Перайсці да зместу

Мая малітва (1906)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мая малітва
Жанр верш
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 5 ліпеня 1906
Дата першай публікацыі 1929
Апублікаваны ў Полымя
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Мая́ малі́тва» — верш Янкі Купалы, напісаны 5 ліпеня 1906 года. Упершыню надрукаваны ў 1929 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 2). Тэматычна прымыкае да купалаўскіх твораў аб ролі паэта і паэзіі ў жыцці народу, іх сувязі з людзьмі працы і роднай зямлёй.[1]

Паэт жыве верай і надзеяй на лепшую будучыню свайго народа і роднага края. Купала абяцае маліцца «да яснага сонейка» за ўсіх сіротаў і бедакоў, каб яно часцей заглядала ў іх цёмныя хаты, маліцца «да хмараў з грымотамі», каб яны не пасылалі перуноў і градаў на скупыя ўраджаямі палі гаротных сялян. Аўтар блізка да сэрца бярэ ўсе жыццёвыя клопаты мужыка-гаротніка, шчыра жадае памагчы яму перамагаць бяду, нястачы і беднасць. Купала прыгадвае павер’е, якое бытавала ў народзе: нібыта, калі памірае чалавек, адразу згасае яго зорка. Паэт жа хоча, каб зоркі згасалі не так часта, каб працаўнік, улюбёны ў жыццё і ў сваю ніву, жыў шчасліва і доўга. Малітва яго зямная і жыццёвая, насычаная сацыяльным зместам, самымі гуманнымі намерамі[1].

Верш напісаны 4-стопным амфібрахіем, разважлівы і няспешны ў сваім рытмічным ладзе. Паэтыку верша вызначае рамантычная і фальклорная сімволіка. Твор мае кальцавую кампазіцыю: першая і апошняя строфы аднолькавыя, толькі апошні радок зменены («Ужо больш не шалелі над роднай зямлёй» першае страфы заменена на «Не вылі над роднай зямлёй, нада мной» у апошняй страфе). Гэтым паэт падкрэсліваў, што ён не аддзяляе свой лёс ад лёсу роднае зямлі, Бацькаўшчыны[1].

Верш меў уплыў на маладую беларускую паэзію савецкага часу, у прыватнасці на М. Чарота (верш «Каб я быў…»)[1].

Пераклады і мастацкія ўвасабленні

[правіць | правіць зыходнік]

На асецінскую мову верш пераклаў А. Пухаеў, на англійскую — У. Мэй і В. Рыч, на малдаўскую — П. Дарые, на рускую — А. Пракоф’еў, І. Садоф’еў, на ўкраінскую — А. Малышка. Верш таксама з’явіўся ў французскім перакладзе (перакладчык не названы) у анталогіі беларускай паэзіі «У краіне паэтаў» (Парыж, 1982).[1]

У 1994 годзе спалучаны і крыху зменены тэкст двух аднайменных вершаў Я. Купалы «Мая малітва» (прыпеў узяты з верша 1912 года, а асноўны тэкст — з ранняга верша 1906 года, пры гэтым у прыпеве слова «загон» заменена на слова «народ», а замест Купалавага «распетаю душой» ужыта акрэсленне «распятаю») паклаў на музыку кампазітар, удзельнік гурту «Песняры» А. Моўчан. Выконваў песню «Малітва» кіраўнік гурту Ул. Мулявін.[2]

Зноскі

  1. а б в г д М. Барсток Мая малітва // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 387—388.
  2. МБ. Песняры. Янка Купала. Малітва (газета). Наша Ніва (12 жніўня 2011). Праверана 9 мая 2013.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Мая малітва» / Аўтар — М. Барсток. — С. 387—388.