Архірэйская Пустыня
Архірэ́йская Пусты́ня — колішні хутар на левым беразе ракі Свіслач, уласнасць мінскіх архірэяў. Цяпер у межах горада Мінска, на тэрыторыі Аўтамабільнага завода.
На захадзе ад Архірэйскай Пустыні месціцца Шчотаўка, на паўночным усходзе — Слоўвец, на паўднёвым усходзе — Архірэйская Слабада.
Назва[правіць | правіць зыходнік]
Пустыня ў праваслаўнай традыцыі — адасобленае месца, дзе жыў пустэльнік. Таксама такая назва давалася невялікім манастырам у цяжкадаступнай мясцовасці.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У 1847 годзе, плануючы сысці з пасады Мінскага архіепіскапа, тут вырашыў пасяліцца мінскі архіепіскап Антоній Зубко. На атрыманыя ад Найсвяцейшага Сінода грошы (3000 рублёў) Антоній пабудаваў дом і царкву пры ім, царква была асвечаная ў гонар Антонія Кіева-Пячэрскага. Архітэктарам дома стаў епархіяльны архітэктар Восіп Андрэеевіч Выляжынскі (пам. 1869), які дагэтуль прымаў удзел у пабудове Мінскай духоўнай семінарыі, архірэйскага дома і храма на Траецкай гары[1].
Падарожнік Павел Шпілеўскі, які быў тут ў 1850-х гадах, наступным чынам апісваў хутар: «аточаны бярозавымі і хваёвымі лясамі, знакаміты сваёй чысценькай сажалкай, садам і домікамі з мяккай гліны з дамешкамі верасу, пабудаванымі паводле плану самога ўладальніка хутару архіепіскапа Антонія..., пры Пустыні заснаваная архірэйская царква ў імя святога Антонія»[2].
Першапачаткова ў рэзідэнцыі жыў толькі Антоній Зубко, аднак неўзабаве сюды стаў рэгулярна наведвацца Міхаіл Галубовіч, які стаў новым Мінскім архірэем пасля яго. Галубовіч разбіў у рэзідэнцыі вялікі сад з кветнікам, сярод раслін былі рэдкія для беларускага клімату пароды. Пры Галубовічу ў рэзідэнцыю наведваліся найвышэйшыя чыны Мінскай губерні. У 1862 годзе Антоній Зубко з’ехаў з рэзідэнцыі, пасля чаго яна афіцыйна перайшла да мінскага Архірэйскага дома, і афіцыйна стала летняй рэзідэнцыяй Мінскіх Архірэяў[1].
9 сакавіка 1907 года архірэйская дача была абрабаваная, а 17 траўня тут здарыўся пажар. Цалкам згарэў дом, у якім месціліся архірэйскія пакоі і царква, а таксама некаторыя пабудовы. Неўзабаве дача была адбудаваная наноў. У 1917 годзе ўрочышча Архірэйская Пустынь Сеніцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні, двор, 8 жыхароў, усе беларусы[3]. У часе Першай сусветнай вайны ў Пустыні быў санаторый для хворых і параненых[1].
За савецкім часам будынак нацыяналізаваны, у ім быў размешчаны Начны санаторый. Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя хутара была занятая Мінскім аўтамабільным заводам і трасамі вуліц Свіслацкай і Машынабудаўнікоў[1].
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 1,3 Гордей Щеглов Антониева Пустынь: страница из истории Минской епархии (XIX – начало XX в.)(руск.) . minds.by. Архівавана з першакрыніцы 30-10-2019. Праверана 30-10-2019.
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 468
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии), 1924, с. 159
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Jelski A. Pustynia-Archirejska // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — T. IX Pożajście – Ruksze, 1888, 960 s.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.