Касцёл Святога Крыжа і Святой Ганны (Брэст)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Фарны касцёл (Брэст))
Славутасць
Касцёл Святога Крыжа і Святой Ганны
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Епархія Пінская дыяцэзія
Заснавальнік Вітаўт
Дата заснавання 1412 і 1766
Дата скасавання 1808

Касцёл Святога Крыжа і Святой Ганны (фара Вітаўта) — парафіяльны касцёл, які існаваў у Берасці з 1412 г. да сярэдзіны XIX ст. Заснаваны вялікім князем Вітаўтам. Пазней таксама згадваецца як касцёл Святога Крыжа і Святой Ганны. Як і іншыя помнікі архітэктуры Брэста, знішчаны расійскімі ўладамі пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл фундованы Вітаўтам пад імем Святога Крыжа і Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Будынак размяшчаўся на тэрыторыі акольнага горада, мяжа тэрыторыі праходзіла з поўначы ўздоўж касцёла езуітаў, галоўны фасад касцёла выходзіў на гандлёвую плошчу, а з поўдня выходзіў на вуліцу Падзамкавую, да бернардзінскага моста.

Да касцёла належалі вялікія юрыдыкі. Адна з іх — Святога Крыжа за рынкам уздоўж вуліцы Падзамкавай. У 1766 годзе па фундацыі кс. Пятра Шпанемберга касцёл быў перабудаваны.

Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга) Умоўныя пазначэнні: A. Castellum — Замак; B. Templum Iesuilarum — Касцёл езуітаў; C. Templum Parochiale — Фарны касцёл; D. Templ. Graco-rum — Грэка-каталіцкая царква; E. Templ. Dominicanorum — Дамініканскі касцёл; F. Coenob. Bernhardinorum — Кляштар бернардзінцаў; G. Synagogux Iudcorum — Сінагога.
Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга)
Умоўныя пазначэнні: A. CastellumЗамак; B. Templum IesuilarumКасцёл езуітаў; C. Templum Parochiale — Фарны касцёл; D. Templ. Graco-rumГрэка-каталіцкая царква; E. Templ. DominicanorumДамініканскі касцёл; F. Coenob. BernhardinorumКляштар бернардзінцаў; G. Synagogux IudcorumСінагога.


З 1805 г. служба ў касцёле не вялася з прычыны небяспечнасці канструкцый пасля моцнага гарадскога пажару. Рухомыя каштоўнасці былі перанесены ў капліцу. Відаць, стан Фарнага касцёла быў настолькі дрэнны, што расійскія ўлады яго ў далейшым не ўлічвалі.

Касцёл разабраны ў час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці, капліца нейкі час выкарыстоўвалася пад ваенныя мэты, пазней таксама была разабрана.

Храналогія[правіць | правіць зыходнік]

  • 1389 год — узнікненне першай брэсцкай каталіцкай парафіі.
  • 1412 год — пачатак будаўніцтва мураванага (?) каталіцкага храма на вуліцы Нямецкай, на адным з бакоў Рыначнай плошчы. На думку іншых даследчыкаў касцёл заставаўся драўляным ажно да XVIII ст.[1]
  • 1766 год — пачатак узвядзення новага мураванага касцёла.
  • 1769 год — асвячэнне новазбудаванага касцёла.
  • 1806 год — функцыі гарадской Фары перайшлі да езуіцкаму касцёлу, бо сам Фарны касцёл быў дрэнна збудаваны і меў слабыя падмуркі.
  • 1808 год — абодва храмы (Фара і езуіцкі) згарэлі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак меў форму чатырохвугольніка, бабінец фланкіраваў уваход у касцёл, а вуглавая шасцікутная вежа завяршала кампазіцыю будынка.

Плябанія касцёла ўяўляла сабой вялікі дом з жыллёвымі памяшканнямі. У трох вялікіх пакоях каміны з белай кафлі, сцены былі зацягнуты шпалерамі з па-мастацку аздобленай тканіны.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

У інтэр’еры касцёла былі багата аздобленыя алтары, вялікая колькасць абразоў, сярод іншага і свецкі партрэт Вітаўта, выкананы ў 18 ст. Капліца касцёла размяшчалася з яго ўсходняга боку, бліжэй да царквы Св. Мікалая.

Зноскі

  1. Габрусь Т. Зруйнаваныя святыні // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5. С. 125.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]