Парламенцкія выбары ў Беларусі, 2004

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

17 кастрычніка 2004 года адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання. У першым туры абралі 108 з 110 дэпутатаў. У склад Палаты прадстаўнікоў не ўвайшоў ніводны прадстаўнік апазіцыі.

Перадвыбарчае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Гэтыя выбары ў 110-мясцовую Палату прадстаўнікоў сталі другімі парламенцкімі, што праводзіліся паводле Канстытуцыі з праўкамі 1996 года. Дэпутаты абіраліся на 4 гады на падставе мажарытарнай сістэмы. Імі станавіліся вылучэнцы, якія атрымлівалі больш як 50% галасоў у першым туры выбараў, калі яўка выбаршчыкаў перавышала 50%. Пры неабходнасці другі тур праводзіўся праз два тыдні пасля першага між дзвюма вылучэнцамі, якія набіралі найбольшую колькасць галасоў.

7 верасня 2004 года Аляксандр Лукашэнка аб'явіў аб правядзенні адначасова з парламенцкімі выбарамі рэферэндуму аб скасаванні канстытуцыйнага абмежавання займаць пасаду прэзідэнта не больш як 2 тэрміны.

Прававыя ўмовы[правіць | правіць зыходнік]

Выбары праводзіліся паводле Выбарчага кодэксу (ВК), ухваленага Нацыянальным сходам 24 студзеня 2000 года, са змяненнямі ад 22 чэрвеня 2000 года. Дадзены ВК абмяжоўваў грамадзянскія правы на ўдзел у выбарах, выбарчых камісіях, а таксама на агітацыю. Палітычныя партыі мусілі мець улічаную суполку ў выбарчай акрузе, дзе вылучалі сваіх кандыдатаў. Аднак у апошні дзень рэгістрацыі, 16 верасня 2004 года, шэраг мясцовых управаў Міністэрства юстыцыі знялі з уліку некалькі партыйных першасных суполак, што пазбавіла партыі права вылучаць у дадзеных акругах сваіх кандыдатаў.

Падрыхтоўка і правядзенне[правіць | правіць зыходнік]

Выбарчыя камісіі[правіць | правіць зыходнік]

Падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўлялі выбарчыя камісіі: цэнтральная (ЦВК), 110 акруговых (АВК — на кожную выбарчую акругу) і 6'659 участковых (УВК). 40 УВК працавалі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжою. ЦВК складалася з тузіну асоб, першую палову з якіх у студзені 2002 года прызначыў Лукашэнка, а другую — Рада Рэспублікі.

АВК і УВК прызначаліся адмыслова перад выбарамі супольнымі нарадамі Радаў дэпутатаў і іх выканаўчых камітэтаў абласнога і раённага ўзроўню адпаведна.

Спісы выбаршчыкаў[правіць | правіць зыходнік]

Не йснавала зводнага спісу выбаршчыкаў між выбарчымі ўчасткамі. Не пазней як за 15 дзён да выбараў УВК правяралі і абнаўлялі спісы выбаршчыкаў. У дзень выбараў дадаткова ўнеслі ў спісы амаль 74 тысячы выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. 12 кастрычніка 2004 года ЦВК дазволіла галасаваць і пры прад'яўленні студэнцкага білету, у якім не згадваецца грамадзянства.

Улік вылучэнцаў[правіць | правіць зыходнік]

Кандыдаты вылучаліся працоўнымі калектывамі колькасцю не меншаю за 300 чалавек, 17 палітычнымі партыямі, улічанымі Міністэрствам юстыцыі, або зборам подпісаў 1000 выбаршчыкаў акругі не менш як 10 асобамі зарэгістраванай ініцыятыўнай групы. Партыям для вылучэння свайго кандыдата ў выбарчай акрузе было неабходна мець у ёй сваю суполку. Да крайняга тэрміна, 12 жніўня, самавылучэнцы падалі 635 заяваў на ўлік у АВК сваіх ініцыятыўных груп. АВК зарэгістравалі 555 такіх груп, адмовілі 74 (12%). Астатнія 6 самавылучэнцаў адклікалі свае заявы. У якасці прычын адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп найчасцей прыводзіліся ўключэнне ў іх склад непаўналетніх, замежных грамадзян і прымус да ўступлення ў групу. Таксама АВК пераважна не рэгістравалі ініцыятыўныя групы з больш як 20 чалавек. На дзень заканчэння вылучэння, 6 верасня, налічвалася 692 вылучэнцы, у тым ліку 316 ад партый. Партыі, звязаныя з праўрадаваю Рэспубліканскаю каардынацыйнаю радаю кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў (РКРКППГА; аграрная, сацыяльна-спартыўная (БССП), камуністычная і рэспубліканская), вылучылі 29 кандыдатаў. Яшчэ адна праўладная Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) вылучыла 107 кандыдатаў. Два апазіцыйныя міжпартыйныя перадвыбарчыя блокі, «Пяцёрка плюс» (Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя БНФ, Партыя камуністаў беларуская і ліквідаваная Беларуская партыя працы) і кааліцыя дэмакратычных цэнтрыстаў (Парламенцкая група «Рэспубліка», кааліцыя «Маладая Беларусь» і Еўрапейская кааліцыя «Свабодная Беларусь»), прадстаўлялі 232 кандыдаты, з якіх 67 вылучыліся зборам подпісаў. Пераабрацца спрабавалі 66 дэпутатаў папярэдняга склікання.

Улік вылучэнцаў праходзіў з 7 да 16 верасня. АВК не рэгістравалі кандыдатаў пераважна па трох прычынах: 1) недакладнасці ў заявах аб даходах і маёмасці, 2) прызнанне несапраўднымі больш як 15% сабраных подпісаў, 3) несапраўднасць юрыдычнага адрасу партыйнае суполкі, ад якой вылучаўся кандыдат. Па апошняй прычыне Міністэрства юстыцыі зняло з уліку 10 партыйных суполак у апошні дзень рэгістрацыі іх кандыдатаў. З 692 вылучэнцаў АВК зарэгістравалі 359 (52%). Сярод іх быў:

  1. 151 (42%) вылучэнец ад партый;
  2. 137 (38%) — ад рабочых калектываў;
  3. 71 (20%) самавылучэнец.

21 прэтэндэнт адмовіўся ад удзелу ў выбарах яшчэ да прыняцця АВК рашэння або ўліку. З 312 вылучэнцаў, якім адмовілі ва ўліку, было каля 200 прадстаўнікоў партый. Улік прайшло 57 дэпутатаў папярэдняга склікання. З 29 вылучэнцаў ад РКРКППГА зарэгістравалі 8. З 20 вылучэнцаў ад КПБ зарэгістравалі 6, што былі з ліку 15 афіцыйных вылучэнцаў партыі. Таксама ўлік прайшлі 3 з 7 вылучэнцаў ад Рэспубліканскай партыі. Вылучэнца ад БССП не зарэгістравалі, Аграрная партыя афіцыйна не вылучала сваіх кандыдатаў. З 107 вылучэнцаў ЛДП зарэгістравалі 38 (36%). З 232 апазіцыйных вылучэнцаў АВК зарэгістравалі 122 (53%). З 5 удзельнікаў парламенцкае групы «Рэспубліка» АВК зарэгістравалі 2. Пазней Валерый Фралоў паспяхова абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў ЦВК. 8 вылучэнцаў ад Партыі БНФ і Cацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» адмовіліся ад удзелу ў выбарах яшчэ да рашэння АВК аб уліку пад ціскам працадаўцаў і мясцовых уладаў. Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ ладзіла байкот выбараў і рэферэндуму[1][2][3].

Больш як 50 вылучэнцаў знялі свае кандыдатуры пасля заканчэння рэгістрацыі, з іх большасць праўрадавых ад рабочых калектываў, што зрабілі гэта ў падтрымку іншых праўрадавых вылучэнцаў. АВК скасавалі рэгістрацыю 20 вылучэнцаў напярэдадні выбараў, з якіх 10 ужо пасля пачатку датэрміновага галасавання 12 кастрычніка. У выніку на дзень выбараў засталося 330 кандыдатаў, або ў сярэднім па тры на кожную выбарчую акругу. У 77 акругах балатавалася па тры і менш кандыдаты, у тым ліку 10 безальтэрнатыўных выбарчых акругаў.

Скаргі[правіць | правіць зыходнік]

ЦВК разгледзела 166 скаргаў на адмову АВК у рэгістрацыі і задаволіла больш як чвэрць з іх, у тым ліку 29 скаргаў апазіцыйных вылучэнцаў. З каля 120 адхіленых скаргаў 74 далей разглядаліся Вярхоўным судом, з якіх той задаволіў толькі 2.

Перадвыбарная агітацыя і вяшчанне[правіць | правіць зыходнік]

Агітаванне апазіцыйных кандыдатаў абмяжоўвалася вылучанымі ўрадам грашыма. АВК скасавалі на падставе гэтага абмежавання рэгістрацыю 16 вылучэнцаў. Праўладныя вылучэнцы такога абмежавання не зазнавалі. На прэс-нарадзе 20 ліпеня 2004 года Лукашэнка заявіў, што аддаў «даручэнне», каб 30% дэпутатаў пераабралі. 6 кастрычніка ён дадаў, што праўладныя кандыдаты мусілі заняць усе 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў ужо па выніках першага туру выбараў, бо «ў нас досыць улады і тэхналогій, каб зруйнавальна выйграць гэтыя выбары».

Усё агульнакраёвае электроннае вяшчанне належала ўраду. У друку таксама дамінавалі ўрадавыя выданні. Цягам двух месяцаў напярэдадні выбараў каля дзясятка няўрадавых выданняў прыпынілі свой выхад, большасць з якіх на тры месяцы паводле пастановы Міністэрства інфармацыі з нагоды непаведамлення імі змен свайго юрыдычнага адрасу, частаты выхаду і зместу. 8 верасня ЦВК ухваліла пастанову №71, якой дазволіла кандыдатам выкласці свае перадвыбарчыя праграмы аб'ёмам у 2 машынапісныя старонкі ў газетах, а таксама ў аднаразовых 5-хвілінных выступах па тэлебачанні і на радыё, што ішлі ў запісе і цэнзураваліся. Тыя выступы перадаваліся ўрадавымі тэле- і радыёкампаніямі з 20 верасня па 11 кастрычніка. Аднак у сродках масавай інфармацыі (СМІ) не размяшчалася платная агітацыя, а электронныя СМІ не паказвалі дэбатаў між супернікамі. Да дадатковага ўрадавага вяшчання мелі доступ толькі дэпутаты, якія йшлі на перавыбранне. Дзяржаўныя тэлеканалы «БТ» і «Сталічнае тэлебачанне» паказвалі шэраг перадач «Канспіралогія», у якіх апазіцыйныя вылучэнцы вінаваціліся ў злачынствах і прыхільнасці да іх.

Назіранне[правіць | правіць зыходнік]

Большасць назіральнікаў належала да праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў, такіх як супольнасці ветэранаў, фінансуемыя ўрадам маладзёвыя аб'яднанні і прафесійныя саюзы. Незарэгістраваная грамадзянская ініцыятыва «Партнёрства» ажыццяўляла назіранне за выбарамі ў 98 выбарчых акругах высілкамі больш як трох тысяч назіральнікаў, кожны з якіх атрымліваў акрэдытацыю зборам 10 подпісаў выбаршчыкаў адпаведных акругаў. Іх назіральнікі імкнуліся ахапіць назіраннем 25% участкаў кожнае акругі.

Галасаванне і падлік галасоў[правіць | правіць зыходнік]

Цягам пяці дзён датэрміновага галасавання скрыні для бюлетэняў не падлягалі апячатванню на ноч. Датэрмінова змушалі галасаваць навучэнцаў і супрацоўнікаў урадавых прадпрыемстваў. На большасці ўчасткаў падлік галасоў праводзіўся прыхавана ад назіральнікаў. Амаль палова УВК не вывесіла копіі пратаколаў аб выніках выбараў на сваіх участках. Замежныя назіральнікі ад АБСЕ здолелі засведчыць фальсіфікаванне атрыманых з УВК вынікаў выбараў АВК №101 (Ясенінская акруга, Мінск). Да таго ж, УВК адмаўляліся паведаміць замежным назіральнікам колькасць выбаршчыкаў у спісах сваіх участкаў.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

18 кастрычніка ЦВК абвясціла папярэднія вынікі выбараў, а канчатковыя — 22 кастрычніка пасля адхілення ўсіх скаргаў, як неістотных. Штовечар да разгону 19 кастрычніка сіламі АМАП апазіцыя праводзіла дэманстрацыі супраць вынікаў выбараў. У выніку збіцця пры затрыманні старшыня АГП Анатоль Лябедзька правёў некалькі дзён у шпіталі. Паводле ЦВК прагаласавала 6 297 600 выбаршчыкаў (90,14%). З іх 17,39% прагаласавалі датэрмінова з 12 па 16 кастрычніка. У Мінску найвышэйшая яўка па краіне назіралася на датэрміновым галасаванні, аднак агульная яўка была найніжэйшай па краіне (81,62%). У першым туры выбараў абралі 108 з 110 дэпутатаў. У Наваполацкай акрузе №25 27 кастрычніка адбыўся другі тур, а ў Гродзенскай-Цэнтральнай №52 — паўторныя выбары. Першае паседжанне новаабранай Палаты прадстаўнікоў адбылося 16 лістапада. У яе склад увайшлі 12 прадстаўнікоў праўрадавых партый і ніводны прадстаўнік апазіцыі. Пераабраліся 46 дэпутатаў папярэдняга склікання. 100 дэпутатаў вылучаліся ад рабочых калектываў і зборам подпісаў. Толькі 14 вылучэнцаў здолелі абрацца праз выкарыстанне ўсяго аднаго шляху вылучэння[4].

Бюлетэні:

  • дзейсных — 6 096 138;
  • нядзейсных — 201 462.

Размеркаванне месцаў:

1) паводле партыі —

  • 8 ад Камуністычнай партыі Беларусі,
  • 3 ад Аграрнай,
  • 1 ад Ліберальна-дэмакратычнай,
  • 98 беспартыйных;

2) паводле роду —

  • 78 мужчын (70,91%),
  • 32 жанчыны (29,09%);

3) паводле веку —

  • 1 ад 21 да 30 гадоў,
  • 3 ад 31 да 40 гадоў,
  • 38 ад 41 да 50 гадоў,
  • 60 ад 51 да 60 гадоў,
  • 7 ад 61 да 70 гадоў;

4) паводле прафесіі —

  • 30 настаўнікаў,
  • 26 эканамістаў,
  • 13 юрыстаў,
  • 10 медыкаў,
  • 31 іншы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]