Гістарычны факультэт БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычны факультэт
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Эмблема
Будынак Гістарычнага факультэта БДУ
Будынак Гістарычнага факультэта БДУ
Англійская назва Faculty of History of the BSU
Заснаваны 1934
Дэкан Аляксандр Каханоўскі
Месцазнаходжанне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск, вул. Чырвонаармейская, 6
hist.bsu.by

Гістарычны факультэт БДУ – структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Гісторыя

З 1921 па 1934 год спецыялістаў па гісторыі рыхтавалі на двух факультэтах універсітэта: факультэце грамадскіх навук і педагагічным. Гістарычны факультэт адкрыўся ў 1934 годзе, яго першым дэканам стаў акадэмік АН БССР Васіль Шчарбакоў. Першапачаткова факультэт складаўся ўсяго трох кафедраў: гісторыі СССР і БССР, гісторыі старажытнага свету, якой кіраваў прафесар Мікалай Нікольскі) і сярэдніх вякоў (загадчык прафесар Уладзімір Перцаў). Першапачатковы штат факультэта складаўся з 18 выкладчыкаў (1 акадэмік, 2 прафесары, 10 дацэнтаў, 1 аспірант, 4 выкладчыка замежных моў). Першы набор склаў 67 студэнтаў.

З 1937 годзе на факультэце дзейнічае кафедра гісторыі новага і найноўшага часу (краін Еўропы і Амерыкі), якую да 1987 года бяззменна ўзначальваў прафесар Леў Шнеерсон. Гэта адзіная кафедра, якая не зведала рэарганізацыі за час існавання факультэта і захавала сваё першапачатковае найменне. У 1955 годзе адбылося аб'яднанне кафедры гісторыі старажытнага свету з кафедрай гісторыі сярэдніх вякоў у адну кафедру. У 1973 годзе была заснавана кафедра археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплін пад кіраўніцтвам прафесара Эдуарда Загарульскага. У 1992 годзе была створана кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства, якую ўзначаліў прафесар Уладзімір Сідарцоў. Падчас рэарганізацыі кафедры расійскай і славянскай гісторыі ў 1998 годзе была сфармавана кафедра гісторыі Расіі на чале з прафесарам Ігарам Аржэхоўскім і кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян, якую ўзначаліў дацэнт Анатоль Салькоў. У 2000/01 навучальным годзе агульнаўніверсітэцкая кафедра палітычнай гісторыі (былая кафедра гісторыі КПСС) увайшла ў склад кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу[1]. У 2001 годзе падчас рэарганізацый утварылася кафедра этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў. Першым загадчыкам стаў Павел Церашковіч. У 2008 годзе яго змяніў Тадэвуш Навагродскі.

За 1991-2000 гады агульная колькасць выкладчыкаў факультэта вырасла з 58 да амаль ста, у тым ліку колькасць дактароў і кандыдатаў гістарычных навук павялічылася з 9 і 42 да 17 і 64 адпаведна. Колькасць публікацый вырасла з 91 публікацыі аб'ёмам 115 друкаваных лістоў у 1991 годзе да 325 публікацый аб'ёмам 456 друкаваных лістоў у 2000 годзе[2].

Пры факультэце дзейнічаў шэраг аддзяленняў, якія затым аформіліся ў асобныя факультэты: філасофска-эканамічнае — у 1989 годзе, міжнародных адносін — у 1995 годзе. Напачатку 1990-х гадоў на факультэце былі створаны дзве навучальныя лабараторыі — інфарматыкі і тэхнічных сродкаў навучання, пазней была заснавана навучальная лабараторыя музеязнаўства.

Перыяд з 1999 па 2004 год быў для факультэта часам актыўнага пошуку формаў удасканалення яго арганізацыйнай структуры. У выніку былі зменены функцыі намеснікаў дэкана і прынята Палажэнне пра дэканат.

Сучаснасць

На сённяшні дзень гістарычны факультэт БДУ з'яўляецца кіроўным у Беларусі цэнтрам па падрыхтоўцы педагагічных і навуковых кадраў гісторыкаў, архівістаў, музеязнаўцаў, дакументазнаўцаў. Выкладчыкі факультэта адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні нацыянальнай гістарычнай школы і стварэнні нацыянальнай канцэпцыі гісторыі[3]. Падтрымліваюцца навуковыя кантакты з універсітэтамі Масквы, Кіева, Вільнюса, Львова, Іены, Бохума, Уроцлава, Варшавы, Любліна, Познані, Будапешта.

З пачатку сваёй дзейнасці факультэт падрыхтаваў звыш 10 тыс. спецыялістаў[4]. Штогод гэты лік павялічваецца прыкладна на 250 чалавек. Падрыхтоўка студэнтаў ажыццяўляецца па чатырох спецыяльнасцях — гісторыя (па накірунках), гісторыка-архівазнаўства, музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па накірунках), дакументазнаўства (па напрамках). Навучанне вядзецца на двух плынях — беларускамоўнай і рускамоўнай і доўжыцца пяць гадоў (на завочным аддзяленні — шэсць). З трэцяга курсу студэнты навучаюцца па абраным кірунку і спецыялізацыі.

Асноўнымі навуковымі кірункамі, у рамках якіх вядуцца даследаванні навуковых супрацоўнікаў факультэта, з'яўляюцца гісторыя Беларусі, палітычная гісторыя славянскіх краін, этна-культурныя працэсы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, гістарыяграфія, крыніцазнаўства, метады гістарычнага даследавання, гістарычная інфарматыка, гісторыя антычнага хрысціянства, гісторыя краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, германістыка, музейная праца, яе гісторыя.

На факультэце працуе 118 выкладчыкаў (з іх 19 прафесараў і 75 дацэнтаў)[5]. Колькасць студэнтаў - каля 2000 чалавек[5].

Структура

У складзе факультэта 9 кафедраў:

Кафедра Загадчык www
Кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў
дацэнт Юрый Казакоў
[1]
Кафедра гісторыі Беларусі новага і навейшага часу
дацэнт Аляксандр Каханоўскі
[2]
Кафедра гісторыі Расіі
прафесар Алег Яноўскі
[3]
Кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў
прафесар Віктар Фядосік
[4]
Кафедра гісторыі новага і навейшага часу
прафесар Уладзімір Кошалеў
[5]
Кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян
дацэнт Анатоль Салькоў
[6]
Кафедра крыніцазнаўства
дацэнт Сяргей Ходзін
[7]
Кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін
дацэнт Аляксандр Егарэйчанка
[8]
Кафедра этналогіі, музеялогі і гісторыі мастацтваў
дацэнт Тадэвуш Навагродскі
[9]
На факультэце таксама дзейнічаюць
  • гістарычны музей;
  • літаратурнае аб'яднанне;
  • дзве студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі;
  • асацыяцыя выпускнікоў факультэта.

Кіраўніцтва факультэта

Дэкан:

Намеснікі дэкана:

Дэканы факультэта

Спасылкі

Зноскі

  1. Кісялёў Дз. М. Гістарычная навука ў Белдзяржуніверсітэце ў 90-я гг. ХХ ст. / Дз. М. Кісялёў // Працы гістарычнага факультэта : навук. зб. Вып. 1 / рэдкал. : У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2006. — С. 26
  2. Кісялёў Дз. М. Гістарычная навука ў Белдзяржуніверсітэце ў 90-я гг. ХХ ст. / Дз. М. Кісялёў // Працы гістарычнага факультэта : навук. зб. Вып. 1 / рэдкал. : У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2006. — С. 20-21
  3. Кісялёў Дз. М. Гістарычная навука ў Белдзяржуніверсітэце ў 90-я гг. ХХ ст. / Дз. М. Кісялёў // Працы гістарычнага факультэта : навук. зб. Вып. 1 / рэдкал. : У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2006. — С. 19
  4. Да 75-годдзю факультэта
  5. а б Інфармацыя пра факультэт на сайце ўніверсітэта.