Перайсці да зместу

Архірэйская Пустынь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вуліца Машынабудаўнікоў у раёне Архірэйскай Пустыні, 2013 г.

Архірэ́йская Пу́стынь або Анто́ніева Пу́стынь — колішні хутар на левым беразе ракі Свіслач, уласнасць мінскіх архірэяў. Цяпер у межах Мінска, на тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода.

На захадзе ад Архірэйскай Пустыні месціцца Шчотаўка, на паўночным усходзе — Слоўвец, на паўднёвым усходзе — Архірэйская Слабада.

Пустынь у праваслаўнай традыцыі — адасобленае месца, дзе жыў пустэльнік. Таксама такая назва давалася невялікім манастырам у цяжкадаступнай мясцовасці.

План горада Менска, 1923 г.

У 1847 годзе, плануючы сысці з месца мінскага архіепіскапа, тут вырашыў пасяліцца мінскі архіепіскап Антоній Зубко. На атрыманыя ад Найсвяцейшага Сінода грошы (3000 рублёў) Антоній пабудаваў дом і царкву пры ім, царква была асвечаная ў гонар Антонія Кіева-Пячэрскага. Архітэктарам дома стаў епархіяльны архітэктар Восіп Андрэеевіч Выляжынскі (пам. 1869), які раней прымаў удзел у пабудове Мінскай духоўнай семінарыі, архірэйскага дома і храма на Траецкай гары[1].

Паселішча ўваходзіла ў склад Мінскага павета Мінскай губерні. Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскай губерні.

Падарожнік Павел Шпілеўскі, які быў тут ў 1850-х гадах, так апісваў паселішча: «аточаны бярозавымі і хваёвымі лясамі, вядомы сваёй чысценькай сажалкай, садам і домікамі з мяккай гліны з дамешкамі верасу, пабудаванымі паводле плану самога ўладальніка хутару архіепіскапа Антонія…, пры Пустыні заснаваная архірэйская царква ў імя святога Антонія»[2].

Першапачаткова ў рэзідэнцыі жыў толькі Антоній Зубко, аднак неўзабаве сюды стаў рэгулярна наведвацца Міхаіл Галубовіч, наступны мінскі архірэй. Галубовіч разбіў у рэзідэнцыі вялікі сад з кветнікам, сярод раслін былі рэдкія для беларускага клімату віды. Пры Галубовічу рэзідэнцыю наведвалі найвышэйшыя чыны Мінскай губерні. У 1862 годзе Антоній Зубко з’ехаў з рэзідэнцыі, яна афіцыйна перайшла да мінскага Архірэйскага дома, і афіцыйна стала летняй рэзідэнцыяй мінскіх архірэяў[1].

9 сакавіка 1907 года архірэйскую дачу абрабавалі, а 17 траўня тут здарыўся пажар. Цалкам згарэў дом, у якім месціліся архірэйскія пакоі і царква, а таксама некаторыя пабудовы. Неўзабаве дача была адбудаваная. У часе Першай сусветнай вайны ў Пустыні быў санаторый для хворых і параненых[1].

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

Нататка пра Начны санаторый. Газета «Звязда» № 54, 1937

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. За савецкім часам будынак нацыяналізаваны, у ім быў размешчаны менскі Начны санаторый.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. Пасля вайны тэрыторыя хутара была занятая Мінскім аўтамабільным заводам і трасамі вуліц Свіслацкай і Машынабудаўнікоў[1].

  • 1908 год — 1 двор, 13 жыхароў[3]
  • 1917 год — 1 двор, 8 жыхароў, усе беларусы[4]
  1. 1 2 3 4 Гордей Щеглов. Антониева Пустынь: страница из истории Минской епархии (XIX – начало XX в.) (руск.). minds.by. Архівавана з першакрыніцы 30-10-2019. Праверана 30-10-2019.
  2. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 468.  576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  3. Ярмоловичъ В. 1909, с. 166.
  4. Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 159.