Вайна ў Паўднёвай Асеціі (2008)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Агульны ход баявых дзеянняў
Расійскія ваенныя базы ў Паўднёвай Асеціі
Расійскія ваенныя базы ў Абхазіі

Вайна ў Паўднёвай Асеціі — ваенны канфлікт паміж Грузіяй з аднаго боку і Паўднёвай Асеціяй і Расіяй з іншага.

Актыўныя баявыя дзеянні працягваліся з ночы 7-8 жніўня па 15 жніўня[1] 2008, хоць расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў абвясціў пра завяршэнне аперацыі па змушэнні да міру ў зоне грузіна-асецінскага канфлікту 12 жніўня[2]. 12 жніўня абхазскі паўстанцкі ўрад заявіў пра пачатак ваеннай аперацыі супраць грузінаў. Грузія панесла паражэнне, а расійскія войскі, пакінуўшы нутраныя раёны Грузіі, засталіся ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, але займаючы большую тэрыторыю, чым іх урады кантралявалі да пачатку вайны. Па гэтай прычыне Грузія заявіла аб акупацыі яе тэрыторый[3]. Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора заявіла аб асуджэнні расійскай акупацыі і заклікала расійскі ўрад паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі[4]. Расія і паўстанцкія ўрады Паўднёвай Асеціі і Абхазіі патлумачылі расійскую акупацыю меркаваннямі міратворчасці[Крыніца?].

Пасля вайны Расія[5] і Нікарагуа прызналі незалежнасць паўсталых урадаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. У адказ 29 жніўня Грузія разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй[6], а 29 лістапада — з Нікарагуа[7]. Захад прызнае іх толькі за паўстанцаў[Крыніца?].

Грузіяй, якую ў гэтым падтрымлівае Захад, і Расіяй агучваюцца розныя версіі перадгісторыі вайны і падзей у яе час.

Версія Грузіі і Захаду[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні ўварвання[правіць | правіць зыходнік]

3 ліпеня паўднёваасяцінскія паўстанцы спрабуюць забіць Дзімітрыя Санакоева, кіраўніка Часовая Адміністрацыя Паўднёвай Асеціі. Бомба з дыстанцыйным кіраваннем выбухнула ў той момант, калі картэж спадара Санакоева праязджаў паблізу. Тры паліцэйскія, якія суправаджалі сп. Санакоева, былі паранены. Сп. Санакоеў - былы паўстанцкі баявік і міністр абароны ў паўстанцкім урадзе - склаў зброю ў 2006 г. дзеля прасоўвання мірнай рэінтэграцыі рэгіёна з астатнімі часткамі краіны на ўмовах шырокай аўтаноміі. Сп. Санакоеў быў абраны дэмакратычным шляхам і кантраляваў палову тэрыторыі рэгіёна.

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

29 ліпеня паўстанцкая міліцыя пачынае весці інтэнсіўныя абстрэлы вёсак з этнічна змяшаным насельніцтвам, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем, у тым ліку тых, дзе знаходзяцца блок-пасты грузінскіх міратворцаў. Абстрэлы вядуцца з гармат буйнога калібру (звыш 82 мм), ужыванне якіх забаронена існуючымі дамоўленасцямі. Гэты факт афіцыйна прызнаны кіраўніком міратворчых войскаў, расійскім генералам Маратам Кулахметавым 4 жніўня (ён адмыслова прыгадвае абстрэл вёсак, што знаходзяцца пад грузінскім кантролем, які вёўся 1 і 2 жніўня з выкарыстаннем артылерыі буйнога калібру). Абстрэл з той жа інтэнсіўнасцю працягваецца да 7 жніўня ўключна, да ўварвання сухапутных расійскіх войскаў у Грузію.

1 жніўня грузавік-пікап, у якім ехалі шэсць афіцэраў паліцыі МУС Грузіі, падарваны дзвюма выбуховымі прыладамі, забяспечанымі дыстанцыйным кіраваннем, на поўнач ад Цхінвалі, на дарозе Эрэдвы-Хейці, побач з анклавам, які кантралюе ўрад. Шэсць паліцыянтаў былі цяжка паранены. У ноч на 2 жніўня ад абстрэла пацярпелі чацвёра грузін. У выніку вымушанага агню войскам Грузіі ў адказ былі забіты шэсць і параненыя 15 жыхароў Цхінвалі. Днём паўстанцкі ўрад Паўднёвай Асетыі ажыццявіў эвакуацыю мірнага насельніцтва ў сувязі з начнымі перастрэлкамі[8].

3 жніўня расійскія СМІ паведамляюць пра буйнамаштабную мабілізацыю дабрачынцаў на расійскім Паўночным Каўказе, а таксама друкуюць абяцанні казакаў разгарнуць наёмныя войскі ў Грузіі. 4 жніўня паўстанцкі ўрад Паўднёвай Асеціі абвясціў эвакуацыю грамадзянскага насельніцтва Цхінвалі і тых вёсак рэгіёна, якія знаходзяцца пад іх кантролем. 5 і 7 жніўня па патрабаванні грузінскага прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, спецыяльны пасланнік Тэмур Якобашвілі двойчы спрабуе правесці перамовы з паўстанцамі, але яго запыты былі адхілены.

Расійскае ўварванне[правіць | правіць зыходнік]

У ноч на 6 жніўня расійскія памежнікі ўступілі на тэрыторыю Грузіі праз Роцкі тунэль і заявілі, што з гэтага часу расійскія памежныя войскі кантралююць і другі канец тунэлю[9].

7 жніўня спецыяльны пасланнік расійскага міністэрства замежных спраў, Юрый Папоў, не здолеў правесці папярэдне ўзгодненыя перамовы па спыненні агню, спасылаючыся на адмову з боку паўстанцаў, у той жа час, працягваюцца абстрэлы вёсак, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем. Генерал Кулахметаў, пад час сустрэчы ў Цхінвалі з спецыяльным пасланнікам Якобашвілі, абвяшчае, што ён не можа ўступіць у кантакт з лідарамі паўстанцаў, і што расійскія «міратворцы» не могуць спыніць іх нападаў[10]. Генерал Кулахметаў дапушчае магчымасць таго, што паўстанцы вялі страляніну з пазіцый, размешчаных побач з расійскімі «міратворчымі» пастамі.

Нягледзячы на страты сярод грузінскіх міратворцаў і грамадзянскіх асоб, выкліканыя агнём з боку паўстанцаў, прэзідэнт Саакашвілі аддае загад аб неадкладным спыненні агню і заклікае да перамоў. Ён пацвярджае прапановы ўраду па наданні рэгіёна шырокай аўтаноміі ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі, і прапануе Расіі выступіць у ролі гаранта[11]. Прэзідэнт Саакашвілі таксама абвяшчае безумоўную амністыю паўстанцам, якія пагодзяцца спыніць баявыя дзеянні. Нягледзячы на спыненне агню, абвешчанае прэзідэнтам Саакашвілі, сепаратысты ўзмацняюць абстрэлы пастоў грузінскіх міратворцаў і вёсак, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем.

На золку, а 3:41 і 3:52, грузінская разведка перахапіла дзве размовы па мабільных тэлефонах паміж паўднёваасецінскімі памежнікамі, змешчанымі побач з Роцкім тунэлем. Гэтыя перахопы выявілі, што значныя расійскія ваенныя сілы, дастатковыя для таго, каб «запоўніць» Роцкі тунэль, увайшлі ў Паўднёвую Асецію[12].

Тады ж Грузія азнаёміла з перахопамі разведвальныя агенцтвы ЗША і еўрапейскіх краін. Урад Расіі не аспрэчыў сапраўднасць гэтых перахопаў і патлумачыў змест перахопленых размоў звычайнай ратацыяй міратворчых войскаў. Аднак паводле мірнага пагаднення, якое дзейнічала ў той час, любая ратацыя павінна ажыццяўляцца пры дзённым святле, і ўсе бакі, якія ўдзельнічаюць у пагадненні (г.ё. грузінскі ўрад і АБСЕ), павінны за месяц да гэтага атрымаць адпаведнае паведамленне. Папярэдняя ратацыя расійскіх войскаў была праведзена ў маі 2008 г.

Да публікацыі 16 верасня 2008 года ўрадам Грузіі гэтых перахопаў[13], расійскі ўрад ні ў якой з сваіх заяваў ніколі не ўзгадваў пра ратацыю, якая адбывалася 7 жніўня, і настойваў на тым, што іх войскі ўвайшлі ў рэгіён толькі каля паўдня 8 жніўня, «пасля нечаканага грузінскага нападу.» Сведчанні, атрыманыя з гэтых тэлефонных перамоў, падмацоўваюцца аповедамі, у тым ліку ўспамінамі расійскіх ваенных пра падзеі 7 жніўня, а таксама заявай паўстанцкага лідара Абхазіі Сяргея Багапша, зробленай у той жа дзень. Гэтыя аповеды з'яўляліся як у расійскім, так і ў заходнім друку.

У ходзе Аперацыі па навядзенню канстытуцыйнага парадку ў Цхінвальскім рэгіёне ад 13 да 15 гадзіны ішоў артылерыйскі абстрэл сяла Хетагурава і яго ваколіц[14], а таксама паўднёваасяцінскай сталіцы [Цхінвалі][Крыніца?]. У яе і яе ваколіцы ўступілі часці сухапутных войскаў Грузіі, якія ў выніку баёў з паўстанцкімі падраздзяленнямі занялі горад.

Прыблізна а 23:30 каля 150 бронемашын і армейскіх грузавікоў рэгулярнага расійскага войска ўвайшлі ў Роцкі тунэль і накіраваліся ў бок Цхінвалі. У адказ на ўвядзенне расійскіх узброеных сіл на тэрыторыю Грузіі, кіраўнік грузінскіх міратворцаў генерал Круашвілі абвясціў аб пачатку наступу на Цхінвалі ў 23:30[15]. Паводле New York Times, заходнія службы незалежным чынам выявілі, што два батальёны 135-га палка прайшлі праз Роцкі тунэль увечары 7 жніўня ці на золку 8 жніўня.

8 жніўня Расія выцесніла грузінскія войскі з Цхінвалі, а затым захапіла ўсю Паўднёвую Асецію разам з грузінскай яе часткай, дзе пражывае больш за палову насельніцтва. Тады ж міністэрства абароны Расіі і разнастайныя высокапастаўленыя чыноўнікі абвясцілі, што грузінскія сілы «забілі 2,000 грамадзянскых асоб» у Цхінвалі. Але 11 жніўня супрацоўнік праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch заявіў, што Расія наўмысна перабольшвае лічбу забітых у Цхінвалі, намагаючыся выклікаць у адказ забойствы этнічных грузінаў. Па дадзеных гэтай арганізацыі ў горадзе загінула 44 чалавекі. Больш за тое, 21 жніўня генеральная пракуратура Расіі назвала значна больш нізкую лічбу забітых грамадзянскых асоб у Паўднёвай Асеціі — 133, і гэта ў выніку двух серыяў баёў[16]. Існуюць моцныя падставы лічыць, што большасць гэтых ахвяр належалі да паўстанцкай міліцыі, паколькі мясцовыя чыноўнікі часцяком клічуць удзельнікаў не расійскіх фарміраванняў грамадзянскымі асобамі.

Далей расійскае войска захапіла заходнюю і сярэднюю часткі Грузіі з гарадамі Горы, Поці, Сянакі, Зугдыдзі. 10 жніўня расійскія ваенна-марскія сілы высадзіліся ў партовым горадзе Ачамчыра і правялі не справакаваную атаку ў Верхняй Абхазіі (Кадорскай цясніне) з выкарыстаннем артылерыі і масіўнай паветранай бамбарзіроўкі. Тады ж абхазскія паўстанцы ўвайшлі ў цясніну. Да гэтага моманту ў Абхазіі з Грузіяй, не было баявых сутыкненняў. Гэтая атака пачалася толькі пасля таго, як грузінскія ўзброеныя сілы, размешчаныя на ваеннай базе Сенакі, былі пераведзены на ўсход (9 жніўня). Актыўныя баявыя дзеянні закончыліся 12 жніўня, калі расійскія ўзброеныя сілы ўварваліся ў горад Зугдзідзі ў заходняй Грузіі і ў стратэгічна істотны порт Поці.

11 кастрычніка расійскія войскі былі адведзены з нутраных раёнаў Грузіі, але працягваюць акупаваць землі грузінскіх аўтаномных абласцей у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, тым самым змушаючы абраныя насельніцтвам гэтых тэрыторый урады да выгнання.

Этнічныя чысткі ў грузінскіх вёсках[правіць | правіць зыходнік]

9-24 жніўня пасля адыходу грузінскіх узброеных сіл у бок Тбілісі, расійскія ўзброеныя сілы і ваенізаваныя фарміраванні ажыццяўлялі маштабныя жорсткія акцыі, у тым ліку падпалы дагавораў, рабаўніцтва, выкраданне людзей, згвалтаванні і масавыя забойствы грузінскіх мірных жыхароў як у зоне канфлікту, так і за яе межамі. У зоне канфлікту ў выніку этнічных чыстак, накіраваных супраць грузінаў, былі цалкам спалены і разбураны вёскі Эрэдвы, Аўневі, Нулі[17], Курта, Ачабеці, Тамарашэні, Кехві, Дзісеві і г.д., што выявілі міжнародныя (Савет Еўропы)[18] і праваабарончыя арганізацыі.

Пачынаючы з 8 жніўня а 09:45, расійская авіяцыя бамбіла шэраг грамадзянскых і ваенных аб'ектаў у Грузіі за межамі зоны канфлікту ў Паўднёвай Асеціі, што прывяло да пашкоджання інфраструктуры і шматлікіх ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Сярод цэляў гэтых бамбардзіровак былі:

1. Горы і навакольныя вёскі (у тым ліку аб'екты грамадзянскай інфраструктуры)

2. Аэрадром Марнеулі, цэнтральная Грузія

3. Аэрадром Вазіані, цэнтральная Грузія

4. Аэрадром Копітнары, заходняя Грузія

5. Оні (грамадзянскыя зоны), заходняя Грузія

6. Порт Поці, заходняя Грузія

7. Нафтаправод Баку-Супса, цэнтральная Грузія

8. Анаклія, заходняя Грузія

9. Зугдзідзі, заходняя Грузія

10. Верхняя Абхазія/Кадорская цясніна, Абхазскі рэгіён

11. Тбілісі (авіяцыйны завод і грамадзянскае радарнае абсталяванне ў аэрапорце Тбілісі)

12. Хелвачауры, Аджарскі рэгіён

13. Шыракі, усходняя Грузія

14. Аэрапорт Сенакі і ваенная база, заходняя Грузія

15. Каспі, цэнтральная Грузія

16. Вёскі Хашурскага раёна, цэнтральная Грузія

17. Нацыянальны парк Баржомі, цэнтральная Грузія.

Міжнародныя праваабарончыя групы задакументавалі падобныя бамбаванні грамадзянскых аб'ектаў расійскімі рэгулярнымі сіламі.

Бамбаванні тэрыторыі Грузіі ажыццяўляліся Расійскай Федэрацыяй з выкарыстаннем SS-26 "Іскандэр" - тактычнай ракетнай устаноўкі малога радыусу дзеяння, якія ўжываліся супраць нафтаправоду Баку-Упса. Расійскія ўзброеныя сілы таксама выкарыстоўвалі тактычныя ракеты малога радыусу дзеяння SS-21 "Точка-У" супраць гарадоў Поці і Горы. У вёсках вакол гораду Горы расійскія ўзброеныя сілы выкарыстоўвалі сістэмы залпавага агню "Ураган". Касетныя бомбы шырока ўжываліся ў Горы і навакольных вёсках, у тым ліку ў Руісі і Шындысі.

Звыш за 100 мірных жыхароў Грузіі дагэтуль утрымліваюцца ў бесчалавечных умовах у турме Цхінвалі ў якасці заложнікаў.

Адразу пасля адыходу грузінскіх узброеных сіл у бок Тбілісі і да сённяшняга дня расійскія ўзброеныя сілы і ваенізаваныя фарміраванні ажыццяўляюць маштабныя жорсткія акцыі, у тым ліку падпалы, марадзёрства, крадзеж людзей, згвалтаванні і масавыя пакаранні грузінскага мірнага насельніцтва як у межах зоны канфлікту, так і па-за імі. У межах зоны канфлікту ў працэсе этнічных чыстак сярод грузінскага насельніцтва былі мэтанакіравана спалены і цалкам разбураны вёскі Эрэдвы, Аўневі, Нулі, Курта, Ачабеці, Тамарашэні, Кехві і Дысеві. Гэтыя жорсткасці ажыцяўлялі ўжо пасля таго, як усе баявыя сутыкненні ў рэгіёне былі спынены.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Спынення агню між Грузіяй і Расіяй удалося дасягнуць пры пасярэдніцтве французскага прэзідэнта Нікаля Сарказі на 6-ці ўмовах-"прынцыпах":

«Першы — не прыбягаць да выкарыстання сілы.

Другі — канчаткова спыніць усе ваенныя дзеянні.

Трэці — свабодны доступ да гуманітарнай дапамогі.

Чацвёрты — узброеныя сілы Грузіі вяртаюцца ў месцы сваёй сталай дыслакацыі.

Пяты — узброеныя сілы Расіі выводзяцца на лінію, што папярэднічала пачатку баявых дзеянняў.

Шосты — пачатак міжнароднага абмеркавання пытанняў будучага статусу Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і шляхоў забеспячэння іх трывалай бяспекі»[19].

Страты[правіць | правіць зыходнік]

Расія

1) людскія страты войска:

  • забітыя — 74;
  • параненыя — 171;
  • прапалі без вестак — 19.

2) тэхніка: самалёты — 4 (у тым ліку стратэгічны бамбардзіроўшчык ТУ-22)[20].

Грузія

1) людскія страты:

  • забітыя — 215 чалавек, з іх 69 мірных жыхароў;
  • параненыя — 1469 чалавек;
  • зніклыя без вестак — 70 толькі ваенных (да іх ліку належаць 9 нябожчыкаў, распазнаць якіх не ўдалося)[21].

Версія Расіі[правіць | правіць зыходнік]

Вайна пачалася ў ноч з 7 на 8 жніўня 2008 як грузінская "аперацыя па навядзенню канстытуцыйнага парадку ў Цхінвальскім рэгіёне", у ходзе якой сіламі рэактыўнай артылерыі была абстраляна паўднёваасяцінская сталіца Цхінвал і ў яго і яго наваколлі ўступілі часці сухапутных войскаў Грузіі, якія ўступілі ў бой з падраздзяленнямі паўднёва-асецінскіх узброеных сіл. 8 жніўня ў канфлікт уступіла Расія, войскі якой выцеснілі грузінскія фарміраванні з Паўднёвай Асеціі, а затым захапілі заходнюю частку Грузіі з гарадамі Горы, Поці, Сянакі, Зугдыдзі. Адначасова абхазская армія выцясніла грузінскія войскі з Кадорскай цясніны. Актыўныя баявыя дзеянні закончыліся 12 жніўня. На працягу двух месяцаў расійскія войскі былі адведзены з тэрыторыі ўласна Грузіі.

Зноскі

  1. Ян Максімюк. Нячыстае сумленне і ў расіян, і ў грузінаў// Радыё Свабода. 23 студзеня 2009
  2. Юрый Ліхтаровіч. Сцэнары развіцця каўказскага конфлікту// Польскае радыё для замежжа. 12 жніўня 2008
  3. Грузія заявіла аб акупацыі яе тэрыторый// Хартыя 97. 26 жніўня 2008
  4. НАТА запатрабавала ад Расіі адмяніць рашэнне па Абхазіі i Паўднёвай Асеціі// Звязда. 28 жніўня 2008
  5. Мікола Бугай. Расія мяняе карту свету// Наша Ніва. № 32 (582) 28 жніўня 2008. Старонка 3. ISSN 1819-1614
  6. Грузія разарвала адносіны з Расіяй// Радыё Рацыя. 29 жніўня 2008
  7. Грузія разарвала дыпзносіны з Нікарагуа з-за прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі // Радыё Рацыя. 30 лістапада 2008
  8. Паўднёвая Асетыя вінаваціць Украіну і ЗША ў пастаўках зброі ў Грузію// Еўрапейскае радыё для Беларусі. 2 жніўня 2008
  9. Алесь Мірановіч. Паўднёвая Асэція: «Было відавочна, што яны не жадаюць дамаўляцца»// United Friends Forever. 29 жніўня 2008
  10. Войцех Цагельскі. Саакашвілі: Пакуль я прэзідэнт, Грузія будзе незалежнай// Польскае радыё для замежжа. 22 жніўня 2008
  11. Расія бамбіць Грузію і ўвяла войскі ў Асецію// Наша Ніва. 9 жніўня 2008
  12. Канфлікт на Каўказе: інфармацыйная альтэрнатыва// Праект «Кабінет эксперту». 30 кастрычніка 2008
  13. Зміцер Косцін. Расія першая ўвяла войскі ў Паўднёвую Асецію?// Радыё Рацыя. 16 верасня 2008
  14. Цхінвалі: Грузія пачала шырокамаштабную ваенную аперацыю// Еўрапейскае радыё для Беларусі. 7 жніўня 2008
  15. Зміцер Косцін. Тбілісі: Аднаўленне канстытуцыйнага парадку// Радыё Рацыя. 8 жніўня 2008
  16. Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў. «Чорны крук» з Грузіі праляцеў… Падлічым сабранае (Частка 8, заключная)// Беларусь — Наша Зямля. 30 жніўня 2008
  17. Людміла Наздрачова. Як асецінскі спецназ зачышчае грузінскія вёскі// Беларусь — Наша Зямля. 16 жніўня 2008
  18. Савет Еўропы: Расія сапраўды ажыццявіла этнічную чыстку ў Паўднёвай Асеціі// Хартыя 97. 19 жніўня 2008
  19. Мікола Бугай. Расія не рашылася на штурм Тбілісі// Наша Ніва. 12 жніўня 2008
  20. Павел Фельгенгаўэр. «Грузія стварыла найлепшае войска на постсавецкай прасторы»// Наша Ніва. № 30 (580) 14 жніўня 2008. Старонкі 1, 4.
  21. Мікола Бугай. Грузія: 215 чалавек загінула, 1469 паранена, 70 прапала// Наша Ніва. 19 жніўня 2008

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Гарачыя кропкі Шаблон:Грузіна-паўднёваасяцінскі канфлікт, 2008