Сянна (рака)
Сянна | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 59 км |
Басейн | 543 км² |
Расход вады | 3,4 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | ускраіна вёскі Кліны |
• Каардынаты | 53°31′09,80″ пн. ш. 31°42′42,35″ у. д.HGЯO |
Вусце | Сож |
• Месцазнаходжанне | 3 км ад вёскі Ушакі |
• Каардынаты | 53°28′43,78″ пн. ш. 31°13′45,85″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,8 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Сож → Дняпро → Дняпроўскі ліман[d] |
|
|
Краіна | |
Рэгіён | Магілёўская вобласць |
Раён | Чэрыкаўскі раён |
Сянна́[1][2] — рака ў Чэрыкаўскім і на мяжы Чэрыкаўскага і Краснапольскага раёнаў Магілёўскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Сож (басейн Дняпра).
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Сянна балцкага паходжання.
Такога ж паходжання і назва другой ракі Сянна (на Падняпроўі ля Магілёва), Сенета (прыток Жыздры на Верхнім Павоччы), возера Сенніца (у вярхах ракі Ловаць).
Гэтыя назвы паходзяць ад балцкага гідранімічнага кораня Sain-[3]. Балцкія аналагі — літоўскія Sainas, Seina, прускія Sayn, Seynicz. Звязана з літоўскім at-sainus «павольны, неахайны, лянівы»[4]. Далей да аднаго са значэнняў індаеўрапейскага *sei- : si- «слабець; вялы, слабы, лянівы; апускацца, пагружацца» (> «ціхі, спакойны»)[5].
Ад кораня Sin-, які з’яўляецца варыянтам кораня Sain-, паходзяць рачныя назвы Сінія (прыток бярэзінскай Свіслачы), *Сін-пала (на Верхнім Падняпроўі)[6], *Сін-бала (на Верхнім Павоччы). Апошнія дзве значаць «Павольная балацінная (рака)». Паблізу ракі *Сін-бала працякае ручай «Ленивой», назва якога калькіруе значэнне першай асновы ў назве[7].
Такая ж матывацыя і ў назвах прыпяцкай ракі Лебажода «Павольная рака» (першая аснова назвы ад літоўскага lebti «гультаяваць», lebeda «гультай, цямця-лямця»), нёманскай ракі Лебяда.
Корань аформлены з падваеннем -нн- таксама ў назвах рэк Лонна (тройчы на Падзвінні), Клінна (прыток сожскай Іпуці).
Значэнне рачной назвы Сянна можна перадаць як «Ціхая (рака)».
Водаапісанне
[правіць | правіць зыходнік]Даўжыня ракі 59 км. Плошча вадазбору 543 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 м/км.
Пачынаецца на ўсходняй ускраіне вёскі Кліны, вусце за 3 км на паўночны захад ад былой вёскі Ушакі. Цячэ пераважна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна трапецападобная, шырынёй ад 0,3 км у вярхоўі да 1 км у ніжнім цячэнні. Пойма двухбаковая (шырыня ў вярхоўі 30—60 м, у ніжнім цячэнні 300—500 м), месцамі адкрытая, лугавая. Рэчышча ад вытоку на працягу 15,8 км каналізаванае, у ніжнім і сярэднім цячэнні звілістае і моцна звілістае. Шырыня рэчышча 5—10 м, ніжэй вёскі Пільня Чэрыкаўскага раёна пашыраецца да 17 м, у ніжнім цячэнні звужаецца да 5—6 м. Берагі стромкія і ўмерана стромкія.
Рака выкарыстоўваецца ў якасці водапрыёмніка меліярацыйных каналаў.
Асноўныя прытокі: Сененка, Расамаха, Тур’я (злева) і До́машня[8], Рэкта (справа).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ ЭПБ 1986.
- ↑ Блакітная 1994.
- ↑ B. H. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 47.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 293—294.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. — Bern / München, 1959 / 1969. — C. 890—891.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. — С. 207.
- ↑ B. H. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. — Москва, 1989. — С. 65.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 203. — 522 с. — 10 000 экз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сянна́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 351. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Сянна́ // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 362. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Сяцко Ф. І. Сянна́ // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 65. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 28—29. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)