Перайсці да зместу

Праспект Францыска Скарыны (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праспект Францыска Скарыны
Полацк
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна
Горад Полацк
Працягласць 1300
Назва ў гонар Францыск Скарына
Паштовы індэкс 211415
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Праспект Францыска Скарыны — праспект у цэнтральнай частцы Полацка. Названы ў гонар ураджэнца горада, беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны.

Праспект утвораны з 2 старых вуліц.

Паўднёвая цотная частка праспекта ў XVI—XVIII стагоддзях называлася Іллінская, яна выходзіла за межы абарончых умацаванняў горада. Назву Іллінская мела адна з гарадскіх абарончых вежаў, што стаяла на гэтай вуліцы. Назва вуліцы, верагодна, паходзіць ад назвы Іллінскай царквы, згаданай пад 1552 г.[1]

На вул. Іллінскай да 1780 г. (прыезду ў Полацк Кацярыны ІІ) быў пабудаваны вялікі трохпавярховы корпус езуіцкага калегіума, размешчаны насупраць паўднёвага фасада касцёла св. Стэфана. На заходнім канцы вул. Іллінскай былі пабудаваны два карпусы, адзін насупраць другога, па розныя бакі вуліцы. Вуліца заставалася праезджай нядоўга — пасля 1780 г. яна была перагароджана трохпавярховым будынкам езуцкага калегіума (корпус зруйнаваны ў 1964 г.).

У ХІХ — пачатку XX стагоддзя вуліца мела назву Верхне-Пакроўская. У 1919 была перайменавана ў вуліцу Троцкага ў гонар Льва Троцкага, а пазней — у вуліцу Арджанікідзэ ў гонар Сярго Арджанікідзэ.[2][3]

Паўночная няцотная частка праспекта ў XVII—XVIII стст. згадваецца пад назвай Бацечкавая. Абедзве вуліцы, Іллінская і Бацечкавая, праходзілі праз гарадскі рынак. У актавай кнізе 1656—1657 гг. згадваецца пляц паміж вул. Бацечкавай і Спаскай уздоўж паркана. Па трасе вул. Бацечкавай у 1738 г. быў закладзены мураваны касцёл св. Стэфана. З заходняга боку вуліца была перагароджана двухпавярховым флігелем езуіцкага калегіума. Падчас археалагічнага нагляду А. А. Салаўёва ў 2009 г. за рэканструкцыяй былога флігеля былі адкрыты сляды брамы, ад якой пачынаўся драўляны мост праз Чорны ручай на Верхні замак. Гэтая брама была размешчана па трасе былой вул. Бацечкавай і вяла праз Чырвоную (Каралеўскую) вежу.[1]

вуліца Віцебская ў 1918 годзе

У пачатку XX стагоддзя вуліца мела назву Віцебская. У 1912—1918 гадах звалася Аляксандраўская.[2][3] Бальшавікі перайменавалі вуліцу ў гонар Карла Маркса.

У 1948 годзе было вырашана на паваенных руінах зрабіць велічны праспект. Дзеля гэтага зносіліся ўсе будынкі паміж вуліцамі К. Маркса і Арджанікідзэ з ліквідацыяй рынкаў. Усё гэта было прадугледжана генеральным планам рэканструкцыі горада, зацверджаным 30 жніўня 1948 года. Праспект атрымаў імя Карла Маркса[3].

22 мая 2009 года праспект быў перайменаваны ў гонар Францыска Скарыны[4].

Праспект з’яўляецца бульварам з пешаходнай часткай у цэнтры. Цягнецца ад заходняга боку плошчы Свабоды (уключаючы саму плошчу) да вуліцы Юбілейнай.

Дамы № 1 і 3

Дом яўрэйскага купца, пра што сведчылі сіёнскія зоркі над галоўным уваходам. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі гэты дом быў заняты пад 2-е гарадское вучылішча, падчас рэвалюцыі ўлетку 1917 г. у ім месціўся савет рабочых дэпутатаў, затым аддзел народнай адукацыі, а ў 30-х гадах тут працавалі яўрэйская і рабочая вечаровая школы. Пасля Другой сусветнай вайны размяшчаліся аддзелы Полацкага аблвыканкама, потым — ГПТВ № 66.[3]

«Гранд-гатэль» з рэстаранам купца Івана Бакаева. Гатэль лiчыўся лепшым у горадзе. Нумар там каштаваў каля 3 рублёў. У ім не было вадаправода i каналізацыi. У нумары стаялi ложак, рукамыйнiк са столiкам, камiн i галандская печ для абагрэву памяшкання у халодны час.[5]

Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі тут пэўны час быў райвыканкам і праводзілася рэгістрацыя дэлегатаў першага павятовага з’езду саветаў. Пасля вайны ў гэтым будынку месціўся Полацкі аблвыканкам.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі на першым паверсе знаходзілася канцылярыя полацкага таварыства ўзаемнага крэдыту пад кіраўніцтвам полацкага банкіра Баркана, а на другім была кватэра. У часы НЭПа на першым паверсе было казіно, дзе гулялі ў лато, а потым — сталовая Нархарчу. Сутарэнне выкарыстоўвалася пад сховішча гародніны. У канцы 30-х гадоў тут знаходзіўся райкам камсамолу. Падчас рамонтных работ і капання траншэяў для вадаправода, каналізацыі, электракабеля ў двары дома быў адрыты магутны культурны пласт, рэшткі драўлянага зруба на глыбіні каля 0,5 м, а ў паўночна-ўсходняй частцы двара знойдзены вялікі падмурак з буйных глыжоў на вапнавай заправе таўшчынёй каля 1 м. Глыбіня траншэй не перавышала 2 м і не дайшла да мацерыковага грунту. У верхняй частцы пласта бачныя рэшткі будаўнічага спарахнелага смецця і вуголля. На карысць таго, што будынак стары і некалі меў вялікае значэнне, сведчыць той факт, што калі ён замінаў планаванню вуліцы, якая ішла ад Дзвіны, будаўнікі вымушаныя былі абысці яго па ўсходнім фасадзе, па былой вул. Узнясенскай. Гэта выпадак істотнага адступлення ў гарадскім планаванні.[3]

Дом № 9
Гатэль «Славянскі»

Ансамбль плошчы Свабоды (былая Парадная, Корпусная): будынак павятовага і ніжняга земскага судоў, дом віцэ-губернатара, дом каменданта, будынак магістрата, дом губернатара, дом верхняй і ніжняй управаў, дом генерал-губернатара

Палац генерал-губернатара
Будынак Полацкага мужчынскага духоўнага вучылішча

Зноскі

  1. а б Д. У. Дук. Полацк і палачане (IX – XVIII стст.) (бел.). — Наваполацк: ПДУ, 2010. — 180 с. — ISBN 978-985-531-122-6.
  2. а б Л. Ф. Данько, А. И. Судник. Путеводитель по городу Полоцку 1910 года. Выпуск 8 (руск.). — Полоцк: Полоцкое книжное издательство, 2009. — 45 с. — ISBN 978-985-6936-02-2.
  3. а б в г д е Дэйніс Іван Пятровіч. Полацкая даўніна (бел. (тар.)). — Мінск: Медисонт, 2007. — 330 с. — ISBN 978-985-6530-74-9.
  4. Решение Полоцкого городского Совета депутатов от 22.05.2009 N 92 "О наименовании и переименовании улиц в городе Полоцке".
  5. Три рубля за номер и голландская печь: каким был «Гранд Отель» в Полоцке, где хотят снова открыть гостиницу.
  6. Интерактивный план «Полоцк 1918 г.»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2021. Праверана 14 кастрычніка 2020.
  7. а б Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)