Сальвадор Далі
Сальвадо́р-Дамі́нга-Фелі́п-Жасі́нт Далі-Даменек (ісп.: Salvador Domingo Felipe Jacinto Dalí i Domènech, катал.: Salvador Domingo Felip Jacint Dalí Domènech; 11 мая 1904[1][2][…], Фігерас[3][4] — 23 студзеня 1989[5][1][…], Фігерас[4]) — іспанскі і каталонскі мастак, жывапісец, графік і скульптар, які лічыцца адным з вядучых прадстаўнікоў сюррэалізму і адным з самых вядомых мастакоў 20 стагоддзя.
У маладосці пад уздзеяннем імпрэсіянізму пакінуў Фігерас, каб атрымаць мастацкую адукацыю ў Мадрыдзе, дзе пасябраваў з Федэрыкам Гарсіям-Лоркам і Луісам Буньюэлем і шукаў свой стыль у розных мастацкіх рухах. Па парадзе Жуана Міро паехаў у Парыж і прыяднаўся да сюррэалістычнай групы, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Галай. У 1929 годзе знайшоў свой уласны стыль, стаўшы цалкам сюррэалістычным і вынайшаў паранаідальна-крытычны метад. Быў выключаны з гэтай групы праз некалькі гадоў, пасля таго як знаходзіўся ў эміграцыі падчас іспанскай грамадзянскай вайны, а падчас Другой сусветнай вайны пакінуў Еўропу і на працягу васьмі гадоў жыў у Нью-Ёрку, дзе здабыў папулярнасць. Па вяртанні ў Каталонію ў 1949 годзе павярнуўся да каталіцызму і жывапісу Рэнесансу, а таксама быў натхнёны навуковымі распрацўкамі свайго часу і змяніў свой стыль на тое, што называў «ядзерны містыцызм».
Асноўнымі тэмамі мастака былі сон, сексуальнасць, ежа, ягоная жонка Гала і рэлігія. Адной з самых вядомых сюррэалістычных карцін Далі з’яўляецца «Сталасць памяці», а «Хрыстос Святога Яна ад Крыжа» з’яўляецца адной з самых вядомых рэлігійных карцін. Будучы мастаком з вельмі багатым уяўленнем, прадэманстраваў схільнасць да нарцысізму і гігантаманіі, што дазваляла яму захоўваць увагу грамадскасці, але раздражняла многіх прадстаўнікоў мастацкага свету, якія бачылі ў гэтым паводзінах форму рэкламы, якая часам перавышала значнасць твора. Падчас ягонага жыцця было пабудавана два музеі, прысвечаных яму — Музей Сальвадора Далі і Тэатр-музей Далі. Другі быў створаны самім Далі як твор сюррэалістычнага мастацтва.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Дзяцінства
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 11 мая 1904 года ў іспанскім горадзе Фігерасе (Каталонія) у сям’і заможнага натарыуса дона Сальвадора Далі-і-Кусі. Раней, у 1901 годзе, у іх сям’і нарадзіўся першы сын (таксама названы Сальвадорам), які хутка памёр ад менінгіту. Таму другі сын, будучы мастак Сальвадор Далі, быў доўгачаканым дзіцём, якому бацька і маці ні ў чым не адмаўлялі, чым вельмі распесцілі. Разбалаваны, схільны да істэрыкі, ганарлівасці, маленькі Сальвадор Далі (названы ў гонар памерлага брата) заўсёды дабівайся ад бацькоў таго, чаго хацеў.
Бацька Сальвадора па натуры быў чалавекам аўтарытарным, строгім, але ў той жа час — атэістам і вальнадумцам і выступаў за аддзяленне Каталоніі ад Іспаніі[10]. Тым не менш распешчаны маленькі Далі даводзіў бацьку да адчаю сваімі эпатажнымі ўчынкамі — напрыклад імітацыяй непрытомнасці альбо доўгіх прыступаў кашлю за сталом. Пазней Далі распаўсюджваў перабольшаныя і не заўсёды праўдзівыя звесткі пра сваё дзяцінства[11]. У бацькоўскай хатняй бібліятэцы былі кнігі вядомых асветнікаў і філосафаў (Вальтэр, Ф. Ніцшэ і інш.), якія паўплывалі на маладога Далі. З аднагодкамі адносіны складваліся дрэнна. Маленькі Далі быў непадобны да іншых, акрамя таго вельмі разбалаваны, са шматлікімі комплексамі. Дзеці карысталіся яго фобіямі і падкідвалі яму конікаў, перад якімі ён адчуваў неадчэпны страх, чым даводзілі хлопчыка да істэрыкі[12].
У Далі была малодшая сястра Ганна Марыя (нарадзілася ў 1908), якая, тым не менш, выконвала ролю нянькі дзеля непрыстасаванага да жыцця брата. Яна была яго лепшым сябрам дзяцінства і мадэллю яго ранейшых карцін. Пазней, калі ён, ужо дарослы, сустрэў Галу Элюар і зрабіў яе сваёй музай, то выклікаў гэтым абурэнне Ганны Марыі — тая назаўсёды стала ворагам Галы[11].
Першую карціну намаляваў на паштоўцы ў 6 год. Таленавіты выкладчык мастацтва Жуана Нун’ес (у якога хлопчык бярэ прыватныя ўрокі) дапамагае Сальвадору развіць яго здольнасці. Бацька выказвае нерашучасць ў пытанні аб жаданні Сальвадора стаць мастаком, але заўсёды ахвотна купляе яму ўсе мастацкія інструменты. Малады Далі эксперыментуе ў межах імпрэсіянізму, рэалізму, прымітывізму.
Ва ўзросце 15 гадоў быў выгнаны з манастырскай школы за дрэнныя паводзіны, але добра здаў экзамены і паступіў у інстытут (так у Іспаніі зваліся школы сярэдняй адукацыі), які скончыў у 1921 г. з выдатнымі адзнакамі[13].
У Акадэміі Сан-Фернанда
[правіць | правіць зыходнік]У 1921 г. памерла маці будучага мастака, у той жа год ён паступае ў школу прыгожых мастацтваў пры Акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе, дзе знаёміцца з будучым рэжысёрам Луісам Буньюэлем і паэтам Федэрыка Гарсія-Лорка. Адзінокі, маўклівы, сарамлівы, заўсёды дзіўна апрануты, па сутнасці інфант, Далі не ўмее карыстацца грашыма, заўсёды плаціць за ўсіх. Атрымаўшы вялікія чэкі, бацька памяншае яму грашовую падтрымку. Цікавіцца псіхааналізам, чытае «Тлумачэнне сноў» З. Фрэйда. У 1923 г. Сальвадора на год выключаюць з акадэміі за сапраўдны ці ўяўны ўдзел у радыкальных арганізацыях.
У 1920-я гады Далі спрабуе розныя стылі жывапісу (імпрэсіянізм, кубізм), жадаючы знайсці свой уласны. На кароткі тэрмін апынуўся ў турме (1924), хутчэй за ўсё за анархічныя погляды[14]. У 1925 г. аднаўляецца ў Акадэміі. З 1925 г. па 1929 г. супрацоўнічае з барселонскім выданнем Gaceta de Arte. У 1926 годзе яго другі раз і назаўсёды выключаюць з Акадэміі, бо, атрымаўшы высокія адзнакі французскіх мастакоў і лічачы афіцыйную адукацыю стрымліваючым фактарам, на экзаменах ён заяўляе выкладчыкам, што ведае больш іх усіх разам узятых.
Далі пачынае засвойваць сюррэалістычны жывапіс і піша карціны пад частковым уплывам Жуана Міро. У 1926 годзе яго сябар паэт Гарсія-Лорка прысвячае маладому мастаку «Оду Сальвадору Далі», якая вельмі ўразіла адрасата. Пасля гэтага гомасексуальны Лорка спрабуе спакусіць маладога Далі, але той шакіраваны такімі паводзінамі сябра, і іх сяброўства абрываецца. Пазней паміж імі наладжваецца сяброўская перапіска, але самі мастак і паэт ні разу больш не бачыліся. Адсечаная галава Лоркі на карціне Далі «Мёд саладзейшы за кроў» (1926) — трагічнае прадчуванне смерці паэта. Карціна «Маленькія рэшткі» (1927—1928) — захавала ўспаміны аб шчаслівых часах сяброўства Далі з Гарсія-Лорка.
Сталыя гады
[правіць | правіць зыходнік]У 1927 годзе Далі наведвае Францыю, сустракаецца з Пікаса, якому сцвярджае, што прыйшоў да яго раней, чым ў Луўр. У тым жа годзе едзе ў Італію, дзе блізка знаёміцца з жывапісам Адраджэння. Пазней (1928) зноў з’яўляецца ў Парыжы па запрашэнню Марыа, знаёміцца з сюррэалістамі. У 1929 г. робіцца членам іх групы.
У 1929 г. ў Парыжы разам з Луісам Буньюэлем выпускае фільм «Андалузскі сабака». У тым жа годзе знаёміцца з Гала (Аленай Дзмітрыеўнай Дзяканавай), якая дзеля яго кідае свайго мужа паэта Поля Элюара і дачку Сесіль і селіцца з мастаком у Порт-Льігаце. Старэйшая за Далі на 10 год, Гала была не толькі яго жонкай, але і менеджэрам, даглядала яго, як маці, падмацоўвала яго рашучасць, прымушала працаваць, чаго бязвольная, эксцэнтрычная, хоць і таленавітая натура Далі падчас патрабавала. Спачатку жывучы з Сальвадорам у беднасці ў Порт-Льігацкім дамку, у далейшым Гала дзяліла з вялікім мастаком і багацце, і славу.
У 1930 г. выходзіць фільм Луіса Буньюэля «Залаты век». Рэжысёр паспрачаўся з Далі і нават не запісаў імя мастака ў цітры сярод стваральнікаў кінастужкі. Пасля гэтага былыя сябры разыходзяцца. У далейшым яны час ад часу сустракаюцца, наведваюць адзін другога. Ужо пастарэўшы, Далі прапанаваў Буньюэлю працяг «Андалузскага сабакі», але той адмовіўся.
У 1934 г. Далі і Гала ажаніліся. У тым жа годзе Далі мірыцца з бацькам, з якім парваў з-за нежадання апошняга прызнаваць адносіны сына з замужняй жанчынай. З-за камерцыялізацыі сваёй творчасці і несур’ёзных («сюррэалістычных») адносінаў да палітыкі Далі парывае з французскімі сюррэалістамі, якія на той час пачынаюць захапляцца камуністычнымі ідэямі. Сюррэалісты на чале з Андрэ Брэтонам забараняюць яму наведваць сходы гуртка, але як і раней дазваляюць удзельнічаць у сумесных выставах карцін. У гэтым жа годзе была спраўлена яго першая выстаўка ў Англіі (Лонданская галерэя Цвемэр). Затым Далі здзяйсняе паездку ў Нью-Ёрк, якую аплаціла паклонніца яго таленту Карэс Кросбі. Стварае 42 ілюстрацыі да «Песняў Мальдора» графа Латрэамона.
У 1935 г. прымае ўдзел у сюррэалістычнай выставе ў Тэнерыфе, на Канарскіх астравах, пры падтрымцы «Gaceta de Arte» і мясцовага мастака Оскара Дамінгеса. Выстаўка стала адной з найбольш выдатных падзеяў у гісторыі іспанскага сюррэалізму.
У 1938 г. Далі сустракаецца са сваім кумірам Зігмундам Фрэйдам[15], чые псіхааналітычныя ідэі паўплывалі на творчасць мастака. Падчас сустрэчы Далі робіць алоўкам малюнак «Марфалогія галавы Зігмунда Фрэйда». А Фрэйд, які на той час вельмі скептычна ставіўся да сюррэалістаў, быў прыемна ўражаны асобай свайго суразмоўцы.
У 1939 г. пачынаецца вайна. У 1940 г. Далі і Гала пераязджаюць ў ЗША. На шляху праз Іспанію Далі бачыцца са сваім бацькам, здароўе якога на той час пагоршылася: яго даканала грамадзянская вайна ў Іспаніі. Гэтая ж вайна прыбрала і Федэрыка Гарсія-Лорка, які быў расстраляны салдатамі Франка як рэспубліканец. У ЗША Далі супрацоўнічае з У. Дыснеем і А. Хічкокам, піша кнігу «Тайнае жыццё Сальвадора Далі, якое расказана ім самім» (1942). У 1948 г. Далі і Гала вяртаюцца ў Каталонію. Далі ўжо багаты і знакаміты. Акрамя жывапісу стварае фільмы, выдае эпатажную кнігу «Дзённік аднаго генія», дзе бессаромна прымушае чытачоў быць назіральнікамі самых інтымных фізіялагічных аспектаў жыцця вялікага мастака.
Апошнія гады
[правіць | правіць зыходнік]У 1965 г. Далі наведвае Парыж, які захапляе сваёй творчасцю і эпатажнымі паводзінамі. Адносіны з Гала пагаршаюцца, жонка проста стамілася ад жыцця з эксцэнтрычным геніем, да якога яна падалася для славы і грошаў і дзеля якога ахвяравала сваёй маладосцю, энергіяй і душою. Яна нібыта кампенсавала гэта актыўнымі сувязямі з маладымі мужчынамі ў апошнія гады жыцця. Яна робіць пластычныя аперацыі, але ўсё больш старэе. Са сваімі кавалерамі Гала расплачваецца грашыма, а калі грошы час ад часу скачаюцца, — карцінамі Сальвадора Далі. Сам мастак знаёміцца з Амандай Лір — транссексуалам, папулярнай зоркай, якая робіцца яго сяброўкай і натуршчыцай позніх палотнаў. Гале ўвесь час патрэбны грошы, і яны патрабуе ад Аманды Лір, каб тая мацней стымулявала Далі да творчасці[16].
Многія маладыя кавалеры Галы маюць меркантыльныя намеры. Адзін з іх, Эрык Сэман, абедаў з Галой у рэстаране, а яго сябры ў той час зрабілі няўдалую спробу скрасці яе машыну. Але некаторых людзей прыцягвалі да Галы не толькі грошы: многія захапляліся ёю як чалавекам. Адным з такіх быў 22-гадовы акцёр-наркаман Уільям Ротлейн. Гала накарміла яго, адвучыла ад наркотыкаў, прывезла ў Верону, дзе звычайна прымушала сваіх кавалераў клясціся ў вечным каханні. Але іх сувязь на самой справе аказалася доўгай. Нейкі час Далі быў нават упэўнены, што Гала пакіне яго і сыдзе да Ротлейна. Звычайна, калі жонка ўязджала са сваім закаханым, Далі быў рады свабодзе (бо Гала, якой патрабаваліся грошы, прымушала яго працаваць). Але потым мастаку робіцца маркотна. Праўда, сувязь Галы і Ротлейна раптам скончылася, калі малады акцёр не праходзіць кастынг у рэжысёра Феліні. Праз нейкі час Ротлейн памірае ад наркатычнай перадазіроўкі.
Другім кавалерам Галы быў Джэф Фернхальт, выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Ісус Хрыстос — суперзорка». Гала купіла яму дом за 1,25 мільёна долараў ЗША. Але пазней ён стаў тэлепрапаведнікам і катэгарычна адмаўляў, нібыта меў сексуальныя сувязі з Галой — старой жанчынай, якая хварэла на рак скуры.
У 1968 г. Далі купляе для жонкі замак у вёсцы Пубаль, куды мае права наведвацца толькі па пісьмовым дазволе Галы[17]. Тая траціць шмат грошай, не ў апошнюю чаргу ў азартных гульнях. Спачатку яна ненавідзела Аманду Лір, з якой у Далі захоўваліся сяброўскія, платанічныя адносіны. На многіх фотаздымках твар Аманды быў выразаны раз’юшанай жонкай мастака. Але пазней яна зразумела, што сувязь з Амандай не пагражае шлюбу з Далі. Аманда Лір была разумнай, таленавітай, таксама захаплялася жывапісам, задавала шмат пытанняў, і стары Далі быў шчаслівы, што мог выступаць у ролі настаўніка. Акрамя таго з Амандай можна была з’яўляцца на публіцы, нібыта з маладой каханкай.
У 1970-я гг. здароўе Далі пагоршылася. Доктар знайшоў, што ён хварэе на наркатычную залежнасць ад антыдэпрэсантаў, якія яму давала Гала. Гэта нанесла вялікую шкоду яго нервовай сістэме. Старыя і хворыя, Далі і Гала не маглі больш пераязджаць на зіму ў ЗША ці Парыж. Жывучы ў абмежаванай прасторы, яны часта спрачаліся. Аднойчы Далі нават спіхнуў жонку з ложка, і тая зламала два рабра. У лютым 1982 г. Гала пераносіць цяжкую аперацыю. Летам таго ж года яна ўжо не можа ўстаць з ложка. Дачка Сесіль, якую Гала нарадзіла ад паэта Поля Элюара і назаўсёды кінула, спрабавала сустрэцца з маці, але тая не пажадала яе бачыць[18].
Жонка Далі памерла 10 чэрвеня 1982 г. Далі ўпадае ў дэпрэсію. Мастака даўно разбівае хвароба Паркінсона, шматлікія фобіі, кашмары. У 1983—1984 гг. ён вяртаецца да малявання, але знішчае многія новыя карціны, у якіх больш не пазнае сябе. Апошняй серыяй мастака былі «Пеўневыя баі» (1985) — прымітыўныя малюнкі, створаныя старым, паралізаваным чалавекам. У 1983 г. самаадчуванне мастака трохі паляпшаецца, ён устае з ложку, можа трохі хадзіць. Але у 1984 г. ледзь не гіне ў пажары ў сваім доме і трапляе у бальніцу са шматлікімі апёкамі. У 1985 г. стан здароўя зноў трохі паляпшаецца, Далі нават можа даваць інтэрв’ю. У лістападзе 1988 г. пакладзены ў клініку, дыягназ — сардэчная недастатковасць. У апошнія гады жыцця не заўважаў людзей, не вымаўляў амаль ніводнай фразы.
Памёр 23 студзеня 1989 г., ва ўзросце 84 гадоў. Сваю маёмасць (якая была ацэнена ў 9 750 000 долараў ЗША) завяшчаў Іспаніі[14]. Цела мастака забальзамавалі і на цэлы тыдзень размясцілі ў заснаваным ім Музеі-тэатры. Тысячы наведвальнікаў прыязджалі, каб развітацца з мастаком[19]. Далі пахавалі ў цэнтры музея, пад нічым не вызначанай пліткай.
Далі шырока вядомы сваёй любоўю да ўсяго пазалочанага і празмернага, а таксама да раскошы і ўсходняга адзення ў арабскім стылі[20]. На конт гэтага сам Далі сцвярджаў, што яго продкі былі нашчадкамі маўраў. Далі быў вельмі багатым на ўяўленне, а таксама меў цягу да незвычайных і грандыёзных учынкаў. Яго эксцэнтрычная манера прыцягвала ўвагу грамадскасці часам больш, чым яго мастацкія працы[21].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У Сальвадора Далі з яго жонкай Галой не было дзяцей. Калі Рэйнальдс Морс, сябар Далі і калекцыянер яго карцін, спытаў, чаму, мастак адказаў: «Адзін з сыноў Пікаса бегае па Парыжу напаўголы і паўвар’ят. Калі ўжо ў генія Пікаса такі шалёны сын, то ўявіце, хто нарадзіўся б у мяне». На самой справе Гала, якая перанесла гінекалагічную аперацыю, ужо не магла стаць маці. Далі ж падабалася, што яго жонка «стырыльная»[18].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Яго маляўнічыя навыкі часта звязваюць з уплывам майстроў Адраджэння[22][23]. Пад уплывам П. Пікаса і А. Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізу З. Фрэйда, распрацаваў уласны метад творчай працы, заснаваны на адлюстраванні ірацыянальных імпульсаў, сноў, вобразаў трызнення, які назваў «паранаідальна-крытычным».
Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэалістычных фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л. Буньюэлем («Андалузскі сабака», 1929; «Залаты век», 1931), што прынесла С. Далі славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака XX ст.
Жывапісныя творы С. Далі, адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць. Сярод мноства арыгінальных карцін на гістарычныя, рэлігійныя, філасофскія тэмы — «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны „Анжэлюс“ Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. У ЗША (з 1940) яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найбольшай вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). У Іспаніі (з 1955) пад уплывам іспанскага барочнага жывапісу ствараў творы хрысціянскай тэматыкі («Тайная вячэра», 1955, і інш.).
Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкаратыўным мастацтвам, ілюстраваў творы М. Сервантэса, У. Шэкспіра, Льюіса Кэрала і інш.
Аўтар «Дзённіка аднаго генія», аўтабіяграфіі «Тайнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім» (1942).
Распрацоўшчык лагатыпу цукеркі «Чупа-чупс». Па камерцыйнай паспяховасці з мастакоў ХХ ст. саступаў толькі Эндзі Уорхалу.
-
Верхавой конь, які спатыкаецца
-
Дон Кіхот, які сядзіць
-
Касмічны слон
-
Гала ў акне
-
Гала Градіва
-
Персей з галавою медузы
Асноўныя творы
[правіць | правіць зыходнік]- 1918 г. — Нацюрморт
- 1919 г. — Партрэт маці
- 1921 г. — Аўтапартрэт
- 1924 г. — Партрэт Анны Марыі
- 1924 г. — Партрэт Луіса Буньюэля
- 1925 г. — Маладая жанчына, выгляд ззаду
- 1925 г. — Венера і матрос
- 1925 г. — Партрэт бацькі
- 1925 г. — Жанчына ля акна
- 1927 г. — Кубічная фігура
- 1927-28 гг. — Маленькія рэшткі
- 1928 г. — Сюррэалістычная кампазіцыя
- 1929 г. — Змрочная гульня
- 1929 г. — Партрэт Поля Элюара
- 1929 г. — Апаганенне госці
- 1929 г. — Асвечаныя асалоды
- 1929 г. — Прыстасавальнасць жаданняў
- 1929 г. — Вялікі Мастурбатар
- 1930 г. — Ранняе акасцяненне станцыі
- 1930 г. — Фантан
- 1930 г. — Нябачны леў, конь і спячая жанчына
- 1930 г. — Кровацячэнне ружы
- 1931 г. — Нязменнасць памяці (ісп. «La persistencia de la memoria»)
- 1931 г. — Галавакружэнне
- 1931 г. — Цені ночы, якая растае
- 1931 г. — Сон набліжаецца
- 1931 г. — Адзінота
- 1932 г. — Нараджэнне цякучых жаданняў
- 1932 г. — Памяць аб жанчыне-дзіцяці
- 1932 г. — Ангастычны сімвал
- 1932 г. — Французскі батон
- 1933 г. — Партрэт Гала з барановымі рабрынкамі
- 1933 г. — Геалагічнае станаўленне
- 1933 г. — Мяккі гадзіннік
- 1933 г. — Я ва ўзросце 10 гадоў
- 1933 г. — Мазахісцкі інструмент
- 1933 г. — Трохвугольная гадзіна
- 1934 г. — Загадка Вільгельма Тэля
- 1934 г. — Сон, які кладзе руку на мужчынскую спіну
- 1934 г. — Астральны паранаічны вобраз
- 1934 г. — Знак бяды
- 1934 г. — Атавізм змяркання
- 1934 г. — Нязменнасць добрага надвор’я
- 1934 г. — Згрызоты сумлення
- 1935 г. — Жанчына з галавой з ружаў
- 1935 г. — Вершнік, імя якому Смерць
- 1935 г. — Паранаідальна-крытычная адзінота
- 1935 г. — Пакой у выглядзе твару Мэй Уэст
- 1936 г. — Лэдзі Льюіс Мамбетон
- 1936 г. — З’ява горада Дэлфта
- 1936 г. — Асенні канібалізм
- 1936 г. — Вялікі Параноік
- 1936 г. — Прадчуванне Грамадзянскай вайны
- 1936 г. — Цела днём і ноччу
- 1936 г. — Тэлефон-амар
- 1936 г. — Марфалагічнае рэха
- 1937 г. — Лебедзі, адлюстраваныя ў сланах
- 1937 г. — Стварэнне пачвар
- 1937 г. — Загадка Гітлера
- 1937 г. — Сон
- 1937 г. — Палымнеючы жыраф
- 1937 г. — Царыца Саламея
- 1937 г. — Метамарфоза Нарцыса
- 1938 г. — Пляж з тэлефонам
- 1939 г. — Філосаф
- 1940 г. — Тры ўзросты
- 1941 г. — Мёд саладзейшы за кроў
- 1941 г. — Меланхолія
- 1943 г. — Геапалітычнае дзіця, якое назірае за нараджэннем новага чалавека
- 1944 г. — Сон, навеяны палётам пчалы вакол граната, за секунду да абуджэння
- 1945 г. — Мая жонка, голая, глядзіць на сваё цела
- 1945 г. — Разбураны мост мары
- 1947 г. — Расшчапленне атама
- 1947 г. — Партрэт Пікаса
- 1948 г. — Сланы
- 1949 г. — Лэдзі Атоміка
- 1950 г. — Мадонна Порт-Льігата
- 1951 г. — Хрыстос святога Хуана дэ ла Крус
- 1951 г. — Дантэ
- 1952 г. — Малекулярны вершнік
- 1952 г. — Евангельскі нацюрморт
- 1952 г. — Ядзерны крыж
- 1954 г. — Маладая нявінніца, якія аддаецца садомскаму граху з дапамогай рагоў уласнай цноты
- 1954 г. — Гала
- 1955 г. — Тайная вячэра
- 1955 г. — Лоурэнс Аліўе
- 1955 г. — Бітва
- 1955 г. — Калос Радоскі
- 1956 г. — Жывы нацюрморт
- 1956 г. — Насарагічная гусіная скура
- 1956 г. — Святая Алена ў Порт-Льігаце
- 1957 г. — Святы Іаан
- 1957 г. — Святы Якуб Вялікі
- 1958 г. — Анёл
- 1958 г. — Сікстынская Мадона
- 1959 г. — Адкрыццё Амерыкі Калумбам
- 1959 г. — Веласкес
- 1960 г. — Беатрычэ
- 1960 г. — Спрэчка паміж Збавіцелем і Антоніа Гаўдзі
- 1960 г. — Адкрыццё Іаана Багаслова
- 1962 г. — Араб
- 1965 г. — Распяцце
- 1965 г. — Чаша жыцця
- 1967 г. — Горы, якія крочаць
- 1970 г. — Пераход Ганібала праз Альпы
- 1972 г. — Ілюзорныя дзверы
- 1972 г. — Шматграннік
- 1973 г. — Замак Гала ў Пубалі
- 1974 г. — Бітва на аблоках
- 1976 г. — Мяккая пачвара
- 1977 г. — Адзінарог
- 1978 г. — Алегорыя вясны
- 1978 г. — Гармонія сфер
- 1979 г. — Прынц сноў
- 1981 г. — Вежа, раяль і крыніца
- 1981 г. — Вежы
- 1981 г. — Гермес
- 1982 г. — Аплакванне Хрыста
- 1983 г. — Ластаўчын хвост
- 1983 г. — Катлета і запалка[24]
Вобраз Далі ў кінематографе
[правіць | правіць зыходнік]Год | Краіна | Назва | Рэжысёр | Сальвадор Далі |
---|---|---|---|---|
1978 | Швецыя | Прыгоды Пікасо | Таге Даніэльсан | |
2001 | Германія Іспанія Мексіка |
Бунюэль і стол цара Саламона | Карлас Саура | Эрнеста Альтэрыа |
2008 | Вялікабрытанія Іспанія |
Маленькія рэшткі (англ. «Little Ashes») | Пол Морысан | Роберт Патынсан |
2011 | ЗША Іспанія |
Поўнач у Парыжы | Вудзі Ален | Эдрыан Броудзі |
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Менавіта Сальвадор Далі ў 1961 г. распрацаваў вядомы сёння знакаміты лагатып іспанскай цукеркі «Чупа-чупс». Энрыке Бэрнат назваў сваю карамель «Чупсам», і спачатку ў яе было толькі сем смакаў: трускаўкі, цытрыны, мяты, апельсіна, шакаладу, кавы з вяршкамі і трускаўкі з вяршкамі. Папулярнасць «Чупса» расла, павялічвалася колькасць створанай карамелі, з’яўляліся новыя смакі. Карамель ужо не магла заставацца ў першапачатковай сціплай абгортцы, трэба было прыдумаць нешта арыгінальнае, каб пра «Чупс» даведаліся ўсе. У 1961 годзе Энрыке Бэрнат звярнуўся да свайго земляка, знакамітага мастака Сальвадора Далі з просьбай намаляваць што-небудзь запамінальнае. Мастак думаў нядоўга і за гадзіну накідаў яму малюнак з выявай рамонак «Чупа-Чупс», які ў некалькі змененым выглядзе сёння вядомы ў якасці лагатыпу «Чупа-Чупс» ва ўсіх кутках планеты. Першапачаткова лагатып змяшчаўся збоку цукеркі, сёння — зверху [1].
- У гонар Сальвадора Далі названы кратэр на Меркурыі.
- У 2003 годзе кампаніяй «Walt Disney» быў створаны мультыплікацыйны фільм «Destino». Распрацоўка фільма пачалася з супрацоўніцтва Далі з амерыканскім мультыплікатарам Уолтам Дыснеем яшчэ ў 1945 годзе, але была адкладзена з-за фінансавых праблемаў кампаніі. Натуральна падчас гэтага супрацоўніцтва была створана толькі 18-секунды фрагмент. Такім чынам дзеля рэалізацыі праекта мастакам прыйшлося маляваць амаль увесь мультфільм, карыстаючыся шматлікімі замалёўкамі, якія пакінулі пасля сябе Сальвадор Далі і мастак Джон Хенч (мастак са студыі Дыснея)[2](недаступная спасылка).
- У 1974 г. Далі быў запрошаны на ролю падышаха-імператара ў экранізацыі рамана Фрэнка Герберта «Дзюна»[3]. Рэжысёрам фільма быў Аляхандра Хадароўскі, аўтарамі саўнд-трэку — група «Pink Floyd». Іншыя ролі павінны былі выконваць Ален Дэлон, Мік Джагер, Орсан Уэлс. Але тытанічны праект быў закрыты з-за шматразовага пераносу здымак. У 1984 г. «Дзюну» экранізаваў Дэвід Лінч.
- Самым «горшым мастаком» у гісторыі Далі лічыў Джозэфа Цёрнера.
- З 1965 года ў галоўнай сталовай турэмнага комплексу на востраве Рыкерс (ЗША) на самым бачным месцы вісеў малюнак Далі, які той напісаў як прабачэнне зняволеным за тое, што не змог прысутнічаць у іх на лекцыі па мастацтве, як абяцаў. У 1981 года малюнак пераважылі ў хол «у мэтах захаванасці», а ў сакавіку 2003 года ён быў заменены на падробку, а арыгінал скрадзены, па гэтай справе прад’явілі абвінавачванні чатыром супрацоўнікам. Нягледзячы на тое, што трое з іх прызналі сябе вінаватымі, а чацвёрты быў апраўданы, арыгінал так і не быў знойдзены[25][26].
Зноскі
- ↑ а б в г Salvador Dalí — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ↑ а б Salvador Dali // Kunstindeks Danmark Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Дали Сальвадор // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б в г The Fine Art Archive
- ↑ а б Salvador Dalí
- ↑ https://www.francebleu.fr/infos/culture-loisirs/apres-les-tests-adn-la-depouille-de-dali-retrouve-sa-tombe-a-figueres-1521216140
- ↑ Museum of Modern Art online collection Праверана 4 снежня 2019.
- ↑ а б в г д е ё RKDartists
- ↑ Salvador Dalí // Encyclopædia Britannica
- ↑ http://www.liveinternet.ru/showjournal.php?journalid=2933200&tagid=1472609
- ↑ а б http://mir-dali.ru/library/bezumnaya-zhizn-salvadora-dali12.html
- ↑ http://nashy-in-spain.com/istorija/54-salvador-dali.html Архівавана 20 студзеня 2013.
- ↑ http://art-on-web.ru/dali/biography
- ↑ а б http://www.dali-genius.ru/biography.html
- ↑ http://art.liim.ru/hz/hz50_09.html
- ↑ http://svoipravila.ru/otnosheniya/istorii-uspeha-1/salvador-dali-i-gala-istoriya-neobichnoi-lyubvi.html Архівавана 15 лютага 2014.
- ↑ http://wetravelers.ru/travel.php?id=318&tr=zamok_galy_v_pubole Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ а б http://g-klimov.info/Publish/Gibson-Dali.htm Архівавана 28 чэрвеня 2015.
- ↑ http://linteum.ru/painter2.html Архівавана 29 красавіка 2014.
- ↑ Ian Gibson (1997). «The Shameful Life of Salvador Dalí». W. W. Norton & Company.
- ↑ Saladyga, Stephen Francis. «The Mindset of Salvador Dalí» Архівавана 19 сакавіка 2008.. lamplighter (Niagara University). Vol. 1 No. 3, Summer 2006.
- ↑ Phelan, Joseph, «The Salvador Dalí Show». Artcyclopedia.com.
- ↑ Dalí, Salvador. (2000) «Dalí: 16 Art Stickers», Courier Dover Publications. ISBN 0-486-41074-9
- ↑ http://art-on-web.ru/dali/pictures
- ↑ Art Too Tempting at Rikers; Plot to Steal a Dalí Was Far From a Masterpiece, New York Times, 4 октября 2003
- ↑ Guards charged in Dali theft, news.bbc.co.uk, 18 июня 2003
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шунейка Я. Далі // БЭ ў 18 т. Т. 6. — Мн.: БелЭн, 1998.
- Сальвадор Дали. Пролог // Дневник одного гения = Journal d`un genie / Уводзіны Мішэля Дэона. — 1-е выд. — Мн.: «Попурри», 2012. — С. 10. — 336 с. — 5 100 экз. — ISBN 978-985-15-1619-9. Архівавана 1 чэрвеня 2017.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сальвадор Далі
- Біяграфія Сальвадора Далі
- Музей Сальвадора Далі размясціўся ў Купалаўскім тэатры Архівавана 29 ліпеня 2012.
- Сховішча карцін Сальвадора Далі
- Утоенае жыццё Сальвадора Далі, расказанае ім самім
- Нарадзіліся 11 мая
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Нарадзіліся ў Фігерасе
- Памерлі 23 студзеня
- Памерлі ў 1989 годзе
- Памерлі ў Каталоніі
- Пахаваныя ў Каталоніі
- Члены Акадэміі прыгожых мастацтваў (Францыя)
- Члены Каралеўскай акадэміі навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў Бельгіі
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ізабелы Каталічкі
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Мастакі Іспаніі
- Мастакі Каталоніі
- Сальвадор Далі
- Сюррэалісты