Суражская нізіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Суражская нізіна (2001)
Суражская нізіна (1977)

Суражская нізіна — фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі ў Віцебскай вобласці (Гарадоцкі і Віцебскі раёны), мяжуе з Гарадоцкім узвышшам на захадзе і Віцебскім узвышшам — на поўдні, Шумілінскай раўнінай — на захадзе, плошча каля 900 км². Распрасціраецца на ўсход на тэрыторыю Смаленскай вобласці Расіі (Веліжскі раён), дзе мае назву Заходне-Дзвінская нізіна (руск.: Западно-Двинская низина[1]).

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах нізіна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя (да 1500 м і болей) адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвонска-каменнавугальнага (да 200 м; вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і юрска-антрапагенавага (да 190 м; мел, мергелі, пяскі, супескі, гліны) комплексаў.

Тээрыторыя прымеркавана да буйнога паніжэння дэвонскіх парод. Магутнасць чацвярцічных адкладаў ад 20 да 50 м. Для іх ложа характэрныя лагчыны ледавіковага выворвання і размыву, выяўленыя ў даліне р. Усвячы, а на крайнім захадзе звязаныя з сістэмай Дзвінска-Дняпроўскай мегалагчыны.

Фарміраванне паверхні нізіны звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны ракой Заходняя Дзвіна каля г. Віцебск. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ускраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, супескі), у асобных месцах марэнныя суглінкі.

Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, даламіт, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная паверхня выраўнаваная. Паверхня пласкахвалістая з эолавымі ўзгоркамі і парабалічнымі дзюнамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. У межах раёна выдзяляецца паўднёвая азёрна-ледавіковая нізіна і паўночная слабахвалістая марэнная і водна-ледавіковая раўніна. Адносныя перавышэнні рэльефу звычайна 2—3 м, да 10 м і больш паблізу глыбокіх рачных далін, азёрных катлавін у мясцовацях з эолавым рэльефам.

Роўная паверхня азёрна-ледавіковай нізіны набывае разнастайнасць дзякуючы эолавым узгоркам, серпападобным дзю­нам, дзюнна-бугрыстым формам, якія складзены тонказярністымі пяскамі. Абсалютныя вышыні тут 150—165 м.

Марэнная і водна-ледавіковая раўніна мае абсалютныя вышыні 165—175 м. Паверхня рассечана лагчынамі сцёку, выцянутымі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Нярэдка сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, камавыя ўзгоркі, а таксама эолавыя формы ў выглядзе дзюнна-бугрыстага рэльефа.

Гідраграфічная сетка прадстаўлена глыбока ўрэзанай далінай Заходняй Дзвіны, яе правым прытокам Усвячай з Аўсянкай, левым — Каспляй. Даліны адрозніваюцца значным урэзам (Усвяча да 30 м), выражанай поймай і надпоймавай тэра­сай. Схілы месцамі крутыя, зрэзаныя невялікімі ярамі.

Азёры размешчаны галоўным чынам у паўночнай частцы Суражскай нізіны. Катлавіны буйных азёр належаць да лагчынных і глыбока ўрэзаны ў марэнныя суглінкі. Найболшыя азёры Вымна, Цёста, Сясіта. Асаблівасцю возера Цёста з’яўляецца ланцуг з астравоў, якія выцягнуты па даўжыні катлавіны, маюць форму друмлінаў і характарызуюць, такім чынам, напрамак руху ледавіковага языка з поўначы — паўночнага ўсходу на поўдзень — паўднёвы захад.

Клімат, глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя тэмпературара студзеня -7,8 °С, ліпеня 18 °С. Ападкаў 620 мм за год.

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя.

Пад лесам каля 30% тэрыторыі. Карэннымі з'яўляюцца хвойныя (хваёвыя і яловыя зеленамошна-чарнічныя і кіслічныя) лясы, але ў выніку высечак на іх месцы часта ўтвараюцца драбналістыя (бародаўчатабярозавыя, асінавыя і шэраальховыя), якія вылучаны ў міжрэччы Усвячы і Тураўкі. На правабярэжжы Заходняй Дзвіны каля мяжы Беларусі і Расіі пераважаюць, бярэзнікі і асіннікі кіслічныя і сніткавыя, сярод якіх невялікімі ўчасткамі трапляюцца ельнікі кіслічныя; характэрна чаргаванне хвойнікаў імшыстых, сфагнавых і даўгамошна-чарнічных. На левабярэжжы Заходняй Дзвіны уздоўж ракі на прыбярэжных пясчаных узгорках хвойнікі верасова-імшыстыя, уздоўж мяжы Беларусі і Расіі асінавыя і бярозавыя лясы з дробнымі ўчасткамі ельнікаў, з дамешкам ясеню, клёну, ліпы, у падлеску ляшчына, брызгліна бародаўчатая.

Балоты вярховага тыпу. Лугі сухадольныя злакавыя збяднелыя, нізінныя разнатраўныя і дробнаасаковыя. разаранасць слабая.

Створаны Запольскі біялагічны заказнік.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]