Талій

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Талій
СрэбраТалійСвінец
In
Tl
Uut  
 
 
Агульная інфармацыя
Назва, сімвал, парадкавая лічба Талій, Tl, 81
Серыя Металы
Група, Перыяд, Блок 13 (XIIIA), 6, p
Суадносіны масы ў абалонцы Зямлі 3 · 10−5 %

Талій (лат. Thallium), Tl — хімічны элемент ІІІ групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 81, атамная маса 204,38. Прыродны талій — сумесь стабільных ізатопаў 203Tl (29,5%) і 209Tl (70,5%). Сустракаюцца радыёактыўныя ізатопы 207Tl—210Tl . На свежым разрэзе — шэры бліскучы метал. Рассеяны элемент, у зямной кары 3•10−4% па масе. Адкрыты ў 1861 спектральным метадам англічанінам У.Круксам і незалежна ад яго французам К.А.Лямі, які атрымаў металічны талій. Названы па колеры (ярка-зялёны) характэрнай спектральнай лініі (ад грэч. thallos — маладая зялёная галінка).

Фізічныя і хімічныя ўласцівасці[правіць | правіць зыходнік]

Талій — мяккі метал, на паветры лёкка акісляецца і хутка тускнее, узаемадзейнічае з кіслародам і галагенамі ўжо пры пакаёвай тэмпературы, з серай і фосфарам — пры награванні. Раствараецца добра ў азотнай, горш у сернай кіслотах, не раствараецца ў галагенвадародных, мурашынай, воцатнай кіслотах. Не ўзаемадзейнічае з растворамі шчолачаў; свежаперагнаная вада, што не ўтрымлівае кіслароду, не дзейнічае на талій.

У прыродзе сустракаюцца пераважна злучэнні аднавалентнага і радзей трохвалентнага талія. Вядома сем мінералаў талія (круксіт, ларандыт і інш.), усе яны крайне рэдкія. Найбольшую геахімічную сходнасць талій мае з каліем, рубідыем, цэзіем, а таксама са свінцом, серабром, вісмутам.

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

У прамысловых маштабах тэхнічны талій атрымліваюць папутна пры перапрацоўцы сульфідных руд каляровых металаў і жалеза. Яго здабываюць з паўпрадуктаў свінцовай, цынкавай, кадміевай і меднай вытворчасці.

Выкарыстоўваецца як кампанент падшыпнікавых і кіслотатрывалых сплаваў на аснове свінцу і волава, амальгама талія (вадкасць з тэмпературай застывання -59оС) — для нізкатэмпературных тэрмометраў, штучны радыёнуклід 204Tl (перыяд паўраспады 3,56 года) — у якасці крыніцы ß-выпраменьвання, галагеніды (хларыд і брамід) — для вырабу лінзаў і іншых дэталей прыбораў інфрачырвонай тэхнікі, фотаэлементаў высокай адчувальнасці, люмінесцэнтных лямпаў. Водны раствор сумесі мурашына- і малонавакіслага талія прымяняюць для раздзялення мінералаў па шчыльнасці.

Талій і яго злучэнні выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі (для выдалення валасоў), а таксама як інсектыцыды і радэнтыцыды (сродкі супраць насякомых, мышэй і пацукоў).

Небяспечныя і шкодныя фактары[правіць | правіць зыходнік]

Талій і яго злучэнні — моцныя яды, які паражаюць цэнтральную нервовую сістэму, страўнікава-кішачны тракт, ныркі, а таксама выклікаюць выпадзенне валасоў (пілатропны эфект). Талій пранікае ў арганізм праз органы дыхання, непашкоджаную скуру і стрававальны тракт. Выводзіцца з арганізма на працягу доўгага часу.

Талій і яго злучэнні па ступені ўздзеяння на арганізм чалавека адносяцца да надзвычай небяспечных рэчываў (1-ы клас небяспекі). З усіх вывучаных арганічных злучэнняў талія найбольш таксічным з'яўляецца мурашынамалонавакіслы талій.

Такія характарыстыкі талія сталі прычынай павышаных патрабаванняў да памяшканняў, абсталявання, тэхналагічных працэсаў і стану паветранага асяроддзя. Усе работы з ім выконваюцца ў асобных ізаліраваных памяшканнях, абсталяваных механічнай прыточна-выцяжной вентыляцыяй з адмоўным паветраным балансам. Рэцыркуляцыя паветра ў такіх памяшканнях не дапускаецца. Сцены, столь, падлога такіх памяшканняў выконваецца з матэрыялаў, якія мала сарбіруюць і лёгка мыюцца. Абсталяванне і мэбля вырабляюцца з матэрыялаў з гладкім пакрыцём, якое лёгка паддаецца ачыстцы (можа выкарыстоўвацца абсталяванне, што прымяняецца для работы з радыёактыўнымі ізатопамі).

Асаблівасці атручэння таліем[правіць | правіць зыходнік]

Атручэнне таліем і яго злучэннямі пры пападанні ў арганізм чалавека праз рот працягваецца некалькі тыдняў (2—3 тыдні), прычым праз 3—4 сутак пасля прыёму яду наступае ўяўнае добрае самаадчуванне. Па гэтай прычыне хуткая дыягностыка, ажыццяўленне неадкладных лячэбных мерапрыемстваў у многім вызначаюць зыход атручання. Найбольшая пранікальная здольнасць (у тым ліку праз скуру) — у хларыда талія, сульфата талія і ацэтата талія. Летальная доза пры пападанні сульфата талія ў арганізм чалавека праз рот складае каля 1 г.

Сімптаматыка атручэння таліем і лячэнне атручэння[правіць | правіць зыходнік]

Вострае атручэнне: галаўны боль, агульнае недамаганне, сутаргі, бяссонніца, атактычная паходка, выпадзенне валасоў; развіваюцца полінеўрыты з растройствам адчувальнасці; у далейшым наступаюць парэзы, паралічы. Адсутнасць апетыту, болі пры глытанні, рвота, крывавы панос, болі ў жываце. Прыклеты паражэння печані і нырак.

Хранічнае атручэнне: болі ў суставах ног, слабасць у канечнасцях, сутаргі ў мышцах, знікненне сухажыльных рэфлексаў, дрыжанне павек, полінеўрыты, выпадзенне валасоў, слінацячэнне, страта апетыту, рвота, панос, пахудненне, дэпрэсія, павышэнне стамляльнасці. Назіраюцца таксама паражэнні печані і нырак, паражэнне вачэй і расстройствы зроку, дэрматыты.

Лячэнне атручэння:

  • пры выпадковым прыёме ўнутр — прамыванне страўніка вадой з сумессю актывіраванага вуглю, солевае слабіцельнае; унутрывенна — тыёсульфат натрыя (30% — 10 мл); прымаць актывіраваны вугаль па 2—3 г 3—4 разы на дзень на працягу 2 тыдняў;
  • пры парушэнні дыхання — 1 мл лабеліна (1%) альбо цыцітон унутрывенна (1 мл); удыханне кіслароду. Па паказаннях — сардэчныя сродкі (кафеін 10%, кардыямін 25% па 1—2 мл падскурна; карглюкон 0,06% — 1 мл унутрывенна);
  • пры паражэнні нервовай сістэмы рэкамендуецца дыбазол (2% — 1 мл падскурна), вітаміны В1, В6 і В12. Пры сутаргах — хлоралгідрат 2% 100 мл (у клізме). Рэкамендуецца, акрамя таго, унутр метыянін па 0,5 г 3 разы на дзень% ліпакаін па 0,1 г 3 разы на дзень і 20%-ы раствор халінхларыда па 1 чайнай лыжцы 3—4 разы на дзень.[1]

У гісторыі вядомыя факты наўмыснага атручэння таліем. Адзін з апошніх выпадкаў (са смяротным вынікам) адбыўся ў лістападзе 2006 ў Лондане, ахвяра — палітычны бежанец, былы супрацоўнік ФСБ РФ А.Літвіненка (паводле другой версіі быў выкарыстаны радыёактыўны ізатоп палонія Po210). Існавалі планы амерыканскіх спецслужб атруціць таліем кубінскага лідара Ф.Кастра (не рэалізаваныя).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Дадатак да Міжгаліновых правіл па ахове працы пры рабоце з таліем і яго злучэннямі. Зацверджана Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 17.08.2006 № 95/6

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]