Расследаванне ЭКПЧ і УВКПЧ па Тыграі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Расследаванне ЭКПЧ і УВКПЧ па Тыграі (англ.: EHRC–OHCRC Tigray investigation) — сумеснае расследаванне Эфіопскай камісіі па правах чалавека (ЭКПЧ) і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) выпадкаў парушэнняў правоў чалавека ў ходзе Тыграйскага канфлікту, які ўспыхнуў у лістападзе 2020 года. Мерапрыемствы па разглядзе злачынстваў пачаліся ў сакавіку 2021 года[1][2][3].

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 2021 года Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заявіла, што УВКПЧ з урадавай камісіяй па правах чалавека Эфіопіі дамовіліся правесці сумеснае расследаванне парушэнняў правоў чалавека ў зоне Тыграйскага канфлікту[1]. Як адзначалася ў ААН, яны будуць разглядаць «парушэнні правоў чалавека, учыненыя ўсімі бакамі ў кантэксце канфлікту ў Тыграі». УВКПЧ заявіла, што яно і ЭКПЧ падтрымліваюць пастаяннае партнёрства і падзяляюць мэты адказнасці за выкананне правоў чалавека. Першапачатковы этап расследавання быў запланаваны на трохмесячны перыяд[2][4].

У маі УВКПЧ і ЭКПЧ падпісалі пагадненне, у якім падрабязна апісаны «геаграфічны ахоп, пытанні расследавання і механізмы ўзаемадзеяння». Кожная з дзвюх камісій адабрала па шэсць чалавек для стварэння каманды з дванаццаці следчых. Былі таксама прызначаны супрацоўнікі па прававых пытаннях, гендэрных пытаннях, пытаннях бяспекі і перакладчыкі. Даніэль Бекэле, кіраўнік ЭКПЧ, заявіў, што яны не атрымоўвалі паведамленняў ад Афрыканскай камісіі па правах чалавека і народаў (АКПЧН) аб магчымым супрацоўніцтве ў расследаванні[3].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Як пісала The Guardian, многія тыграйскія дзеячы негатыўна ўспрынялі ўдзел ЭКПЧ у расследаванні[5].

Гебрэкірос Тэмарэ Гетачэў у артыкуле для Ethiopia Insight сцвярджаў, што існуе структурная прадузятасць: тыграйцы дэ-факта выключаныя з Палаты народных прадстаўнікоў, перад якой ЭКПЧ падсправаздачна па законе. Ён раскрытыкаваў папярэднюю справаздачу камісіі аб разні ў Май Кадра за прадстаўленне «этнічных амхара ў якасці адзіных ахвяр», а таксама чатырохмесячную затрымку паміж разнёй у Аксуме і папярэдняй справаздачай па дадзеных падзеях. Гебрэкірос акцэнтаваў увагу на адсутнасць адказнасці вінаватых у справаздачы ЭКПЧ аб сексуальным гвалце падчас Тыграйскага канфлікту. Ён таксама сцвярджаў, што расследаванне будзе неэфектыўным з-за недаверу тыграйцаў да любых дзяржаўных камісій[6].

У чэрвені Дэбрэцыан Гебрэмікаэль, абраны кіраўнік Тыграя і лідар паўстанцкага руху, адхіліў расследаванне, заявіўшы: «Цалкам відавочна, што яно неаб’ектыўнае»[7].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]