Ядвігін Ш.

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ядвігін Ш.
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Ядвігін Ш.
Дата нараджэння 4 (16) студзеня 1869
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лютага 1922(1922-02-24) (53 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Жонка Люцыя Аляксандраўна Лявіцкая[d]
Дзеці Ванда Лявіцкая, Лявон Антонавіч Лявіцкі[d] і Вацлаў Антонавіч Лявіцкі[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, паэт, журналіст
Мова твораў беларуская і польская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ядвігін Ш., сапраўднае імя Антон Іванавіч Ляві́цкі (4 (16) студзеня 1869 , маёнтак Добасна, цяпер а/г Добасна Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці — 24 лютага 1922, Вільня) — беларускі празаік, публіцыст, фельетаніст, драматург, паэт, перакладчык, літаратуразнавец, палітык, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы[1].

Яго літаратурная творчасць шматжанравая. Ён вядомы як аўтар баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататкаў, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. Вялікае значэнне для станаўлення буйной празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман «Золата». Творчасць Ядвігіна Ш. адыграла значную ролю ў фарміраванні норм беларускай літаратурнай мовы, удасканаленні сістэмы яе стылістычных сродкаў, пашырэнні выяўленчых магчымасцей.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пагорак пры сядзібе Лявіцкіх. Малюнак зроблены Уладзіславам Галубком 14 лістапада 1916 года.

Нарадзіўся 4 студзеня 1869 года (паводле Юліянскага календара) у маёнтку Добасна Рагачоўскага павета (цяпер Кіраўскі раён) у сям’і Яна і Вольгі Лявіцкіх, у іх таксама была дачка Эву[2], Ян служыў эканомам маёнтка[3]. Пазней у 1870-я гады бацька быў ляснічым графа Тышкевіча і жыў у Пяршаях цяперашняга Валожынскага раёна[4].

Неўзабаве сям’я Лявіцкіх пераехала ў Карпілаўку пад Радашковічамі на Міншчыне. Тут у 1877—1878 гадах Антон Лявіцкі вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцінцы, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла. Пазней пра гэты пэрыяд ён успамінаў:

" Шасцёра нас там было… я быў найменшым — гадкоў сем меў; вучылі нас розных навук, нават і музыкі. Наша вучыцелька (вечны ёй ужо пакой!) і яе бацькі так умелі падахвочываць нас да навукі, што кожны з нас наперабой браўся да яе… памятаю цікавыя апавяданні аб роднай бацькаўшчыне і аб далёкіх халодных краях, куды злая доля заганяе шмат людзей… "

Пасля паспяхова скончыў Мінскую губернскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт  (руск.) Маскоўскага ўніверсітэта[1].

Вокладка кнігі Усевалада Гаршына «Сігнал» з аўтографам Ядвігіна Ш. Міколу Янчуку

8 сакавіка 1890 года за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Ядвігін Ш. быў арыштаваны і зняволены на некалькі месяцаў у Бутырскую турму  (руск.), за чым паследавала выключэнне з універсітэта[1][3]. У турме ён пераклаў папулярнае на той час апавяданне У. Гаршына  (руск.) «Сігнал»[1], выдадзенае ў Маскве ў 1891 годзе[5]. У часе зняволення становіцца сведкам зладжанага студэнтамі-араштантамі канцэрту, на якім са сваімі нацыянальнымі песнямі і танцамі выступалі рускія, украінцы, літоўцы, латышы, каўказцы і палякі[6]. Пасля канцэрту члены Мінскага зямляцтва вырашаюць заснаваць першы беларускі гурток моладзі ў Маскве[6].

Па вызваленні з турмы Ядвігін Ш. не дамагаецца аднаўлення ва ўніверсітэце. Ён здае экзамен на аптэкарскага практыканта, праходзіць практыку ў адной з маскоўскіх аптэк і выяжджае на Беларусь, дадому ў фальварак Карпілаўку. Тут ад цяжкай хваробы памірае яго бацька, а неўзабаве здараецца пажар, які знішчыў бацькоўскі дом. Ядвігін Ш. будуе для сям’і невялікую хатку з двух пакояў і кухні, а сам адпраўляецца ў Мінск і здае экзамен на аптэкара[5]. Пасля непрацяглай практыкі пераводзіцца ў Радашковічы, дзе працуе памочнікам правізара і будуе Карпілаўскі дом[5].

Радашковіцкі гурток інтэлігенцыі[правіць | правіць зыходнік]

Памятная шыльда ў гонар пісьменніка ў Радашковічах. Надпіс: У Радашковічах у 1891—1897 гг. жыў і працаваў памочнікам аптэкара вядомы беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі 1868—1922 гг.)[7]

У Радашковічах Ядвігін Ш. стаў сябрам гуртка мясцовай інтэлігенцыі, браў удзел у літаратурных вечарынах — дэкламаваў вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча. У 1892 (паводле іншых звестак у 1893) напісаў камедыю «Злодзей», якую з ініцыятывы Яна Якуба Офенберга, аднаго з арганізатараў Радашковіцкага гуртка беларусаў-інтэлігентаў, меркавалася паставіць на платнай маёўцы, а збор са спектаклю перадаць на адкрыццё местачковай лякарні[5]. Сакратар Маскоўскага этнаграфічнага таварыства М. Янчук, які спрыяў справе культурнага адраджэння беларусаў і трымаў сувязь са студэнцкімі зямляцтвамі ўніверсітэта і сельскагаспадарчай акадэміі (студэнтам апошняй быў Ядвігін Ш.), імкнуўся атрымаць дазвол цэнзуры на выданне п’есы і на пастаноўку яе на сцэне, аднак так і не дамогся гэтага[8]. Тым не менш, у 1892 годзе было вырашана паставіць п’есу без цэнзурнага дазволу.

За колькі дзён да маёўкі была празначана генеральная проба. Але да судовага следчага, нібыта ў госці, прыехаў з Вілейкі павятовы пракурор, які дазнаўся пра пастаноўку п’есы, што не прайшла цэнзуры. Пракурор даў зразумець следчаму, што спектакль, яшчэ і на забароненай тады беларускай мове, можа прынесці ўсёй мясцовай адміністрацыі вялікія прыкрасці[8]. Пасля такога папярэджання пракурора спектакль так і не адбыўся[8]. Сама камедыя ў свой час не была надрукаваная, а рукапіс не захаваўся[5]. Як адзначаў беларускі драматург Францішак Аляхновіч у сваёй манаграфіі «Беларускі тэатр», рукапіс камедыі да Другой сусветнай вайны захоўваўся ў архіве Рамуальда Зямкевіча[9][10].

Шлюб і вяртанне ў Карпілаўку[правіць | правіць зыходнік]

Шлюбнае фота Антона і Люцыі

У 1894 годзе Антон Лявіцкі пабраўся шлюбам з радашковіцкай швачкай Люцыяй Аляксандраўнай Гнатоўскай, якая па сканчэнні віленскай школы крою і шыцця працавала ў мястэчку[5]. Па ўспамінах дачкі, Ванды Лявіцкай, Люцыя была маладзейшая за свайго мужа на пяць гадоў. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей: Ванда, Лявон, Вацлаў і Казімір.

Тым часам Антон Лявіцкі ужо загадваў крамай-каапэрацыяй запаснога насення землеўласнікаў, бо па стане здароўя мусіў адмовіцца ад аптэкарства. Аднак, пагарэўшы на пасадзе крамніка, даклаўшы, каб развязацца з ёю, нямала сваіх грошай, Ядвігін Ш. пераехаў назад у Карпілаўку, дзе пачаў займацца садоўніцтвам і літаратурнаю творчасцю[5].

У 1903—1904 гадах супрацоўнічаў з мінскімі і віленскімі прагрэсіўнымі выданнямі: выступаў з апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару на рускай і польскай мовах, дзе закранаў пытанні нацыянальнага кшталту, праблему перыядычных выданняў на роднай мове, сялянскага жыцця і інш., якія, аднак, асаблівай вядомасці яму не прынеслі[5]. Першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове, якое мела назву «Суд»[1], было надрукаванае ў трэцім нумары газеты «Наша доля» 20 верасня 1906 года[11], якое ў 1910 годзе было перакладзена на ўкраінскую мову з прыхільнымі водгукамі аб аўтары як аб арыгінальным беларускім празаіку[5]. Таксама тагачасная беларуская крытыка не ўнікнула адзначыць у ім талент сатырыка і гумарыста[5].

Маёнтак Ядвігіна Ш. часта наведваў сын суседа-арандатара Дамініка Луцкевіча па імені Ян, які пазней стане буйнейшым беларускамоўным паэтам XX стагоддзя пад псеўданімам Янка Купала[4]. Пра сустрэчы з Антонам Лявіцкім ён пазней успамінаў:

" У перыяд 1904—1906 гг. …я пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (жылі мы па суседстве). Гэта была для мяне вялікая падзея. Я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які быў не толькі пісьменнікам, але і пісаў па–беларуску. 3 ім я вельмі зблізіўся. Ён мне шмат расказваў пра незнаёмыя мне дагэтуль пісьменніцкія справы і г. д. Чалавек ён быў з вышэйшай адукацыяй (праўда, універсітэту з-за рэвалюцыйных справаў не закончыў), прытым вельмі цікавым і дасціпным субяседнікам.[12] "

Адзіная дачка Ядвігіна Ш., Ванда Лявіцкая, пра сустрэчы яе бацькі з Янкам Купалам успамінала:

" Купала прыходзіў да нас браць кнігі. Чытаў тату свае вершы і ў хуткасці стаў друкаваць іх у «Нашай ніве». 3 татам яны вялі доўгія гутаркі… "

Сталая літаратурная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Ядвігін Ш. у 1894 годзе
Дачка Ядвігіна Ш. Ванда Лявіцкая з мужам Язэпам Лёсікам і дзецьмі Юрасём, Люцыяй і Алесяй

У 1909—1910 г. жыў у Вільні, працаваў сакратаром, а затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». Шмат піша і друкуецца. У 1913 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Беларус». На гэты час прыпадае найбольш плённы ў жыцці пісьменніка перыяд 1906—1914 гадоў[5].

Увесну 1910 года пісьменнік здзяйсняе сваю даўнюю мару — павандраваць пешшу па Беларусі. Ён пешшу з Вільні да Карпілаўкі праходзіць больш за 500 км[11]. У сваіх падарожных нататках, апублікаваных у «Нашай Ніве» пад назваю «Лісты з дарогі», Ядвігін Ш. распавядае пра мястэчкі і вёскі, цікавых людзей, што сустракаліся яму на шляху, а таксама разважае над эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі беларускага сялянства[1], выказвае шмат думак пра родную мову і народную асвету[13].

Адзін за адным — у 1912 годзе «Бярозкі», а ў 1914 годзе «Васількі» — выйшлі два зборніка апавяданняў пісьменніка[5]. Апошні з іх быў выдадзены ў друкарні Марціна Кухты пры грашовай падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл[14]

З лістапада 1913 да студзеня 1915 года Ядвігін Ш. пераяжджае з Вільні ў Мінск, дзе арганізоўвае і становіцца тэхнічным рэдактарам штомесячных беларускіх часопісаў: сельскагаспадарчага «Саха» і для дзяцей і моладзі «Лучынка».

У часе Першай сусветнай вайны працуе ў Мінскім цэнтральным бюро працы і кіраўніком швацкіх майстэрняў вайсковага рыштунку[13]. Арганізаваў беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны, дзе пазнаёміўся з Максімам Багдановічам[4], ставіў спектаклі.

З восені 1916 да лютага 1917 года Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч сустракаліся амаль штодня: у беларускай кнігарні, у «Беларускай хатцы» і на вуліцах Мінска. Пазней ён наведаў маёнтак пісьменніка ў Карпілаўцы. М. Багдановіч перакладаў на ўкраінскую мову творы Ядвігіна Ш.: «Зарабляюць», «З бальнічнага жыцця», «Падласы», «Рабы», «Вяселле», «Скакатушка», «Васількі», «Гадунец», «Чортава ласка», «Дачэсныя», «Ліст сабакі» да рэдакцыі «Нашай Нівы», «Сіло», «Награда» і «Сабачая служба»[14].

Падчас Першай сусветнай вайны ў Карпілаўцы працаваў прытулак для дзяцей бежанцаў, дзе ўся праца з дзецьмі вялася па-беларуску. Ёсць меркаванне, што менавіта паездка ў Карпілаўку падштурхнула М. Багдановіча да пачатку працы па напісанні беларускага буквара[15].

У часе вайны Ядвігін Ш. захварэў на сухоты горла. У 1918 годзе яго стан рэзка пагоршыўся, што вымусіла яго легчы на лячэнне ў Мінскі шпіталь, а потым выехаць на жыхарства ў Карпілаўку. Праз некаторы час пісьменнік пачынае супрацоўнічаць з газетай «Беларус», друкуе там свой раман «Золата» (1920) — адзін з першых твораў буйнога эпічнага жанру ў беларускай літаратуры[1][16]. Увосені 1920 года Ядвігін Ш. прыязджае ў Вільню і рыхтуе да выдання свае «Успаміны», першую частку якіх выдае ў 1921 годзе[13].

У пачатку 1922 года здароўе пісьменніка значна пагаршаецца і 24 лютага ў адным са шпіталяў Вільні ён памірае.

Магіла на віленскіх могілках Роса, 2019 г.

Пахаваны на ў Вільні на могілках Росы на літарацкай горцы[13].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 1917 году Антон Лявіцкі ўдзельнічаў у З’ездзе беларускіх арганізацый, працаваў у яго камісіі друку і земскай камісіі. У ліпені 1917 — актыўны ўдзельнік З’езду беларускіх арганізацый і партый, абраны ў выканаўчы камітэт Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацый. У кастрычніку 1917 стаў сябрам выканаўчага камітэту Вялікай Беларускай Рады. З сакавіка 1918 года — сябра Рады БНР.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай народнай партыі сацыялістаў і партыі «Зялёны Дуб».[17]

Псеўданім[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне псеўданіма Антона Лявіцкага — Ядвігін Ш. — у 1968 годзе раскрыла дачка пісьменніка Ванда Лявіцкая. Яна паведаміла, што ў маладосці бацька быў моцна закаханы ў нейкую Ядвігу Шабуневіч з Радашковічаў. Пасля яны рассталіся. Першае каханне асела назаўсёды, і калі ён пачаў друкавацца, не раздумваючы ўзяў сабе за псеўданім імя і скарочанае да адной літары прозвішча былой каханай[18].

Зрэшты, у літаратуразнаўстве існавалі і іншыя версіі. Паводле Уладзіміра Содаля, пасля публікацыі абразка «Суд», на пытанне чаму ён падпісаны такім псеўданімам аўтар жартаўліва[19] адказваў: «Вот я вам кажу ў хаце — ша! Дык і — Ша…»[19].

Прыяцелька Антона Лявіцкага Зоська Верас расказвала, што нібыта яму вельмі падабалася адна з унучак Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ці хтось іншы ў Люцінцы, каго звалі Ядвіга[20]. Закахаўшыся яшчэ ў гады навучання ў школе Камілы Марцінкевіч, ужо дзецюком ён нібыта наведваўся да той Ядвігі. Найчасцей позна ўвечары, калі ў хаце ўсе спалі. Патрывожаная Ядвіга скрозь сон пыталася «Хто тут?». Малады Лявіцкі, прыклаўшы палец да вуснаў шаптаў «Ядвіга, ша, ціха… Гэта я…»[20].

Гэтак жа тлумачыць гісторыю псеўданіма і Хведар Ільяшэвіч, аўтар кнігі «Антон Лявіцкі. Жыццё і літаратурная творчасць». Згадваючы запісы Ядвігіна Ш. у «Лістах з дарогі», даследнік звяртае ўвагу на цікавае прызнанне Лявіцкага:

" Бывае находзяць думкі — іншы раз вясёлыя, то зноў сумныя, але такія дарагія, такія патайныя, што ажно аглядаешся, быццам баішся, каб хто не падслухаў, не падгледзеў, не дагадаўся іх, бо іх ведаць ніхто не павінен[21]. "

Перачытваючы згаданы запіс, Хведар Ільяшэвіч выказаў меркаванне:

" Апошнія словы даюць повад думаць, што будучы пісьменнік… перажыў у Люцінцы нешта глыбокае. Можа гэта было першае дзіцячае каханне? Можа тут ужо зачаравалі яго, «як васількі», вочы? Можа гэта была Ядвіга? І адсюль паўстане псеўданім пісьменніка?[21] "

Часам Ядвгін Ш. вар’іраваў свой псеўданім, скарачаў яго да ініцыялаў, падпісваў творы ды розныя допісы аднымі толькі ініцыяламі — «Я. Ш.», «Ja.», «Sz.», «Ja.», «Š», «Ša», «Sz»[20]. Як адзначае Янка Саламевіч, цікавым фактам з’яўляецца тое, што некаторыя чыноўнікі Міністэрства культуры памылкова вымаўлялі яго псеўданім як Ядвігін Трэці[18].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Ссыльны здымак Вацлава Лявіцкага (справа) з дарчым надпісам па-беларуску: На памяць даражэнькай мамачцы і сястрыцы ад В. Лявіцкага. 38 года X. 26

З жонкай Люцыяй Аляксандраўнай Лявіцкай (народжанай Гнатоўскай; 1874, Вільня — 20.4.1945, Нежын) мелі чатырох дзяцей: Ванду, Лявона, Вацлава і Казіміра.

Пасля смерці пісьменніка ў 1928 годзе яго жонку раскулачылі[22], яна памерла ў 1945 годзе ў вялікай галечы ў Нежыне[4]. Сыны Ядвігіна Ш. — Вацлаў і Казімір — былі сасланыя і на Беларусь не вярталіся. Старэйшы сын Лявон загінуў у часе Другой сусветнай вайны. Адзіная дачка пісьменніка, Ванда Лявіцкая, якая ўвосені 1917 года пабралася шлюбам з беларускім нацыянальным дзеячам Язэпам Лёсікам, загінулым у 1940 годзе ў саратаўскай турме, адправілася за мужам у ссылку[4]. У іх было трое дзяцей: Юрась, інжынер-энергетык, жыў у Армавіры; Алеся, настаўніца, — у мястэчку Татарка  (руск.) Стаўрапольскага края; Люцыя, настаўніца, — у Ліпецку[23].

Хросным бацькам дзяцей Ванды — Люцыі і Алесі — быў Янка Купала[4]. У 1992 годзе Люцыя і Алеся прыязджалі на месца колішняга радавога маёнтку Карпілаўкі[23].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Духоўны свет пісьменніка напоўнены пачуццём нацыянальнага самаадчування, нацыянальнай самасвядомасці. Яшчэ ў камеры Бутырскай турмы, пад беларускія песні студэнтаў Мінскага і Віленскага зямляцтваў, паводле яго слоў, «пазнаў я сябе беларусам». 3 захапленнем ён пісаў пра «выдатныя вершы Янкі Лучыны» і "цудоўныя вершы «Беларускай дудкі». Думку пра тое, што жывая беларуская мова «гладкая, пявучая, лірычная, багатая ў словы і звароты, каторых хватае выказаць нават такія чароўныя творы, як Міцкевіча», Ядвігін Ш. пацвердзіў сваёй мастацкай творчасцю.

Літаратурную дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Гаршына «Сігнал» (выдадзена ў Маскве ў 1891). У 1892 напісаў камедыю «Злодзей» (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс згубіўся). Першае апавяданне на беларускай мове «Суд» апублікаваў у 1906 («Наша доля»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (Вільня, 1912, 1923), «Васількі» (Вільня, 1914), «Апавяданні» (1940, 1946), падарожнага нарыса «Дзед Завала» (Вільня, 1910), кнігі «Успаміны» (Вільня, 1921), няскончанага рамана «Золата». Таксама аўтар шэрага рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Вокладка кнігі «Васількі»

Ядвігін Ш. увайшоў у беларускую літаратуру як навеліст, нарысіст, фельетаніст, перакладчык, аўтар аднаго з першых беларускіх раманаў. Пісаў ён на беларускай, польскай і рускай мовах.

Першыя апавяданні пісьменніка лічацца мастацкімі апрацоўкамі, інтэрпрэтацыямі народных жартаў, анекдотаў, гутарак, казак, нагадваюць байкі ў прозе і характарызуюцца вострай сатырычнай скіраванасцю. У іх выкрываюцца зайздрасць, сквапнасць, празмерная цікаўнасць, забабоннасць і іншыя заганы чалавечай натуры. Героямі іх у большасці выпадкаў з’яўляюцца простыя людзі, сяляне, якім аўтар спачувае і якіх павучае з пазіцый народнай маралі. Так у серыі гумарыстычных навел «Вучоны бык», «З маленькім білецікам», «Пазыка», «Заморскі звер», «Цырк» сяляне трапляюць у даволі кур’ёзныя сітуацыі гарадскога жыцця, дзе паводзяць сябе па-дзіцячы наіўна, даверліва, неразважліва, часам без усякай логікі. Апавяданне «Рабы» з’яўляецца вострай крытыкай на людское хамства, блізарукае жыццё, «Падласенькі» — сатырай на тых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія, вывучыўшыся на бацькоўскія грошы, адракаліся ад іх, «Важная фіга» — высмейваннем злых і сварлівых свякрух, «Дачэсныя» — выкрыццём сквапнасці, несумленнасці, няўдзячнасці, ашуканства.

Пазнейшыя творы пісьменніка характарызуюцца большай рэалістычнасцю, сацыяльнай завостранасцю. Цяжкая доля вясковай жанчыны паказваецца ў апавяданнях «Гаротная» (пра шматпакутнае жыццё Тамачыхі), «Бярозка» (аб нялюбым замужжы і горкім лёсе Марыські), «Шчаслівая» (аб сквапнай жонцы, якая, падманутая мужам, памірае з думкай аб золаце ў гаршчку, дзе на самай справе знаходзілася ўсялякае смецце).

Казачны сюжэт, зачын і паўторы, сказавая манера пісьма і многія іншыя прыкметы фальклорнай паэтыкі, псіхалагічная заглыбленасць, прытчавая форма асэнсавання праблем чалавечага быцця арганічна спалучаюцца ў апавяданні «Дуб-дзядуля». Змест твора складае сон-сімвал. Змучаны цяжкай працай селянін прылёг адпачыць у цяні дуба і заснуў. У сне ён шукае ваду старому дубу. Пошукі прыводзяць селяніна да трох азёр, ля якіх ён сустракае трох бабуль — Працу, Бяду і Цярпенне. Бабулі хочуць дапамагчы людзям, але іх вялікія намаганні не могуць пазбавіць чалавека поту, слёз і крыві. У апавяданні паказваецца цяжкі лёс беларускага селяніна, выказваецца шчырае спачуванне народу, мара аб яго лепшым будучым.

Раман Ядвігіна Ш. «Золата» спалучае ў сябе рэалістычныя, рамантычныя і дэтэктыўныя прыёмы і сродкі і раскрывае тэму ўлады грошай, іх згубнага ўплыву на чалавека.

Наватарская заслуга Ядвігіна Ш. і ў развіцці жанру мемуараў. У асобе апавядальніка чытач бачыць не раўнадушнага фактографа, а чалавека, ахопленага самымі рознымі пачуццямі: то светлай журбой, то пафасам народнага заступніцтва, то дасціпным гумарам. У гутарковую апавядальную плынь натуральна ўключаюцца фразеалагізмы.

Яго адзначае своеасаблівая стылявая манера, для якой характэрна чуласць да народнага слова і вобраза, дынамічнае, не застылае ў сваіх сувязях і значэннях слова, змястоўнасць формы. Сваёй творчасцю Ядвігін Ш., пісьменнік з «пэўна скрышталізаванай індывідуальнасцю і для беларускай літаратуры характэрнай»[24], заклаў традыцыі, якія знайшлі далейшае развіццё ў творах майстроў мастацкага слова.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Сігнал. Пераклад У. Гаршына  (руск.). (Масква, 1891).
  • «Злодзей» (камедыя, 1892, не захавалася)
  • «Суд» (апавяданне, 20 верасня 1906)
  • Дзед Завала. (нарыс, Вільня, 1910).
  • «Лісты з дарогі» (1910)
  • Зборнік апавяданняў «Бярозка». (Вільня, 1912, 1923).
  • Зборнік апавяданняў «Васількі». (Вільня, 1914).
  • Зборнік апавяданняў «Беларускія жарты». (1914).
  • «Золата» (раман, 1920)
  • Успаміны. (Вільня, 1921).
  • Зборнік «Апавяданні». (1940, 1946).
  • Выбраныя творы. (1976).
  • Выбраныя творы. (Мінск: Мастацкая літаратура, 2006. 289 с.)

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт Ядвігіна Ш. у 1994 годзе стварыў Анатоль Змітравіч Крывенка[25].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Ядвигин Ш. // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 715. — 737 с.
  2. Содаль. У. Вугельчыкі з попелу // Роднае слова. — Мн.: 1999. — № 12. — С. 183.
  3. а б Дышлевіч, А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 9.
  4. а б в г д е Людміла Рублеўская. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Советская Белоруссия (23 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2011. Праверана 21 снежня 2010.
  5. а б в г д е ё ж з і к л Дышлевіч, А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 10.
  6. а б Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 416. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  7. Паводле старога стылю
  8. а б в Язэп Дыла. Тэатральная «задума» 1892 г. у Радашковічах // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 294. — 351 с.
  9. Аляхновіч, Ф.. Беларускі тэатр // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 37.
  10. Беларускі тэатр
  11. а б Ядвігін Ш. // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  12. Купала Я. Зб. тв.: У 7т. Т. 7.С. 431—432
  13. а б в г Дышлевіч, А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 12.
  14. а б Уладзімір Содаль. Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч. Наша Ніва. Праверана 2 жніўня 2011.(недаступная спасылка)
  15. Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. /В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык, К. М. Мароз і інш. Пад рэд. В. Я. Ляшук. — Мн.: Рэдакцыя часопіса «Крыніца», 1997. — 608 с.: іл.
  16. Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 418. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  17. Яны былі першыя: Антон Лявіцкі
  18. а б Янка Саламевіч Ядвігін Ш.. — Мн.: 2009. — № 1.
  19. а б Уладзімір Содаль Летуценнік з Карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 71.
  20. а б в Уладзімір Содаль Летуценнік з карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 72.
  21. а б Ільяшэвіч Х. Антон Лявіцкі. Жыццё і літаратурная творчасць. — Вільня, 1933. — С. 11.
  22. Ядвігін Ш. // spadchyna.net
  23. а б Содаль, У. Летуценнік з Карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 73.
  24. Багдановіч М. Зб. тв. — Мн., 1968. Т. 2. С. 125
  25. Ядвігін Ш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дышлевіч А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 10.
  • Лойка А. А. Ядвігін Ш. (1868—1922) // Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. — Мн., 1989. Ч. 2.
  • Праскаловіч В. У. Ядвігін Ш. // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мн.: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с. ISBN 978-985-465-898-8
  • Пятуховіч М. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыцьцё і літаратурная дзейнасьць // Запіскі аддзелу гуманітарных навук Інстытуту Беларускае Культуры. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. Т. 1. Менск, 1928. С. 276—290.
  • Содаль. У. Вугельчыкі з попелу: Малавядомыя старонкі з біяграфіі Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1999. — № 12. — С. 183—184.
  • Старычонак В. Дз. Беларуская літаратура ад А да Я. — Мн.: Выш. шк., 1998. с. 510—512.
  • Шкраба І. Ядвігін Ш. // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 642—644 ISBN 5-85700-126-9.
  • Ядвігін Ш. // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Ядвігін Ш. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]