Пярэспа
Пярэ́спа, прадмесце Пярэ́спа — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўночнай частцы горада, пры ўтоку ракі Пярэспы ў Свіслач. Месцілася за Старажоўскай заставай, паміж старадаўнімі паштовымі шляхамі на Вільню і Даўгінава (Старавіленскі і Даўгінаўскі тракты)[1]. Часам Пярэспу аб’ядноўваюць з суседнім Старажоўскім прадмесцем, якое насамрэч размяшчалася бліжэй да цэнтру горада. У сённяшні час тэрыторыю Пярэспы можна вызначыць як раён на правым беразе Свіслачы, на поўнач ад сучаснай вуліцы Максіма Багдановіча (вул. Старажоўская, Камуністычная, Крапоткіна, Даўмана)[2].
На паўднёвым захадзе ад Пярэспы месціцца Людамонт, на паўднёвым усходзе — Старажоўка, на поўдні — Старосцінская Слабада[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле падання, недалёка ад віленскай дарогі і рэчкі Пярэспы некалі пасяліўся волат або Вядзьмар Мянеск, які пабудаваў на рацэ Свіслач вадзяны млын і тым самым заснаваў горад Менск[4]. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта ад дзеяслова «перасыпаць» (муку з меху ў мех — пасля абмалоту яе на млыне) і пайшла назва мясціны[5]. Таксама існуе версія, паводле якой слова «Пярэспа» азначае перасып — насып, які зрабілі каля мастка праз раку Пярэспу на шляху Старавіленскага гасцінца.
У дакументах XVII—XVIII стст.[6] ёсць згадкі пра фальварак Пярэспа, каторы менскі земскі суддзя Марцін Валадковіч ахвяраваў менскаму манастыру Святых Пятра і Паўла[2].
У 1-й палове XIX стагоддзя згадваецца слабада Пярэспа ў сувязі з судовай спрэчкай паміж менскімі ўладамі і Пінскім Богаяўленскім манастыром за права валодання зямлёй з цагельняй, размешчанай на тэрыторыі слабодкі. У 1840—1850-я гады ў Пярэспе дзейнічала скураное прадпрыемства купца 3-й гільдыі Чартка. Паводле сведчанняў беларускага падарожніка Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX ст. каля слабады знаходзілася возера, на беразе якога месцілася ферма[7].
Прыкладна ў канцы XIX ст. слабада была ўключана ў межы Мінска. У «Спісе вуліц горада Мінска» за 1892 год налічвалася каля дзесяці вуліц, у найменнях якіх прысутнічала назва «Пярэспа». Аднак ужо ў спісе вуліц 1911 года «Пярэспа» не згадваецца[2].
На пачатак XX ст. прадмесце ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада і было пераважна забудаванае драўлянымі будынкамі з садамі, агародамі і пляцамі. Праз прадмесце праходзілі Старавіленскі, Даўгінаўскі і Сморгаўскі тракты, Віленскі завулак, па ўсходняй ускраіне — Мікалаеўская вуліца (цяпер Крапоткіна)[8].
У 1941 годзе ў раёне Пярэспы створана Камсамольскае возера, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны разбіты парк культуры і адпачынку[1].
У канцы XX ст. быў распрацаваны праект аднаўлення Пярэспы як кампазіцыйнага працягу архітэктурна-гістарычнага комплексу Траецкага прадмесця, але пасля 1995 года разам са зменай дзяржаўнага курсу гэты план быў адхілены гарадскімі ўладамі[9].
22 снежня 2006 года Мінскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне па наданні безназоўнай пляцоўцы паміж вуліцай Аляксандра Чарвякова і Старавіленскім трактам назвы Пярэспенскі сквер[10].
Старыя адрасы
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалаеўская, 53. Ганчарна-кафляны завод А. І. Поляка. Адкрыўся ў 1883 годзе. Выпускаў белую і маёлікавую кафлю, ганчарныя і тэракотавыя вырабы, вогнетрывалую цэглу. Цяпер на месцы дарэвалюцыйнага заводзіка месціцца Мінскі ордэна «Знак Пашаны» парцалянавы завод (Крапоткіна, 91).
- Мікалаеўская. Гарадская востразаразная бальніца. Адкрылася 8 лістапада 1913 года. З усімі службамі і лядоўнямі займала 12 асобных камяніц. Для хворых адводзіліся 3 карпусы па 60—100 ложкаў. У лякарні было паравое ацяпленне, электравентыляцыя, каналізацыя, механічная пральня, дэзінфекцыйная камера. Цяпер у дарэвалюцыйных будынках месціцца гарадская інфекцыйная клінічная бальніца (Крапоткіна, 76).
- Старавіленская, 15а. Дрожджава-вінакурны завод М. Я. Урэвіча (колішні Любецкіх і Перэльмана). Пабудаваны ў 1907 годзе, але на поўную магутнасць запрацаваў толькі ў 1911 годзе. У 1912 годзе новы гаспадар усталяваў паравую машыну магутнасцю 32 конскія сілы. Будынак захаваўся, сучасны яго адрас — Даўмана, 13б[11].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Праект завода М. Урэвіча
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычныя здымкі
[правіць | правіць зыходнік]-
да 1930 г.
-
Старавіленская вуліца, 1933 г.
-
Галантарэйны камбінат, да 1950 г.
-
Галантарэйны камбінат, да 1950 г.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б В. Е. Собаль. Пярэспа // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
- ↑ а б в Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
- ↑ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ Артур Зельскі. Паданне пра Змееву гару Архівавана 2 снежня 2008. // «Минск старый и новый»
- ↑ Светлана Иванова. В поисках утраченного(недаступная спасылка) // «Советская Белоруссия», 17 чэрвеня 2006
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 224
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому края. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
- ↑ Кірэй Мануйлаў. Пярэспа — новая магіла старога Мінска(недаступная спасылка) // Наша Свабода, 16 мая 2000
- ↑ Решение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-га созыва №274 от 22.12.2006: «Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска»(недаступная спасылка)
- ↑ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 24 жніўня 2011. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века(недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.