Тамаш Зан (паэт)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тамаш Зан
польск.: Tomasz Zan
Валенці Ваньковіч. Партрэт Тамаша Зана. 1837
Валенці Ваньковіч. Партрэт Тамаша Зана. 1837
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 21 снежня 1796(1796-12-21)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 ліпеня 1855(1855-07-19)[1][2] (58 гадоў)
Месца смерці маёнтак Кахачын, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Караль Зан[d]
Маці Кацярына Зан з Дылеўскіх[d]
Жонка Брыгіда са Свентаржэцкіх
Дзеці Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемент (1852), Станіслаў (1854)
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці
паэт, драматург, геолаг, даследнік прыроды, музеязнавец
Кірунак рамантызм
Жанр элегія, балада, трыялет, паэма
Мова твораў польская
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Тамаш Зан (польск.: Tomasz Zan; 21 снежня 1796, в. Мясата Ашмянскага павета Віленскай губерні, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць — 19 ліпеня 1855, маёнтак Кахачын за 39 км ад Оршы, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя) — удзельнік вызвольнага руху, даследнік прыроды, літаратар[3], музеязнавец, геолаг, даследнік прыродных багаццяў Урала. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазней у таварыства філарэтаў; сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацый на Беларусі і Літве[4]. Адыграў значную ролю ў развіцці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[5]. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасць за адзін з найгалоўнейшых раздзелаў сваёй паэтычнай праграмы[6].

Біяграфія

Паходжанне

Тамаш Зан у маладыя гады

Сапраўднае прозвішча самога паэта і яго продкаў вымаўлялася мякка — «Зань»[5][7]. У часе вучобы ў Віленскім універсітэце вымаўленне з невядомых прычын пацвярдзела[8], імаверна, па звычайным недаглядзе аднаго са службоўцаў канцылярыі[7]. Род Заняў належаў да тыповай беларускай шляхты[7].

Дзед Тамаша Зана — таксама Тамаш — быў бурмістрам у Радашковічах, дзе меў зямельныя надзелы і арандаваў непадалёк адсюль маёнтак Селішча. Продкі Тамаша Зана па матчынай лініі жылі ва Уздзе і былі перайшоўшымі з праваслаўя ўніятамі[9].

Бацька Тамаша — Караль Зан — атрымаў у спадчыну ўладанні ў Радашковічах. Удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і пасля яго здушэння вярнуўся дамоў, але з пачаткам рэпрэсій у дачыненні да паўстанцаў уцякае пад Каралявец[8].

Цяжарную жонку Кацярыну з першым сынам Вінцэнтам адводзіць у маёнтак Селішча да брата, дзе яна мусіла пачакаць, пакуль вызваліцца маёнтак Халецкаўшчына ў Вілейскім павеце, аднак з невядомых прычын, дакументы на куплю маёнтка губляюцца і Кацярына, даведаўшыся пра гэта ўжо ў дарозе, вымушаная была застацца ў вёсцы Мясаце, дзе 21 снежня 1796 года нарадзіўся Тамаш Зан[9].

Некаторыя лічаць, што роды адбыліся ў доме паноў Тышынскіх, з якімі зналіся Зані[9]. Зрэшты, беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве СССР  (руск.) у Ленінградзе знайшоў «выпись крестной метрики», якая сведчыць, што Тамаш Карлавіч Зан, нарадзіўся ў 1796 у карчме Мясата за 14 км ад Маладзечна на тракце, пралеглым між Мінскам і Вільняю[10][11].

Маленства

Паводле меркаванняў біёграфаў паэта, жонка Караля Заня была вымушаная ўцячы з Вінцэнтам і Тамашам у лес празь небяспечнасць надыходзячых у Мясату казацкіх войскаў. Там ёй дапамагала мясцовая сялянка, якая хадзіла туды наведаць свайго мужа, які хаваўся ад рэкрутчыны[9]. Пасьля Мясаты Кацярына разам з дзецьмі вярнулася ў Селішчы, куды неўзабаве, пачуўшы пра амністыю, трапіў і сам Караль Зань. Тут ён уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войскаў Трэмбіцкага ў недалёкім маёнтку Вязынь, дзе праходзіць маленства будучага паэта і першыя ўрокі граматы ў дзяка Аляшкевіча[9].

Неўзабаве маці адвозіць юнага Тамаша да сваіх бацькоў у мястэчка Узда, дзе ўладкоўвае яго ў парафіяльную школу, аднак пасля сьмерці свайго дзеда разам з бабуляй ізноў вяртаецца ў Вязынь. Цяпер ён працягвае вучобу ў гувернёра Калантая ў суседняй Слабадзе (вучыцца разам з дзецьмі нейкіх Мікуліцкіх)[8]. Праз некалькі месяцаў, у 1807 годзе, разам з малодшым братам Ігнасем пасылаецца ў Мінскую гімназію.

Мінская гімназія: 1805—1812

Тамаш Зан у маладыя гады. Малюнак Яна Рустэма. За своеасабліую форму ілба паэта жартаўліва называлі «Трохкутным»[12]

Будучы гімназістам Тамаш належыў да ліку найбольш здатных вучняў. Таксама актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх зборах і забавах[8]. Будынак тагачаснай Мінскай гімназіі знаходзіўся на Высокім рынку, які з XVII ст. зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Мінска. Асобныя вобразы з тагачаснага жыцця гораду запомніліся юнаму Тамашу надзвычай:

" Яўрэйка з абаранкам, немец з грэчаскімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка, Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года. Нянавісці і розніцы між нацыямі не ведалі... З тае грубае і дзікае мовы маскалёў, бо мінскім сялянскім прастамоўем ахвотна карысталіся студэнты, прыжылося башкірскае «гайда»[13] "

Найбліжэйшымі сябрамі Тамаша Зана ў Мінскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзаф. Асабліва моцна ён пасябрыўся з Міхалам, дзякуючы якому Тамаш пазнаёміўся з яго сястрой Марыляй Верашчакай?! — будучай каханай Адама Міцкевіча, які, у сваю чаргу, пазнаёміўся з ёю не без пасярэдніцтва Зана[8].

Далейшай вучобе ў Мінскай гімназіі перашкодзіла хвароба Тамаша, таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў у фальварак Выверы, які яго бацькі ўзялі ў арэнду[9]. Тут прайшлі самыя яркія юнацкія гады Тамаша. Выверы былі недалёка ад Маладзечна, таму па выздараўленні Тамаша бацькі паслалі яго разам з малодшым Ігнасем і Стэфанам давучвацца ў Маладзечанскую павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйску[9]. У здыманай маладзечанскай кватэры разам з братамі пасялілася і бабка Далеўская.

Маладзечанскі пэрыяд

Тамаш Зан, частка малюнку Р. Жукоўскага (1825—1855)

Звесткі пра маладзечанскі пэрыяд жыцця паэта захаваліся збольшага ў дакументах следчай камісіі працэсу над філаматамі.

Напрыклад, абвінавачанне ў «непажадным кірунку думак» абгрунтоўвалася тым, што Тамаш «яшчэ з дзяцінства, з павятовай маладзечанскай школы зневажаў урад і пісаў недобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства»[8]. Пад згаданым таварыствам мелі на ўвазе вайсковую гульню, што вымагала хлапчукоў дзяліцца на дзве «арміі»: расійскую — армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалона, бога любові. На чале арміі Апалона часта быў Тамаш Зан, які карыстаўся павагаю паплечнікаў за «мінскую вучонасць»[8]. Да справы таксама быў далучаны верш, напісаны Занам у 1815 годзе пад назваю «Марш для студэнтаў, апалонавага войска», дзе быў прамы заклік да падрыхтоўкі вайны супраць «маскаля», і незакончаная камедыя «Сталасць у сяброўстве», што таксама накіроўвалася супраць царскага самадзяржаўя.

Саміх «маладзечанскіх» твораў Тамаша Зана не захавалася. Адзінае сведчанне пра іх — рапарт сенатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў маі 1824 года, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи» (Варшава, 1898)[9].

Віленскі ўніверсітэт: 1815—1820

Дзядзінец Віленскага ўніверсітэта і Царква святога Яна, дзе ў 18151820 гадах вучыўся Тамаш Зан

У 1815 годзе Тамаш Зан за ўласны кошт паступае на фізіка-матэматычны фалькутэт Віленскага ўніверсітэта і, каб мець сродкі на жыццё, працуе гувернёрам. Паралельна займаўся на літаратурным факультэце.

Т. Зан становіцца тут членам патрыятычнага таварыства шубраўцаў; прымаецца ў масонскую ложу[14].

Ужо ў першы год навучання ён ўступае ў Таварыства шасці, у якое ўваходзілі студэнты-мінчукі[9]. У 1817 годзе Тамаш Зан становіцца адным з заснавальнікаў Таварыства філаматаў, у 1820 — стварае Таварыства прамяністых, рэарганізаванае пазней у Таварыства філарэтаў. Згодна з назвай «тэорыі прамянёў», ад кожнага добразычлівага чалавека сыходзяць прамяні, якія жыватворна ўздзейнічаюць на тых, хто яго абкружае[14]. Таварыства прамяністых за кароткі час сабрала 200 сяброў і складалася ў пераважнай большасці з беларускай моладзі[15].

У 1823 годзе арыштоўваецца царскімі ўладамі[16]. Захаваліся дакументы аб выдачы Зану дыплома магістэрскай ступені па філасофіі, які ён не паспеў атрымаць праз арышт[5]. У часе следства 18231824 гг. усю віну за стварэнне і дзейнасць згуртаванняў моладзі бярэ на сваю адказнасць[9], дзякуючы чаму астатніх арыштаваных, у ліку якіх знаходзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і слабы здароўем Юзаф Яжоўскі?! выслалі ўглыб Расіі, а не зняволілі ў цытадэлі[17]. Адам Міцкевіч пазней увасобіў сумленнасць і таварыскасць  (руск.) Тамаша ў III частцы «Дзядоў». На адным з допытаў Зан выказаўся: «Мы не стваралі часу — час ствараў нас»[15].

За некалькі дзён да высылкі Зана ў кляштарныя муры дазволілі наведацца тым, хто хацеў з ім развітацца. Філарэт Ота Слізень прыгадвае ў сваіх нататках, што «дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся» і калі ён туды ўвайшоў:

" …у камэры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэенд, два Тамашовы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ… Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, якая сваёй мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач…[18] "

Пра гэтае развітанне таксама расказвае Антоні Эдвард Адынец:

" Было нас некалькі дзясяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:
Да лятуць, лятуць да дзікіе гусі,
Да нас павязуць до далёкое Русі…

Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае ці вярнуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб’ектам абдымкаў[18].
"

Высылка: 1824—1837

За арганізацыю падпольных таварыстваў Тамаша Зана ў кастрычніку 1824 высылаюць у Арэнбурскую фартэцыю, адкуль яго вызваляюць 22 лістапада 1825. Там ён застаецца верным сваім ідэалам і, паводле звестак рускага пісьменніка Эрнста Сафонава  (руск.), удзельнічае ў тайнай арганізацыяй расійскіх рэвалюцыянераў у Арэнбургу і сябруе з яе кіраўніком, рускім паэтам Пятром Кудрашовым  (руск.)[9]. У 1833 годзе прымае ўдзел у змове высыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстанне супраць мясцовых уладаў з мэтай уцячы за мяжу, аднак спроба гэта не ўдалася.

У высылцы Тамаш Зан сустракае вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Урал для навуковай экспедыцыі. Пад яго ўздзеяннем паэт захапляецца вывучэннем геалогіі і батанікі[9]. Праз некаторы час Тамашу даручаюць геалагічную выведку на шырокіх прасторах Прыўралля  (руск.) і Тургайскага стэпу  (руск.). На Волзе, пад Самарай, ён адшукаў нафту, у Заўральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіцкай фартэцыі — медную руду[8]. У высылцы Тамаш Зан сустракаўся з многімі даследнікамі, якія прыязджалі вывучаць прыроду Прыўралля — батанікам з Дэрпта Эдуардам Аляксандравічам Эверсманам  (руск.), яго землякамі геолагамі Рыгорам Пятровічам Гельмерсенам і Эрнстам Гофманам  (руск.), хімікам Карлам Гёбелем  (руск.), астраномам Васілём Фёдаравічам Фёдаравым  (руск.), прафесарам Хрыстафорам Ханстэнам  (руск.), лейтэнантам Дуэ з Нарвегіі і іншымі[19].

У арэнбурскай ссылцы паэт таксама пазнаёміўся з Рыгорам Сілычам Карэліным  (руск.) — прадзедам паэта Аляксандра Блока[20]. Меў сустрэчы з сасланым кампазітарам Аляксандрам Аляксандравічам Аляб’евым  (руск.), удзельнікам вайны 1812 года, сябрам Дзяніса Давыдава  (руск.) і Аляксандра Грыбаедава, аўтарам славутых вакальных твораў «Салавей», «Вечаровы звон  (руск.)», «Доўгая дарога»[21].

З прапановы генерал-губернатара П. Сухцелена  (руск.) напісаў грунтоўную працу па музейнай справе «Аб мэтах і спосабах утрымання прапанаванага Музеума ў Арэнбургу  (бел. (тар.))». Стварыў багаты мінералагічны музей у Арэнбургу[17] за што атрымаў званне чыноўніка XIV класу (калежскага рэгістратара).

У 1831 у англійскім часопісе «Рэвю брытанік», выдаваным на французскай мове, быў змешчаны артыкул «Палітычная гісторыя Літвы» з аповедам падзеяў 18171823 гг. у Віленскім універсітэце з падрабязным асвятленнем лёсаў іх удзельнікаў, у тым ліку і «найпрамяністага» Тамаша Зана[22]. Улетку 1833 знаходзіўся на лячэнні на Сергіеўскіх серных водах каля Самары. У снежні 1833 вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў. З 18 ліпеня па 5 снежня 1834 праводзіў геагнастычныя даследаванні кіргізскага стэпу, у выніку якіх ён выявіў у наносах рэк Адырлы, Таўкарагайлы-Аят, Сарымсаклы і іншых дзесяць золатаўтрымальных прыіскаў, а таксама паклады меднай руды на поўдні ад Тройцкай крэпасці.

За гэта Тамаш Зан быў прыстаўлены да грашовай узнагароды ў 1500 рублёў і быў узведзены ў X клас паводле «Табелю аб рангах»[23] (атрымаў чын калежскага сакратара).

Падарожнічаў па Башкірыі, пабываў у Екацярынбургу (пісаў пра цяжкія ўмовы работы ў Саймонаўскіх капальнях золата і малахіту). Цікавіўся фальклорнымі традыцыямі башкіраў. Адным з першых вывучаў народную паэзію і норавы казахаў, татар, башкір і пакінуў запіс адной цюрскай песні[24]. Пад уражаннем сваіх падарожжаў па Прыўраллю і аповядаў відавочцаў у 1833 выказаў намер напісаць трылогію пра гэты край у часе Пугачоўскага паўстання  (руск.), аднак планаванага не здзейсніў.

У высылцы Тамаш Зан вёў дзённік.

Улічваючы нямалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэнні прыроды Урала і выяўленні пакладаў золата, 3 мая 1837 года, паэту паведамілі, што:

" Государь император всемилостивейше соизволил разрешить Зану оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину[25] "

Пасля ад'езду Тамаша Зана, створаны ім Арэнбурскі музей перайшоў у рукі былога інспектара Гарадзенскай гімназіі Міхаіла Фадзеевіча Зялёнкі, які за ўдзел у паўстанні знаходзіўся ў ссылцы ў Арэнбургу[23].

Санкт-Пецярбург: 1837—1841

Тамаш Зан у сталым веку. Паводле малюнка Ю. І. Крашэўскага

У кастрычніку 1837 Тамаш прыязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданнем «Геагнастычных назіранняў» — вынікам сямігадовых даследаванняў прыродных багаццяў Урала агульным аб'ёмам у сто друкаваных аркушаў. Аднак апублікаваць кнігу Зану не ўдалося, а месцазнаходжанне гэтага рукапісу невядома дагэтуль[8]. Таксама склаў карту Прыўральскага краю[26]. У 1839 здае экзамены на атрыманне кваліфікацыі горнага інжынера. Двойчы запрашаецца для выступлення з дакладамі ў Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства[27].

Неўзабаве пасля прыезду Тамаша выклікаюць у канцылярыю III аддзялення імператарскага ведамства. Даведаўшыся аб яго ўдзеле ў арэнбурскай змове 1833 года, яго вырашаюць вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэнні жандара[9]. На дапамогу паэту прыходзяць яго віленскія сябры, аселыя ў Пецярбургу, і найперш Францішак Малеўскі. Аднак справа аб удзеле ў планаваным бунце даходзіць да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзялення графа Бенкендорфа[8]. У гэты момант за Тамаша Зана заступаецца арэнбурскі генерал-губернатар Васіль Аляксеевіч Пятроўскі, які высока цаніў высыльнага за яго геалагічныя адкрыцці і шырыню ведаў[9][28].

Вяртанне

Пасля сямнаццацігадовай высылкі ў 1841 годзе Тамаш Зан вяртаецца на радзіму. Пасля Горадні і Вільні некаторы час разам з Янам Чачотам жыў у Далматаўшчыне каля Карэліч, у маёнтку філамата Антонія Вяржбоўскага[28]. Працаваў у Віленскім корпусе горных інжынераў, а праз чатыры гады — інспектарам дзяржаўных маёнткаў на Аршаншчыне і з 1844 на Лепельшчыне. Тут сышоўся з сям'ёй Кусцінскіх. Міхаіл Кусцінскі, студэнт Пецярбурскага ўніверсітэта, а пазней вядомы археолаг, успамінаў, што Зан быў душой кожнага таварыскага сходу. Сачыняў музыку, песні, у тым ліку і на словы Я. Чачота[29]. У 1845 выходзіць у адстаўку[27].

Як адзначае Тамашовы паплечнік і блізкі сябра Ігнат Дамейка: «Тамаш Зан прыехаў здаровы і вясёлы, як і раней — сардэчны, разумны. Здавалася, ён збярог у сабе ўсю маладую сілу і кемлівасць». Але праз некалькі месяцаў Зан захварэў: «гэта быў пачатак вар'яцтва, якое прыйшло не адразу, нягледзячы на лекі, што даваў яму брат»[29].

Па вяртанні паэта адразу акружаюць сябры і асабліва Марыля Путкамер?!, якая забірае яго да сябе ў маёнтак Бальценікі, дзе Тамаша кранае Марыліна дачка Зося, якая спявае яму, граючы на фартэпіяна, песні Яна Чачота[9]. Разам з Марыляй і малодшым братам Ігнасем наведвае сям'ю Бялінскіх у Янушах, Марыліных братоў Юзафа ў Смольчыцах і Міхала ў Дварцы, дзе яго прымаюць з вялікаю радасцю[9]. Варта адзначыць, што будучы героем міцкевічавых «Дзядоў», Тамаш Зан стаў жывой легендай у вачах сваіх сучаснікаў[9].

У вёсцы Аборак на Маладзечаншчыне ў сям'і добрых знаёмых Дэдэркаў Тамаш Зан сустракае маладую Брыгіду Свентажэцкую з недалёкай Маліноўшчыны, якая зачытвалася рамантычнаю літаратурай і захаплялася творчасцю свайго сучасніка Адама Міцкевіча. Неўзабаве Брыгіда захалася ў Тамаша і той адказаў узаемнасцю. Пазней у лісце Марылі Путкамер ён прызнаваўся:

" Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадракае мне шчаслівую будучыню[30] "
Брыгіда Зан (народжаная Свентаржэцкая) з сынамі. Сядзіць — Абдон, стаяць (злева направа) — гувернёр, Віктарын і Клемент.
Магіла Тамаша Зана на акварэлі Н. Орды, 2-я пал. XIX стагоддзя

29 кастрычніка 1846 у мястэчку Лебедзева пад Маладзечнам яны пабраліся шлюбам[9]. Вяселле было мнагалюднае і апрача радні прыехалі яго найбліжэйшыя сябры Марыля і Ваўжынец?! Путкамеры, браты Верашчакі — Юзаф і Міхал[9].

Апошнія дзевяць гадоў жыцця вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную работу[31]. Нейкі час жыў у Беніцы, займаўся геалагічнымі даследаваннямі і геалагічнай працай. У беніцкіх сваякоў жонкі ў старасвецкім будынку бачыў галерэю і мемарыяльную залу, у якой суткі правёў Напалеон у снежні 1812[23]. Пасля Беніцы разам з сям'ёй пераехаў у Аборак, дзе пражыў тры гады. Пад канец жыцця пры дапамозе Марылінага мужа Ваўжынца Путкамера за грошы, атрыманыя ў якасці пасагу, Зан набыў маёнтак Кахачын (сёння — в. Какоўчына). У набыцці маёнтку яму таксама дапамог А. Дабравольскі, які паставіў своеасаблівую ўмову: «новаспечаны памешчык» мусіў «аддзякаваць» яго, напісаўшы тут аўтабіяграфію, аднак задума засталася няздзейсненай[29]. Адам Міцкевіч з Парыжа паведамляў ў Чылі Ігнату Дамейку: «У Зана вёсачка ў Беларусі»[32].

Спачатку неспрактыкаванаму ў гаспадарцы паэту маёнтак Кахачын прынёс толькі турботы. У лісце да Кусцінскіх Зан скардзіўся: «За два прайшоўшых гады вычарпаў у мяне гэты маёнтак усе зберажэньні». Пазней Марылі Путкамер ён напіша:

" Вязень над Віліяй, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзвіной, не прытуліла мяне сяброўства на Літве, горная справа на Жмудзі, сваяцтва і вучоная сябрына на Чорнай, грамадзянства і набожнасьць над Дняпром і на Белай Русі. Няўжо ж, пакуль жыву, буду вечным выгнаннікам і пілігрымам?[33] "

Толькі праз некалькі гадоў, калі Заны пабудавалі дом, займелі гаспадарку, жыццё пайшло належным парадкам. У Тамаша і Брыгіды Занаў нарадзіліся чатыры сыны: Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемент (1852) і Станіслаў (1854)[34].

Памёр тут жа 7 ліпеня 1855 года ад менінгіту. Пахаваны на каталіцкіх могілках у мястэчку Смаляны. Жонка Брыгіда памерла 23 жніўня 1900 ва ўзросце 81 года. Яе пахавалі побач з мужам[35]. У эпітафіі на мемарыяльнай пліце, усталяванай кс. Уладзіславам Любамірскім, што ляжыць перад помнікамі, гаворыцца:

" Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславенна. Жыў шэсьцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 года ў Кахачыне. Са Свентаржэцкіх Брыгіда Зан пахаваная побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 года ва ўзросце 81 год. Сын іх немаўля Стась памёр у 1854 годзе. "

Постаць

Блізкі сябра Тамаша Зана Ігнат Дамейка наступным чынам апісваў знешнасць свайго таварыша:

" Быў Тамаш Зан... чалавекам з шырокімі схільнасцямі: грунтоўна ведаў прыродазнаўчыя і эксперыментальныя навукі, слыў добрым матэматыкам і паэтам, ведаў літаратуру і нашу гісторыю, старажытныя мовы; быў вялікім аматарам мастацтваў, у першую чаргу музыкі, якую добра ведаў; выдатна спяваў. Сярэдняга росту, смуглаватага твару, з малымі агністымі вачыма і цёмнымі кучаравымі валасамі, з высокім ілбом, які трохі звужаўся ўверсе. Калі ён спяваў, імправізаваў, тады ад яго, казалі, ад чала і вачэй нібы сыходзіла праменне, якім проста паланяў сэрцы ўсіх, хто яго слухаў. Нездарма Зан атрымаў ганаровую мянушку «архіпрамяністы»[14] "

Творчая спадчына

Пісаў з 1816 элегіі, балады, трыялеты, паэмы, сатырычныя творы, сярод якіх найбольш вядомая іраікамічная паэма «Смерць табакеркі» («Zgon tabakiery»).

Тамаш Зан таксама аўтар заснаваных на беларускім фальклоры паэтычных твораў на польскай мове. У камедыі «Грэчаскія піражкі» (1817, пастаўлена ў Арэнбургу 11 лютага 1830[36]) выкарыстаў беларускі фальклор, у паэме «Табакерка» (1818) апісаў беларускае вяселле, свята Купалле, звычаі і абрады беларусаў. Ім напісаныя балады і паэмы «Цыганка», «Свіцязь-возера» (абедзве 1820), «Твардоўскі», «Бекеш» і лірычныя вершы, у прыватнасці, верш «Мінчук» (1836) і «Сабіраемся з-над Урала на Літву» (1838)[37]. Тамаш Зан адыграў значную ролю ў развіцці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[5].

Ва ўральскім дзённіку «З выгнання» паэт выказаў намер пісаць на беларускай мове, аднак ніводзін з яго беларускіх твораў не захаваўся[3].

У 1833 Т. Зан адзначыў у дзённіку, што «напісаў па-руску дзіцячую камедыю „Русалки и леший“, накшталт „Грэчаскіх піражкоў“»[36]. Невядома, ці ставілася яна на сцэне ў Арэнбургу.

Творы

  • Tryolety i wiersze miłosne. — Warszawa, 1922;
  • Z wygnania. — Wilno, 1929.

Беларускія пераклады

  • Філаматы і філарэты: Зборнік. — Мн., 1998.

Ушанаваньне памяці

Продкі Тамаша Зана

Унучкай Тамаша Зана была польская паэтэса Казімера Ілаковіч  (руск.), а праўнукамі — грамадскі дзеяч, аўтар успамінаў і вершаў Алена Станкевіч  (польск.) і польскі ваенны дзеяч Тамаш Зан.

Зноскі

  1. а б Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 3 мая 2014.
  2. а б Bibliothèque nationale de France Tomasz Zan // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  3. а б Кастусь Цвірка. Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 404.
  4. 21 снежня — 210 год з дня нараджэння Т. Зана (1796—1855), паэта-рамантыка, даследчыка прыроды, удзельніка вызваленчага руху // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  5. а б в г Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл. / Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Барыс Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 434—435. — 671 с.
  6. Станкевіч, С. Тамаш Зан // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 16. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  7. а б в Марціновіч А. А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» Тамаш Зан // У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. — Мн.: Полымя, 1999. — С. 292. — ISBN 985-07-0297-4.
  8. а б в г д е ё ж з і Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
  10. ЦГИА СССР, ф. 1343, оп. 22, д. 950, л .16
  11. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 94. — 303 с.
  12. Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 383. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  13. Z filareckiego świata: zbiór wspomnień z lat 1816-1824. Wydae Henryk Mościcki. — Warszawa, 1924. — S. 196.
  14. а б в Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 24. — ISBN 985-6133-40-8.
  15. а б Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 40.
  16. Зан Тамаш // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  17. а б Уладзімір Арлоў. Імёны Свабоды: Тамаш Зан 21.12.1796, в. Мясата (цяпер Маладзечанскі раён) — 19.7.1855, маёнтак Кухачын паблізу Оршы. Пахаваны ў в. Смаляны, Аршанскі раён. Радыё Свабода (4 жніўня 2011).
  18. а б Кастусь Цвірка. Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 19. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  19. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 113. — 303 с.
  20. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 108. — 303 с.
  21. Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 41.
  22. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 121. — 303 с.
  23. а б в Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» // Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1984. — С. 61. — 199 с.
  24. Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 126. — 303 с.
  25. Грицкевич, В. От Немана к берегам Тихого океана. — Мн., 1986. — С. 128.
  26. Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 96. — 254 с.
  27. а б в Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  28. а б Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 97. — 254 с.
  29. а б в Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 25. — ISBN 985-6133-40-8.
  30. Wawrzykowska-Wieciochowa D. Adam i Maryla. — Warszawa, 1990. — С. 214.
  31. Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54-56.
  32. Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 42.
  33. Wawrzykowska-Wieciochowa D.  (польск.). Adam i Maryla. — Warszawa, 1990. — С. 242.
  34. Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 26. — ISBN 985-6133-40-8.
  35. Марціновіч А. А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» Тамаш Зан // У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. — Мн.: Полымя, 1999. — С. 307. — ISBN 985-07-0297-4.
  36. а б Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 112—113. — 303 с.
  37. Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 26. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.

Літаратура


  • [0 2] // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). / Укладальнік Л. У. Маракоў.
  • Dunajówna M. Dzieciństwo i lata szkolne Tomasza Zana. — Wilno, 1932;
  • Gawalewicz M. Poeta promienisty. — Warszawa, 1911;
  • Калинкович Н. «Дело № 26» // Нёман. 1990, № 4;
  • Кандрацюк Г. Тамаш Зан, вечны пілігрым // Ніва № 14 (2447). 2003, 6 крас.
  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Літаратура Беларусі : першая палова XIX стагоддзя : хрэстаматыя / [укладанне, прадмова, біяграфічныя даведкі і каментарыі К. Цвіркі]. Мінск, 2000. С. 52-67. Змест : [Біяграфічная даведка] / [К. А. Цвірка]. [Выбраныя творы] / Тамаш Зан.
  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Філаматы і філарэты : зборнік / [укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі Кастуся Цвіркі]. Мінск, 1998. С. 197—230. Змест: [Біяграфічная даведка] / [К. Цвірка]. Творы ; Пісьмы / Тамаш Зан.
  • Зан Тамаш // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 525—526.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Зан Тамаш // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 321.
  • Зан Тамаш // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 176—177.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 484.
  • Зан Тамаш // Памяць : Карэліцкі раён / [рэдакцыйная калегія : В. К. Кунашка і інш.]. Мінск, 2000. С. 78.
  • Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі / Станіслаў Станкевіч; пераклад Міколы Хаўстовіча // Спадчына. 1998. № 5. С. 100—139. Са зместу: Тамаш Зан. С. 109—136.
  • Мароз, У. В. Філамат Тамаш Зан / Уладзімір Мароз // За брамай забытых мелодый : эсэ. Вершы. Мініяцюры / Уладзімір Мароз. Мінск, 2004. С. 90-97.
  • Цвірка, К. Дарогамі Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX стагоддзя / Кастусь Цвірка. Мінск, 2004. С. 82-125.
  • Тое ж // Лісце забытых алеяў : эсэ / Кастусь Цвірка. Мінск, 1993. С. 99-177.
  • Тое ж // Полымя. 1992. № 5. С. 159—172 ; № 6. С. 148—165.
  • Марціновіч, А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» : Тамаш Зан / Алесь Марціновіч // У часе прасветленыя твары : гістарычныя эсэ, нарысы / Алесь Марціновіч. Мінск, 1999. С. 290—308.
  • Цішук, Г. Архіпрамяністы / Глеб Цішук // Беларусь. 2003. № 6. С. 40-42.
  • Лютынскі, В. Таямніца маёнтка Кахачын / Віктар Лютынскі // Беларуская Мінуўшчына. 1997. № 1. С. 28-31. (Постаці).
  • Пра лёс Т. Зана, яго грамадскую дзейнасць і маёнтак, дзе ён правёў апошнія гады жыцця.
  • Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым : жыццё і творчасць Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Роднае слова. 1994. № 2. С. 17-24.
  • Мохнач, Н. Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. / Н. Н. Мохнач; под редакцией А. С. Майхровича. — Минск : Наука и техника, 1985. — 94 с.
  • Также об этических воззрениях и деятельности Т. Зана.
  • Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» / Генадзь Каханоўскі // Адчыніся, таямніца часу : гісторыка-літаратурныя нарысы / Генадзь Каханоўскі. Мінск, 1984. С. 58-61.
  • Жыццёвы шлях Т. Зана.
  • Лютынскі, В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне / Лютынскі В. П. // Аршанскі краязнаўчы зборнік № 2 / укладальнік В. Лютынскі. [Орша], 1997. С. 24-27.
  • Грицкевич, В. П. Ташкараган ищет золото / В. П. Грицкевич // От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. Минск, 1986. С. 92-131.
  • Об участии Т. Зана в освоении Урала.
  • Ермоленко, В. А. Зан Томаш Карлович / В. А. Ермоленко // Вестник Белорусского государственного университета. Серия 2, Химия. Биология. География. 1997. № 1. С. 72-73.
  • О Т. Зане как естествоиспытателе и его вкладе в мировую науку о Земле.
  • Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54-56.
  • Гужалоўскі, А. Тамаш Зан — аўтар першага беларускага музейнага праекта / Аляксандр Гужалоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3. С. 60-62.
  • Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  • Лютынскі, В. Прыцягальны вобраз / Віктар Лютынскі // Голас Радзімы. 2002. 9 студз. (№ 3). С. 4.
  • Ф. Вержболовский. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи в 1819—1823 гг. Варшава, 1898.
  • Н. Модестов. Магистр философии Фома Карлович Зан в Оренбурге // Труды Оренбургской Ученой Архивной Комиссии. Вып. XXXV. Оренбург, 1917.
  • Н. С. Кутейников  (руск.). Мицкевич и виленские филареты // Исторический вестник, 1884. Т. XVIII.