Перайсці да зместу

Полацкі веснік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Бальшавіцкі сцяг)
«Полацкі веснік»
Тып газета
Заснавальнік Полацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўны рэдактар Святлана Генадзьеўна Чаркоўская
Заснавана 1917
Мова беларуская, руская
Перыядычнасць два разы на тыдзень
Галоўны офіс Полацк, вул. Талстога, 6
Вэб-сайт pvestnik.by

«Полацкі веснік» — раённая газета Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Выдаецца з 1917 года. Заснавальнікі: Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Полацкі раённы Савет дэпутатаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сваё існаванне полацкая газета пачала на хвалі Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. Першы нумар «Рэвалюцыйнага голаса» выйшаў 17 красавіка 1917 года. Праз нейкі час газета была закрыта.

З канца лістапада 1917 года армейская і гарадская партыйная арганізацыі, армейскі камітэт і Полацкі Савет дэпутатаў наладзілі сумесную працу. Звесткі пра іх дзейнасць друкавала газета «Известия Вонно-революционного комитета III Армии».

26 снежня 1917 года быў расфарміраваны ВРК. Замест яго быў створаны прэзідыум Выканаўчага бюро армейскага Савета. Газета ўжо выйшла пад новай назвай — «Известия армейского Совета солдатских депутатов III Армии».

У канцы снежня адбылося аб’яднанне Савета рабочых салдатскіх дэпутатаў з Саветам сялянскіх дэпутатаў. Друкаваным органам аб’яднанага Савета стала былая газета «Известия армейского Совета солдатских депутатов III Армии», першы нумар якой выйшаў 1 студзеня 1918 года пад назвай «Известия Армейского совета солдатских депутатов III Армии, Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов».

У выніку наступальных аперацый на ўсходнім напрамку 25 лютага 1918 года ў горад увайшлі немцы, і газета прыпыніла свой выпуск. Пасля вызвалення горада, у лістападзе 1918 года, газета аднавіла выпуск. Першы нумар полацкай «Красной газеты» выйшаў 22 лістапада.

З 24 нумара газета стала выхадзіць пад назвай — «Известия Полоцкого уездного совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов».

Пасля акупацыі польскімі войскамі ў 1919 годзе рэдакцыя полацкай газеты разам з неабходным абсталяваннем была эвакуіравана на станцыю Дрэтунь. І пад новай назвай — «Октябрьское эхо» — пачала выходзіць з восені 1919 года.

У 1922 годзе полацкая газета бярэ сабе новую назву. Першы нумар «Красного знамени» выйшаў у студзені.

З 16 верасня 1924 года газета пачала выходзіць пад назвай «Полоцкий пахарь» як орган Полацкай акругі, утворанай 17 ліпеня 1924 года.

З 2 лютага 1926 года газета атрымала новую назву «Чырвоная Полаччына». Яна друкавалася на беларускай мове чатырохпалосным фарматам. Тут працавалі Пятрусь Броўка, Эдуард Самуйлёнак, Тарас Хадкевіч. У «Чырвонай Полаччыне» друкавалі свае творы Янка Скрыган, Андрэй Александровіч, Анатоль Астрэйка, Алесь Звонак.

У чэрвені 1935 года нанава была створана Полацкая акруга. Акруговай газетай стала пераемніца «Чырвонай Полаччыны» — «Бальшавік Полаччыны». Першы нумар пад такой назвай выйшаў 1 студзеня 1936 года.

У лютым 1938 года акруга была скасавана, Полацкі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці БССР. З 4 красавіка 1938 года газета выхадзіла пад назвай «Большэвіцкі шлях».

У часы вайны газета не выдавалася. З восені 1944 года, пасля ўтварэння Полацкай вобласці, газета выхадзіла пад назвай «Большэвіцкі сцяг».

У лістападзе 1952 года абласная газета стала называцца «Сцяг камунізму». Пад такой назвай газета выхадзіла да 1991 года.

З 1991 года газета стала называцца «Полацкі веснік»[1][2].

Рэдактары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі