Радашковіцкае ўзвышша

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Краявід Радашковічаў.

Радашковіцкае ўзвышша знаходзіцца на паўночным захадзе Мінскай вобласці, пераважна ў Маладзечанскім раёне, у складзе Мінскага ўзвышша. З’яўляецца водападзелам (у цэнтральнай частцы) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Паводле В. А. Дзяменцьева паўночна-заходняя частка ўтварае Аляхновіцкае ўзвышша.

Радашковіцкае ўзвышша абмежавана верхнім участкам даліны р. Заходняя Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на поўначы, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзвышша на захадзе і зліваецца з Лагойскім узвышшам на паўночным усходзе. Найбольшая вышыня 335 м (гара Маяк, Валожынскі раён).

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўночна-ўсходняй часткі Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вялікай колькасцю валуноў.

Гара Маяк з боку в. Мацавічы (Валожынскі раён).

У рэльефе узвышша сістэма градава-ўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўночны схіл мае выгляд уступу вышынёй каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы.

У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Заходняя Бярэзіна. Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі.

Асноўная частка ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З поўначы на поўдзень тэрыторыю перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]