Абарыгены Канарскіх астравоў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Канарцы
Canarios Torriani 1590.jpg
Абарыгены Гран-Канарыі. Малюнак 1592 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Канарскія астравы
Мова гуанчскія мовы
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы берберы

Абарыгены Канарскіх астравоў (ісп.: Aborígenes canarios) — супольная назва тубыльцаў Канарскіх астравоў, заваяваных на працягу XV ст. іспанцамі.

У літаратуры таксама шырока выкарыстоўваецца іншая назва гуа́нчы (ісп.: Guanche), якая на самой справе адносіцца толькі да тубыльцаў вострава Тэнэрыфэ.

Назвы[правіць | правіць зыходнік]

Абарыгены Канарскіх астравоў не з’яўляліся адзіным народам і жылі досіць ізалявана адзін ад іншага, карысталіся рознымі саманазвамі[1]:

Назвы абарыгенаў Канарскіх астравоў
Сучасная назва вострава Назва на мове абарыгенаў Саманазва астравіцян
Тэнэрыфэ Chenech Guan Chenech, Chinet
Фуэртэвентура Maxorata Majorero, Maxo
Гран-Канарыя Tamaran
Эль-Ера Hero Bimbache
Пальма Benahoare Auarita
Гамера Gomera Gomero
Лансаротэ Tyteroygatra Maxo

Сучасная шырока распаўсюджаная назва гуанчы паходзіць ад саманазвы тубыльцаў Тэнэрыфэ Guan Chenech (літаральна «мужчыны з Тэнэрыфэ»). Канарцамі (лац.: Canarii) іспанскія заваёўнікі звычайна называлі карэнных жыхароў вострава Гран-Канарыя.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

На працягу XVI — XX стст. высоўваліся розныя тэорыі паходжання абарыгенаў Канарскіх астравоў, у тым ліку нібы ад кельтаў і нават дравідаў[2][3]. Аднак да другой паловы XX ст. яны сканцэнтраваліся пераважна на паходжанні ад выхадцаў з Паўночнай Афрыкі і Пірэнейскага паўвострава. На карысць гэтага сведчылі матэрыялы лінгвістыкі, фізічнай антрапалогіі, пазней — генетыкі. Так, было выяўлена, што мовы абарыгенаў з’яўляліся блізкімі да моў бербераў[4]. Даследаванне мумій, што знаходзілі ў месцах старажытных пахаванняў, паказала, што памерлыя абарыгены належылі да міжземнаморскага тыпу еўрапеоіднай расы, радзей — да тыпу, падобнаму на краманьёнскі[5]. Падзел старажытных астравіцян на 2 расавыя тыпы стаў прычынай меркавання пра 2 розныя хвалі перасяленняў.

Генетычныя даследаванні пачатку XXI ст. падцвердзілі блізкасць канарскіх тубыльцаў да еўрапеоіднага насельніцтва Паўночнай Афрыкі. Толькі невялікая частка генетычнага радаводу канарцаў належыць да папуляцый, шчыльна звязаных з мігрантамі з Пярэдняй Азіі, якія ў 7 тысячагоддзі да н. э. прынеслі ў Еўропу веды пра земляробства[6]. Гэта не значыць, што нашчадкі перэдняазіяцкай папуляцый прыбылі на Канарскія астравы з Еўропы. Яны маглі спярша дасягнуць Паўночнай Афрыкі, а ўжо потым — Канарскіх астравоў.

Час перасялення нашчадкаў абарыгенаў на астравы з’яўляецца дыскусійным. Найстаражытнейшые знойдзеныя артэфакты датуюцца сярэдзінай 1 тысячагоддзя да н. э.[7], аднак дакладнасць датыроўкі не пэўная. Перасяленне суправаджалася доўгатэрміновай ізаляцыяй і стратай некаторых культурных навыкаў, у тым ліку мараплаўства. Адсутнасць на астравах даступных радовішчаў металаў прывяла да вяртання неалітычных тэхналогій.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Да еўрапейскага заваявання абарыгены насялялі 7 з буйных астравоў Канарскага архіпелага, прычым насельнікі кожнага вострава былі дастаткова ізаляваны ад астатніх[8]. Астраўныя культуры развіваліся асобна і былі прыстасаваны да мясцовых умоў. Найбольш развітымі з’яўляліся культуры жыхароў астравоў Гран-Канарыя і Тэнэрыфэ. Найболей адсталымі — астравоў Пальма і Гамера.

Заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Пасудзіна з вострава Гамера

Асноўнымі заняткамі карэннага насельніцтва Канарскіх астравоў здаўна былі земляробства, жывёлагадоўля і рыбалоўства. Вырошчвалі ячмень, бабовыя, на Гран-Канарыі — пшаніцу. Адбор насення дазваляў атрымліваць дастатковыя ўраджаі збожжа нават у засушлівыя гады. Характэрна, што нават у наш час канарскія фермеры вырошчваюць сарты ячменя, якія бяруць пачатак ад раслін, што раслі на гародах абарыгенаў[9]. Звычайнай ежай з’яўлялася гофіа — смажаная ячменная мука з арэхавым смакам[10]. На Тэнэрыфэ падрыхтоўкай палеткаў да сяўбы займаліся мужчыны, астатняя праца клалася на жанчын. На Гран-Канарыі захаваліся шматлікія збожжасховішчы[11]. Зямлю апрацоўвалі завостранымі каламі. Астравіцяне таксама збіралі плады дзікіх раслін, у тым ліку фінікі.

Важную ролю ў забеспячэнні адыгрывала трыманне авечак і коз. З малака свойскай жывёлы выраблялі сыр[12]. Са скур шылі вопратку. Жывёлу пасвілі з дапамогай сабак. Астравіцянам было знаёма пчалярства, пераважна ў форме бортніцтва. Лічыцца, што гэты занятак быў прынесены з Паўночнай Афрыкі[13]. Лоў рыбы, крыветак, малюскаў адбываўся з дапамогай сетак, крукоў, гарпуноў. У замкнёных вадаёмах выкарыстоўвалі атруту. Радзей здабыча жывёльных прадуктаў адбывалася дзякуючы паляванню.

За-за адсутнасці металаў абарыгены Канарскіх астравоў шырока выкарыстоўвалі камень — базальт, абсідыян, амфіболы. Звычайнай была табона[14] — камень з завостранымі канцамі, які з’яўляўся рэжучай прыладай працы або простай зброяй. З камянёў таксама ладзілі жораны для расцірання збожжа. Хаця ганчарнае кола было не вядома, з гліны ляпілі пасудзіны, прычым астраўная кераміка адрознівалася значнай разнастайнасцю.

Жытлы і будынкі[правіць | правіць зыходнік]

Штучныя пячоры ў скале Валерон на Гран-Канарыі выкарыстоўваліся абарыгенамі для захавання збожжа

Пакуль не існуе адзіна прынятай тыпалагізацыі пабудоў абарыгенаў Канарскага архіпелага, што толькі часткова тлумачыцца розніцай археалагічных культур населеных імі астравоў. Найбольш вядомы пячорныя жытлы, якія ў нашы дні з’яўляюцца цэнтрамі археалагічных раскопак і гістарычнымі славутасцямі. Горныя пячоры выкарыстоўваліся тубыльцамі як дамы, магільні і сховішчы. На Гран-Канарыі рабілі штучныя пячоры[15]. Знутры іх сцены абмазваліся глінай, маглі мецца дзверы і вокны. У сценах высякалі нішы для хатняга начыння, у падлозе — ямы для запасаў. Драўлянай мэблі не было, замест стала і крэслаў выкарыстоўвалі плоскія камяні. На астравах Пальма, Гамера і Тэнэрыфэ ў пячорах магла жыць большая частка насельніцтва. Але нават там былі вядомы непячорныя каменныя пабудовы і хованкі[16][17]. Каменныя хаціны сярод скал узгадваліся храністамі пры апісанні іншых населеных астравоў.

Вядомы рытуальныя пабудовы тагарор. Яны ўяўлялі сабою прастору, замкнёную каменнымі сценамі, без даху. Лічыцца, што тагарор выкарыстоўвалі для збораў старэйшын, каля сцен у святочныя дні арганізоўваліся гульні і танцы. На паўднёвым усходзе Тэнэрыфэ існуюць ступеністыя каменныя піраміды[18]. Тур Хеердал, які палічыў іх рэшткамі старажытнай сакральнай культуры, заснаваў у 1998 г. на іх месцы этнаграфічны парк Гуімар. Але пазней вучоныя выявілі, што піраміды не маюць дачынення да абарыгенаў, яны былі створаны ў XIX ст. Пад адной з пірамід была знойдзена пячора старажытных насельнікаў. Яна сапраўды магла выкарыстоўвацца як храм.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

Пінтадэра з Гран-Канарыі

Астравіцяне шылі вопратку са скур авечак і коз, карысталіся пальмавымі і трысняговымі валокнамі. Найбольш распаўсюджаным адзеннем была скураная кашуля, якая часам дасягала шчыкалатак. На Тэнэрыфэ яна была вядома як тамарка[19]. Акрамя таго, узгадваліся скураное адзенне ахіка, нарукаўнікі гуайка і панчохі хуйрма, на Гамеры — жаночыя спадніцы тахуаян, на Лансаротэ — капелюшы гуапіл. Насельнікі Тэнэрыфэ, Лансаротэ і Фуэртэвентуры таксама апраналі сандалі[20].

Канарскія абарыгены ўпрыгожвалі цела малюнкамі, насілі пацеркі з драўніны, косці, ракавін[21]. Вядомы пінтадэра[22], невялікія пласціны з гліны або драўніны рознай геаметрычнай формы з выпуклым малюнкам, якія маглі насіць на шыі і выкарыстоўваць пасля апускання ў раслінныя фарбы для адбіткаў на целе або нават упрыгожвання пасудзін.

Сацыяльны лад[правіць | правіць зыходнік]

Згодна іспанскім хронікам карэнныя жыхары кожнага вострава падзяляліся на групы (ісп.: banda), што займалі пэўную тэрыторыю і мелі свае органы ўлады са старэйшын і правадыроў. На Тэнэрыфэ яны зваліся менсэята. Напрыклад, на Гран-Канарыі вылучалася 10 такіх груп, на Тэнэрыфэ — 9[23], на Пальме — 12[24], на Эль-Ера — 1[25], на Фуэртэвентуры — 2 і г. д. На Фуэртэвентуры паміж паўночнай групай максарата і паўднёвай групай хандыя быў пабудаваны мур, які аднак не стрымліваў узаемныя варожыя дзеянні[26]. У XIV ст. прадракальніца Андамана з Гран-Канарыі ўступіла ў шлюб з Гумідафэ, правадыром групы гальдар. Разам яны заваявалі землі ўсяго вострава і абвясцілі сябе вярхоўнымі правадырамі гуанартэмэ. У сярэдзіне XV ст. нашчадкі Андаманы і Гумідафэ падзялілі Гран-Канарыю на 2 «каралеўствы», паміж якімі адбываліся войны. Улада вярхоўных правадыроў абмяжоўвалася радай старэйшын гуайрэ і вярхоўным жрацом файкан. На Тэнэрыфэ таксама за 150 гадоў да заваявання кіраваў адзін правадыр, але яго сыны падзялілі яго ўладанні на 9 частак. Гамера з’яўлялася адзіным «каралеўствам» да XIV ст.

Сярод абарыгенаў не мелася сацыяльнай роўнасці, што часткова падцвярджаецца пахаваннямі, дзе памерлыя абгортваліся рознай колькасцю скур і мелі розную колькасць прадметаў, пакладзеных у магільні. Храністы ўзгадваюць прадстаўнікоў высакародных пластоў насельніцтва на Гран-Канарыі і Тэнэрыфэ. На апошнім востраве правадыры валодалі ўсёй зямлёй і перадавалі яе за частку ўраджаю простым абшчыннікам[27], што складалі большасць насельніцтва. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы і прадстаўнікі рытуальна нячыстых прафесійных груп, у тым ліку мяснікі і муміфікатары. Жыхары Тэнэрыфэ тлумачылі сацыяльную няроўнасць падзелам людзей, што адбыўся з пачаткам сусвету[28]. На Гран-Канарыі некаторыя маладыя воіны прыносілі сябе ў ахвяру пры ўзыходжанні новага правадыра.

На ўсіх астравах жанчыны карысталіся значнай павагай. Абраза жанчыне, зробленая ўзброеным мужчынам, каралася смерцю[27]. Абарыгены лічыліся гасціннымі, праяўлялі павагу да старэйшых і любоў да сям’і[29]. Сустракаліся як манагамныя, так і палігамныя сем’і[30], прычым была вядома паліандрыя[31]. На востраве Пальма існаваў звычай, калі знясіленыя старыя па ўласнаму жаданню развітваліся са сваякамі і сыходзілі паміраць у пячорныя магільні, з сабою бралі толькі міску малака[27].

Веды[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на ізаляванасць і прымітыўнасць матэрыяльнай культуры, абарыгены Канарскіх астравоў захоўвалі веды і навыкі, характэрныя для больш развітых грамадстваў. Так, гуанчы Тэнэрыфэ мелі ўяўленні пра месячныя і сонечныя астранамічныя цыклы, карысталіся месячным і сонечным календарамі[32]. На Тэнэрыфэ, Пальме і Лансаротэ знойдзены надпісы, якія меркавана маюць берберскае і іберыйскае паходжанні. Найбольш старажытны надпіс на Пальме адносіцца да III ст. н. э.[33]

Мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся малюнкі, якія абарыгены Канарскіх астравоў наносілі на сцены жылых і пахавальных пячор з дапамогай натуральных пігментаў, а таксама ўпрыгожванні на керамічных вырабах у форме геаметрычнага арнамента, радзей — антрапаморфных і зоаморфных постацяў[34][35]. Невялікія статуэткі, магчыма култавага прызначэння, ляпілі з гліны, потым абпальвалі, таксама выразалі з мяккіх парод каменю.

Першыя еўрапейскія даследчыкі архіпелага ў XIV ст. паведамлялі, што абарыгены выдатна спявалі і танцавалі на французскі манер[36]. На Тэнэрыфэ і ў нашы дні вядомы фальклорны танец таджарастэ, які паходзіць ад танцаў гуанчаў[37].

Рэлігійныя ўяўленні[правіць | правіць зыходнік]

Ідал з вострава Лансаротэ

Звесткі пра рэлігійныя ўяўленні абарыгенаў Канарскіх астравоў дайшлі да нас значна трансфармаванымі. Іх пакідалі мараплаўцы, заваёўнікі і місіянеры хрысціяне, якія тлумачылі ўбачанае або пачутае па-свойму. Некаторыя запісы былі зроблены пасля заваявання і адлюстроўвалі рэлігійную культуру, вельмі змененую хрысціянствам. Аднак ва ўсіх выпадках можна казаць пра існаванне політэізму, заснаванага на веры ў розных багоў. Напрыклад, гуанчы Тэнэрыфэ шанавалі бога сонца Магека, багіню-маці Чаксіраксі, бажаство Тэйдэ і замагільнага свету ў форме сабакі Гуаёта, багоў ніжэйшага рангу. Абрады арганізоўваліся жрацамі, што мелі пэўную спецыялізацыю[38], у асобных месцах сярод гор і скал. Прывілеяванае становішча для рытуалаў займала гара Тэйдэ[39]. На Гран-Канарыі абарыгены шанавалі вышэйшага бога Акарана[40], мелася пасада вярхоўнага жраца файкан. Жыхары Пальмы таксама шанавалі адзінага нябеснага бога Абору для якога ўзводзілі з камянёў насыпы пірамідальнай формы[41]. Бімбачэ Эль-Ера верылі, што сусветам кіруе пара, бог-мужчына Эраорахан і багіня-жанчына Манейба[42].

Карэнныя жыхары некаторых астравоў Канарскага архіпелага практыкавалі муміфікацыю памерлых. На Тэнэрыфэ гэтым займаліся прадстаўнікі асобнай прафесійнай групы з нізкім сацыяльным становішчам. Жанчыны рыхтавалі да замагільнага свету памерлых жанчын, мужчыны — мужчын. Цела нябожчыка абмывалі і напаўнялі мазямі, прыгатаванымі з раслін і мінералаў. Потым цела змяшчалі на сонца і сушылі. Тым часам сваякі і сябры павінны былі захоўваць жалобу. Гатовую мумію загортвалі ў скуры, сшывалі іх і адносілі скрутак ў пахавальную пячору, дзе клалі на дошкі разам з дарамі[43]. На Гран-Канарыі муміфікавалі найбольш выбітных абшчыннікаў, астатніх закопвалі ў зямлю[44]. На Пальме муміфікацыя адбывалася натуральным шляхам[45]. На астатніх астравах наяўнасць гэтай традыцыі або абвяргаецца, або лічыцца недаказанай.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

На розных астравах Канарскага архіпелага размаўлялі на асобным дыялекце або нават на асобнай мове. Больш дакладнае вызначэнне не магчыма, паколькі ў XV — XVIII стст. лексіка карэннага насельніцтва была выціснута іспанскай[46]. Захаваліся толькі асобныя словы, якія дазваляюць злучаць мову канарскіх абарыгенаў з берберскімі мовамі Паўночнай Афрыкі. Аднак дакладнай класіфікацыі не існуе. Шэраг аўтараў адносяць гуанчскую мову (або мовы) да берберскай групы моў. У іншых выпадках кажуць толькі пра наяўнасць берберскага элемента ў гуанчскай мове[47].

У нашы дні мова карэнных жыхароў архіпелага лічыцца вымерлай[48]. Сучасныя насельнікі Канараў выкарыстоўваюць у паўседзённым побыце толькі асобныя словы, накшталт назвы харчовага прадукта гофіа (ісп.: Gofio) або расліны таджынастэ (ісп.: Tajinaste). Гуанчскія назвы захаваліся ў тапонімах і прозвішчах астравіцян.

Сільба Гамера[правіць | правіць зыходнік]

На востраве Гамера захавалася свісцячая мова «сільба Гамера», на якой у старажытнасці перагукваліся мясцовыя абарыгены. У нашы дні яна адаптавана да іспанскай мовы, калі традыцыйныя іспанскія гукі заменены двума свісцячымі галоснымі і чатырма свісцячымі зычнымі[49]. У горнай мясцовасці вострава свісцячая мова чутна за 3,2 км. У 2009 г. яна была ўнесена ў рэпрезентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Заваяванне і знікненне[правіць | правіць зыходнік]

Алонса дэ Луга прадстаўляе каралям Ізабеле і Фердынанду захопленых ім у палон правадыроў Тэнэрыфэ, 1496 г.

У 1312 г. Канарскія астравы былі адкрыты генуэзскім мараплаўцам Лансаротам Марачэлі[50], пасля чаго архіпелаг пачалі наведваць гандляры і піраты з Паўднёвай Еўропы. У 1344 г. Папа Клімент VI фармальна перадаў правы на адкрытыя землі нашчадкам іспанскага караля, аднак іх каланізацыя ў той перыяд была немагчымай з-за канкурэнцыі з боку Партугаліі і ўнутраных праблем на Пірэнейскім паўвостраве. У 1351 г. Клімент VI стварыў біскупства астравоў Фартуны, як тыды часам называліся Канары, і садзейнічаў прыбыццю хрысціянскіх місіянераў з Балеарскіх астравоў.

Дзейнасці місіянераў перашкаджалі еўрапейскія піраты, якія захоплівалі карэнных жыхароў у рабства. У 1391 г. раз’юшаныя нападамі тубыльцы вострава Пальма пакаралі смерцю 13 місіянераў[51]. У адказ, на дапамогу хрысціянам на астравы прыбыў атрад з 53 воінаў на чале нармандскага рыцара Жана дэ Бетанкура. Ён заснаваў на востраве Лансаротэ крэпасць Рубікон, дамогся дапамогі з боку караля Кастыліі для далейшага заваявання Лансаротэ, Фуэртэвентуры і Эль-Ера, але наўзамен прызнаў свае заваяванні іспанскім ленам. Заваяванне Лансаротэ суправаджалася гвалтам у дачыненні да абарыгенаў і іх паўстаннем супраць заваёўнікаў. Каля 1450 г. правадыры Гамеры, знясіленыя нападамі піратаў, далі згоду на хрысціянізацыю і далучэнне да ленных тэрыторый. Але ў далейшым яны таксама паўставалі. Найбольш актыўнае паўстанне на Гамеры адбылося ў 1488 г.[52]

У 1477 г. права на лен перайшло непасрэдна да каралевы Ізабелы I, якая ў 1478 г. загадала заваяваць астатнія Канарскія астравы. У 14781483 гг. адбылося заваяванне і прымусовая хрысціянізацыя абарыгенаў Гран-Канарыі. Яно суправаджалася вынішчэннем непакорнага насельніцтва. Некаторыя абарыгены скончалі жыццё самагубствуам, каб не падпарадкоўвацца заваёўнікам[53]. У 1492 г. канкістадоры на чале Алонса дэ Луга скарылі тубыльцаў Пальмы, у 14921493 гг. — гуанчаў Тэнэрыфэ. Згодна паданням, апошняе «каралеўства» абарыгенаў Пальмы на чале правадыра Танаусу было заваявана дзякуючы падману, у якім удзельнічаў мясцовы жыхар-хрысціянін[54]. Заваяванне Тэнэрыфэ стала магчымым дзякуючы эпідэміі[55], што значна зменьшыла колькасць гуанчаў.

Згубы ў баях і паўстаннях, продаж у рабства, напады еўрапейскіх, а пасля заваявання — і берберскіх піратаў, эпідэміі — усё гэта садзейнічала рэзкаму скарачэнню карэннага насельніцтва. Заваёўнікі часцяком сілком перасялялі абарыгенаў аднаго вострава на іншы. Гэта садзейнічала захопу іх зямель феадаламі і зніжала рызыку паўстанняў. Каб эксплуатаваць захопленыя астравы, каланізатары былі вымушаны прыцягваць перасяленцаў з краін Еўропы. У сваю чаргу выжылыя абарыгены Канараў удзельнічалі ў каланізацыі іспанцамі Новага Свету. Абавязковая хрысціянізацыя суправаджалася навязваннем іспанскіх звычаяў, мовы і культуры. Аднак асіміляцыя абарыгенаў Канарскага архіпелага не была імклівай і заняла працяглы адрэзак часу. Так, карэнныя мовы былі выціснуты іспанскай толькі паміж XVI ст. і XVII ст.[56]. На поўдні Тэнэрыфэ сельскія жыхары працягвалі насяляць пячоры і прытрымлівацца старажытнага ладу жыцця да пачатку XX ст.[17]

Генетычныя даследаванні паказваюць высокі ўнёсак абарыгенаў у спадчыну сучасных насельнікаў Канарскага архіпелага: ад 19,04 % на Фуэртэвентуры да 60,87 % на Гамеры[57][58]. Захаваліся шматлікія абарыгенныя тапонімы, мова сільба гамера, некаторыя стравы, у трансфармаваным выглядзе — пэўныя лакальныя традыцыі. Цікавасць да спадчыны абарыгенаў сярод канарцаў асабліва ўзрасла ў другой палове XX ст. у сувязі з развіццём канарскага нацыяналізму.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. The peopling of the Canaries: new data and new hypotheses
  2. Studies shed new light on origins of Canary Islands population
  3. COMPARING DRAVIDIAN WITH GUANCHE
  4. The lost language of the Canary Islands
  5. THE ABORIGINES OF THE CANARY ISLANDS
  6. Skull study Reveals Origin of Canary Island’s Aboriginal People
  7. Onrubia-Pintado J. Les cultures préhistoriques des Îles Canaries état de la question // Lánthropologie, 1987, vol. 91. P. 653—678
  8. The Guanches
  9. Los guanches hacían gofio con cebada que vino de Marruecos
  10. Gofio: The History & Origins Of An Ancient Canary Islands Food
  11. The first settlers of the Canary
  12. HISTORY OF CHEESE IN THE CANARY ISLANDS
  13. Crane, E. The World History of Beekeeping and Honey Hunting. — Taylor & Francis, 1999. P. 218
  14. Tabona
  15. Archaeological Heritage
  16. Native Inhabitants of La Palma
  17. 17,0 17,1 Much scope by Guanche caves for intrigung cavemen explorations
  18. Que es Pirámides de Güímar?
  19. Tamarco
  20. Qu ropas usaban los guanches?
  21. Tara of Gran Canaria
  22. Pintaderas — CanariWiki — Gobierno de Canarias
  23. Guanches — History and culture
  24. Native Inhabitants of La Palma
  25. History of El Hierro
  26. History of the Guanches
  27. 27,0 27,1 27,2 Guanches — Encyclopedia — Theodora.com
  28. Gunnar Landtman, The Origin of the Inequality of the Social Classes
  29. WHO WERE THE GUANCHES?
  30. The Guanche mystery, people of the Canaries
  31. What is Polyandry?
  32. THE GUANCHE LUNAR CALENDAR AND THE VIRGIN OF CANDELARIA(TENERIFE, 14th-15th CENTURIES)
  33. José Farrujia de la Rosa, Written in stones: The Amazigh colonization of the Canary Islands
  34. Guanche Art
  35. Cueva Pintada: Painted Cave of Gran Canaria Reveals Mystery of Ancient Inhabitants
  36. CÓMO ERAN LOS GUANCHES?
  37. Guanches: así eran y así vivían los (altísimos) aborígenes de Canarias
  38. Guanche Religion
  39. THE GUANCHE WAY OF LIFE
  40. African Gods
  41. Daniel Garrison Brinton, Races and Peoples: Lectures on the Science of Ethnography
  42. Eraorahan — Isla de El Hierro
  43. THE GUANCHES AND DEATH
  44. 72 Skeletons And Mummies Found In Ancient Guanche Cave
  45. Guest post by Harald Braem on the topic of mummies
  46. Guanche language
  47. The lost language of the Canary Islands
  48. Guanche language, alphabet and pronunciation — Omniglot
  49. Silbo gomero: A whistling language revived
  50. MALOCELLO, Lanzarotto
  51. Religion in the Canary Islands
  52. Rebellion on La Gomera
  53. History of Gran Canaria
  54. The History of La Palma
  55. The conquest of Tenerife
  56. Guanche
  57. Demographic history of Canary Islands male gene-pool: replacement of native lineages by European
  58. The maternal aborigine colonization of La Palma (Canary Islands)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]