Перайсці да зместу

Ур

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ур (шум. Urim) — старажытны горад-дзяржава на месцы сучаснага гарадзішча Тэль-Мукаяр, за 20 км на паўночны захад ад горада Насірыя ў Іраку.

Першае паселішча на гэтым месцы ўзнікла ў канцы V тыс. да н.э.

У XXIV—XXII ст. да н.э. горад падпарадкаваны суседнімі дзяржавамі — Лагашам, Умай, Урукам, царствам Акад і інш.

Каля XXI ст. да н.э. стаў сталіцай магутнай дзяржавы пад кіраваннем трэцяй дынастыі. Тэрыторыя Двухрэчча аб’ядноўваецца пад уладай Ура. Яго ўзвышэнне было адносна нядоўгім, але ў мастацтве адбыліся важныя змены, якія потым былі ўспрыняты культурамі многіх народаў Пярэдняй Азіі.

3 XVIII ст. да н.э. Ур пад уладай Вавілоніі, з VI ст. да н.э. — Ахеменідаў.

У канцы IV ст. да н.э. быў пакінуты жыхарамі меркавана праз змену клімату.

Археалагічныя раскопкі

3 1854 на тэрыторыі Ура вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі абарончых сцен, палацаў, храмаў, багатыя грабніцы, клінапісны архіў і інш.

Ур быў адным з буйных шумерскіх гарадоў. Яго культавыя будынкі ставіліся на штучных гліняных платформах, абкладзеных цэглай-сырцом. 3 яе ж узводзілі храмы, сцены якіх, а таксама плоскасці платформ апрацоўвалі лапаткамі, нішамі. У архітэктуры пераважалі простыя кубічныя аб’ёмы, амаль поўнасцю адсутнічалі крывалінейныя формы, як і асобна стаячыя вертыкальныя апоры.

Тут атрымлівае распаўсюджанне найбольш развіты тып культавага комплексу — зікурат (назва, магчыма, паходзіць з акадскай мовы — падымаць, будаваць высока або шумерскай мовы — нябесная вяршыня). Яго выгляд найбольш яскрава характарызуе грандыёзны храмавы комплекс цара Ур-Наму (XXI ст. да н. э.)

Храмавы комплекс цара Ур-Наму

Храмавы комплекс цара Ур-Наму (XXI ст. да н.э.) прысвечаны богу месяца Нану. Ад збудавання засталася толькі ніжняя частка — аснова вышынёй 20 м у форме агромністай усечанай піраміды. Нават па ёй можна ацаніць маштабную велічнасць комплексу. Зікурат складаўся з трох велізарных тэрас, якія паступова звужаліся да верху, дасягаючы 60 м. На першую тэрасу плошчай 65x43 м вялі тры лесвіцы, дзве з якіх прымыкалі да сцен. Дзве верхнія тэрасы аб’ядноўваліся адной лесвіцай. На вяршыні такой прыступ-кавай вежы знаходзілася свяцілішча бога Нану. Тэрасы былі розных колераў: ніжняя — чорная, сярэдняя, абкладзеная абпаленай цэглай, — чырванаватая, верхняя — белая. Сцены свяцілішча абліцаваны цэглай, якая пакрыта сіняй палівай. Колер, верагодна, меў сімвалічнае значэнне і адпавядаў розным матэрыялам, выкарыстаным у будаўніцтве, — бітуму, вапняку, цэгле і паліве. Нахіленыя бакі тэрас, аб’ёмы якіх памяншаліся па меры пад’ёму ўгару, мерны рытм прыступак лесвіц стваралі ўражанне бясконцага руху да неба. Маючы ўзаемасувязь з раннімі культавымі будынкамі на платформах, зікурат Ура дэманструе новы, больш развіты від храмавага комплексу, у кампазіцыі і формах якога ўвасаблялася ідэя праслаўлення магутнасці багоў і зямных уладароў. Невыпадкова ён стаў практычна адзіным варыянтам культавага збудавання ў наступныя стагоддзі на значнай тэрыторыі Пярэдняй Азіі.

Ад пабудаванага ва Убайдзе паблізу ад Ура храма багіні Нінхурсаг, якую лічылі маці ўсіх багоў (сяр. III тыс. да н. э.), захаваліся толькі руіны. Па яго рэканструкцыі можна меркаваць, што комплекс складаўся з традыцыйнай тэрасы і платформы, выкладзеных з сырцовай цэглы, якія злучаліся лесвіцамі, і свяцілішча. Новым на той час было выкарыстанне разам з сырцовай і абпаленай цэглы, увядзенне акрамя лапатак гарызантальных чляненняў у выглядзе арнаментаваных і фігуратыўных фрызаў у завяршэнні храмавых сцен. У пластычнае вырашэнне храма ўключаны драўляныя статуі ільвоў-ахоўнікаў, пакрытыя меднымі лістамі і пастаўленыя паабапал уваходу. Над ім знаходзіўся гарэльеф з выявамі ільвінагаловага арла Імдугуда і аленяў, якія павінны былі сімвалізаваць уладу бажаства над усімі насельнікамі навакольных гор і далін.