Раскіданае гняздо (спектакль, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Раскіданае гняздо»
Афіша/постар/сцэна
Афіша спектакля
Жанр трагедыя ў 2-х дзеях
Заснаваны на п’есе Янкі Купалы
«Раскіданае гняздо»
Кампазітар Дзмітрый Фрыга
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў
Харэограф Вольга Скварцова
Акцёры Ігар Сігаў
Валянцін Салаўёў
Людміла Сідаркевіч
Алена Баярава
Максім Брагінец
Вольга Скварцова
Наталля Халадовіч
Ілля Ясінскі і інш.
Працягласць 2 гадз. 20 хв.
Краіна Беларусь
Мова беларуская
Год 6 красавіка 2013
Пастаноўкі Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

«Раскіданае гняздо» — спектакль, пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі па аднайменнай п’есе Янкі Купалы да 100-годдзя напісання п’есы. Прэм’ера адбылася 6 красавіка 2013 года. Спектакль стаў другой творчай спробай увасаблення Аляксандрам Гарцуевым драматычнай задумы Янкі Купалы: першай была пастаноўка «Раскіданага гнязда» ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.[1]

Акцёры

Творчая задума

" Янка Купала для беларускага народа быў і застаецца прарокам, які марыў пра свабодную будучыню і свабодных, незалежных людзей. Купалаўская трагедыя «Раскіданае гняздо» самае яркае адлюстраванне думак паэта. П’еса мае рэальную аснову — такі ж складаны лёс калісьці напаткаў і сям’ю Луцэвічаў, якая таксама была пазбаўлена жылля і адарваная ад роднай зямлі. Таму ў п’есе ўвага сканцэнтраваная толькі на праблемах і перыпетыях адной сям’і. А сям’я Зяблікаў і з’яўляецца адлюстраваннем ўсяго збяднелага народа і панскага самаўладдзя. Пра лёс астатняга беларускага сялянства мы чуем толькі з вуснаў Незнаёмага і Старца, якія і выступаюць у якасці правобраза самаго Купалы. Думкі і разважанні гэтых персанажаў спраўджваюцца і ў наш час. [....] Пастаноўка драмы «Раскіданае гняздо», яе сцэнічнае адлюстраванне — гэта не новае прачытанне п’есы, не перапісанне купалаўскага тэксту, а чарговы доказ бліскучага драматычнага таленту і магчымасць сказаць гледачам словамі класіка важлівыя і каштоўныя сучаснаму чалавеку ісціны..
З анонсу спектакля[1]
"
" [Пастаноўка] не столькі пра разбураную хату, колькі — пра пошукі свайго месца ў жыцці [...] з глыбокім сацыяльным сэнсам, дзе далёка не ўсё ляжыць на паверхні, многае пераведзена ў пласты асацыятыўных сувязяў, вобразаў-сімвалаў.
Аляксандр Гарцуеў[2]
"

Ва ўласцівай яму манеры Аляксандр Гарцуеў прапануе глядачу смелы погляд на класічны драматычны твор Купалы і ў чымсьці выводзіць яго па-за часовую прастору, калі дакладна нават не зразумела, у які час адбываецца дзея.

" Пасярэдзіне кардонных дэкарацый — два плюшавыя мішкі і маленькі тыграня, што адразу наводзіць на пэўныя асацыяцыі. Незнаёмы, які кліча аднаго з галоўных герояў на сход «па Бацькаўшчыну», асацыіруецца калі не з забойцамі з эскадронаў смерці, дык з прадстаўнікамі пэўных спецслужбаў, якія часта выкарыстоўваюць у сваёй працы метады правакацыі... Тым не менш — гэта проста асацыяцыі, паралелі. [...] Гарцуеў кажа, што для сябе ён вызначыў месца дзеяння як сельгаспасёлак на ўскраіне Мінска. Касцюмы артыстаў — і не зусім вясковыя, і не суперсучасныя. Але пры гэтым, напрыклад, Паніч з’яўляецца на сцэне ўвесь з іголачкі і нават са смартфонам ў руках. Дарэчы, на пачатку спектакля касцюмы як бы крыху збіваюць з панталыку, але потым усё становіцца на свае месцы.
Марына Коктыш[2]
"

Водгукі

Падкрэслена асучасненае прачытанне класічнага твора Аляксандрам Гарцуевым было неадназначна сустрэта крытыкамі. Адныя ўспрынялі пастаноўку як моцны і бясспрэчны поспех:

" Кажуць, калі пасля спектакля ў арганізме застаецца нейкі доўга не растваральны асадак, калі не ідзе з галавы або сюжэт, або нейкі вобраз, значыць, у рэжысёра ўсё атрымалася. Вось і ў Аляксандра Гарцуева атрымалася. […] Гэту п’есу называюць не зусім сцэнічнай. З ёй няпроста працаваць з-за не вельмі выразнай фабулы, яна больш падыходзіць для чыткі. Магчыма, менавіта таму крытыкам у пастаноўках «Раскіданага гнязда» заўсёды бракавала нейкіх спецый. […] дзякуючы розным рэжысёрскім штучкам і прыдумкам аб шаноўным узросце твора падчас спектакля нават і не ўспамінаеш… Моцны спектакль.
Марына Коктыш[2]
"
" Пастаноўка Гарцуева каштоўная тым, што дазваляе без цяжкасцей паяднаць драматургічны матэрыял з рэаліямі розных эпох. [...] Купалаўскі тэкст гучыць абсалютна сучасна, прымушае разважаць пра вечныя, глабальныя праблемы жыцця, смерці, кахання, зямлі. Спектакль Гарцуева пераконвае, што кожная эпоха робіць гэтыя пытанні для беларусаў надзіва актуальнымі. І гэта адна з несумненных вартасцей новага «Раскіданага гнязда» […] «Раскіданае гняздо» — прафесійна зробленая і годная пастаноўка. Так, пасля яго прагляду дасведчаны тэатрал не ўбачыць неба ў дыямантах. Але задумаецца пра логіку паводзін герояў і сэнс іх жыцця. Такі спектакль варта глядзець і абмяркоўваць.
Дзяніс Марціновіч[3]
"

Іншыя крытыкі адчулі, што ўхіл у бок нязвычайнасці трактоўкі п’есы — перш за ўсё яе знешняга раду — прывёў да пэўных змястоўных мастацкіх страт.

" Аляксандр Гарцуеў паспрабаваў актуалізаваць Купалаву п’есу, пасадзіўшы Зоську на ровар, Марыю — за швейную машынку шыць жабрацкія, заўважым, торбы (якія чамусьці ператварыліся ў клятчастыя валізкі чаўнакоў), даўшы ў рукі Панічу айфон апошняй мадэлі, зрабіўшы Старца люмпенізаваным алкашом, Сымона — гопнікам на раёне, а Незнаёмага — шалёным правакатарам, а да таго ж і кілерам, нанятым тым жа Панічом, каб пазбыцца надакучлівых Сымона і Зоські. Чаго гэтым дабіўся рэжысёр? — Адчування вар’яцтва ў тых, хто любіць Купалу не таму, што так было загадана ў падручніку белліта. Натуральна, кожны мае права на сваю інтэрпрытацыю класічнага тэксту. Але хацелася б пачуць нейкія разумныя довады на карысць такога прачытання Купалавага твора. [...] Купалава ідэя згубілася на люмпенізаваным дне, куды Аляксандр Гарцуеў змясціў яго герояў, ператварылася ў зацягнуты шэраг крыклівых сцэн, за якім ужо не разгледзець беларусаў тых, якімі яны былі, у якім сябе не пазнаюць беларусы тыя, якімі яны сталі, прамяняўшы любоў да зямлі на зацятае адмаўленне ад яе.
Марына Казлоўская[4]
"

Зноскі

  1. а б в «Раскіданае гняздо» (народная трагедыя). сайт Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Праверана 8 красавіка 2013.
  2. а б в Коктыш, Марына. На разрыў аорты (газета). Народная Воля (8 красавіка 2013). Праверана 9 красавіка 2013.
  3. Марціновіч, Дзяніс. Тэатр: Хто і чаму раскідаў гняздо?. Будзьма разам (10 красавіка 2013). Праверана 1 мая 2013.
  4. Казлоўская, Марына. «Раскіданае гняздо»: не дараслі мы? (газета). Наша Ніва (7 красавіка 2013). Праверана 8 красавіка 2013.

Спасылкі