Ясельдзінска-Слуцкая нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ясельдзінска-Слуцкая нізіна на карце Беларусі.

Ясельдзінска-Слуцкая нізіна — фізіка-геаграфічны раён Прыпяцкага Палесся, размешчаны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, на левабярэжжы Прыпяці. Мяжуе з Высокаўскай раўнінай і Загароддзем на захадзе, Сярэдняпрыпяцкай нізінай на поўдні, Капаткевіцкай раўнінай на ўсходзе, Пружанскай, Баранавіцкай, Слуцкай і Бабруйскай раўнінамі на поўначы.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Палескай седлавіны (на захадзе), Прыпяцкага прагіна (на ўсходзе), Цэнтральнабеларускага масіва Беларускай антэклізы (на поўначы), Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступа (на поўдні). Пароды крышталічнага падмурка залягаюць у асноўным на глыбіні ад 250 м (на захадзе і паўночным захадзе) да 1000—2000 м (на ўсходзе), на поўдні (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) выходзяць на паверхню. Магутнасць антрапагенавых адкладаў змяняецца ад 10—20 да 90—100 м, а ў паніжэннях да 150—200 м.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Абсалютная вышыня зямной паверхні ў межах 140—160 м. Гушчыня расчлянення рэльефу 0,2—0,3 км/км². Асноўную тэрыторыю займаюць моцна забалочаная плоская азёрна-алювіяльная нізіна і плоская, месцамі слабаўзгорыстая водна-ледавіковая раўніна са слядамі блукання рэчышчаў, разлеглымі катлавінамі затарфаваных азёр. Характэрны эолавыя формы рэльефу ў выглядзе адзінкавых утварэнняў і масіваў, што складаюцца з невысокіх град, узгоркаў, палёў перавяванага пяску і дробных дэфляцыйных катлавін. Максімальныя адносныя перавышэнні эолавых утварэнняў складаюць 2-3 м, зрэдку — 7-10 м. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні моцна размытыя і не маюць шырокага распаўсюджання (правабярэжжа Случы ніжэй упадзення Морачы і на паўночны ўсход ад Жыткавічаў, Петрыкаў).

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднія тэмпературы студзеня каля −5,8…-6 °C, ліпеня 17,8…18,3 °C. Атмасферных ападкаў 655—687 мм за год. Вегетацыйны перыяд працягваецца 196—200 дзён.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Выганашчанскае возера.

Тэрыторыя дрэнуецца левымі прытокамі Прыпяці (Случ, Лань, Цна, нізоўі Ясельды і інш.). Азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае і інш.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы, у далінах рэк поймавыя (алювіяльныя), на павышаных участках дзярнова-падзолістыя. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чарнаальховыя, бярозавыя лясы і дубровы.

Дамінуюць азёрна-алювіяльныя ландшафты, сустракаюцца поймавыя, азёрна-балотныя, водна-ледавіковыя. Для аховы прыроды створаны заказнікі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бакарасов В. А. Ясельдинско-Слуцкая низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)