Богаяўленскі манастыр (Полацк)
Славутасць | |
Богаяўленскі манастыр | |
---|---|
55°29′03″ пн. ш. 28°46′06″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Богаяўленскі манастыр — помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму. У цэнтры Полацка, на правым беразе Заходняй Дзвіны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаваны ў XVI ст., з'яўляўся цэнтрам праваслаўнага полацкага брацтва. Уключаў Богаяўленскую царкву і жылы корпус (цяпер выкарыстоўваецца пад музей). У XVI—XVII стст. пастаўленыя драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы. У пачатку XVII ст. будынкі манастыра згарэлі. Паводле некаторых звестак, галоўная манастырская царква згарэла ў 1682 г. і замест яе пабудавана капліца; пасля пажару 1757 г. на сродкі жыхароў у 1761 г. пачалося аднаўленне храма, былі напалавіну ўзведзеныя сцены, але праз год зноў згарэлі. У 1779 г. будаўніцтва царквы было завершана (у далейшым неаднаразова перабудоўвалася).
Пасля наведвання ў 1780 г. Кацярынай II Полацка ўказам ад 10.12.1781 г. было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 г. архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў раскрыццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вуліцы Вялікай (сучасная вуліца Леніна) — царкву фланкіравалі два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы. У 1782—85 гг. з захаду ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы (у 1656—59 гг. у ёй выкладаў Сімяон Полацкі) быў узведзены Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і две цёплыя царквы — Ефрасіннеўская і Кацярынінская. З усходу ад царквы ў пачатку XIX ст. пабудаваны «эканамічны дом» (з 1835 г. мужчынскае духоўнае вучылішча[1]; не захаваўся).
У 1784—1791 гг. і 1812—1819 гг. у жылым корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792—1812 гг. — багадзельня. У 1959 г. на будынку манастыра ўстаноўлена мемарыяльная дошка Сімяону Полацкаму[1].
У 1970-я гады будынак манастыра рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. У Богаяўленскай царкве пасля рэстаўрацыі з 1981 г. размяшчалася карцінная галерэя[1].
У наш час у жылым корпусе размяшчаюцца Музей беларускага кнігадрукавання і Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.
Царква
[правіць | правіць зыходнік]Царква ўяўляе сабой аднаапсідны крыжова-купальны мураваны храм з двухвежавым галоўным фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтарамі, ліхтары завяршаюць і аднаярусныя вежы. Напачатку над сценамі ўзвышаліся чатыры франтоны: у 1839 г. заходні і ўсходні былі разбураны («бо надавалі каталіцкі выгляд»), а паўночны і паўднёвы паменшаныя. З заходняга боку былі дзве вежы. У паўночнай знаходзілася званіца (з сямю званамі), да яе вялі ўсходы з паўднёвай вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёныя пілястрамі. Інтэр'ер двухсветлавы, у заходняй частцы — хоры. Перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкай. У 1836 г. сцены і ўнутраная паверхня купала былі распісаны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры трох свяціцеляў), выкананага ў тэхніцы тэмперы, паводле іншых звестак размалёўка выкананая ў 2-я палавіна 18 ст. і часткова адноўлена ў 19 ст[1].
Манастыр
[правіць | правіць зыходнік]Жылы корпус Г-падобны ў плане. Ва ўсходнім крыле размяшчаліся келлі манахаў, пакоі ігумена, у вуглавой частцы — 2 цёплыя царквы: Ефрасіннеўская і Кацярынінская (планіроўка зменена). З-за няроўнасці рэльефу частка будынка мае наўпадвальны паверх. Галоўны (паўночны) фасад арыентаваны на вул. Ніжне-Пакроўскую[1]. У кампазіцыі галоўных фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордара, але без яго вертыкальных частак. Першы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным другім паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі. На гладкай паверхні сцен 2-га паверха — шырокі паясок, вокны больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Кутняя частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана чатырма дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невялікай вежай (у 1830-я гады пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, адноўлены)[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е 1843. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Богаяўленскі манастыр (Полацк)
- Богаяўленскі манастыр (Полацк) на сайце Radzima.org
- Богаяўленскі манастыр (Полацк) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Богаяўленскі манастыр (Полацк) на сайце «Архіварта»