Філалагічны факультэт БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Філалагічны факультэт
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Файл:Logo BSU.jpg
Англійская назва Faculty of philology
Заснаваны 1939
Дэкан Роўда Іван Сямёнавіч
Месцазнаходжанне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск, вул. К. Маркса, 31
philology.bsu.by

Філалагічны факультэт БДУ – структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Гісторыя

Падрыхтоўка спецыялістаў-філолагаў ва ўніверсітэце пачалася з першага года яго заснавання на этнолага-лінгвістычным аддзяленні факультэта грамадскіх навук БДУ. Пасля працягвалася на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта. На ім працавалі такія вядомыя навукоўцы-філолагі, як акадэмік АН БССР І. І. Замоцін, прафесары Я. І. Барычэўскі, А. М. Вазнясенскі, М. М. Піятуховіч, П. А. Бузук. З восені 1923 года лекцыі па беларускай мове і методыцы яе выкладання пачаў чытаць выдатны педагог, класік беларускай літаратуры Якуб Колас.

Годам нараджэння самастойнага філалагічнага факультэта стаў 1939 год. Першым дэканам быў прызначаны выдатны навуковец-лінгвіст прафесар Цімафей Пятровіч Ломцеў. Працяглы час дэканам факультэта з'яўляўся доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка (1943—1945, 1955—1963).

У кастр. 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. М. Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек) дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку арганізатары падпісання ліста атрымалі ярлыкі «буржуазных нацыяналістаў».

Асновай філалагічнага факультэта да сярэдзіны 1990-х гадоў былі два аддзяленні беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры (з восені 1947 па восень 1967 года ў склад факультэта ўваходзіла яшчэ і аддзяленне журналістыкі). У свой час студэнтамі факультэта, а некаторыя пазней і выкладчыкамі, былі народныя пісьменнікі Беларусі Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, акадэмік АН Беларусі Аляксандр Падлужны, член-карэспандэнты АН Беларусі Аляксандр Булыка, Міхась Мушынскі і іншыя.

У сярэдзіне 1990-х гадоў пачынаецца актыўная перабудова факультэта. Акрамя традыцыйных беларускай і рускай філалогіі пачынаецца набор на новыя спецыяльнасці: класічнай, славянскай (польскай, украінскай, балгарскай, чэшскай, сербскай), рамана-германскай (англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай), усходняй філалогіі.

Структура

Кафедры

  • Англійскага мовазнаўства
  • Гісторыі беларускай мовы
  • Беларускай літаратуры і культуры
  • Гісторыі беларускай літаратуры
  • Замежнай літаратуры
  • Класічнай філалогіі
  • Нямецкага мовазнаўства
  • Прыкладнай лінгвістыкі
  • Раманскага мовазнаўства
  • Рускай літаратуры
  • Рускай мовы
  • Рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры
  • Славянскіх літаратур
  • Сучаснай беларускай мовы
  • Тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства
  • Тэорыі літаратуры
  • Кітайскай філалогіі

Спецыялізацыі

  • Беларуская філалогія,
  • Руская філалогія,
  • Класічная філалогія,
  • Славянская філалогія (польская, балгарская, чэшская, сербская, украінская),
  • Рамана-германская філалогія (англійская, нямецкая, французская, італьянская),
  • Усходняя філалогія (кітайская).

Дэканы

Выпускнікі

У сеціве