Перайсці да зместу

Альгерд Бахарэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Альгерд Іванавіч Бахарэвіч)
Альгерд Бахарэвіч
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Алег Іванавіч Бахарэвіч
Дата нараджэння 31 студзеня 1975(1975-01-31) (49 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Жонка Юлія Пятроўна Цімафеева
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, перакладчык, паэт
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Альге́рд Бахарэ́віч (нар. 31 студзеня 1975, Мінск) — беларускі пісьменнік і перакладчык.

Нарадзіўся ў Мінску, мікрараёне Дражня, прыкладна з 1980-га да 1999-га жыў у Шабанах. Пад уплывам творчасці рок-гурта «Мроя», літаб’яднання «Тутэйшыя» захапіўся беларускай літаратурай[1].

Скончыў філалагічны факультэт БДПУ (1997). З першага курса ўдзельнічаў у літаратурным аб’яднанні «Крыніцы» пры газеце «Чырвоная змена», якое даволі хутка пакінуў, друкаваўся ў наваствораным часопісе «Першацвет». Працаваў настаўнікам, журналістам. У 1990-я гады адзін з заснавальнікаў («слупоў») літаратурнага аб’яднання «Бум-Бам-Літ», сябра літаратурнай суполкі «SCHMERZWERK».

У 2001 годзе ажаніўся. У 2007—2013 гадах жыў у Гамбургу (Германія). У 2013 годзе вярнуўся ў Мінск. Другім шлюбам ажаніўся з беларускай літаратаркай Юліяй Цімафеевай. Мае дачку ад першага шлюбу. Пасля беларускіх падзей 2020 года ў канцы восені з’ехаў у Грац (Аўстрыя)[2].

Сябра беларускага ПЭН-цэнтра. У 2012 годзе пасля публікацыі эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» (з крытыкай Янкі Купалы) з уласнай ініцыятывы выйшаў з Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога быў з 2006 года.

Пісаць пачаў яшчэ школьнікам. Першыя тэксты апублікаваў у 1993 годзе. Творчасць перыяду 1990-х гадоў збольшага адлюстраваная ў бумбамлітаўскім зборніку «Тазік беларускі» (1995). З 1993 па 2000 год быў вакалістам і аўтарам тэкстаў панк-гурта «Правакацыя».

З 2000 года піша пераважна прозу. Першы буйны празаічны твор выйшаў у 2001 годзе ў альманаху «Калосьсе» (аповесць «Гюнтэр Вальдгоф і яго крэдыторы»). Аўтар кніг прозы «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» (2002), «Натуральная афарбоўка» (2003), «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (2006), «Праклятыя госьці сталіцы» (2008), «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» (2011), «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» (2012), «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (2012), «Каляндар Бахарэвіча» (2014), «Ніякай літасьці Альгерду Б.» (2014). Раман «Дзеці Аліндаркі» (2014) распавядае пра дзяцей-пацыентаў Лагера — загадкавай установы, у якой лёс вядзе іх на мяжы казкі і антыўтопіі. Раман «Белая муха, забойца мужчын» (2015), фемінісцкі трылер, дзе дзейнічае жаночая банда, якая кідае выклік патрыярхальнаму грамадству.

Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» (2017) фармальна складаюць шэсць асобных гісторый (некаторыя з іх можна назваць раманамі, некаторыя — навеламі), аднак гэтыя гісторыі звязаныя адна сюжэтнымі перакрыжаванням[3]. Раман атрымаў беларускую прэмію «Кніга году», быў высока ацэнены крытыкамі, адзначаны другім месцамі прэміі Ежы Гедройца. Аўтабіяграфічны раман «Мае дзевяностыя» (2018) пра маладосць аўтара, праз аўтабіяграфію пісьменніка адлюстроўваецца таксама гісторыя краіны гэтага перыяду.

Пераклаў казку «Халоднае сэрца» Вільгельма Гаўфа, якая выйшла ў канцы 2009 года пад адной вокладкай з самастойным творам, названым «пасьлямовай перакладчыка». Пераклаў з нямецкай мовы паасобныя творы братоў Грым, Франца Кафкі, Г. Г. Эверса, вершы Ганса Магнуса Энцэнсбергера і іншых сучасных нямецкіх паэтаў. У 2011 годзе ў перакладзе Альгерда Бахарэвіча па-беларуску выйшаў раман сучаснай нямецкай пісьменніцы Катрын Шміт «Ты не памрэш» (выд. «Макбел»), у 2014 — выбраныя казкі братоў Грым (выд. «Логвінаў»). Супрацоўнічае з часопісам перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».

У 2010—2011 гадах вёў калонку ў фармаце «літаратурна-медычнай энцыклапедыі» «Малая мэдычная энцыкляпэдыя (Бахарэвіча)» на Радыё Свабода (у 2011 годзе выйшла асобнай кнігай). Вёў на Радыё Свабода цыкл перадач «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — серыя эсэ, дзе аўтар выказваў свой погляд на беларускую літаратурную класіку, пазней цыкл выйшаў асобнай кнігай. Наступныя аўтарскія праекты на Радыё Свабода: «Каляндар Бахарэвіча» (2013) і «Цуды і дзівосы Беларусі» (2014). Вёў калонкі ў чэшскім часопісе HOST, на сайце грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі». У 2016 годзе вёў калонку «Таемны госьць» на сайце 34mag.net. Уваходзіў у журы міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». З 2015 года выкладае курс «Майстэрства прозы» ў Беларускім Калегіюме. Цягам летам 2018 года на сайце «Беларусского журнала» публікаваліся раздзелы аўтабіягафічнай кнігі «Мае дзевяностыя».

27 верасня 2014 года ў рамках тэатральнага фестывалю ТЕАРТ адбылася прэм’ера спектакля «Шабаны» подле аднайменнага твора пісьменніка. Спектакль быў пастаўлены на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Рэжысёрам выступіла Алена Ганум, былая акцёрка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа, цяпер студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, акцёры — студэнты акадэміі[4]. У 2015 годзе спектакль пастаўлены Аленай Ганум на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 2020 годзе Беларускі Свабодны тэатр паставіў паводле рамана Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» аднайменны спектакль (тэатральная адаптацыя Мікалая Халезіна і Марыі Бяльковіч). Беларуская прэм’ера прайшла ў сакавіку 2020 года ў Мінску, сусветная прэм’ера запланаваная на сакавік 2021 года ў Лондане.

Улетку 2020 года выйшла новая кніга пісьменніка — 500-старонкавая казка «Апошняя кніга пана А.» («Янушкевіч», Менск; «Вясна», Прага).

Пераклады на замежныя мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Паасобныя творы Альгерда Бахарэвіча перакладаліся на англійскую, французскую, нямецкую, чэшскую, украінскую, балгарскую, славенскую, рускую, польскую, літоўскую мовы. У 2008 годзе выйшаў зборнік выбраных апавяданняў пісьменніка ў перакладзе на польскую мову «Talent do jąkania się». У 2010 годзе ў лейпцыгскім выдавецтве «Leipziger Literaturverlag» выйшаў раман «Сарока на шыбеніцы» на нямецкай мове. У 2015 годзе апавяданне Альгерда Бахарэвіча «Талент заіканьня» ўвайшло ў анталогію найлепшай еўрапейскай кароткай прозы «Best European Fiction». У 2017 годзе «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» выйшла па-польску ў люблінскім выдавецтве «Warsztaty kultury» (пераклад Міры Лукшы). У 2018 годзе раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у выдавецтве «Le ver a soie» ў французскім перакладзе.

У 2019 годзе ў берлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшаў па-нямецку зборнік эсэістыкі «Парыж, Берлін і вёска» (з беларускай эсэ пераклалі Томас Вайлер і Ціна Вюншман). Раман «Сабакі Эўропы» выйшаў у маскоўскім выдавецтве «Время» ў аўтарскім перакладзе на рускую мову і трапіў у шорт-ліст прэміі «Большая книга».

У 2020 годзе раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у англійскім перакладзе ў Вялікабрытаніі, у выдавецтве Scotland Street Press у перакладзе Джыма Дынглі і Петры Рэйд[5].

  • Удзельнік Берлінскага літаратурнага калёквіуму, тэатральнага фестывалю ў Любліне (Польшча), літаратурнага фестывалю «Vilenica—2006» у Славеніі, Lesefest Osteuropa (Лейпцыг, Германія), «Месяца аўтарскага чытання» у Брно (Чэхія), Еўрапейскай пісьменніцкай канферэнцыі (2015) і інш.
  • Стыпендыят IHAG (Грац, Аўстрыя), нямецкага ПЭН-цэнтра, Centre International de Recolette (Парыж), Baltic Center for Writers and Translators (Швецыя)
  • Лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (за кнігу «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў») (2002).
  • Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца, другая прэмія за кнігу «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» (2011).
  • Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца, другая прэмія за кнігу «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» (2013)
  • Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца, трэцяя прэмія за кнігу «Дзеці Аліндаркі» (2015)
  • Лаўрэат літаратурнай прэміі «Кніга году» за раман «Дзеці Аліндаркі» (2015)
  • Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца, другая прэмія за кнігу «Белая муха, забойца мужчын» (2016)
  • Лаўрэат прэміі «Кніга году» за раман «Сабакі Эўропы» (2018)
  • Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца, другая прэмія за кнігу «Сабакі Эўропы» (2018)
  • Прэмія Эрвіна Піскатара (Германія) «за моц манументальных раманаў і грунтоўных эсэ, у якіх Альгерд Бахарэвіч даследуе ўмовы панавання дыктатуры» (2021)

Пераслед у Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Дзве кнігі Альгерда Бахарэвіча ўнесены ў беларускі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — раманы «Сабакі Эўропы» (у 2022) і «Апошняя кніга пана А.» (у 2023).

Зноскі

  1. nashaniva.by
  2. З Беларусі з’ехаў Альгерд Бахарэвіч. novychas.by (1 снежня 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2021. Праверана 13 лютага 2021.
  3. www.svaboda.org
  4. Дзяніс Марціновіч. Чым Шабаны адрозніваюцца ад Зялёнага Лугу?. budzma.org (29 верасня 2014). Праверана 13 кастрычніка 2014.
  5. web.facebook.com/alhierd.bacharevic
  • Бахарэвіч Альгерд // Выдавецтва «Галіяфы»: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com