Сярэднедняпроўская культура
Сярэднедняпроўская культура — археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-й палове 3-га — 1-й палове 2-га тысячагоддзя да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у тым ліку тэрыторыю Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абласцей.
Перыядызацыя
[правіць | правіць зыходнік]- ранні — 26—24 стст. да н. э.
- сярэдні — 23—18 стст. да н. э.
- позні — 18—15 стст. да н. э.
Сярэднедняпроўская культура на тэрыторыі Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі сярэднедняпроўская культура распаўсюдзілася на сярэднім і познім этапах. Асноўны занятак насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковы -рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Вывучаны найбольш буйныя могільнікі сярэднедняпроўскай культуры Рудня Шлягіна (урочышча Страліца), Сябровічы (урочышча Ліпаў Брод), Ходасавічы.
Паселішчы
[правіць | правіць зыходнік]Паселішчы плошчай 1-1,5 тыс. м² размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Наземныя жытлы слупавой канструкцыі плошчай да 44 м² і паўзямлянкі плошчай да 10 м², унутры мелі агнішчы адкрытага тыпу або абкладзеныя камянямі.
Пахавальны абрад
[правіць | правіць зыходнік]Пахавальны абрад — трупапалажэнне (галавой на захад у авальных або прамавугольных ямах у скручаным становішчы на баку з падсыпкай попелу і охры) і трупаспаленне (на курганных могільніках).
Посуд
[правіць | правіць зыходнік]Насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры напачатку вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шарападобным, яйцападобным тулавам, слоікападобныя і S-падобныя пасудзіны з плоскім ці патоўшчаным дном, прамым і адагнутым венчыкам, а таксама вялікія пласкадонныя пасудзіны з выпуклым тулавам і прамой адагнутай вонкі шыйкай, пазней — разнастайныя гаршкі з высокай і кароткай адагнутай шыйкай, выпуклым тулавам, часам з патаўшчэннем пад краем венчыка. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, пазногцевымі ўцісканнямі, зашчыпамі і іншымі элементамі, якія ўтваралі гарызантальныя і дыяганальныя рады арнаментаў, трохкутныя кампазіцыі.
Упрыгожанні
[правіць | правіць зыходнік]Сярод упрыгожанняў медныя і бронзавыя дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі ў форме падоўжана-авальнага, плоскага круга, трапецападобнага тыпу.
Прылады працы
[правіць | правіць зыходнік]Для вырабу асноўных прылад працы (сякер, наканечнікаў стрэл, скрабкоў, скобляў, нажоў, цёслаў, разцоў, праколак, сярпоў і іншых) выкарыстоўвалі крэмень і косць, пры апрацоўцы крэменю — струменістую рэтуш, шліфаванне. Галоўны тып наканечнікаў стрэл — трохвугольныя з выемкай у аснове ці прамой асновай, з двухбаковай апрацоўкай паверхні.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Калечыц А. Г. Сярэднедняпроўская культура // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; [Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 600. — 702 с.: іл., каляр. іл. — ISBN 5-85700-077-7.
- Калечыц А. Г. Сярэднедняпро́ўская культу́ра // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 359. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Крывальцэвіч М. М. Сярэднедняпро́ўская культу́ра // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — С. 340—342. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Среднеднепро́вская культу́ра // Т. 24А. Собаки — Струна. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 369. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Артеменко І. І. Середньодніпро́вська культу́ра // Українська радянська енциклопедія : у 12 томах / за ред. М. Бажана. — 2-ге вид. — К.: Головна редакція УРЕ, 1974–1985. — Т.10: Салют — Стогові. — 1983. — С. 132. — 543 стор.