Кашары (гістарычная мясцовасць)
Каша́ры — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы горада, з трох бакоў атачоная ракой Свіслаччу.
На паўднёвым захадзе ад Кашараў месціцца Ляхаўка, на поўначы — цэнтральнае Новае Места, на ўсходзе — Архірэйская Слабодка, на паўднёвым ўсходзе — Стромкі Бераг, на поўдні — прадмесце Тры Карчмы[1][2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Актыўнае засяленне гэтай мясцовасці пачалося ў канцы XVIII — пачатку XIX стст. адразу пасля заснавання Новага Места. Першымі пабудовамі былі старыя кашары (казармы) мінскага гарнізона — адсюль пайшла і назва прадмесця[3].
У пачатку XX ст. прадмесце ўваходзіла ў першую паліцэйскую частку горада і ўключала Кашарскую плошчу, Вакольную вуліцу, а таксама часткова Кашарскую (цяпер Чырвонаармейская), Паліцэйскую Набярэжную (Янкі Купалы) і Ніжняляхаўскую (Ульянаўская) вуліцы[1][4][5].
На Кашарскай плошчы (цяпер у межах завода імя Кірава) праводзілася муштраванне войскаў, спартыўныя гульні, скачкі на конях, цыркавыя мерапрыествы. Плошча вылучалася антысанітарыяй і адсутнасцю добраўпарадкавання[6]. Улетку 1913 года на ёй прайшоў першы ў Мінску футбольны матч, у якім гімназісты горада выйгралі ў службоўцаў з лікам 3:0[7].
30 мая 1925 года ў Кашарскім прадмесці адкрыўся іпадром імя Будзёнага (цяпер на яго месцы парк і гатэль Пекін). 15 мая 1934 года на Менскім іпадроме прайшлі вялікія спаборніцтвы, на якіх прысутнічаў сам Сямён Будзённы. 16 ліпеня 1944 года ў вызваленым горадзе на тэрыторыі іпадрома адбыўся мітынг. У ім удзельнічалі месцічы, партызаны, дэлегацыі ваяроў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3–м Беларускім фронтам Іванам Чарняхоўскім. На мітынгу выступіў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка. Затым адбыўся гістарычны партызанскі парад з колькасцю ўдзельнікаў звыш 30 тысяч. Падзея транслявалася па радыё, здымалася на кінастужку. У 1945—1946 гадах на тэрыторыі іпадрома прайшлі адкрытыя судовыя працэсы над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі[8].
На беразе Свіслачы, на мяжы з Ляхаўскай Слабадой (у раёне цяперашняга рэстарана «Старое рэчышча») некалі размяшчалася старажытнае паганскае капішча, якое, паводле звестак этнографаў, дзейнічала ажно да пачатку XX ст. Культавы камень «Дзед», альбо «Старац», цяпер захоўваецца ў мінскім Музеі валуноў, а тэрыторыя самога капішча ў 1994 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[9].
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]У наш час тапонім Кашары ніяк не пазначаны на карце Мінска. Пра існаванне колішняга прадмесця ўскосна напамінае цяперашні Казарменны завулак (гістарычны Кашарскі).
Старыя адрасы
[правіць | правіць зыходнік]- Вакольная, 8. Машынабудаўнічы кацельны завод Г. Я. Янішэўскага. Вырас з кавальска-слясарнай і чыгуналіцейнай майстэрні, заснаванай у 1901 годзе прадпрымальнікам Шышлам. У 1908 годзе быў усталяваны рухавік магутнасцю 12 конскіх сіл. Выпускалася абсталяванне для вінакурных, рэктыфікацыйных, крухмальных заводаў, для млыноў і лесапілак. У 1913 годзе на заводзе ўжо стаялі 2 рухавікі агульнай магутнасцю 36 конскіх сіл, працавала 120 чалавек. Была наладжана вытворчасць паравых машын, турбін, нафтавых і газагенератарных рухавікоў, помпаў, трансмісій. У 1921 годзе завод быў рэарганізаваны ў сельскагаспадарчыя майстэрні. Знаходзіўся ў раёне сучаснага станкабудаўнічага завода імя Кірава.
- Вакольная, 9. Машынабудаўнічы і чыгуна-меднаметалургічны завод (Кашарскі). Найвялікшы ў дарэвалюцыйнай Беларусі. Заснаваны на базе невялікай кузні прадпрымальнікам Н. Я. Якабсонам у 1881 годзе на Кашарскай плошчы (адсюль і назва). Выраблялася абсталяванне для млыноў, вінакурных прадпрыемстваў, чыгуначныя буксы, тармазныя калодкі і кастылі. Да 1891 года асвоены выпуск земляробчых прылад, абсталявання для гутаў, лесапілак, гарбарных заводаў, пажарных помпаў, да 1900 года — паравых машынаў, чыгуначных і медных адліваў. У канцы 1900 года суполка «Якабсон і К» аб’ядналася з гандлёвым домам Г. Л. Ліфшыца, які валодаў машынабудаўнічым (Вакзальным) заводам. Завод меў цэхі: ліцейны (1890), слясарна-такарны, кавальскі, зборны (1893), сталярны (1901) і майстэрню па вырабу пячнога абсталявання (1908). Да 1910 года распачата вытворчасць айчыннага абсталявання для цагельняў, фанеравых і дрожджавых заводаў, што раней куплялася за мяжой. Геаграфія збыту прадукцыі ахоплівала не толькі абшары Беларусі, але таксама і Сібір. Да 1913 года два заводы суполкі стварылі адзіны вытворчы комплекс з колькасцю рабочых 350 чалавек і магутнасцю рухавікоў 100 конскіх сіл. У 1934 годзе на базе прадпрыемства ўзнік станкабудаўнічы завод імя Кірава (Чырвонаармейская, 21)[10].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Свіслач і Кашарскі пляц
-
Мост цераз Свіслач
-
Налева — іпадром
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 227
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку XX стст.
- ↑ План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 110
- ↑ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 200
- ↑ Александр Ванкович. Ход конем(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия, 02.08.2008
- ↑ Татьяна Костич. Мінское капище — памятник языческой культуры Архівавана 20 верасня 2008. // Каштоўнасці мінуўшчыны. Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Мінска, 1998
- ↑ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку XX стст. Архівавана 24 жніўня 2011. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.