Луўр (музей)
| Луўр | |
|---|---|
| | |
| Заснаваны | 10 жніўня 1793[1] |
| Заснавальнік | Напалеон I Банапарт[3] |
| Адкрыты | 10 жніўня 1793[4] |
| Краіна | |
| Месцазнаходжанне | |
| Наведвальнікі |
|
| Памеры фонду | 460 000 ± 5 000 item[7] |
| Тэлефон | +33-1-40-20-53-17[8][9] і +33-1-40-20-50-50[10] |
| Дырэктар | Laurence des Cars[d] |
|
louvre.fr (фр.) louvre.fr/en/ (англ.) louvre.fr/zh-hans (кіт.) louvre.fr/es (ісп.) |
|
Луўр (фр.: Musée du Louvre) — адзін з найбуйнейшых музеяў свету (трэці ў свеце паводле плошчы: 160106 квадратных метраў, з якіх 58470 прыпадаюць на экспазіцыі). Музей знаходзіцца ў цэнтры Парыжа, на правым беразе Сены, на вуліцы Рывалі, у 1-й акрузе сталіцы.
Музей размяшчаецца ў палацы Луўр, які быў пабудаваны як крэпасць у канцы 12 стагоддзя пры Філіпе II. Перад тым, як набыць сучасны выгляд, будынак пашыраўся многа разоў. У 1682 г. Людовік XIV абраў Версальскі палац у якасці сваёй рэзідэнцыі, а Луўр ператварыўся ў месца захоўвання каралеўскай калекцыі, у прыватнасці, з 1692 года, калекцыі антычнай скульптуры. Падчас Французскай рэвалюцыі Нацыянальная Асамблея пастанавіла, што Луўр павінен выкарыстоўвацца як музей, дзе мусяць дэманстравацца культурныя шэдэўры краіны.
Пачынаючы з 2008 года экспанаты музея былі падзеленыя на 8 калекцый: Старажытны Усход, Старажытны Егіпет, Старажытная Грэцыя, Этрурыя і Рым, Мастацтва ісламу, Скульптуры, Прадметы мастацтва, Выяўленчае мастацтва, Графічнае мастацтва.
Луўр — гістарычны музей, які наведваюць больш за ўсе музеі ў свеце, у 2009 годзе яго наведалі 8,5 млн чалавек[11]. За 2018 год Луўр наведалі 10,2 млн чалавек.[12]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пачатковая гісторыя Луўра
[правіць | правіць зыходнік]У аснове Луўра ляжыць замак-крэпасць — Вялікая вежа Луўра — якую пабудаваў кароль Філіп II Аўгуст у 1190 годзе. Адным з галоўных прызначэнняў замка было назіранне за нізоўямі Сены, таму што гэта быў адзін з традыцыйных шляхоў ўварванняў і набегаў эпохі вікінгаў. У 1317 годзе, пасля перадачы маёмасці Тампліераў Мальтыйскаму ордэну, каралеўская казна пераносіцца ў Луўр. Карл V робіць з замка каралеўскую рэзідэнцыю.
Вялікая вежа Луўра састарэла і была разбураная па загадзе Францыска I у 1528 годзе, і ў 1546 пачынаецца ператварэнне крэпасці ў пышную каралеўскую рэзідэнцыю. Гэтыя работы выконваў П’ер Леско, яны працягваліся падчас праўлення Генрыха II і Карла IX. Да будынка былі далучаныя два новыя крылы. У 1594 годзе Генрых IV вырашае злучыць Луўр з палацам Цюільры, які быў пабудаваны па жаданні Кацярыны Медычы. Квадратны двор палаца ствараў архітэктар Лемерсье, а затым Луі Лева ў часы праўлення Людовіка XIII і Людовіка XIV павялічыў палац у чатыры разы. Афармленнем і ўпрыгажэннем палаца кіравалі тады такія мастакі як Пусэн, Раманэлі і Лебрэн. У 1667—1670 гг. архітэктар Клод Перо пабудаваў каланаду Луўра на ўсходнім фасадзе палаца, які выходзіць на плошчу Луўра.
У 1682 годзе работы былі раптоўна прыпыненыя, таму што Людовік XIV выбірае Версаль як новую каралеўскую рэзідэнцыю. Луўр надоўга застаецца без увагі: палац прыйшоў у такі запушчаны стан, што ў 1750 годзе яго вырашылі знесці. Можна сказаць, што Луўр выратавалі парыжскія гандляркі, якія 6 кастрычніка 1789 года арганізавалі марш у г. Версаль, дзе запатрабавалі, каб каралеўская сям’я вярнулася ў Парыж. Толькі ў XVIII стагоддзі ў Луўры распрацоўваюцца новыя праекты. Адным з такіх пачынанняў было ператварэнне Луўра ў музей. Праект нараджаецца ў праўленне Людовіка XV і заканчваецца з Французскай Рэвалюцыяй.
Французская рэвалюцыя
[правіць | правіць зыходнік]Падчас французскай рэвалюцыі Луўр быў ператвораны ў публічны музей. У маі 1791 года Нацыянальная асамблея абвясціла, што Луўр стане «месцам, дзе будуць сабраныя помнікі навукі і мастацтва». 10 жніўня 1792 года Людовік XVI быў заключаны пад варту, і каралеўская калекцыя Луўра стала нацыянальным набыткам. З-за боязі магчымых выпадкаў вандалізму або крадзяжоў 19 жніўня 1792 года Нацыянальная асамблея абвясціла неадкладную падрыхтоўку да адкрыцця музея. У кастрычніку камітэт пачаў збіраць калекцыю для паказу дзеля «захавання нацыянальнай памяці».
Адкрыццё
[правіць | правіць зыходнік]Музей быў адчынены 10 жніўня 1793 у першую гадавіну зрынання манархіі. Публіка магла наведваць музей бясплатна тры разы на тыдзень. Калекцыя налічвала 537 карцін і 184 іншых прадметаў мастацтва. Тры чвэрці з іх былі атрыманыя з каралеўскай калекцыі, астатнія прадметы былі канфіскаваныя ў эмігрантаў і царквы. На павелічэнне і ўпарадкаванне калекцыі Французская рэспубліка выдзяляла 100000 ліўраў у год. У 1794 годзе французская рэвалюцыйная армія пачала рабаваць прадметы мастацтва ў розных краінах Еўропы. Музей папоўніўся такімі шэдэўрамі як «Лаакоан і яго сыны» і «Апалон Бельведэрскі».
На пачатковым этапе работа ў музеі была не вельмі добра арганізавана, мастакі жылі ў памяшканнях музея, карціны віселі без бірак «адна побач з другой ад падлогі да столі». Само памяшканне было зачынена ў маі 1796 з-за дрэннага тэхнічнага стану. Музей зноў быў адчынены 14 ліпеня 1801 года, калекцыі былі размешчаныя ў храналагічным парадку, з новым асвятленнем.
Напалеон I
[правіць | правіць зыходнік]Пры Напалеоне I пачалося будаўніцтва паўночнага крыла, калекцыя расла ў выніку паспяховых ваенных кампаній, дзякуючы якім музей папоўніўся іспанскімі, аўстрыйскімі, галандскімі і італьянскімі творамі мастацтва. Пасля егіпецкай кампаніі 1798—1801 Напалеон прызначыў першым дырэктарам музея Дамініка Віва Дэнона. Як даніна павагі да імператара, у 1803 годзе музей быў перайменаваны ў «Музей Напалеона». Пасля паражэння французаў у бітве пры Ватэрлоа былыя ўладальнікі твораў спрабавалі вярнуць іх, аднак адміністратары Луўра не жадалі выконваць гэтыя патрабаванні і схавалі шмат экспанатаў у прыватных калекцыях. У адказ замежныя дзяржавы паслалі эмісараў у Лондан за дапамогай, пасля чаго шматлікія экспанаты былі вернутыя, нават тыя, якія прайшлі рэстаўрацыю ў Луўры.
Рэстаўрацыя Бурбонаў і Другая імперыя
[правіць | правіць зыходнік]У часы рэстаўрацыі Бурбонаў (1814—1830) Людовік XVIII і Карл X павялічылі калекцыю на 135 твораў мастацтва агульным коштам 720000 франкаў. Гэта было менш за суму, выдзеленую на рэстаўрацыю Версаля. Пасля стварэння Другой рэспублікі ў 1848 годзе новы ўрад выдзеліў два мільёны франкаў на рамонтныя работы і канчатковае завяршэнне Галерэі Апалона, салона Карэ і Вялікай галерэі. 2 снежня 1851 г. прэзідэнт Луі-Напалеон Банапарт здзейсніў дзяржаўны пераварот і абвясціў Другую імперыю. У гэты перыяд (1852—1870) французская эканоміка расла, музей дадаў 20000 новых экспанатаў у сваю калекцыю. Павільён Флоры і Вялікая Галерэя былі рэканструяваныя пад кіраўніцтвам архітэктараў Луі Вісконці і Эктар-Марціна Лефюэля.
Трэцяя рэспубліка і сусветныя войны
[правіць | правіць зыходнік]У часы Трэцяй французскай рэспублікі Луўр набыў новыя экспанаты, у асноўным дзякуючы ахвяраванням і падарункам. «Таварыства сяброў Луўра» ахвяравала карціну П'ета з г. Вільнеў-лез-Авіньён. У 1863 годзе на востраве Саматракі была знойдзена скульптура Нікі Самафракійскай. Гэтая скульптура, хоць і была моцна пашкоджаная, але ўсё ж пачала выстаўляцца ў Луўры з 1884 года. Музей павялічыў сваю экспазіцыю на 7000 твораў мастацтва пасля набыцця калекцый Джамп'етра Кампані, Дзюрана, Генры Солта і Бернардына Дравэці.
Павелічэнне колькасці экспанатаў Луўра запаволілася пасля Першай сусветнай вайны. У гэты перыяд не былі набытыя якія-небудзь значныя работы; выключэнне складае карціна мастака Жоржа Дзюменіля дэ Латура «Святы Тамаш (Фама)» і ахвяраванне 4000 гравюр, 3000 малюнкаў і 500 ілюстраваных кніг баронам Эдмандам дэ Ротшыльдам. У пачатку Другой сусветнай вайны музей вывез большую частку экспанатаў і схаваў найбольш каштоўныя рэчы, за выключэннем тых экспанатаў, якія былі вельмі цяжкія і не мелі вялікай каштоўнасці. У пачатку 1945 года, пасля вызвалення Францыі, творы мастацтва пачалі вяртацца ў Луўр.
XXI стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]Луўр змяшчае больш за 380000 экспанатаў, з якіх толькі 35000 выстаўленыя ў васьмі залах агульнай плошчай больш за 60000 м². Луўр дэманструе скульптуру, творы мастацтва, карціны, малюнкі і археалагічныя знаходкі. Гэта самы наведвальны музей у свеце, у сярэднім 15 000 наведвальнікаў у дзень, 65 працэнтаў з якіх складаюць турысты. Луўр стаў аб’ектам павышанай увагі дзякуючы кнізе амерыканскага пісьменніка Дэна Браўна «Код да Вінчы» і знятаму ў 2006 годзе аднайменнаму фільму на аснове гэтай кнігі. Музей зарабіў $ 2,5 млн, даўшы права на здыманне фільма ў сваіх галерэях.
19 кастрычніка 2025 года з Луўра былі скрадзеныя каштоўнасці французскай імператарскай сям’і.
Калекцыі Луўра
[правіць | правіць зыходнік]
Калекцыі Луўра захоўваюць шэдэўры мастацтва розных цывілізацый, культур і эпох. У музеі каля 300 000 экспанатаў, з якіх толькі 35000 выстаўляюцца ў залах. Шматлікія экспанаты ўтрымліваюцца ў сховішчах, паколькі не могуць быць паказаны наведвальнікам больш за тры месяцы запар з прычыны бяспечнасці і захаванасці прадметаў мастацтва. Экспанаты Луўра разбіты на наступныя калекцыі:
- Старажытны Усход
- Старажытны Егіпет
- Старажытныя Грэцыя, Этрурыя і Рым
- Мастацтва ісламу
- Скульптуры
- Прадметы мастацтва
- Выяўленчае мастацтва
- Графічнае мастацтва
Адміністрацыя
[правіць | правіць зыходнік]Луўр з’яўляецца ўласнасцю французскага ўрада; аднак з канца 1990-х ён стаў больш незалежным. З 2003 года музей атрымаў права самастойна ствараць фонды для рэалізацыі ўласных праектаў. У 2006 годзе дзяржаўнае фінансаванне музея скарацілася з 75 % ад агульнага бюджэту да 62 %. У 2008 годзе французскі ўрад выдзеліў толькі $ 180 мільёнаў з агульнага гадавога бюджэту музея $ 350 млн. Астатнія сродкі паступілі з прыватных ахвяраванняў і продажу білетаў.
У 2008 годзе персанал Луўра склаў 2196 чалавек на чале з дырэктарам Анры Луарэт, які трымае справаздачу перад французскім міністэрствам культуры і камунікацыі. Пад кіраўніцтвам Луарэта, які змяніў П’ера Розенберга ў 2001 годзе, адбыліся перамены ў палітыцы музея, Луўр пачаў пазычаць і прапаноўваць больш экспанатаў, чым раней. У 2006 годзе музей прапанаваў 1300 адзінак прадметаў мастацтва, што дазволіла яму ўзяць больш экспанатаў з іншых музеяў. З 2006 па 2009 Луўр здаў свае экспанаты для Музея высокага мастацтва ў Атланце, штат Джорджыя, і атрымаў за гэта $ 6,9 млн, якія былі выкарыстаныя на рамонт памяшкання музея. Плануецца адкрыць філіял музея ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі, што безумоўна павялічыць дадатковыя паступленні для Луўра. Луарэт больш незалежны ў прыняцці рашэнняў, пры ім больш за 90 % ад агульнай плошчы музея цяпер даступныя для штодзённай дэманстрацыі экспанатаў, у параўнанні з 74 % у 2001 годзе. Ён увёў бясплатны ўваход у пятніцу вечарам, падоўжыў працу музея, фонд для набыцця твораў мастацтва павялічыўся з $ 4,5 млн у 2004 да $ 36 млн у 2007.
Палеміка
[правіць | правіць зыходнік]Луўр уцягнуты ў палеміку наконт культурных каштоўнасцей, якія былі захопленыя падчас Другой сусветнай вайны нацыстамі і пры Напалеоне I. Пасля нацысцкай акупацыі больш за 60000 прадметаў мастацтва вярнуліся ў Францыю. Каля 2000 работ, права ўласнасці якіх не было дакладна ўстаноўлена і на якія прэтэндавалі ізраільцяне, засталіся ў французскіх музеях, у тым ліку і ў Луўры. У 1997 годзе прэм’ер-міністр Ален Жупэ ініцыяваў стварэнне камісіі на чале з Жанам Матэолі для расследавання гэтай справы. Згодна заяве ўрада, Луўр працягвае ўтрымліваць 678 адзінак спрэчных прадметаў мастацтва.
Цягам ваенных кампаній Напалеона шматлікія прадметы антычнасці былі выяўленыя падчас археалагічных раскопак, у прыватнасці ў Егіпце і на Блізкім Усходзе, і вывезеныя ў Францыю. Адміністрацыя Луўра выказалася на карысць далейшага ўтрымання гэтых прадметаў, нягледзячы на просьбы краін, у якіх яны былі знойдзеныя, вярнуць іх. Музей прымае ўдзел у арбітражных пасяджэннях, якія праводзіць камітэт ЮНЕСКА па садзейнічанні вяртання культурных каштоўнасцей краінам іх паходжання.
Абу-Дабі
[правіць | правіць зыходнік]Луўр Абу-Дабі — гэта філіял Луўра, размешчаны ў Абу-Дабі, які быў адкрыты ў 2017[13]. Экспазіцыя будзе нацэленая на сусветнае мастацтва, пераважна на стварэнне дыялогу паміж усходнім і заходнім мастацтвам.
У музей ўвайшлі работы з розных французскіх музеяў (Луўр, Цэнтр Пампіду, Музей Арсэ, Версальскі палац).
У 2012 Луўр Абу-Дабі пачаў калекцыянаваць фатаграфіі, ствараючы фонд з уласных набыткаў. Першая выстава ў гэтым філіяле прайшла ў маі 2009 (Talking Art: Louvre Abu Dhabi). На ёй былі паказаныя першыя 19 набыткаў музея. Другая выстава, Birth of a Museum, у маі-жніўні 2013, прадставіла першую вялікую калекцыю, якая налічвае 130 твораў, набытых урадам Абу-Дабі для пастаяннай экспазіцыі. Яна ўтрымлівае невядомыя раней працы Пікаса, тэракотавую скульптуру бронзавага веку з Кіпра, а таксама артэфакты з Грэцыі, Турцыі, Японіі і Сірыі.
Праводзяцца мерапрыемствы пад назвай Talking Art Series: гэта платформа для дыскусіяў пра будучыню музеяў. Тут можна дзяліцца ідэямі, уступаць у дыялог з шырокай публікай.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://www.history.com/this-day-in-history/louvre-museum-opens
- ↑ archINFORM — 1994. Праверана 31 ліпеня 2018.
- ↑ https://www.irishtimes.com/culture/art-and-design/napoleon-s-stolen-masterpieces-the-plunder-that-formed-the-louvre-1.4589616
- ↑ Нацыянальная бібліятэка Францыі — 1537. Праверана 9 лютага 2018.
- ↑ archINFORM — 1994. Праверана 30 ліпеня 2018.
- ↑ Art's most popular: Exhibition and museum visitor figures 2021 // The Art Newspaper — 2022. — ISSN 0960-6556
- ↑ Rapport d’activité 2013
- ↑ http://www.louvre.fr/
- ↑ https://www.louvre.fr/en/contact-us
- ↑ Muséofile — ministère de la Culture. Праверана 27 студзеня 2022.
- ↑ 8 500 000 людзей наведалі Музей Луўр (англ.)
- ↑ Луўр стаў самым наведваемым музеем свету Архівавана 18 лютага 2019.
- ↑ Louvre Abu Dhabi opens to public
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт Музея Луўр Архівавана 24 лістапада 2011. (англ.)
- Музей Луўр (англ.)
- Луўр:ад крэпасці да музея Архівавана 12 сакавіка 2016. (руск.)
- Sacre Bleu! It’s the Louvre Inc. Архівавана 17 снежня 2009. (англ.)
