Сімяон Полацкі
Сімяон Полацкі | |
---|---|
Род дзейнасці | драматург, паэт, багаслоў, філосаф |
Дата нараджэння | 12 снежня 1629[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 жніўня 1680[3][2] (50 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | праваслаўе |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Сімяон Полацкі, Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч (польск.: Samuel Piotrowski-Sitnianowicz; 12 снежня 1629, Полацк — 25 жніўня 1680, Масква) — праваслаўны дзеяч, духоўны пісьменнік. На падставе яго лацінскага подпісу «Ord. S. Bas. M.» распаўсюджана думка, што быў і грэка-католікам, прынамсі пэўны час[5][6]. Аўтар твораў «Рыфмалагіён», «Вертаград» і іншых.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў заможнай купецкай сям’і. Выхоўваўся ў Полацку, атрымаў выдатную адукацыю, пачатковую ў брацкай школе полацкага Богаяўленскага манастыра. Каля 1650 года скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію з дыпломам «дыдаскала», затым, каля 1653 года, навучаўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Пасля выкладаў у брацкай школе ў Полацку.
У чэрвені 1656 года Самуіл пастрыгся ў манахі Полацкага Богаяўленскага манастыра пад імем Сімяон. Падпісваўся як «Simeonis Piotrowskj Sitnianowicz hieromonachi Polocensis Ordinis Sancti Basilii Magni», што на думку некаторых даследчыкаў паказвае яго прыналежнасць да ордэна базыльянаў. Аднак полацкі Богаяўленскі манастыр ніколі не пераходзіў у унію, а ў XVII ст. базыліянамі называлі сябе ўсе манахі ўсходняга абраду, бо «чын Святога Васіля Вялікага» вядомы праваслаўны манастрыскі статут (парадак)[7].
Як філосаф і майстар мастацкага слова С. Полацкі сфармаваўся ў культурнай і інтэлектуальнай атмасферы Вялікага Княства Літоўскага. Першыя літаратурныя спробы палачанін здзейсніў у часе навучання ў Кіеве і Вільні. У архівах знойдзены раннія творы С. Полацкага, напісаныя пераважна на старабеларускай і польскай мовах, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, гэтак і лацінкай.
Пазней ён паведамляў у прадмове да «Рыфмалагіёна»:
Писах в начале по языку тому, |
У пачатковы перыяд творчасці С. Полацкі стварыў цыкл вершаваных твораў дыдактычнага і панегірычнага характару, напісаў драматургічныя творы, філасофскія казанні і дэкламацыі.
Першыя значныя паэтычныя «Метры» ў гонар расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1656 праязджаў праз Полацк, з’явіліся мастацкім адказам на паланізацыю Беларусі, рэзкім палітыка-ідэалагічным пратэстам супраць кампрамісу шляхты і магнатаў ВКЛ перад польскай культурнай экспансіяй.
Неўзабаве Сімяон Полацкі пакідае радзіму, у 1664 ён пераязджае ў Маскву. Ён сустрэў цёплы прыём пры царскім двары, атрымаў магчымасць займацца педагагічнай і асветніцкай дзейнасцю. С. Полацкі прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі.
Становішча паэта ўзмацнілася з 1667, пасля таго, як ён быў афіцыйна прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Быў настаўнікам Фёдара Аляксеевіча, які дзякуючы яму атрымаў добрую адукацыю, ведаў лацінскую і польскую мовы, пісаў вершы. Да шлюбу цара Фёдара Аляксеевіча на Агафіі Сямёнаўне Грушэцкай склаў, разам з новым прыдворным піітам сваім вучням, манахам Сільвестарам Мядзведзеевым, шырокавяшчальные оды на гэту «вялікую і радасную для ўсёй зямлі Рускай урачыстасць»[8]. Яго выхаванцам быў і будучы расійскі імператар Пётр І.
Росту аўтарытэту Сімяона сярод высокіх прадстаўнікоў маскоўскай адміністрацыі садзейнічала яго актыўная барацьба са стараабрадцамі і дзейсны ўдзел у Вялікім маскоўскім саборы (1666—67). У кан. 1670-х арганізаваў і ўзначаліў друкарню ў Крамлі. У гэтай друкарні выйшлі кнігі «Буквар языка славенска» (1679), «Псалтыр рыфматворная» (1680), якая ўяўляла сабой вершаваны пераклад Псалтыра. Па ініцыятыве С. Полацкага была заснавана першая ў Маскве вышэйшая агульнаадукацыйная навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія, статут якой складаў Сімяон. Быў адным з першых расійскіх царкоўных дзеячаў заходняга кірунку; значна паўплываў на працэсы расійскіх царкоўных рэформ.
У Маскве Сімяон Полацкі апублікаваў «Жэзл праўлення» (1667), два аб’ёмныя зборнікі твораў: «Сад шматколерны» (1678) і «Рыфмалагіён» (1680). Ён напісаў і паставіў дзве п’есы: «Прыпавесць пра аблуднага сына» і «Пра Наўхаданосара-цара». Пасля смерці асветніка быў апублікаваны корпус яго казанняў у дзвюх кнігах: «Абед душэўны» (1681) і «Вячэра душэўная» (1683).
Сімяон Полацкі памёр раптоўна, на пяцьдзясят першым годзе жыцця. Сваю вялікую бібліятэку пісьменнік завяшчаў размеркаваць у асноўным паміж чатырма манастырамі, да якіх меў непасрэднае дачыненне, — Маскоўскім Заіканаспаскім, Полацкім Багаяўленскім, Кіеўскім Пячорскім і Брацкім. Частка буйных грашовых зберажэнняў адпісвалася ім у іншыя ўкраінскія і беларускія манастыры, астатняя ж частка прызначалася сваякам і блізкім: родным братам Івану і Луку, пляменніку Міхаілу Сільвестравічу і яго маці, айцу духоўнаму Іпаліту, «возлюбленному ўченику».
Паэзія
[правіць | правіць зыходнік]Вызначальная рыса творчага почырку Сімяона Полацкага — энцыклапедызм, гістарычная абазнанасць і інтэлектуальная вытанчанасць. Яго вершы — гэта, пераважна, яркія філасофскія сентэнцыі, мудраслоўі, дыдактычныя павучанні. Творчасць Сімяона Полацкага — арганічны сінтэз літаратуры, філасофіі і тэалогіі, умелае спалучэнне заходняй і ўсходняй патрыстыкі, антычнай і хрысціянскай эстэтыкі.
Сімяон Полацкі — выдатны майстар мастацкага слова. Ён апрацоўвае яркія народныя прыказкі і прымаўкі, шырока выкарыстоўвае вусна-паэтычныя вобразы. Паэт шматкроць прыгадвае сентэнцыі старадаўніх філосафаў і красамоўцаў — Арыстоцеля, Платона, Фалеса Мілескага, Арыстыпа, Дыягена, Дыянісія, ацэньваючы іх выключна з станоўчага боку. На старонках сваіх твораў аўтар дае сюжэты з антычнай і сярэднявечнай гісторыі, якія ён чэрпаў з сусветных хронік, выдадзеных у XV—XVI ст. у Заходняй Еўропе.
У тэкстах шчодра прадстаўлены эпітэты, метафары, параўнанні і сімвалы, што надае яго творам семантычную шматзначнасць і барочную квяцістасць.
Светапогляд
[правіць | правіць зыходнік]На старонках сваіх твораў Сімяон Полацкі ўзняў шырокае кола філасофскіх, сацыяльных, этычных і анталагічных пытанняў.
Паэт апявае кніжныя веды, стварае культ філасофіі, мудрасці, навукі і пазнання, аб чым выразна сведчаць яго вершы з красамоўнымі назвамі: «Філасофія», «Розум», «Слова», «Маўленне», «Акадэмія», «Час». У філасофскім вершы «Думка» С. Полацкі паказвае стваральную ролю канструктыўных ідэй, раскрывае іх асноватворную функцыю ў грамадскай практыцы. Паводле канцэпцыі С. Полацкага, менавіта філасофія і навукі дазваляюць дасягнуць дасканалага жыцця, робяць людзей мудрымі, разважлівымі, таленавітымі творцамі, роўнымі да анёлаў.
Філасофія і кніжныя веды маюць вялікую практычную карысць, яны дазваляюць чалавеку ўпэўнена пачувацца ў грамадстве, годна трымацца перад абліччам цароў і князёў. Філасофія і веды ўзбагачаюць духоўны свет асобы, робяць чалавека моцным, здатным пераадольваць цяжкасці, развязваць складаныя праблемы. Філасофія спрыяе маральнаму аздараўленню грамадства, выкараняе заганы і зло.
У аснове інтэлектуальнай дзейнасці чалавека, паводле меркавання асветніка — старанная праца над словам. У вершы «Слова» ён заклікае ўсіх паважліва і з выключнай пашанай ставіцца да сваіх слоў і выказванняў, зважаючы на іх духоўную моц.
У вершаваных і празаічных творах Сімяон Полацкі сфармуляваў уласную этычую дактрыну, якая ўключала сістэму базавых канцэптаў, што вынесены ў загалоўкі многіх вершаў: «Годнасць», «Сяброўства», «Стрыманасць», «Праца», «Славалюбства», «Паклёп», «П’янства», «Хабарніцтва», «Згода». С. Полацкі выкрываў амаральныя паводзіны і ўчынкі. У вершы «Двурушнасць» паэт асудзіў крывадушнасць і няшчырасць, якія разбураюць асобу.
Як філосаф, Сімяон Полацкі шмат разважаў пра чалавека і грамадства. Яго антрапалагічная канцэпцыя найбольш поўна выкладзена ў казаннях: «Слова пры пахаванні саноўнага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнага чалавека», «Слова пры пахаванні ваяра», «Слова пры пахаванні дабрачыннага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнай жанчыны», «Слова ў дзень найпадобнага Аляксея». У «Слове ў дзень новага лета» пісьменнік падкрэсліваў асаблівую місію чалавека на зямлі, яго выключнае месца сярод іншых жывых істот: «Дзеля каго сонца дзень стварае? Дзеля чалавека! Дзеля каго існуюць усе скарбы зямныя — золата і серабро, каштоўныя камяні ў зямных нетрах і жэмчуг у марскіх глыбінях? Дзеля чалавека!» С. Полацкі таксама адзначаў натуральнае імкненне чалавека да ўзвышанага і прыгожага.
Для творчасці С. Полацкага характэрны анталагізм — імкненне ахапіць і растлумачыць усе з’явы жыцця, прыроды і сусвету, аб чым сведчаць шматлікія вершы: «Чарадзейства», «Старасць», «Жаніцьба», «Жонка», «Удоўства», «Манах», «Леў», «Дзень і ноч», «Пахаванне», «Віно».
Сімяон Полацкі ўздымаў вострыя сацыяльныя і грамадска-палітычныя праблемы, прапаноўваў іх адметнае вырашэнне ў творах: «Начальнік», «Суд», «Грамадзянства», «Справядлівасць», «Адрозненне». Выхаваны на ідэях Рэнесансу, ён адстойваў ідэю пабудовы прававой дзяржавы. У вершы «Закон» паэт акурат указваў на пільную грамадскую неабходнасць адшліфаваных агульнадзяржаўных статутаў, падкрэсліваў велізарную карысць ад іх для кожнай асобы і ўсёй супольнасці.
Сімяон Полацкі адмыслова вырашаў праблему ўлады. У вершы «Адрозненне» паэт, спасылаючыся на Арыстоцеля, піша, што сапраўдны цар той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран — рабуе і крыўдзіць падданых. С. Полацкі адстойваў канцэпцыю асвечанай манархіі. У вершы «Улада» ён сцвярджаў, што ўсялякая ўлада — ад Бога. Менавіта Госпад пасылае людзям добрых ці злых уладароў. Грамадзяне павінны шанаваць уладу, дапамагаць манархам рэалізоўваць іх стваральныя задумы. У п’есе «Пра Наўхаданосара-цара» праз мастацкія сродкі драматургіі сцвярджаецца неабходнасць справядлівага і мудрага манарха.
Зноскі
- ↑ Simeon Polockij — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ↑ а б Педагоги и психологи мира — 2012.
- ↑ а б в Державина О. А. Симеон Полоцкий // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 6. — С. 841–842.
- ↑ различные авторы Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. Петрушевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1907.
- ↑ Margarita Korzo, Внешняя традиция как источник вдохновения. К вопросу об авторстве киевских и московских православных текстов XVII в. Два примера, Studi Slavistici VI (2009), s. 59-84
- ↑ История глазами одной книги Архівавана 7 лютага 2011.
- ↑ Підручний П. Початки Василіянського Чину і Берестейська унія // Берестейська унія та внутрішне життя Церкви в XVII ст. — Львів, 1997. — С. 79-101.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2009. Праверана 25 студзеня 2010.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кароткі У. Г. Сімяон Полацкі, Пятроўскі-Сітняковіч Самуіл Емяльянавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 391—392. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). — ISBN 985-6824-43-5
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Асобы
- Нарадзіліся 12 снежня
- Нарадзіліся ў 1629 годзе
- Нарадзіліся ў Полацку
- Памерлі 25 жніўня
- Памерлі ў 1680 годзе
- Памерлі ў Маскве
- Пахаваныя ў Маскве
- Выпускнікі Кіева-Магілянскай акадэміі
- Паэты Расіі
- Драматургі Беларусі
- Праваслаўныя манахі Беларусі
- Постаці беларускага ўсходняга каталіцтва
- Сімяон Полацкі
- Асобы на марках