Перайсці да зместу

Сымон Будны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з С. Будны)
Сымон Будны
Сымон Будны, паштовая марка Рэспублікі Беларусь
Сымон Будны, паштовая марка Рэспублікі Беларусь
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння студзень 1530 ці 1530[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 1593(1593-01-13)[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці гуманіст, асветнік, навуковец, царкоўны рэфарматар, філосаф, сацыёлаг і гісторык
Мова твораў польская, лацінская мова і беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Сымон Будны (польск.: Szymon Budny, руск.: Симеон Будный; каля 1530, Беласточчына — 13 студзеня 1593) — вялікалітоўскі гуманіст, філосаф і гісторык. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі[2][3].

Прыхільнік кальвінізму, затым антытрынітарызму. Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую кніжную і польскую мовы. У прадмовах і каментарах па рэфармацыйных пазіцый адзначаў неабходнасць крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання і тлумачэння яго гутарковымі мовамі. Аўтар публіцыстычных твораў, накіраваных супраць догматаў і некаторых асноў абрадаў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, вёў рэлігійную палеміку з маскоўскім багасловам Арцеміем  (укр.), езуітамі, адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, якую развівалі ўкраінскія багасловы канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівага для ўсіх слаёў грамадства.

Дакладна невядома, дзе С. Будны правёў дзяцінства і атрымаў пачатковую адукацыю. Ёсць падставы гаварыць пра яго знаходжанне на Падляшшы, магчыма ў маёнтку Хадкевічаў, у Заблудаве або ў Супраслі[заўв 1]. Першая дакументальная згадка пра С. Буднага — кароткі запіс у метрыцы Кракаўскага ўніверсітэта ад 19 кастрычніка 1544 года. З гэтага можна меркаваць, што ён нарадзіўся прыкладна ў 1530 годзе або пад канец 1520-х гадоў.

Сымон Будны скончыў Кракаўскі ўніверсітэт[3], а магчыма і Базельскі пратэстанцкі ўніверсітэт. У 1558 ён распачынае дзейнасць у Вільні[3]. Сакратар Віленскага кальвінскага гуртка 11 студзеня 1558 года адзначыў, што Сымона Буднага прызначылі катэхізістам — гэта самая ранняя дакументаваная звестка пра знаходжанне С. Буднага ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Тут ён выкладаў на старабеларускай мове асновы тэалогіі ў Віленскім пратэстанцкім зборы.

Каля 1560 года Сымон Будны пераехаў у Клецк[3], дзе ў кальвінскім зборы прадоўжыў справу, распачатую ў Вільні, адначасова рыхтуючы да друку першую кнігу. Заснавальнік (з Л. Крышкоўскім і М. Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні выдаў тут на старабеларускай мове свае першыя творы. У 1562 годзе выйшаў з друку «Катэхізіс» Сымона Буднага, напісаны ў форме пытанняў і адказаў[3]. Апрача «Прысвячэння князям Радзівілам» (у сааўтарстве з М. Кавячынскім і Л. Крышкоўскім), «Прадмовы да Чытача» і «Пасляслоўя», выданне мела чатыры асноўныя раздзелы: «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Госпада», «Аб Святых Тайнах». Такі парадак раздзелаў паўтараў «Вялікі Катэхізіс» М. Лютэра (1529), але гэта быў бясспрэчна арыгінальны твор. Прыкладна праз тры месяцы выйшаў наступны твор — «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». У «Пасляслоўі» пісалася: «Доконана ест сия книга о Оправдании… 1562, октября 11 дня на городе Несвижском, вытеснена накладом благочестивых мужей Матвея Кавечинского, Лаврентия Крышковского и Симона Будного». Кніга прысвячалася земскаму падскарбію літоўскаму Астафію Валовічу, які выдаткаваў значную суму на пабудову Нясвіжскай друкарні.

С. Будны пачаў наладжваць кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай Рэфармацыі. Публічная дыскусія пачатку 1560-х гадоў паміж клецкімі, нясвіжскімі, віленскімі і малапалянскімі пратэстантамі, прысвечаная тэалагічнаму пытанню пра зыходжанне Святога Духа, падштурхнула яго да напісання твора «Аб зыходжанні Святога Духа».

Прыкладна ў сярэдзіне 1563 года погляды Сымона Буднага радыкальна змяніліся. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, ён перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўшыся ад догмата Тройцы[3]. Светапоглядныя зрухі знайшлі адлюстраванне ўжо ў польскамоўным выданні «Катэхізіса» (Нясвіж, 1563—1564), дзе асветнік змясціў крытыку ідэі траістасці Бога.

Пасля выхаду «Катэхізіса» на польскай мове і публічных антытрынітарных выступленняў праваслаўныя і каталіцкія дзеячы абвінавацілі С. Буднага ў сувязях са «старазаконнікамі», вучэнне якіх з’яўлялася мадыфікацыяй іўдаізму. Каб развеяць сумненні С. Будны ўзяўся за пераклад на польскую мову твора раннехрысціянскага апалагета Юстына  (руск.) «Размовы Святога Юстына, філосафа і мучаніка, з Трыфанам Жыдам  (англ.)», у якім крытыкавалася іўдзейскае вучэнне. 16 кастрычніка 1564 года «Размовы…» былі надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні. У сваёй «Прадмове» перакладчык выклаў уласнае разуменне сутнасці хрысціянскай навукі.

У Клецку С. Будны працягваў самаадукацыю, набываў кнігі заходнееўрапейскіх аўтараў, аналізаваў творы грэчаскіх і лацінскіх апалагетаў хрысціянства, асабліва шануючы Ф. Аквінскага. Пасля выдання польскамоўнай Брэсцкай Бібліі (1563) асветнікам авалодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Пісання. Аднак у 1565 памёр Мікалай Радзівіл Чорны, рэфармацыйны рух Беларусі пазбавіўся апоры. Абставіны прымусілі Сымона Буднага шукаць новы прытулак. У канцы 1565 ці напачатку 1566 яго запрасіла ў Хоўхлава Ганна Кішчына, віцебская ваяводзіна, што была кіраўніком (міністрам) мясцовага арыянскага збору. Прапаведнік узяўся за працу над перакладам Бібліі і апокрыфаў, навукова асэнсоўваючы гэтыя творы. Ужо на сінодзе 1568 года ў Іўі С. Будны паведамляў пра поспехі. Вынікам удзелу ў дыскусіях на пратэстанцкіх сінодах 1566—1569 гадоў быў твор «Аб зачацці Сына Божага» (не захаваўся).

У 1570 годзе Будны быў вымушаны перапыніць перакладчыцкую працу, каб адказаць П. Гоняду, які абвінаваціў яго ў «эбіонскай  (руск.) ерасі». У чэрвені 1570 года ён надрукаваў у Брэсцкай друкарні на сродкі А. Валовіча брашуру на лаціне «Аб асноўных догматах веры». У канцы 1570, прыкладна пасля 5—6 год працы С. Будны надрукаваў у Нясвіжскай друкарні Даніэля з Лэнчыцы пад адной вокладкай пераклад Новага Запавету і апокрыфаў. Кніга выйшла накладам нясвіжскага старасты Мацея Кавячынскага і адразу стала з’явай духоўнага жыцця 1570-х гадоў.

Каля 1571 года Сымон Будны пераехаў у Заслаўе да менскага кашталяна Яна Глябовіча. Тут асветнік пражыў каля двух год. У чэрвені 1572 года ён скончыў працу над перакладам кніг Старога Запавету, якія разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да Чытача» былі надрукаваны Д. Лэнчыцкім, верагодна, ва Уздзе, куды браты Кавячынскія перавезлі колішнюю Нясвіжскую друкарню.

Плённай парою ў творчасці С. Буднага стаў перыяд з 1573 года да 1583 года, калі ён жыў у Лоску[3] ў магната, прыхільніка арыянаў Яна Кішкі. Той прыдбаў у Кавячынскіх друкарню, запрасіўшы да сябе і яе кіраўніка Д. Лэнчыцкага. У Лоску С. Будны неадкладна прыступіў да выпраўлення сапсаванага Кавячынскімі перакладу Новага Запавету. Прыкладна праз год надрукаваў яго ў Лоскай друкарні, напісаўшы «Эпіграму на герб Яна Кішкі» і грунтоўную «Прадмову да Чытача». Гэта стала першай у літаратуры спробай радыкальнай рацыяналістычнай крытыкі Евангелля.

Сымон Будны прымаў удзел у палітычных дзеях. Па смерці ў 1572 годзе вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ён, відаць, выступаў супраць абрання на велікакняскі пасад француза Генрыха Валуа, пра што сведчыць пераклад ім на польскую мову твора Эрнеста Варамунда Фрыза «Аб фурыях альбо Французскім шаленстве» (Лоск, 1576).

У жніўні 1576 года Сымон Будны надрукаваў у Лоску на польскай мове тэалагічны трактат «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры»[3]. Трактат складаўся з дзвюх частак — «Вызнання веры» і «Абароны Вызнання веры», да кожнай напісаны прадмовы, дзе раскрывалася гісторыя іх узнікнення. Так, ідэя стварэння «Вызнання веры» зарадзілася ў час арыянскага сінода, што адбываўся, напэўна, у Вільні ў 1573 годзе. Задума напісаць «Абарону» да «Вызнання веры» ўзнікла недзе ў канцы 1575 года, пасля палемічных выпадаў апанентаў. На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў трактат С. Буднага «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры» заставаўся ў цэнтры рэфармацыйнай палемікі.

У Берасці, Лоску, Вільні Сымон Будны выдаваў творы, дзе выказваў свае меркаванні пра праблемы веры, аб свецкім прызначэнні чалавека, пра дзяржаўную ўладу. У 1570-я гады погляд на дзяржаўна-палітычную і этычную дактрыну пратэстанцтва ён выказаў у творы «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду», у 1577 годзе бярэ ўдзел у перавыданні кнігі Анджэя Фрыча Маджэўскага «Аб выпраўленні дзяржавы  (польск.)», у якой прыводзіліся аргументы ў абарону ўрада і пацвярджалася права хрысціяніна займаць свецкія пасады. З боку апанентаў (так званых анархістаў) пасыпаліся рэзкія абвінавачанні. На Луцлавіцкім сінодзе (1582) Сымона Буднага адлучылі ад збору.

Пацярпеўшы няўдачу, С. Будны не пакінуў змагання: пры матэрыяльнай дапамозе шляхціца Аляксандра Хамутоўскага асветнік напісаў публіцыстычныя трактаты на польскай мове «Вызнанне аб урадзе і ўрадоўцах» і «Абарону ўрада», якія склалі аснову кнігі «Аб свецкай уладзе». Яна выйшла ў студзені 1583 года з Лоскай друкарні з дазволу яе фундатара Я. Кішкі, які выканаў апошнюю просьбу свайго былога духоўнага настаўніка. Кніга была надрукавана коштам арыянскага дзеяча Крыштафа Ласоты, на яго герб С. Будны і паплечнік асветніка Ф. Даманоўскі напісалі два панегірычныя вершы на лаціне.

Каля 1583 года Сымон Будны пакідае Лоск і, напэўна, накіроўваецца ў Іўе. Ускосным доказам гэтага з’яўляецца супрацоўніцтва з рэктарам Іўеўскай арыянскай школы Янам Ліцыніем Намыслоўскім, на зборнік якога ён у 1589 годзе напісаў панегірычны верш. У канцы 1580-х г. С. Будны разам з Ф. Даманоўскім удзельнічаў у дыспуце з полацкімі езуітамі, пра што паведамляецца ў кнізе «Апісанне Наваградскага дыспута 1594 г.»[3].

Апошнія гады Будны жыў пры дварах выпадковых мецэнатаў. Да 1956 года дакладная дата сьмерці Буднага не была вядома. Яе ўстанавіў Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капенгагена ён знайшоў выдадзены ў 1603 годзе ў Вільні Міхаілам Алясніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Аўтар піша: «Смерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 года ў Вішневе[заўв 2], была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да смерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да смерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён звярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: „Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста“». Прыблізна тое ж самае пра смерць Буднага паведамляе Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленні гэтыя, аднак, выключна тэндэнцыйныя, паколькі належаць яго ідэйным праціўнікам.

Асветніцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Тытульная старонка «Катэхізіса» Сымона Буднага. Нясвіж, 1562 г.
Тытульная старонка Бібліі Сымона Буднага, 1572 г.

Творы С. Буднага паводле іх зместу пераважна палемічныя і філасофска-публіцыстычныя, з выразнай дыдактычнай скіраванасцю. Зварот да друкаванага слова асветнік растлумачыў жаданнем спыніць распаўсюджанне «хлуслівых вучэнняў», «злых рэчаў, якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве». Яго Катэхізіс («Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская для простых людзей», Нясвіж, 1562) прывабліваў чытачоў зместам і манерай выкладання матэрыялу, логікай разважанняў і пераканаўчасцю доказаў. Пад канец 1560-х гадоў асветнікам валодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Бібліі і выправіць хібы, што трапілі ў Пісанне на працягу стагоддзяў.

Для філасофска-публіцыстычных і дыдактычных твораў С. Буднага, асабліва пачатковага перыяду, уласцівы непрыхаваны дыдактызм і маралізаванне. У творах моцны дыдактычна-павучальны струмень. Яго «Катэхізіс» можна лічыць узорным дапаможнікам, у якім спалучаўся навучальны матэрыял з літаратурна-публіцыстычным выкладам. Зварот да формы кароткіх пытанняў і поўных адказаў сведчыць пра асветніцкія памкненні. С. Будны, як правіла, звяртаецца да чытача з прамымі сентэнцыямі, проста і даступна адказвае на складаныя пытанні, што хвалявалі сучаснікаў. Даступнасць выкладання, моўная-стылёвая адшліфаванасць выразаў, лагічнасць і паслядоўнасць думак, дакладнасць фармулёвак — характэрныя рысы яго стылю. Кожная семантычная частка, што ўключала пытанні, аргументы, доказы, абвяржэнні і аспрэчанні, як правіла, завяршалася дыдактычнай высновай, рэкамендацыяй або пажаданнем. Так, разважанні пра ўрад пісьменнік падсумоўвае павучальнай сентэнцыяй: «Прото, годиться хрістьянину урад держати, судити, добрих бороинти, злых карати, не только на маетности, але и на горле, только бы справедливее». Творы С. Буднага знаходзілі зацікаўлены водгук чытачоў, атрымлівалі шырокі розгалас.

Літаратурная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Сымон Будны быў таленавітым белетрыстам і празаікам. Аб яго пісьменніцкіх здольнасцях сведчаць празаічны твор «Апісанне Сінода ў Іўі 1568 г.», «Ліст да Сеньёра» (1581), «Ліст да Крыштафа Ласоты» (1583), а таксама панарамныя эпічныя ўстаўкі і поўнасюжэтныя аповеды ў складзе філасофска-публіцыстычных трактатаў і дыдактычна-павучальных твораў.

Літаратурнаму стылю ўласцівыя канцэптуальная строгасць, карэктнасць, багацце разнастайных паведамленняў і гістарычных звестак. Асаблівасць паэтыкі белетрызаваных твораў С. Буднага — энцыклапедычная паўната і дакладнасць апавяданняў, выверанасць характарыстык і ўвага да дэталяў. Напрыклад, ён падрабязна піша пра месца, матывы і акалічнасці правядзення сінода 1568 года, фіксуе дакладныя даты і часавую працягласць дыспутаў, паслядоўна пералічвае пытанні і праблемы, што абмяркоўваліся. Панарамнае апісанне трагічных падзей у Германіі, якое суправаджаецца эмацыйнымі ацэнкамі, утрымлівала дакладныя звесткі пра колькасць забітых.

Сярод персанажаў белетрыстычных твораў прадстаўлены сучаснікі — аднадумцы і апаненты, якіх ён добра ведаў: Якуб з Калінаўкі, Павел з Візны, Пётр Гоняд, Марцін Чаховіц[3]. Часта пісьменнік распавядае пра знакамітых папярэднікаў — філосафаў, пісьменнікаў, духоўных асоб, дзяржаўных дзеячаў — Арыстоцеля, Платона, Цыцэрона, Аляксандра Македонскага.

Ствараючы яркія мастацкія вобразы, С. Будны, як правіла, паведамляе пра сацыяльны статус герояў, падае біяграфічныя звесткі, раскрывае іх сацыяльныя і рэлігійныя погляды, характарызуе ўчынкі, выказвае ўласнае стаўленне. Так, С. Будны каларытна апісвае пакутлівую смерць Яна Гуса, які быў спалены на кастры за погляды. Аўтар не хавае ўласных эмоцый, абураецца жорсткасцю і несправядлівасцю прысуду.

Важным кампанентам белетрызаваных твораў С. Буднага з’яўляюцца дыялогі, часта аб’ёмныя паводле памераў. Адметная рыса дыялогаў — інтэлектуальная насычанасць. Героі абмяркоўваюць ключавыя грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы, імкнуцца прадставіць вычарпальныя доказы ў абарону сваіх поглядаў, пераканаўча аспрэчыць пазіцыі апанентаў. На ўсіх стылёвых узроўнях белетрызаваных твораў, дзе пераважала дыялагічная форма, вельмі адчувальны ўплыў філасофскіх «Дыялогаў» Платона. Рацыянальная дамінанта дыялогаў С. Буднага спалучалася з эмацыйнасцю, духоўнай напружанасцю і ўзрушанасцю, што дасягалася праз выкарыстанне рытарычных пытанняў, яркіх параўнанняў, выслоўяў, метафар і сімвалаў. Аўтарская пазіцыя выяўлялася пераважна ў форме дыдактычных сентэнцыяў.

У творах С. Буднага шырокі дыяпазон моўных і літаратурна-выяўленчых сродкаў. Мова яго твораў дасканалая і апрацаваная. Для яе характэрна багацце сінанімічных радоў, трапныя азначэнні, вобразнасць. Пісьменнік часта ўжываў экспрэсіўна афарбаваную лексіку. С. Будны знаходзіў адметныя метафары, параўнанні. Так, няпросты шлях навучання, набыцця ведаў ён параўноўваў з працай пчалы. Актыўна звяртаўся да народна-паэтычных вобразаў і сімвалаў — «вужа», «голуба», «кубка», «мутнай вады», «каменя», творча выкарыстоўваў сюжэты іўдзейскай  (англ.), грэчаскай і рымскай міфалогій.

Сымон Будны выявіў сябе як паэт. Ён напісаў некалькі панегірычных вершаў. У паэтычных «эпікграмах» на гербы беларускіх магнатаў вытрымаў каноны эмблематычнай паэзіі, існуючыя ў заходнееўрапейскіх літаратурах. Так, у «эпікграме» на герб Дарагастайскіх, ва ўступнай частцы, паэт стварыў карціну непаўторнага ззяння месяца, з святлом якога ён параўноўваў учынкі сваіх апекуноў. Дзякуючы менавіта С. Буднаму, «эпікграмы» на гербы сталі неад’емнай рысай літаратуры Беларусі. Яго паэтычныя традыцыі, але ўжо на беларускай мове, пазней прадоўжылі паэты А. Рымша, Л. Мамоніч і М. Сматрыцкі.

Інтэлектуал эпохі Рэфармацыі стварыў некалькі публіцыстычных трактатаў, сярод якіх вылучаецца кніга «Аб свецкай уладзе» (1583). Публіцыстычная творчасць С. Буднага мела гуманістычную і сацыяльную скіраванасць. Галоўнае месца займала этычная праблематыка, сістэма каштоўнасцяў і духоўных арыенціраў чалавека.

Літаратуразнаўчая і перакладчыцкая праца

[правіць | правіць зыходнік]

Сымон Будны грунтоўна і паслядоўна прааналізаваў творчую спадчыну антычных, а таксама знакамітых еўрапейскіх пісьменнікаў і філосафаў. На старонках яго твораў разглядаюцца многія працы папярэднікаў і сучаснікаў, раскрываюцца іх сацыяльныя канцэпцыі і рэлігійныя дактрыны, робяцца аналітычныя і ацэначныя падсумаванні. С. Будны дэталёва прааналізаваў працы М. Лютэра, Э. Ратэрдамскага, Ж. Кальвіна, Г. Булінгера, раскрыў іх погляды, выявіў падыходы да розных праблем, рэканструяваў сістэму іх аргументаў і разважанняў.

Перакладчыцкі талент С. Буднага ярка выявіўся ў час працы над Свяшчэнным Пісаннем  (руск.), калі ён перакладаў Біблію на польскую мову[3]. Асветнік карыстаўся папярэднімі выданнямі і рукапісамі: лацінскімі, яўрэйскімі, грэчаскімі, славянскімі, а таксама творамі старажытных тэолагаў, якія закраналі ці цытавалі біблейныя тэксты. Ён абапіраўся на ранейшыя пераклады, зробленыя еўрапейскімі вучонымі: Ларэнцам Валам, Эразмам Ратэрдамскім, Марцінам Лютэрам, Сабасцьянам Касталіёнам  (руск.), Тэадорам Бэзам  (руск.), Мікалаем Зэгерам.

Са старажытных аўтараў С. Будны карыстаўся творамі Тэртуліяна  (руск.), Эўсебія  (руск.), Эпіфанія  (руск.), Ераніма. Меў пад рукой Біблію Францыска Скарыны, пераклад Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава, Брэсцкую Біблію 1563 г., пераклад Станіслава Мужыноўскага  (польск.), Чэшскую і Харвацкую бібліі і іншыя тэксты. У параўнанні да тагачасных еўрапейскіх перакладчыкаў гэта была грандыёзная тэксталагічная праца. Асветнік аднак не шукаў лаўраў лепшага перакладчыка. «Якая ласка мне будзе, — пісаў С. Будны, — не ведаю. Але пра тое зусім не дбаю. Мне досыць ужо таго, што не закапаў майго малога таленту, а прынёс карысць… Усю маю працу няхай ацэняць наступныя пакаленні».

У публіцыстычных творах Сымон Будны звяртаўся да палітыка-прававых праблем: аптымальнай арганізацыі жыцця грамадства, функцыянавання дзяржавы і ўрадавых структур, узаемадачыненняў розных станаў, адносін да прыватнай уласнасці. Падтрымліваў канцэпцыю абмежаванай, асветнай манархіі, якая дазваляла б развівацца простым людзям[3]. Адзін з першых ідэолагаў развіцця культуры на роднай мове, зрабіў значны ўплыў на развіццё нацыянальнай свядомасці.

С. Будны выступаў супраць несправядлівых, захопніцкіх войнаў[3]. Ён пісаў:

"

Не кажной войны христианин служити можеть. Бо часом война бываеть не праведная. Яко коли тыран или мучитель какый гордый не переставаючи на своем паньстве, чужне городы, княства или земли силою забираеть, таковое войны служити христианину не годиться. Бо таковая война ест разбой. Опять, справедливая война ест — коли не для гордости, не для лакомства, але для обороны пределов своих король или князь оружие противу врагом своим береть.

"

Імкнучыся дасягнуць сацыяльнай справядлівасці і грамадскай гармоніі, С. Будны выказаў шэраг ідэй і прапаноў, дзеля ўрэгулявання ўзаемадачыненняў паміж беднымі і багатымі. Ён адкінуў вучэнне камуністаў XVI стагоддзя — Якуба з Калінаўкі, Пётры Гоняда, Марціна Чаховіца і інш., якія заклікалі да зліквідавання прыватнай уласнасці  (руск.) і патрабавалі ўсеагульнай роўнасці  (руск.). Прапанаваў уласную мадэль развіцця грамадства, а таксама механізм рэгулявання, які прадугледжваў мірнае суіснаванне розных станаў. С. Будны паказваў непазбежнасць сацыяльнай іерархіі  (руск.) ў грамадстве, сцвярджаючы, што ні Хрыстос, ні апосталы не патрабавалі знішчэння багатых і прыватнай уласнасці. Кожны чалавек, падкрэсліваў ён, можа мець маёмасць любых памераў, абы яна набывалася сумленным шляхам.

Спрэчкі С. Будны вёў з ваяўнічымі камуністамі XVI стагоддзя вакол пытання аб тым, ці можа хрысціянін мець падданых і нявольную чэлядзь. Апаненты сцвярджалі, што падзел грамадства на гаспадароў і падданых несумяшчальны з хрысціянскай мараллю  (руск.). С. Будны памяркоўны шлях удасканалення ўзаемадачыненняў у грамадстве. Так, гаспадары не павінны біць сваіх падданых, пазбаўляць іх неабходных для жыцця рэчаў, патрабаваць больш падаткаў, чым прадугледжана законам. Яны мусяць адкрываць для падданых навучальныя ўстановы, будаваць бажніцы, справядліва судзіць, вучыць на свае сродкі і аберагаць ад паганскіх ды эпікурэйскіх уплываў. У сваю чаргу падданыя павінны маліцца за сваіх гаспадароў, дапамагаць ім ва ўсіх справах, ніколі не казаць і нават не думаць пра іх кепскага, шанаваць іх, заўсёды жадаць толькі дабра, без абурэння плаціць падаткі, выконваць распараджэнні і загады за выключэннем тых, што скіраваныя супроць Бога. Рэзка крытыкаваў тых падданых, якія, абурыўшыся сваім становішчам, паўставалі са зброяй у руках супроць гаспадароў.

На старонках сваіх твораў С. Будны ўздымаў голас супроць грамадска-палітычнай дактрыны анархістаў — Паўла з Візны, Яна Немаеўскага, Пётры Гоняда і іншых, што патрабавалі знішчэння дзяржавы і ўрадавых структур. Ён сфармуляваў 15 аргументаў у абарону ўрада і дзяржавы, пацвердзіўшы думку, што кожны хрысціянін можа займаць свецкую пасаду і, сумленна выконваючы свае абавязкі, прыносіць карысць грамадству.

Галоўнае месца ў грамадстве, паводле меркавання С. Буднага, павінны займаць настаўнікі і пастыры. Адстойваючы ідэю прыватнай пропаведзі, гуманіст падкрэсліваў, што кожны член збору можа быць настаўнікам, калі ён адчувае сваю здатнасць выконваць гэтую місію. С. Будны выступаў за ўжыванне роднай мовы ў набажэнстве і казаннях. Спасылаючыся на Божыя запаветы, асветнік канстатаваў, што Біблія:

"

...навчает нас, яко языка своего маем къ чти его вживати.

"

Палымяна С. Будны выступаў у абарону свабоды думкі і слова. Ён абураўся жорсткасцю і бесцырымоннасцю цэнзуры. Усялякае прыцясненне духа, прыніжэнне і падаўленне асобы гуманіст прыраўноўваў да найвялікшага зла. Цэнзура, паводле яго вызначэння, — «ёсць не што іншае, як падаўленне духа і панаванне чужой веры». Праціўнік усялякіх крайнасцяў, залішняй ідэйнай нецярпімасці  (руск.) і радыкалізму, С. Будны раіў кіравацца ў жыцці найчасцей прынцыпам «залатой сярэдзіны», шукаць грамадскай згоды, яднацца дзеля пераадолення цяжкасцей, заўжды адчуваючы пры гэтым прыгажосць быцця і гармонію Сусвету.

У сваіх творах пісьменнік-палеміст абараняў ідэі антрапацэнтрызму — уяўленні аб чалавеку як галоўнай каштоўнасці на зямлі, якому нібыта, згодна з Божай воляй, павінна падпарадкоўвацца ўсё жывое і нежывое. С. Будны шырока прапагандаваў ідэі крэяцыянізму  (руск.) — аднаактнага стварэння Госпадам Сусвету і першых людзей — Адама і Евы. Прыроду чалавека лічыў дваістай, сцвярджаючы, што чалавек складаецца з грэшнага, часова існуючага цела і вечнай, непадуладнай часу душы. Мысліцель, аднак, адмаўляў актыўнае замагільнае жыццё душаў, іх здольнасць умешвацца ў зямныя справы, уздзейнічаць на жывых людзей. С. Будны палымяна заклікаў, каб кожны чалавек, жывучы з Божым страхам  (руск.) у душы, заўжды памятаў пра надыход суднага дня, усе свае ўчынкі ўзгадняў з Хрыстовымі запаведзямі  (руск.), ні пры якіх акалічнасцях не апускаў рукі, не губляў надзеі на выратаванне, не бавіў час у адчаі і роспачы, а вызнаваў сапраўдную веру, чыніў добрыя справы, што і з’яўляецца галоўнай умовай набыцця Нябеснага Царства  (руск.) і вечнага жыцця  (руск.). Думка пра непазбежнае пакаранне чалавека за зямныя грахі дамінавала. С. Будны крытыкаваў пралюбадзействы  (руск.), блюзнерскія ўчынкі  (руск.) , заклікаў да пашаны бацькоў і старэйшых.

Значнае месца ў творчасці займала эклесіялагічная тэматыка. Новае прачытанне Бібліі і пераасэнсаванне яе зместу стварылі перадумовы для перагляду традыцыйных поглядаў на Царкву. Услед за еўрапейскімі рэфарматарамі ён выступіў з крытыкай царкоўнай іерархіі, абсалютызаванай і абогатворанай улады Папы Рымскага. Адстойваючы гуманістычныя ідэі свабоды духу, індывідуальнай вартасці чалавека, унікальнасці кожнае асобы, С. Будны сцвярджаў, што ўсякі вернік можа размаўляць з Богам без пасярэднікаў.

На старонках сваіх твораў С. Будны неаднаразова выказваў адмоўнае стаўленне да манастырскага жыцця, пустэльніцтва  (руск.) і скітніцтва. Крайнія формы аскетызму, як і прага непамерных багаццяў, супярэчыла, паводле яго слоў, сутнасці Царквы. Але ў адрозненне ад радыкальных пратэстанцкіх ідэолагаў С. Будны бараніў правы хрысціянскіх збораў на прыватную ўласнасць, маёнткі і землі.

Ідэі Сымона Буднага паўплывалі на развіццё еўрапейскага рацыяналізму XVII стагоддзя, садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф. Скарыны[3], ён выступаў за роўнасць саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго палітычны ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феадальнага самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю[3]. Сымон будны шмат зрабіў для развіцця беларускай мовы, выступаў за выкарыстанне жывой народнай мовы ў рэлігійным пісьменстве і царкоўных набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва славянскіх народаў[3].

Ацэнкі сучаснікаў

[правіць | правіць зыходнік]
Фрагмент гравюры, Сымон Будны патанае ў хвалях, побач іншых ерэтыкоў — карыкатура ў тагачасным клерыкальным друку.

Адразу пасля выхаду сваіх першых твораў Сымон Будны пачаў наладжваць кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай Рэфармацыі. Ён паслаў падрыхтаваны на лаціне багаслоўскі трактат у Цюрых Генрыху Булінгеру[3]. Суправаджальны ліст С. Буднага да лідара швейцарскай Рэфармацыі  (руск.) паведамляў пра поспехі новага вучэння ў Вялікім Княстве Літоўскім  (руск.), ухвалялася дзейнасць мецэната Мікалая Радзівіла, якому Булінгер таксама прысвячаў свае творы. С. Будны пісаў пра цяжкасці, з якімі сутыкаліся беларускія пратэстанты, асуджаў уціск з боку каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, а таксама перашкоды, якія чынілі прыхільнікі паганства.

Пасля перакладу Новага Запавету і апокрыфаў (1574) імя Сымона Буднага набыло папулярнасць у краінах Заходняй Еўропы — Англіі, Францыі, Германіі; сучаснікі імкнуцца пачуць яго меркаванні па розных праблемах. Сведчанне гэтага — перапіска з англійскім гісторыкам Ёганам Фоксам (ліст Буднага да яго ад 4 мая 1574 года захоўваецца ў Оксфардскай бібліятэцы).

У С. Буднага былі і апаненты, да ліку якіх належаў цюрыхскі багаслоў Сімлер  (руск.). Так, па выхадзе кнігі «Аб дзвюх прыродах Хрыста» (Лоск, 1574) Сімлер выступіў з крытыкай яе ў сваім творы «Абвяшчэнне праўдзівага вучэння аб дзвюх прыродах Хрыста» (1575). Хрысталагічныя ідэі С. Буднага, выказаныя ім у творы «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог Айцец» (1574), раскрытыкаваў другі апанент Ян Віганд  (ням.) у кнізе «Туман арыянскай ерасі».

Трактат «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры» (1576) стаў аб’ектам палемічных выпадаў Пётры Гоняда, Сімлера, Мацвея Бжазоўскага, Яна Віснёўскага, Гераніма Занхіуса, Станіслава Фарноўскага, Марціна Чаховіца. З’едліва С. Буднага крытыкавалі П. Скарга і Я. Віганд, апошні адгукнуўся на новы твор беларускага тэолага кнігай «Аб Ісусе Хрысце» (1576). На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў трактат С. Буднага заставаўся ў цэнтры рэфармацыйнай палемікі. 3 яго высновамі дыскутавалі Станіслаў Астроўскі ў кнізе «Аб спрадвечнай боскасці Ісуса Хрыста» (1588) і Марцін Сміглецкі ў творы з гэткай жа назваю, што выйшаў з Віленскай езуіцкай друкарні ў 1595 годзе.

У 1570-я гадах на землях Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пачаўся працэс выпрацоўкі дзяржаўна-палітычнай і этычнай дактрыны пратэстанцтва, між прадстаўнікамі розных яго накірункаў узнікалі вострыя дыскусіі, найперш па пытаннях аб прызначэнні дзяржавы, сутнасці ўрада, абавязках урадоўцаў. Свой погляд С. Будны выказаў у творы «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду». З боку так званых анархістаў — Якуба з Калінаўкі, Пётры Гоняда, Яна Немаеўскага, Паўла з Візны і інш. — пасыпаліся надзвычай рэзкія абвінавачанні. У студзені 1581 года Будны склікаў у Лоску пратэстанцкі сінод Вялікага Княства і вынес на яго абмеркаванне пытанне пра ўладу. Падчас галасавання, сінод, за выключэннем двух чалавек, падтрымаў яго. Наступны агульны антытрынітарны сінод ўдалося склікаць у сакавіку 1582 года (праходзіў у Любчы). Спрэчкі доўжыліся два дні, ідэйныя ворагі лоскага міністра здолелі навязаць дыскусію пра Сына Божага. «Яны, — пісаў пазней Будны, — гвалтам прымусілі нас да тае размовы, паставіўшы ўмову: калі мы не захочам гаварыць аб Сыне Божым, то яны адмовяцца весці гутарку пра ўрад». Праціўнікі С. Буднага ўзвялі паклёп, нібыта ён абвяргае ў сваіх казаннях боскасць Хрыста, а на сінодзе не хоча пра гэта гаварыць. На наступным Луцлавіцкім сінодзе, які адбываўся ў маі 1582 года, апаненты адлучылі яго ад збору.

Перавыданне «Катэхізісу». Мінск, 2005

Катэхізіс Сымона Буднага перавыдаваўся 2 разы. Першы раз у Стакгольме ў 1628 годзе, а другі — у Мінску ў 2005 годзе. Да 2005 года бібліятэкі Беларусі не мелі ніводнага асобніку гэтай кнігі, а з кнігай маглі пазнаёміцца толькі даследчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальная бібліятэкі і толькі з ксеракопіяй.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы, 1982

У Нясвіжы па вул. Міцкевіча ў 1982 годзе была ўсталяван бронзавы помнік Сымону Буднаму. Ва ўзнятай руцэ асветніка кніга з эмблемай сонца — сімвалам святла і ведаў. Вышыня фігуры — 2,85 м, пастамента — 0,65 м. Скульптар Святлана Гарбунова, архітэктар Юры Казакоў[4].

У 2000 годзе ва ўнутраным дворыку БДУ была ўстаноўлена кампазіцыя «Дыспут: Цяпінскі і Будны» скульптара Ігара Голубева[5].

  1. Пра гэта ўскосна сведчыць гісторыя з выпраўленнем кніг Свяшчэннага Пісання архімандрытам Супрасльскага манастыра Кімбарам у сярэдзіне 1530-х гадоў, пра якую С. Будны расказаў у сваёй «Прадмове да Чытача», змешчанай у Новым Запавеце (1574). Ім занатаваныя розныя дэталі, нават дробязныя факты, якія мог ведаць толькі сведка тых падзей.
  2. Цяпер Валожынскі раён
  1. а б Педагоги и психологи мира — 2012.
  2. БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1996. С. 315.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Будный Симон // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 86. — 737 с.
  4. Помнік Сымону Буднаму Архівавана 24 студзеня 2010.
  5. Помнікі ў БДУ зьявіліся з ініцыятывы Казуліна
  • Парэцкі Я. І. Сымон Будны. — Мн. : Выд-ва БДУ У. І. Леніна, 1975. — 168 с.
  • Саверчанка І. В. Сымон Будны — гуманіст і рэфарматар. — Мн. : Універсітэцкае, 1993. — 223 с.
  • Будны Сымон // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). — ISBN 985-6824-43-5.
  • Kot, S. Szymon Budny // Polski Słownik Biograficzny. Tom 3. – Kraków : Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1989. – S. 96– 99.