Перайсці да зместу

Эзафагастамозы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эзафагастамозы[1] (лац.: Oesophagostomosis) — гельмінтозы з групы нематадозаў чалавека, свойскіх і дзікіх жывёл, якія выклікаюцца круглымі чарвямі роду эзафагастомумы (Oesophagostomum).

Характарызуюцца пашкоджаннем кішэчніка, у асноўным тоўстай кішкі.

Эзафагастамоз чалавека

[правіць | правіць зыходнік]

Этыялогія і эпідэміялогія

[правіць | правіць зыходнік]

Узбуджальнікамі эзафагастамозу чалавека з’яўляюцца круглыя чэрві відаў Oesophagostomum aculeatum (Linstow, 1879), Oesophagostomum bifurcum (Creplin, 1849) і Oesophagostomum stephanostomum (Stossich, 1904). Асноўнымі гаспадарамі гэтых эзафагастом з’яўляюцца малпы.

Самец Oesophagostomum stephanostomum 18-24 мм даўжынёй, шырынёй да 0,68-0,74 мм, самкі — адпаведна 18-30 і 0,74-0,9 мм. Oesophagostomum aculeatum і Oesophagostomum bifurcum прыкладна аднолькавыя, даўжыня самцоў 8-13 мм, шырыня 0,31-0,41 мм, Даўжыня самак—11,5-19 мм, шырыня 0,38-0,54 мм. Яйцы авальныя з тонкай абалонкай даўжынёй 0,051-0,08 мм, шырыня-0,029-0,043 мм.

Чалавек рэдка заражаецца гэтым гельмінтозам. Хвароба сустракаецца ў Афрыцы (Нігерыя, Уганда, Гана, Эфіопія), Інданезіі і ў Паўднёвай Амерыцы (Бразілія).

Крыніцай інвазіі з’яўляюцца малпы. Чалавек заражаецца пры ўжыванні ў ежу садавіны і агародніны, кантамінаваных лічынкамі, праз ваду, якая змяшчае лічынак, а таксама праз брудныя рукі.

Жыццёвы цыкл паразіта

[правіць | правіць зыходнік]

Яйцы гельмінтаў вылучаюцца з спаражненнямі. Праз 2 сутак з яец выходзяць лічынкі. Пасля развіцця і 2-х лінек, лічынкі становяцца інвазійнымі і праз рот трапляюць у чалавека, укараняюцца ў слізістую абалонку або падслізістую аснову тоўстай кішкі. Праз 48 гадзін вакол лічынкі утвараецца гранулематозная тканка — утвараецца вузельчык  (руск.). Паразіт ліняе яшчэ раз, пасля чаго выходзіць у прасвет тоўстай кішкі, дзе адбываецца 4-я лінька і далейшае развіццё гельмінта. Праз 15-20 дзён гельмінты дасягаюць палавой сталасці, і самка пачынае адкладаць яйцы. Магчыма заражэнне лічынкамі і праз скуру.

У чалавека лічынкі могуць не выходзіць у прасвет тоўстай кішкі; нярэдка яны пранікаюць пад серозную абалонку, дзе інкапсулюецца, фармуючы паразітарныя кісты, у якіх могуць дасягаць палавой сталасці.

Патагенез захворвання абумоўлены сенсібілізацыяй арганізма прадуктамі абмену гельмінта, якія асабліва інтэнсіўна вылучаюцца падчас лінькі лічынак, што паразітуюць у сценцы тоўстай кішкі (так званая «вузельчыкавая хвароба»). У сувязі з заносам мігруючымі лічынкамі ўзбуджальніка ў сценку тоўстай кішкі патагеннай мікрафлоры, магчыма нагнаенне вузельчыкаў. Назіраецца запаленне тоўстай кішкі, Парушэнне функцыі кішачніка.

Паталагічная анатомія

[правіць | правіць зыходнік]

Паразітарныя кісты лакалізуюцца пад серознай абалонкай тоўстай кішкі, маюць шаравата-жоўты колер, у дыяметры дасягаюць 1,5 см. На разрэзе вызначаецца цэнтральная паражніна, запоўненая жаўтлява-зялёнай гноепадобнай масай, у якой знаходзіцца гельмінт жаўтлявага або залаціста-карычневага колеру. У выпадку гібелі гельмінта, у кісце развіваецца фіброзная ткака, магчымая кальцыфікацыя.

Клінічная карціна

[правіць | правіць зыходнік]

Адрозніваюць 2 перыяды эзафагастамозу: ранні (ларвальны), падчас якога адбываецца ўкараненне лічынак у сценку кішачніка, і позні (імагінальны), калі гельмінт паразітуе ў прасвеце тоўстай кішкі. Для ларвальнага перыяду характэрныя зніжэнне апетыту, слабасць, апатыя, боль у жываце, дыярэя, пахуданне. У імагінальным перыядзе хвароба працякае субклінічна альбо выяўляецца дыярэяй.

Пры лакалізацыі паразітарных кіст пад серознай абалонкай у схуднелых хворых пальпаторна можна вызначыць па ходзе тоўстай кішкі шчыльныя пухлінападобныя ўтварэнні.

Найбольш частымі ўскладненнямі эзафагастамозу з’яўляюцца абтурацыя або інвагінацыя тоўстай кішкі на ўзроўні лакалізацыі паразітарных кіст.

Дыягностыка магчыма ў імагінальным перыядзе хваробы на падставе анамнезу і выяўлення яец гельмінта. Дыферэнцыяльны дыягназ праводзяць з пухлінай кішэчніка.

Лячэнне праводзяць тыябендазолам, звычайна па 25 мг/кг 2 разы на суткі на працягу 2-3 дзён у комплексе з гіпасенсібілізавальнымі сродкамі і вітамінамі. Сутачная доза тыябендазолу для дарослага 1 г. Проціпаказаны пры цяжарнасці. Пры абтурацыі і/або інвагінацыі тоўстай кішкі патрабуецца хірургічнае выдаленне паразітарных кіст.

Прагноз звычайна спрыяльны; пры ўскладненні — спрыяльны толькі пры ўмове аператыўнага ўмяшання[2].

Эзафагастамозы жывёл

[правіць | правіць зыходнік]

Жывёлы заражаюцца пры заглынанниі інвазійных лічынак паразіта з кормам і вадой[1]. Хвароба праяўляецца расстройствамі стрававання, вадкімі фекаліямі з дамешкам крыві і слізі, ліхаманкай, зніжэннем апетыту, схудненнем, анеміяй[1]. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць[1].

У лячэнні выкарыстоўваюць розныя антыгельмінтыкі[1]. Мерамі прафілактыкі з’яўляюцца папераджальная дэгельмінтызацыя, абеззаражванне памяшканняў, інвентару[1].

Свойскія жывёлы

[правіць | правіць зыходнік]

Нематоды роду эзафагастомумы (Oesophagostomum) паразітуюць у буйной рагатай жывёлы (эзафагастомум прамяністы (Oesophagostomum radiatum)), авечак (эзафагастомум венны (Oesophagostomum venulosum), эзафагастомум калумбійскі (Oesophagostomum columbianum))[3], свіней (Oesophagostomum dentatum і эзафагастомум даўгахвосты (Oesophagostomum longicaudum))[4].

Даўжыня эзафагастомумаў да 2 см; дарослыя гельмінты лакалізуюцца ў прасвеце, а лічынкі — у сценцы тоўстых кішак[5].

Дзікія жывёлы

[правіць | правіць зыходнік]

Захворванне адзначана ў дзікіх капытных, у тым ліку такіх відаў, як зубр (Bison bonasus), казуля (Capreolus capreolus), лань (Dama dama) і высакародны алень (Cervus elaphus), дзік (Sus scrofa), лось (Alces alces)[6].

  1. а б в г д е Эзафагастамозы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 414
  2. Большая медицинская энциклопедия. т 27., М. 1986 г., стр. 550.
  3. Патоморфогенез эзофагостомоза овец, вызываемого Oesophagostomum columbianum. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 12 верасня 2011.
  4. Эзофагостомоз свиней в хозяйствах разного типа и усовершенствование мер борьбы с инвазией. Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2012. Праверана 12 верасня 2011.
  5. Эзофагостомозы. Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 12 верасня 2011.
  6. Бычкова Е. И, Акимова Л. Н., Дегтярик С. М., Якович М. М. Гельминты позвоночных животных и человека на территории Беларуси : каталог / [Е. И. Бычкова и др. ; Национальная академия наук Беларуси, Государственное научно-производственное объединение "Научно-практический центр по биоресурсам"]. — Минск: Беларуская навука, 2017. — С. 70 - 72. — 315 с. — ISBN 978-985-08-2187-4.