Войска Запарожскае

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Войска Запарожскае — агульная назва казацкіх ваенна-палітычных утварэнняў XVIXVIII стагоддзяў.

Ва ўкраінскай гістарыяграфіі гэты тэрмін часцей за ўсё мае адно з трох значэнняў:

З 1634 года на межах Запарожскай Сечы існавала пяць галоўных апорных пунктаў (мытняў). У сувязі з гэтымі пяццю пунктамі ўнутраны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Запарожжа падзяляўся на 5 паланак. Кожная тэрытарыяльная адзінка мела ўмацаваны паланкавы форт, дзе жыў палкоўнік са старшынай.

У кожнай паланцы былі палкоўнік (паланкавы), асавул, пісар, 3 лаўнікі і 3 падчашых. Кожны палкоўнік меў знак улады — пярнач, які заўсёды насіў на поясе, малы сцяг (харугву), які насіў сцяганосец перад сабой падчас урачыстасцей, а таксама пячатку.

Першыя паходы[правіць | правіць зыходнік]

У XVI стагоддзі галоўным цэнтрам рассялення казакоў стала Запарожжа, або Ніз (тэрыторыя Дняпроўскіх парогаў). Адсюль і назва казакоў — запарожскія або ніжнія казакі. Казакі засноўвалі ўмацаваныя паселішчы - сечы. Першымі арганізатарамі сечы былі «ўходнікі», якіх чаркаскія і канеўскія старасты пасылалі на промысел у Сярэдняе і Ніжняе Падняпроўе. Штогод групы ўходнікаў на чале з выбарнымі атаманамі выходзілі за парогі, дзе ў абароненых ад раптоўных нападаў ворагаў месцах будавалі часовае жыллё і памяшканні для апрацоўкі і захоўвання рыбнай прадукцыі. Да сярэдзіны XVI стагоддзі колькасць казакоў была надзвычай малая, яны не адыгрывалі самастойнай ролі ў памежных справах. Аднак з 1540-х гадоў сітуацыя мяняецца. У гэты час адбыліся першыя паходы казакоў на турэцкія гарады Ачакаў, Белгарад і Бендэры.

Вайсковыя фарміраванні запарожскіх казакоў[правіць | правіць зыходнік]

Запарожская Сеч[правіць | правіць зыходнік]

Запарожская Сеч узнікла ў XVI стагоддзі. Адсутнасць прамых доказаў пакідае дыскусійным пытанне аб дакладным часе і месцы яе ўзнікнення. Ідэя стварэння фарпоста на паўднёвых межах Вялікага княства Літоўскага ўзнікла яшчэ ў 20-30-я гады XVI стагоддзя, але рэалізавана яна была толькі князем Дзмітрыем Вішнявецкім, які ў 50-я гады XVI стагоддзя падчас экспедыцыі на парогі Дняпра на востраве Малая Хорціца пабудаваў крэпасць. Жыццё казацтва адзінай супольнасцю ў спецыфічных умовах паўднёвага памежжа спрыяла зараджэнню ваенна-палітычнай арганізацыі запарожскага грамадства, яе мадэлі. Замак, пабудаваны князем, стаў прататыпам казацкага ўмацавання, якое, замацаваўшыся на востраве Тамакіўка ў 60-70-х гадах XVI стагоддзя, атрымала назву Запарожскай Сечы.

Сама Запарожская Сеч — горад-крэпасць. На тэрыторыі крэпасці звычайна знаходзіліся плошча, царква, курэні, каморы, адміністрацыйныя будынкі. Сцены крэпасцей запарожскіх казакоў складаліся з земляных валоў і драўляных умацаванняў. На падкантрольных Сечы землях існавалі казацкія хутары — зімнікі. У XVIII стагоддзі на Запарожжы была ўведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная сістэма кіравання — «паланкі».

Па этнічнаму паходжанню запарожскія казакі былі ў асноўным выхадцамі з Русі. Шэрагі запарожцаў папаўняліся таксама татарамі, палякамі і прадстаўнікамі іншых народаў. Прававая сістэма Запарожскай Сечы грунтавалася на звычаёвым праве, аснову якога складалі вусна ўсталяваныя звычаі і нормы. Вышэйшым органам улады на Сечы была рада, у якой мелі права ўдзельнічаць усе казакі. Казацкія рады, згодна з традыцыяй, збіраліся штогод 1 студзеня, каб пераабраць кашавога атамана і старшыну. Выканаўчая ўлада належала кашавому атаману і цэнтральнаму кіруючаму органу Сечы — кошу.

Галоўнай галіной эканомікі Запарожскай Сечы былі промыслы, а менавіта паляванне, жывёлагадоўля, бортніцтва, пчалярства, здабыча солі. Казакі мелі гандлёвыя адносіны з татарамі і іншымі суседзямі, вялі ўнутраны гандаль. Значны прыбытак мела Сеч ад ваенных паходаў.

У другой палове XVIXVII стагоддзі запарожскія казакі здзейснілі дзесяткі паходаў на Ачакаў, Кілію, Ізмаіл, Акерман, іншыя апорныя пункты Асманскай імперыі ў Паўночным Прычарнамор'і, дасягнулі берагоў Малой Азіі, у прыватнасці, крэпасцей Сіноп і Трапезунд. У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў запарожскія казакі ўдзельнічалі ў войнах, якія вялі Рэч Паспалітая ў Лівоніі і Маскоўскай дзяржаве. Запарожцы прымалі актыўны ўдзел у казацка-сялянскіх паўстаннях у Рэчы Паспалітай, таму менавіта ў Сечы ў 1648 годзе пачалося паўстанне Багдана Хмяльніцкага. З 1649 года Запарожская Сеч уваходзіла ў склад Гетманшчыны. У часы Руіны гетманы страцілі кантроль над Запарожскай Сеччу, а сама Сеч нават вылучала сваіх кандыдатаў на гетманства. У 1709 годзе запарожцы падтрымалі выступленне гетмана Івана Мазепы супраць маскоўскага цара. У 1711 годзе Сеч перайшла пад абарону Крымскага ханства, а ў 1734 годзе ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Гісторыя Запарожскай Сечы скончылася ў 1775 годзе, калі Запарожская крэпасць была разбурана царскім войскам.

Гетманшчына[правіць | правіць зыходнік]

Гетманшчына як дзяржава сфарміравалася ў гады Хмяльніччыны. У 1648 годзе казацкі сотнік Багдан Хмяльніцкі падняў паўстанне на ўкраінскіх землях у складзе Рэчы Паспалітай. Атрымаўшы шэраг перамог над каронным войскам — пад Жоўтымі Водамі, Корсунем, Піляўцамі і Зборавам, Хмяльніцкі ў 1649 годзе заключыў з каралём Янам ІІ Казімірам Збораўскі мір, паводле якога выканаўчая і судовая ўлада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім і Брацлаўскім ваяводствах належалі праваслаўнай шляхце і казацкай старшыне; гетман войска Запарожскага меў права ўтрымліваць 40-тысячнае войска.

Пасля цяжкага паражэння казацкага войска ў бітве пад Берасцечкам у 1651 годзе улада гетмана абмежавалася Кіеўскім ваяводствам. У 1652 годзе Хмяльніцкі ўзяў рэванш за паражэнне пад Берасцечкам, разбіўшы кароннае войска пад Батагом. Ненадзейнасць саюза з Крымскім ханствам, няўдача малдаўскага паходу 1653 года прымусілі Багдана Хмяльніцкага актывізаваць пошукі новых саюзнікаў. У студзені 1654 года у Пераяславе адбылася рада, на якой было прынята рашэнне аб ваенным пагадненні Гетманшчыны з Масковіяй (дакладны змест пагаднення невядомы, бо арыгінал страчаны).

У 1654-1657 гадах Гетманшчына працягвала праводзіць даволі экспансіянісцкую палітыку. Так, на працягу 16541657 гадоў Хмяльніцкі пашырыў межы Гетманшчыны на поўначы да Чавус, а падчас перамоваў з прадстаўнікамі семігарадскага князя, які прэтэндаваў на карону Рэчы Паспалітай, патрабаваў «Русь да Віслы». У 1657 годзе гетман Іван Выгоўскі, прапаноўваючы саюз Швецыі, хацеў пашырыць межы «да Прусіі» шляхам далучэння да Гетманшчыны Берасцейскага і Новагародскага ваяводстваў.

З 1658 годзе Гетманшчына перажывала перыяд міжусобных войнаў і знешніх інтэрвенцый (так званая «Руіна»). У 1663 годзе Гетманшчына распалася на дзве часткі — левабярэжную і правабярэжную. Абедзве Гетманшчыны, абапіраючыся на розныя знешнепалітычныя сілы адна супраць адной, імкнуліся да аб'яднання ўкраінскіх зямель з сабою на чале. Спусташэнне прывяло да фармальнага падзелу Гетманшчыны ў 1667 годзе паводле Андросаўскай дамовы на Левабярэжную Гетманшчыну пад пратэктаратам Маскоўскага царства і Правабярэжжа ў складзе Рэчы Паспалітай. У 1668 годзе Пятру Дарашэнку, аднаму з найвыбітнейшых дзеячаў перыяду Руіны, удалося аб'яднаць Гетманшчыну. Руіна скончылася падзеннем Правабярэжнай Гетманшчыны ў 1676 годзе і спусташэннем татарамі і туркамі паўднёвай часткі Правабярэжжа.

У пачатку XVIII стагоддзя Левабярэжная Гетманшчына спрабавала вывесці Івана Мазепу з-пад уплыву Масквы, але разам са сваім саюзнікам, шведскім каралём Карлам XII пацярпела паражэнне ў Палтаўскай бітве. На Левабярэжжы гетманскі ўрад з 1722 па 1727 год замяняла Маларасійская калегія, з 1734 па 1750 год — «Праўленне гетманскага ўрада». У 1764-1783 гадах Левабярэжжа канчаткова ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.

Рэестравае войска[правіць | правіць зыходнік]

Казацтва на тэрыторыі Падняпроўя вядома з канца XV ​​стагоддзя. Але як асобны сацыяльны стан казацтва пачало фарміравацца толькі ў другой палове XVI стагоддзя. Пачатак гэтаму працэсу паклала зацвярджэнне ўрадам Рэчы Паспалітай рэестравага войска ў 70-я гады XVI стагоддзя. Асноўныя элементы сацыяльных прывілеяў рэестравае казацтва, верагодна, пераняла ў баяр і шляхты. За рэестравымі казакамі замацоўваўся шэраг правоў і прывілеяў: вызваленне ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцей, асобнае адміністрацыйнае падпарадкаванне і судаводства, права валодання зямельнымі ўладаннямі.

З-за ўдзелу казакоў у паўстаннях канца XVI — першай паловы XVII стагоддзяў улады Рэчы Паспалітай сталі бачыць у казаках пагрозу. Адсюль з'явілася некалькі пастаноў Варшаўскага вальнага сейма, якія значна абмяжоўвалі і нават скасоўвалі казацкія правы. Іх поўнае аднаўленне было зафіксавана ў Збораўскім дагаворы 1649 года і «Сакавіцкіх артыкулах» 1654 года. Прававыя нормы гэтых дакументаў адзначалі ператварэнне казацтва ў сацыяльны стан Гетманшчыны. Палітычныя і эканамічныя рычагі ўлады пераходзілі ў рукі старшыны, якая кансалідавалася ў прывілеяваны сацыяльны пласт.

Колькасць рэестравага войска змянялася ў залежнасці ад розных сацыяльна-палітычных фактараў. У 1572 годзе вызначаны рэестр казацкага войска — 300 асоб, у 1578 годзе — 500 асоб, у 1583 годзе — 600 асоб, у 1590, 1596 і 1617 гадах — 1 тыс. асоб, у 1619 годзе — 3 тыс. асоб, у 1625 годзе — 6 тыс. асоб, у 1630 годзе — 8 тыс. асоб, у 1635 годзе — 7 тыс. асоб, у 1638 годзе — 6 тыс. асоб. Войска Гетманшчын па Збораўскай дамове павінна было складаць 40 тыс. асоб, па Белацаркоўскай дамове - 20 тыс. асоб, па Пераяслаўскай - 60 тыс. асоб. Гадзяцкім дагаворам вызначалася 30-тысячнае рэестравае і 10-тысячнае «зацяжное» войска. У Левабярэжнай Гетманшчыне ў другой палове XVI стагоддзя дзейнічала Глухаўскае пагадненне, якое прадугледжвала 30-тысячны рэестр.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]