў, турызм, гандль і сельская гаспадарка. Значная частка прадпрыемстваў (баксітная прамысловасць, унутраны транспарт і энергетыка, лясная і камунальная гаспадарка) належаць дзяржаве. Для прыцягнення знешніх інвестыцый заснавана некалькі вольных эканамічных зон са спрошчанымі формамі рэгістрацыі і падаткаабкладання. Баксітная прамысловасць адыгрывала значную ролю ў эканамічным развіцці краіны ў 1956 – 1980 гг., аднак падзенне кошту алюмінія і баксітнай сыравіны ў 1980-ых гг. выклікалі працяглы эканамічны крызіс гэтай галіны гаспадаркі. Пераапрацоўчая і лёгкая прамысловасць прадстаўлены дробнымі прадпрыествамі, якія заняты вытворчасцю цукру, рому, тканін, мэблі, цыгар, сувеніраў. Найважнейшую ролю з 1980-ых гг. адыгрывае турызм, які дае больш за палову прыбыткаў дзяржавы і забяспечвае працай каля 30% працаздольнага насельніцтва. На думку эканамістаў, магчымасці для развіцця турыстычнага сектару далёка не вычарпаны. Аднак павелічэнне колькасці турыстаў часткова стрымліваецца высокімі ўнутранымі коштамі, канкурэнцыяй з іншымі карыбскімі курортамі, а таксама неспрыяльнай крымінальнай сітуацыяй.

Сельская гаспадарка дае толькі крыху больш за 5% ВВП, і яе роля ў эканамічным жыцці краіны няўхільна зніжаецца. Аднак у сельскагаспадарчай вытворчасці занята каля 19% працаздольнага насельніцтва. Усяго выкарыстоўваецца каля 1 млн. гектараў зямлі. 40% плантатарскіх гаспадарак лічацца буйнымі і займаюць больш за 20 гектараў зямельных угоддзяў. Астатнія – невялікія фермерскія гаспадаркі – не перавышаюць 2 – 3 гектараў. Каля 25% агульнага кошту сельскагаспадарчай вытворчасці дае цукровы трысняг і вытворчасць цукру. Іншыя экспартныя культуры: бананы, какосы, кава, тытунь, бавоўна і г. д. Для ўнутранага ўжытку вырошчваюць рыс, кукурузу, амарант, садавіну і гародніну. Ва ўнутраных раёнах займаюцца жывёлагадоўляй. Значная частка харчовых прадуктаў імпартуецца.

Нацыянальная валюта – долар Ямайкі (JMD), аднак паралельна яму легальна ўжываецца долар ЗША (USD). Разлікі ў турыстычнай і знешняй транспартнай сферах вядуцца пераважна ў доларах ЗША. Сярэдні прыбытак на душу насельніцтва (2007 г.) – 7 688 USD на год. Агульны кошт экспату (2007 г.) – каля 166,5 млн USD, імпарту – 511 млн. USD. Асноўныя знешнегандлёвыя партнёры: ЗША, Канада, Велікабрытанія, краіны ЕС.

Культура і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная культура Ямайкі ўвабрала ў сябе многія рысы еўрапейскай, афрыканскай і ў меньшай ступені азіяцкай культурных традыцый. На аснове англійскай мовы пад уплывам афрыканскіх і раманскіх моў на Ямайке сфарміраваўся спецыфічны дыялект патва (patwa), якім у паўседзённым жыцці карыстаецца большасць ямайцаў. У ім таксама вылучаюць шэраг гаворак (мантэга патва, раста-крэоль, марун-крэоль і г. д.). З канца XIX ст. ямайская патва ўжывалася ў літаратуры. У вусным фальклоры распаўсюджаны калядныя казкі і легенды, цыкл казак пра павука Энэнсі (Anansi), міфы і паданні аб стварэнні свету, духах і прывідах. Найбольш вядомыя англамоўныя пісьменнікі ямайскага паходжання: Клод Мак-Кі (Claude McKay), Хэзл Кэмпбел (Hazel Campbell), акцёр і паэт Луіс Бенет-Коверлі (Louise Bennett-Coverly). На востраве жылі і працавалі пісьменнікі Ян Флемінг і Дэрак Вэйлкот (лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1993 г.). У краінах Паўночнай Амерыкі і Карыбскага басейну вядомы журналіст, філосаф і палітык ямайскага паходжання, барацьбіт за правы негрыцянскага насельніцтва ў ЗША, Маркус Гарві (Marcus Harvey).

Боб Марлі (1980)

Для ямайскай музычнай і танцавальнай культуры характэрна спалучэнне шматлікіх мясцовых і знешніх традыцый. У міжваенны перыяд у ЗША і некаторых еўрапейскіх краінах папулярнасцю карыстаўся ямайскі джаз. У другой палове ХХ ст. на Ямайцы ўзнік музычны стыль рэгі (reggae). Найбольш вядомыя выканаўцы – Боб Марлі (Bob Marley), Джымі Кліф (Jimmy Cliff) і Пітар Тош (Peter Tosh). Акрамя рэгі на Ямайцы існуе мноства іншых мясцовых стыляў і напрамкаў. Дзейнічае Ямайская Танцавальная асацыяцыя, якая праводзіць штогадовыя конкурсы і фестывалі. З запазычаных стыляў найбольш папулярныя – рок, ска, рэп, джангл. Многія ямайскія музыкі і спевакі працуюць у ЗША, Велікабрытаніі і Канадзе.

У сярэдзіне ХХ ст. сфарміраваўся “ямайскі” стыль жывапісу. Вядомыя прадстаўнікі: Эдна Мэнлі (Edna Manley), Альберт Хью (Albert Huie), Капо (Kapo).

Ва ўсім свеце добра вядома ямайскае кулінарнае мастацтва (галоўным чынам, алкагольныя напоі, кандытарскія вырабы і стравы на аснове ямайскага перцу).

Усэйн Болт (Пекін, 2008)

Найбольш папулярныя віды спорту: футбол, лёгкая атлетыка, крыкет, бабслей. На Алімпійскіх гульнях у Пекіне (2008 г.) нацыянальная зборная Ямайкі атрымала 6 залатых медалёў, з якіх 3 на рахунку лёгкаатлета Усейна Болта.

Хаця абавязковая пачатковая адукацыя была ўведзена ў краіне ў 1860 – 1870-ых гг., да другой паловы ХХ ст. не мелася адзінай сістэмы адукацыі. У выніку адукацыйных рэформ 1972 – 1976 і 1982 гг. была створана сістэма, набліжаная да амерыканскай. На яе развіццё траціцца каля 11% дзяржаўнага бюджэту. Большасць сучаснага дарослага насельніцтва (98 %) пісьменнае. Дзейнічае 6 ўстаноў, якія даюць вышэйшы ўніверсітэцкі ўзровень адукацыі.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Ямайка — сусветна вядомы кліматычны курорт. Большасць турыстаў наведваюць з яго з мэтай адпачынку на моры. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца пляжы на заходняй і паўночнай частках вострава (так званая Ямайская Рыўера). У Спаніш-Таўне захаваўся стары каланіяльны горад, пабудаваны ў XVII — пачатку ХХ стст. У Кінгстане дзейнічае шэраг музеяў, у тым ліку Гістарычны музей і музей Боба Марлі. Іншыя атракцыі: вадапады на рацэ Дэнс-Рывер, гістарычны нацыянальны парк на месцы плантацыі Бельведэра і інш. На працягу года праводзяцца фестывалі, у тым ліку штогадовы забаўляльны карнавал. Для грамадзян Беларусі для наведвання Ямайкі абавязковая віза. Турыстычную візу (без права на працу) да 30 дзён набывання магчыма аформіць пры прыбыцці (пры ўмове наяўнасці забраніраваннага жылля).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Carnegie Ch. V. Garvey and the Black Transnation. // Small Axe, No 5, vol.3, 1999. – p. 48 – 66 Chevannes B. Rastafari: Roots and Ideology. – Syracuse: Syracuse University Press, 1994. Jamaica: A Plantation Community in Slavery and Freedom. / Higman B. W., Aarons G. A., Karklins K., Reitz E. J. – Barbados: University of West Indies Press, 1998 Maroon Heritage: Archaeological, Ethnographic, and Historical Perspectives. / Ed. E. K. Agorsah. – Barbados: Canoe Press, University of West Indies Press, 1994 Senior O. The Encyclopedia of Jamaican Heritage. – Kingston: Twin Guinep Publishers Ltd, 2004

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Краіны Карыбскага басейна