Свіслач (прыток Нёмана)
Свіслач | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 121 км |
Басейн | 1 800 км² |
Расход вады | 9 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Каардынаты | 53°01′31″ пн. ш. 24°07′51″ у. д.HGЯO |
Вусце | Нёман |
• Каардынаты | 53°30′25″ пн. ш. 24°03′59″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,6 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Нёман → Балтыйскае мора |
|
|
Краіна | |
Рэгіён | Гродзенская вобласць |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сві́слач — рака ў Гродзенскай вобласці Беларусі, левы прыток Нёмана. Даўжыня 121 км. Вадазбор 1800 км², у Польшчы і Беларусі (у межах Беларусі 1432 км²). Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6 ‰.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Свіслачы меркавана балцкага паходжання, пра гэта кажа другая аснова ў гэтай двухасноўнай назве — Ak-[1].
Корань Ak- звязаны з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе». Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *okṷ(e)s-)[2]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.
У двухасноўных гідронімах тыпу Свіслач ці Нарач[1] ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. api «рака»)[3] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[4], як у гідронімах Няропля або Грыўда.
Першая аснова Свісл- у назве Свіслачы дагэтуль вычарпальна не вытлумачаная. Прысутнасцю элемента -s-l- яна збліжаецца з балцкімі назвамі рэк Іслач і Ясельда, у якіх другая аснова ўзаемаперакладальная і аднолькава значыць «рака, вада», а першая аснова — фанетычная варыяцыя аднаго і таго ж кораня (*ei-s- : *i̯ā-s-).
Узаемнае размяшчэнне рэк Іслач, Ясельда і дзвюх Свіслачаў арыентаванае на нёманска-дняпроўскі водападзел. Па розныя бакі ад водападзелу знаходзяцца дняпроўская (бярэзінская) Свіслач і нёманская Іслач, а ў іншым месцы — нёманская Свіслач і дняпроўская (прыпяцкая) Ясельда.
Асноўныя прытокі
[правіць | правіць зыходнік]Справа: Рудаўка, Куклянка, Цішоўка, Бераставічанка, Верацёйка, Пікелка.
Злева: Устачанка, Нятупа, Крынкі, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка.
Агульнае
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца каля вёскі Занкі 1 Свіслацкага раёна, у верхнім і сярэднім цячэнні цячэ па ўсходніх схілах Гродзенскага і заходніх схілах Ваўкавыскага ўзвышшаў, упадае ў вадасховішча Гродзенскай ГЭС на поўнач ад аграгарадка Свіслач. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка.
Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, яе шырыня 0,8—2 км, у сярэднім не выражана. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, яе шырыня 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні не выражана, пераважна забалочаная.
Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае: ад вытоку да вёскі Дварчаны (8,5 км) і ад граніцы з Польшчай да вёскі Ярмолічы (22,1 км). На астатнім працягу звілістае, яго шырыня ў верхнім цячэнні 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 170—171.
- ↑ K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Макарэвіч А. А. Свіслач // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 265. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Общая характеристика речной сети Гродненской области (в разрезе районов) // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Архівавана 23 верасня 2015. (руск.)
- Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора более 200 кв. км) Гродненской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»(недаступная спасылка) (руск.)