Жыгімонт Лаўксмін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жыгімонт Лаўксмін
літ.: Žygimantas Liauksminas, польск.: Zygmunt Lauxmin, лац.: Sigismundus Lauxmin
Дата нараджэння 1596[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 11 верасня 1670(1670-09-11)[2]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці манах, музыказнавец, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера філасофія, тэалогія, рыторыка, музыказнаўства
Месца працы
Навуковае званне прафесар
Альма-матар

Жыгімонт Лаўксмін (таксама бел.: Сігізмунд (Зыгмунт) Лаўксмін, літ.: Žygimantas Liauksminas, польск.: Zygmunt Lauxmin, лац.: Sigismundus Lauxmin;1596 ці 1597, Жамойць — 11 верасня 1670, Вільня) — філосаф, тэолаг, літаратар, музыказнаўца і педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і жамойцкага каморніка Юрыя (Ежы) Лаўксміна. Пасля сканчэння класа паэтыкі ўступіў у Таварыства Ісуса 31 ліпеня 1616 г. у Вільні. Прайшоўшы выпрабаванні ў навіцыяце, на працягу года вывучаў рыторыку і авалодваў педагагічным майстэрствам (1618—1619) у настаўніцкай семінарыі, што дзейнічала пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Валенцій Кёльнскі, кіраўнік педагагічных штудый у Полацку, зрабіў значны ўплыў на фарміраванне інтарэсаў Лаўксміна[3]. (У літаратуры і Інтэрнэт-крыніцах таксама часам пазначаецца, што ў 1618—1619 гг. Лаўксмін вывучаў рыторыку ў Пултускім калегіуме[4]). Са звычайным для езуіцкай адукацыйнай сістэмы трохгадовым перапынкам на ўласную педагагічную практыку (выкладаў сінтаксіс, паэтыку і рыторыку[3][5]) вывучаў філасофію (1619—1622) і тэалогію (1625—1629) у Віленскай акадэміі[3][6].

З 1631 па 1635 гг. выкладаў рыторыку ў Полацкім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах. Прафесар філасофіі (1635—1638) і тэалогіі (1638—1642) Віленскай акадэміі. Доктар тэалогіі (1642). З 1642 па 1644 гг. выкладаў філасофію ў калегіуме ў Браневе. Рэктар езуіцкіх калегіумаў: у Плоцку (1644—1647), Полацку (1650—1655), Крожах (1661—1665)[6]. У якасці віцэ-рэктара ўзначальваў Віленскую акадэмію (1655—1657)[7], быў таксама яе падканцлерам (1665—1670). Займаў пасаду віцэ-правінцыяла Літоўскай правінцыі Таварыства Ісуса (1645—1646), а таксама выязджаў у Рым для ўдзелу ў Х і ХІ Генеральных кангрэгацыях, якія збіраліся для абрання генерала ордэна (1652 і 1661)[6].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Ж. Лаўксмін займаўся грэчаскай мовай, тэорыяй літаратуры, маральнай філасофіяй, музычнай i літаратурнай творчасцю. Аўтар першых у ВКЛ падручнікаў па грэчаскай мове (Epitome instutionum linguae graecae, Вільня, 1655), музыцы і рыторыцы. У філасофскай i літаратурнай дзейнасці арыентаваўся на некаторыя ідэалы, уласцівыя гуманізму паўночнага Адраджэння[8].

Самая вядомая праца Ж. Лаўксміна — «Практычнае красамоўства, або Правілы рытарычнага мастацтва…» (Praxis oratoriasive praecepta artis rhetoricae, Бранева, 1648), якая ў XVII—XVIII ст. выкарыстоўвалася як падручнік рыторыкі. Яна два разы выдавалася ў Рэчы Паспалітай і чатырнаццаць разоў па-за яе межамі: у Мюнхене (1656 і 1658), Франкфурце-на-Майне (1665, 1666, 1675 і 1682), Кёльне (1680, 1705, 1707, 1717), Вюрцбургу (1690), Празе (1710), Вене (1720) і Кошыцы (1732)[9].

Узорам для напісання «Практычнага красамоўства» быў падручнік Кіпрыяна Саарэса «Аб мастацтве рыторыкі, заснаванай на выкладанні рытарычных тэорый Арыстоцеля, Цыцэрона i Квінтыліяна». Але Лаўксмін прапанаваў прынцыпова новыя структуру i методыку курса рыторыкі. Каб узмацніць значэнне практычнага боку справы, ён увёў вялікі эмпірычны матэрыял, самастойна распрацаваныя практыкаванні, якія заканчвалі кожную главу пад назвай «Практыка тэорыі», i ўзоры прамоў, напісаных у трох асноўных родах красамоўства: дарадчым, судовым i ўрачыстым. Прамовы Лаўксміна адрозніваюцца ад падобных твораў аратараў эпохі барока Яна Рывоцкага, Казіміра Каяловіча i інш. натуральнасцю стылю, змястоўнай глыбінёй прамовы, чысцінёй мовы. Ён прапанаваў арыгінальную распрацоўку некаторых тэарэтычных праблем неалацінскай літаратуры. У кнізе шырока выкарыстаны творы антычных аўтараў — Арыстоцеля, Вергілія, Гарацыя i інш. У адрозненне ад Саарэса, які абмяжоўваўся выкладаннем толькі рытарычнай тэорыі, Лаўксмін уключыў у кнігу матэрыял «навукі аб доказе» — логікі, што было выклікана яго перакананнем пра цесную сувязь гэтых навук. Асноўнай сферай распаўсюджання «Практычнага красамоўства…» была класічная адукацыя, i гэта кніга доўга служыла ўзорам новалацінскай творчасці. Падручнік страціў сваю папулярнасць толькі ў канцы XVIII ст., калі з’явілася новая сістэма адукацыі i ўзніклі новыя школы філолагаў-класікаў[8].

Дадатак да «Практычнага красамоўства…» — «Сутнасць дыялектыкі…» (Medulla dialectica) — ўяўляў сабой кампедыум асноўных пытанняў фармальнай логікі i філасофіі мовы, распрацаваных познасхаластычнымі філосафамі Таледа, Фансекам i інш. на аснове лагічных тэорый Арыстоцеля. Таксама Лаўксмін — аўтар шэрагу багаслоўскіх прац Demonstratio Catholicae Ecclesiae (Вільня, першае выданне — 1643) і Theologia ecclesiastica (Вільня, першае выданне — 1665, другое — 1675). У рукапісах захаваліся невыданныя багаслоўскія трактаты: Tractatus de Deo Uno і Tractatus theologicae de jure et justitia. Падрыхтаваў для святароў цыкл катэхізічных прамоў, якія павінны былі прамаўляць вернікам. З пяці запланаваных частак выдадзена толькі першая пад назвай «Тэалогія прапаведнікаў» (Theologia ecclesiastica, Вільня, 1675)[8]

Выдаў першую ў краіне грунтоўную працу па музыцы ў трох частках: Ars et praxis musicae in usum studiosae iuventutis in collegiis Societatis Jesu (1669 і 1693), Graduale pro exercitatione studentium (1693, 1742), Antiphonale ad psalmos, iuxta ritum S. Romanae Ecclesiae, decantandos, necessarium (1694, 1742)[9]. Ars et praxis musicae («Мастацтва і практыка музыкі») выкарыстоўвалася на занятках многіх езуіцкіх калегіумаў, а таксама ў Віленскай акадэміі[8].

Зноскі

  1. Swartz A. Žygimantas Liauksminas // Open Library — 2007. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. а б в Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 97.
  4. https://lt.wikipedia.org/wiki/%C5%BDygimantas_Liauksminas
  5. https://en.wikipedia.org/wiki/%C5%BDygimantas_Liauksminas
  6. а б в Trilupaitienė, J. Trylogia chorału gregoriańskiego Zygmunta Lauxmina / J. Trilupaitienė // Sigismundus Lauxmin (1596—1670). Ars et praxis musica, Graduale pro exercitatione studentium, Antiphonale ad psalmos / Ed. Jūratė Trilupaitienė. — Warszawa : Wydawnictwo Naukowe Sub Lupa, 2016. — s. V.
  7. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  8. а б в г Чарнышова, Л. А. Лаўксмін Сігізмунд / Л. А. Чарнышова // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўскі і інш.; Маст. У. М. Жук.— Мінск: БелЭн, 2001. — С. 255—256.
  9. а б Trilupaitienė, J. Trylogia chorału gregoriańskiego Zygmunta Lauxmina / J. Trilupaitienė // Sigismundus Lauxmin (1596—1670). Ars et praxis musica, Graduale pro exercitatione studentium, Antiphonale ad psalmos / Ed. Jūratė Trilupaitienė. — Warszawa : Wydawnictwo Naukowe Sub Lupa, 2016. s. VI.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пазднякоў, В. Лаўксмін (Ляўксмін, Лаўксман) Зыгмунт / В. Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2 : Кадэцкі корпус — Яцкевіч / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гла. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выд. — Мінск : БелЭн, 2007. — С. 185.
  • Чарнышова, Л. А. Лаўксмін Сігізмунд / Л. А. Чарнышова // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўскі і інш.; Маст. У. М. Жук.— Мінск: БелЭн, 2001. — С. 255—256.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień  (польск.). — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — 188 s.
  • Sigismundus Lauxmin (1596—1670). Ars et praxis musica, Graduale pro exercitatione studentium, Antiphonale ad psalmos / Ed. Jūratė Trilupaitienė. — Warszawa : Wydawnictwo Naukowe Sub Lupa, 2016. — 234 s.