Савецка-кітайскі раскол
Савецка-кітайскі раскол — дыпламатычны, ідэалагічны і палітычны канфлікт паміж СССР і КНР.
Карані канфлікту ляжаць у рэзкім ідэалагічным павароце СССР пасля смерці І. Сталіна. Новае кіраўніцтва краіны на чале з М. Хрушчовым абвясціла выкрыццё культу асобы Сталіна і мірнае суіснаванне сацыялістычнай і капіталістычнай сістэм (гл. Хрушчоўская адліга). Гэтыя крокі не знайшлі разумення ў КНР. Іншым праблемным момантам стала тое, што Масква настойвала на салідарнасці сацыялістычных краін пад сваёй эгідай. У сваю чаргу савецкі бок не быў задаволены пекінскімі ідэямі рэвалюцыйнай барацьбы. Часам кітайскае кіраўніцтва не грэбавала нават сусветнай ядзернай вайной як сродкам барацьбы з імперыялізмам.
Да канца 50-х гадоў бакі ўсё часцей абменьваліся ўзаемнымі выпадамі ў адрас адзін аднаго на з’ездах сацыялістычных партый, у афіцыйным друку, праз паслоў і дэлегацыі. Кітай крытыкаваў КПСС за рэвізіянізм і змякчэнне палітыкі з Захадам. СССР крытыкаваў КПК за сацыяльныя эксперыменты накшталт «Вялікага скачка», за грубую знешнюю палітыку, якая справакавала другі тайваньскі крызіс, кітайска-індыйскі памежны канфлікт (у ім СССР упершыню не падтрымаў Пекін). Апагеем канфрантацыі сталі памежныя сутыкненні на востраве Даманскі і на возеры Жаланашколь. Новы віток супрацьстаяння пачаўся ў сувязі з кітайска-в’етнамскай вайной 1979 года.
У 80-я гады двухбаковыя адносіны пачалі нармалізавацца. Працэс быў запушчаны ў апошнія месяцы кіравання Л. Брэжнева і працягнуты пры М. Гарбачове.
Раскол прывёў да глыбокага крызісу ў адносінах дзвюх краін. Гандаль КНР з Савецкім Саюзам скараціўся за 1960—1967 гады амаль у 16 разоў. Але на фоне крызісу адносін з Масквой, Кітай здолеў да пачатку 70-х гадоў выйсці з палітычнай ізаляцыі, усталяваўшы дыпламатычныя адносіны з шэрагам развітых краін, а на працягу 70-х гадоў наладзіць адносіны з ЗША. У 1971 годзе КНР стала пастаянным членам Савета Бяспекі ААН (у тым ліку, пры настойлівай падтрымцы СССР). Кітай стаў актыўна ўзаемадзейнічаць з развіванымі краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, афармляючы блок дзяржаў, якія не захацелі прымыкаць ні да капіталістычнага лагера, ні да сацыялістычнага.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Виноградов И.С. Основные вехи взаимоотношения КНР и СССР (России) // Современная научная мысль : журнал. — 2018.